Афармленне прыгоннага права ў Беларусі. Устава на валокі

Формы феадальнага землеўладання i феадальных адносiн у ВКЛ

Асноўнай вытворчай ячэйкай феадальнага грамадства з`яўляецца гаспадарка непасрэднага вытворцы матэрыяльных каштоўнасцей – селянiна. Таму пры вывучэннi гiсторыi феадалiзму мы асноўную ўвагу павiнны надаваць высвятленню пытанняў, што характарызуюць яго становiшча. Яно ў любым грамадстве залежыць ад формы ўласнасцi на сродкi вытворчасцi.

Пры феадалiзме асноўным сродкам вытворчасцi з’яўлялася зямля. Яна знаходзiлася ў руках феадалаў. Але феадальная ўласнасць на зямлю — тэта не адносiны феадалаў да зямлi, а iх адносiны да тых, хто быў пазбаўлены свабоднага доступу да яе, г.зн. адносiны феадалаў, манапалiзаваўшых зямлю, да сялян-земляробаў, якiя яе апрацоўвалi. Тут выступаюць, з аднаго боку, феадал — уласнiк зямлi, асноўнага сродку вытворчасцi i, з другога боку, селянiн — уласнiк рабочых рук. Злучэнне рабочых рук з зямлёй (працэс вытворчасцi) i вызначала адносiны памiж феадалам i селянiнам. Селянiн, пазбаўлены зямлi, вымушаны быў атрымлiваць яе з рук феадала. Але атрымлiваў ён яе не ва ўласнасць, а ў карыстанне. За карыстанне зямлёй ён заўсёды, пры любых умовах павiнен быў несцi на карысць уласнiка розныя павiннасцi.

У гiстарычнай лiтаратуры вядомы чатыры формы феадальных павiннасцей: данiна, прадуктовы аброк, грашовы аброк i паншчына. Самай першай формам феадальнай эксплуатацыi была данiна. Яна спаганялася, як правiла, прадуктамi неземляробчага характару. Гэта было выклiкана тым, што ў перыяд станаўлення феадальных адносiн узровень вытворчасцi працы ў сялянскай гаспадарцы быў яшчэ невысокiм. Яна яшчэ не вырабляла лiшкаў прадуктаў, якiя феадал мог забiраць у селянiна, не наносячы шкоды яго гаспадарцы. У перыяд феадалiзму, акрамя прынцыпу “няма зямлi без пана”, дзейнiчаў i другi прынцып — “карыстацца селянiнам так, каб яго хапiла на заўтра”, г. зн. даваць магчымасць сялянскай гаспадарцы ўзнаўляцца. Калi феадалы парушалi гэты прынцып, бралi ў селянiна больш, чым ён мог даць, то гэтым падсякалi сук, на якiм самi ж сядзелi. Селянiн тады непазбежна разараўся i не ў стане быў выконваць павiннасцi на карысць феадала. А дабрабыт феадала цалкам залежаў ад таго, у якiм стане знаходзiлася сялянская гаспадарка, цi здольная яна была выконваць ускладзеныя на яе павiннасцi.

Вось чаму ў IX—XI стст., калi ўзровень прадукцыйнасцi працы ў сялянскай гаспадарцы быў яшчэ вельмi нiзкiм, асноўнай формай феадальнай эксплуатацыi была данiна. Але, як вядома з “Рускай праўды”, у перыяд iснавання Кiеўскай Русi мелi месца i прадуктовы, i грашовы аброкi, i нават паншчына. Усе чатыры формы феадальнай эксплуатацыi суiснавалi адначасова, а адна з iх, у моц тых цi iншых умоў, была асноўнай, дамiнуючай. У IX—XI стст. ёю была данiна, у XII—XIV стст. — прадуктовы аброк, у XV — першай палове XVI ст. — грашовы аброк, з сярэдзiны XVI ст. — паншчына.

Сяляне XV ст. Малюнак Я. Матэйкі

Пры феадалiзме iснавалi дзве формы феадальнай уласнасцi на зямлю — умоўная i безумоўная, або абмежаваная i неабмежаваная.

У Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, як i ў iншых раннефеадальных дзяржавах, вярхоўным уласнiкам зямлi, яе распарадчыкам быў вялiкi князь. Зямельная маёмасць феадалаў, у першую чаргу сярэднiх i дробных, знаходзiлася ў залежнасцi ад вялiкага князя. Ён рэгуляваў iх уладаннi ў сваiх ваенна-палiтычных i фiнансавых мэтах.

Сярэднiя i дробныя феадалы складалi шляхецкае саслоўе, пачатак якому паклаў прывiлей Ягайлы 1387 г. Пазней ён быў пацверджаны Гарадзельскiм прывiлеем 1413 г. Гэтыя прывiлеi надавалi лiтоўскiм “баронам” i знатным баярам каталiцкага веравызнання правы, якiмi карысталася польская шляхта. Такiя ж маёмасныя правы атрымалi ў 1432 i 1434 г. (прывiлеi Ягайлы i Сiгiзмунда Кейстутавiча) i беларускiя праваслаўныя феадалы. У асноўным гэта былi былыя дружыннiкi князёў.

Мелi месца выпадкi ўзвядзення ў шляхецтва i цяглых сялян, якiя спраўна выконвалi земскую службу. Але часцей за ўсё ўзводзiлiся ў шляхецтва не прама з цяглай, а з панцырнай цi якой-небудзь iншай службы. Ступенню дасягнення шляхецтва была таксама канцылярская цi прыдворная служба. Вялiкi князь узводзiў у шляхецкае званне не толькi сваiх падданых, якiя вызначылiся на ратным полi, але i сваiх заслужаных дваровых прыслужнiкаў — адверных (швейцараў), машталёраў (конюхаў), каморнiкаў (лакеяў), а таксама вызначыўшыхся канцылярскiх служачых (пiсараў) i г.д.

На амаль аднолькавым становiшчы з баярамi-шляхтаю i зямянамi, якiя атрымлiвалi шляхецтва не за ваенную, а за цывiльную службу i выйшлi з сялян i слуг, не карыстаючыся iх палiтычнымi правамi, знаходзiлiся ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм татары. Пасля паходаў на Дон у 1397—1398 гг. Вiтаўт пасялiў мноства палонных татар у заходнiх землях Вялiкага княства Лiтоўскага. У Беларусi яны жылi на тэрыторыi сучаснага Лiдскага, Навагрудскага i Iўеўскага раёнаў. Татары ў асноўным неслi ваенную службу, за што атрымлiвалi зямельныя надзелы.

Баяры-шляхта, зямяне i татары трымалi пад гаспадаром, вялiкiм князем, зямельныя надзелы на розных умовах. Самым старажытным тыпам феадальнага землеўладання было фактычнае ўладанне зямлёй з падарункам вялiкага князя. Гэтыя уладаннi, як правiла, былi наследнымi i перадавалiся ў спадчыну жонцы, дзецям i нават пабочным родзiчам. Толькi пры адсутнасцi спадкаемцаў iх надзелы вярталiся назад вярхоўнаму ўласнiку зямлi — вялiкаму князю.

Побач з выслугамi “на вечнасць” вялiкi князь са складу свайго дамену раздаваў зямельныя надзелы i да “волi i ласкi сваей гаспадарскай”, не вызначаючы дакладна тэрмiнаў валодання i карыстання. Але гэты парадак не вельмi задавальняў iх уладальнiкаў, паколькi трымаў iх у няпэўнасцi i невядомасцi. Таму вялiкi князь хутка стаў акрэслiваць тэрмiн валодання зямлёй. З’явiўся новы тып “часовага” землеўладання: “да жывата” — г.зн. пажыццёва, “да двух жыватоў” — г.зн. з правам перадаць дзецям, “да трох жыватоў” — г.зн. з правам перадаць дзецям i ўнукам.

У iнтарэсах дзяржаўнай службы ўзнiк асобны тып землеўладання на ленным праве, г.зн. з правам пераходу зямлi да спадкаемцаў толькi мужчынскага полу.
Але пры ўсiм тым сваiмi памесцямi баяры-шляхта, зямяне i татары валодалi толькi пры ўмове службы вярхоўнаму ўласнiку зямлi – вялiкаму князю. Памесце ўсё роўна, да якога б тыпу з вышэй пералiчаных не належала, адбiралася ад уладальнiка, калi ён не з’яўляўся на службу або выконваў службу недобрасумленна.

Побач з вялiкакняжацкiм даменам (у канцы XIV ст. ён займаў прыкладна 70% тэрыторыi ВКЛ) iснавала i вялiкая колькасць незалежных маёнткаў, уладальнiкi якiх распараджалiся iмi “з поўным правам i панствам”. На гэтых маёнтках не ляжалi тыя абмежаваннi, якiя былi на памесцях “пад гаспадаром”. Вялiкi князь захоўваў у адносiнах да iх толькi права вярхоўнага правiцеля дзяржавы. Iх уладальнiкi распараджалiся сваiмi землямi самастойна, раздавалi iх сваiм слугам. Гэта былi ў асноўным уладаннi былых заходнерускiх i лiтоўскiх князёў — Рурыкавiчаў i Гедымiнавiчаў. Яны не былi пазбаўлены сваiх правоў пры ўсталяваннi ў Лiтве адзiнадзяржаўя. За iмi было прызнана права вотчыннага землеўладання. Многiя з iх потым папоўнiлi свае валоданнi за кошт “падарункаў” вялiкiх князёў.

Аднолькавымi правамi з уладаннямi былых удзельных князёў карысталiся землi, якiя належалi епiскапскiм кафедрам, саборным цэрквам i манастырам.

Такiм чынам, феадальная ўласнасць на зямлю ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм была саслоўнай i насiла iерархiчны характар. Феадальнае землеўладанне, асаблiва дробных i сярэднiх феадалаў, было першапачаткова ўмоўным i абмежаваным.

Але такое становiшча не задавальняла феадалаў. Яны вялi барацьбу за перадачу iм зямлi ў безумоўнае валоданне. Першымi дамаглiся гэтага права лiтоўскiя феадалы ў 1387 г. У 1413 г. гэтае права атрымалi i беларускiя феадалы, прыняўшыя каталiцтва. Праваслаўныя беларускiя феадалы атрымалi гэта права толькi ў 1432 г. Пазней яно было пацверджана прывiлеямi Сiгiзмунда Кейстутавiча ў 1434 г. i Казiмiра Ягелончыка ў 1447 г.

Але феадал, валодаючы зямлёй (або вотчынай, або памесцем на любой з умоў), не мог абысцiся без сялян. Зямлю трэба было апрацоўваць, каб атрымаць ад яе карысны прадукт. Апрацоўвалi яе сяляне. Паколькi яны былi пазбаўлены права ўласнасцi на зямлю, то атрымлiвалi яе з рук феадала. Гэга i вызначыла розныя формы залежнасцi сялянства. Яны складвалiся ў працэсе эвалюцыi памешчыцкай гаспадаркi.

Сяляне ў Беларусi да сярэдзiны XVI ст. у падаўляючай большасцi сядзелi на участках самых розных памераў i гаспадарчага складу. Нiякага землеўпарадкавання сялянскiх гаспадарак не праводзiлася. Таму i памеры подацей i павiннасцей, якiмi абкладвалi феадалы сялян, устанавiць немагчыма. Iх памеры вызначалiся велiчынёй зямельнага надзела i якасцю зямлi непасрэдна кожнай сялянскай гаспадаркi. Ды i сама сялянская гаспадарка ў той час насiла складаны характар.

Сялянскiя надзелы i ўгоддзi у большасцi выпадкаў знаходзiлiся ў карыстаннi не асобных сялянскiх сем’яў, а складаных таварыстваў, якiя ўтваралiся з разросшыхся сем’яў. Такiя эканамiчныя ўзаемаадносiны выклiкалiся неабходнасцю карчавання лесу, адначасовай эксплуатацыяй iншых сельскагаспадарчых угоддзяў. Малымi сiламi ў той час немагчыма было весцi гаспадарку i спраўляцца з ускладзенымi на яе павiннасцямi. Таму малалiкiя гаспадаркi вымушаны былi прымаць для падмогi i пабочных людзей (не родзiчаў) — “патужнiкаў” на розных умовах (на долi, палавiне i т.д.). Калi малалiкiя гаспадаркi не спраўлялiся з ускладзенымi на iх павiннасцямi, то iм i самi феадалы падсажвалi пабочных людзей – “сяброў”.

Такая арганiзацыя сялянскай гаспадаркi праiснавала да другой паловы XVI ст., да вядомай рэформы Сiгiзмунда-Аўгуста “Уставы на валокi”.

Аграрная рэформа Сiгiзмунда-Аўгуста «Устава на валокi» 1557 г.

У 1557 г. Сiгiзмунд-Аўгуст, цi як яго яшчэ называюць Жыгiмонт-Аўгуст, правёў у сваiх вялiкакняжацкiх уладаннях аграрную рэформу, якая мела на мэце ўпарадкаваць сялянскае землекарыстанне, каб павялiчыць свае даходы. Складальнiкамi гэтай рэформы былi ўпраўляючыя каралевы Боны, мацi Сiгiзмунда-Аўгуста, якая ажыццявiла гэтую рэформу ў сваiх памесцях (Кобрынская i Пiнская эканомii) яшчэ ў 30—40-я гады XVI ст.

Згодна з гэтай рэформай сялянскi надзел складала валока памерам у 33 моргi (морг раўняўся 0,71 га), або 23,43 га незалежна ад глебы, на якой ён знаходзiўся (добрай, сярэдняй цi нават дрэннай). Нягодная для ворыва зямля, калi яна сустракалася ў надзеле, кампенсавалася адпаведнай дабаўкай. Таму на практыцы валокi былi розных памераў — ад 33 да 46 моргаў, але лiчылiся адной падатковай адзiнкай.

Акрамя падворнага надзела, сялянам адводзiлiся землi агульнага карыстання: сенажацi, выганы, дубровы i г.д. За абшчынамi было захавана права “ўваходу” i “уступу” ў пушчы, балоты i азёры маёнтка. Тут сяляне маглi займацца бортнiцтвам, нарыхтоўваць дровы, будаўнiчы матэрыял, пасвiць жывёлу, лавiць рыбу.

Зямля ў першую чаргу адводзiлася пад гаспадарскiя двары (фальваркi), якiя стваралiся на самых лепшых землях. У той час у Заходняй Еўропе ў сувязi з ростам гарадоў рэзка ўзрос попыт на збожжа, i вялiкi князь, каб папоўнiць казну, iмкнуўся пашырыць дваровую гаспадарку i пасевы збожжавых культур. Памеры фальваркаў былi рознымi — ад 8 да 15 валок зямлi — гэта ад 200 да 400 гектараў i больш. Сялянскiя надзелы размяркоўвалiся па жэрабю па адной валоцы на двор, незалежна ад памеру i колькасцi сем’яў, якiя ўваходзiлi ў яго. Калi надзелаў было больш, чым мелася сялянскiх двароў, то на iх запрашалiся сяляне з iншых вёсак. Калi ж на астатнiя валокi не было каго садзiць, яны заставалiся пустымi. Моцныя сялянскiя гаспадаркi бралi i па дзве валокi.
Сяляне, якiх перасялялi на новыя надзелы, дзялiлiся на два разрады — людзей “цяглых” i “асадных”.

Цяглыя сяляне належалi да той катэгорыi насельнiцтва, становiшча якой было дакладна вызначана “Уставай” 1557 г. Iх колькасць залежала ад памеру фальварка. На адну валоку фальварковай зямлi наразалася сем валок цяглых. Сяляне, якiх садзiлi на цяглыя валокi, павiнны былi сваiм iнвентаром i сваiм цяглом (рабочай жывёлай) апрацоўваць фальварковую зямлю. Цяглыя валокi наразалiся паблiзу фальварка.

Асноўнай павiннасцю цяглых сялян была паншчына — два днi ў тыдзень з валокi. Гэтае патрабаванне “Уставы” выконвалася без усякiх выключэнняў. Акрамя паншчыны, цяглыя сяляне выконвалi i iншыя павiннасцi, якiя таксама былi дакладна вызначаны “Уставай” 1557 г. Iх памеры залежалi ад якасцi зямлi.

Павiннасцi цяглых сялян з валокi па “Уставе на валокi” 1557 г.

Павіннасці Адзiнкi вымярэння Якасць зямлі
добрая сярэдняя дрэнная вельмi дрэнная
Паншчына дзён у тыдзень 2 2 2 2
Чынш грошаў 21 12 8 6
Авёс бочак
грошаў
2
20
2
20
1
10
Сена вазоў
грошаў
1
5
1
5
1
5
Гусі штук
грошаў
1
1,5
1
1,5
1
1,5
1
1,5
Куры штук
пенязеў
2
16
2
16
2
16
2
16
Яйкі штук
пенязеў
20
4
20
4
20
4
20
4
Невад грошаў 2 2 2 2
Стацыі * грошаў 2,5 2,5 2,5 2,5
Талокі дзён у тыдзень 4 4 4 4
Сенакос Усiм войтаўствам урочна
Вартаўнікі Па чарзе у воласцi
Падводы Па чарзе ў вёсцы
Будаўнiцтва, рамонт дарог i мастоў Усiм войтаўствам па патрэбе

 * падатак на ўтрыманне феадала i вялiкакняжацкай адмiнiстрацыi.

Як бачна з таблiцы, цяглыя сяляне выконвалi вялiкi аб`ем павiннасцей. Акрамя вышэй пералiчаных. яны яшчэ плацiлi ваенныя падаткi — сярэбшчыну i пагалоўшчыну, а таксама жарнавое.

Сярэбшчына плацiлася грашыма. Яна збiралася па спецыяльнай пастанове сойма. Памеры яе кожны раз устанаўлiвалiся асобна i бралася яна з валокi, незалежна ад якасцi зямлi.

Пагалоўшчына — гэта надзвычайны падатак, якi збiраўся таксама па пастанове сойма, i толькi грашыма. Памер яго залежаў ад катэгорыi насельнiцтва. Ад пагалоўшчыны вызвалялiся: духавенства, шляхта, ваенныя татары, баяры путныя, грудныя дзецi i нявольнiкi. Усе астатнiя плацiлi падатак. У 1566 г. памеры пагалоўшчыны складалi наступныя сумы:
– Самастойныя гаспадары. каморнiкi, “суседзi”, наймiты, наймiчкi — 2 грошы.
– Людзi, седзячыя “на волi”, — 5 грошаў.
– Агароднiкi — 1 грош.
– Чэлядзь нявольная, якая дамы i прысекi свае мае, — 5 пенязёў.

Жарнавое — гэта подаць, звязаная з мельнiцкiм баналiтэтам вялiкага князя, феадала. Па закону ўсе жыхары павiнны былi малоць зерне толькi у млынах феадалаў, падданымi якiх яны былi. Калi хто малоў зерне на сваiх жорнах, то павiнен быў плацiць па 1 пенязю ў тыдзень, цi 10 грошаў i 4 пенязi ў год.

Выкананне павiннасцей строга рэгламентавалася. Яны павiнны былi выконвацца ў поўным аб’ёме i ў вызначаныя тэрмiны. За невыкананне iх прадугледжвалiся суровыя меры пакарання. Паншчына, напрыклад, заказвалася за тыдзень наперад i вызначалася, каму i ў якi дзень выходзiць i якую работу выконваць. За невыхад на паншчыну першы раз прадугледжваўся штраф у памеры 1 грош, другi раз — бiчаванне ля слупа з абавязковай адпрацоўкай прапушчаных дзён.

Работа пачыналася з усходам сонца, а заканчвалася з яго заходам. Адпачынак летам коннаму работнiку прадугледжваўся тры гадзiны, пешаму — 1,5 гадзiны ў тры прыёмы. Талокi, як правiла, прадугледжвалiся летам — 4 днi ў год. На iх выходзiлi 2—3 чалавекi з надзела на гаспадарскiм “хлебе i пiве”. Вось такiмi былi павiннасцi цяглых сялян па “Уставе на валокi” 1557 г. Астатнiх сялян вялiкi князь сялiў на “асадзе”.

Устава на валокі
На паншчыне

Асадныя сяляне замест 2 дзён паншчыны ў тыдзень i 4 дзен талок у год павiнны былi плацiць у год, у залежнасцi ад якасцi зямлi, ад 66 да 106 грошаў. Усе астатнiя павiннасцi яны павiнны былi выконваць у такiх самых памерах, як i цяглыя, г.зн. плацiць чынш, даваць авёс, сена, гусей, яйкi i г.д.

У вынiку ажыццяўлення рэформы 1557 г. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм з’явiлася яшчэ адна катэгорыя сялян — “агароднiкi”. У гэтую катэгорыю былi пераведзены сем’i былых “нявольнiкаў”, з якiмi вялiкi князь вырашыў развязацца. Агароднiкi пасялялiся невялiкiмi спецыяльнымi сёламi па 10—20 двароў паблiзу фальваркаў. Яны надзялялiся невялiкiмi ўчасткамi зямлi па 3, 6, 9 i больш моргаў у залежнасцi ад складу сям’i i наяўнасцi свабоднай зямлi. 3 надзела памерам у 3 моргi яго ўладальнiк павiнен быў адпрацаваць у фольварку 1 дзень паншчыны ў тыдзень пешшу. 3 большага надзела павiннасцi прапарцыянальна павялiчвалiся.

Спачатку гэтая рэформа была праведзена толькi у вялiкакняжацкiх памесцях i толькi ў заходнiх ваяводствах. Ва ўсходнiх беларускiх ваяводствах яна не праводзiлася. Адной з асноўных прычын з’яўлялася тое, што там былi горшыя ўмовы для развiцця збожжавай гаспадаркi: балоцiстыя i пясчаныя глебы, аддаленасць ад балтыйскiх портаў i iнш. Не спрыялi i знешнепалiтычныя абставiны. Усходнiя ваяводствы былi плацдармам i блiжэйшым тылам доўгай i цяжкай Лiвонскай вайны. Яшчэ больш хваляваць насельніцтва абеззямеленнем i ўзмацненнем паншчыны было небяспечна. Таму вялiкакняжацкая адмiнiстрацыя абмежавалася тут толькi “параўнаннем грунтаў” i “ўстанаўленнем платаў”, г.зн. дакладнай рэгiстрацыяй сялянскiх дзяржанняў (надзелаў), колькасцi дымоў у iх, якасцi зямлi, iмёнаў гаспадароў, колькасцi жывёлы i памераў павiннасцей. Устрымацца ад ажыццяўлення рэформы ва ўсходнiх ваяводствах вялiкакняжацкую адмiнiстрацыю вымушала i тое, што ў Расii да гэтага часу яшчэ не ўсталявалася прыгоннае права. Там яно юрыдычна аформiлася толькi ў 1649 г.

Адным з галоўных вынiкаў аграрнай рэформы Сiгiзмунда-Аўгуста “Уставы на валокi” было прымацаванне сялян да зямлi. Таму рэформу пачалi праводзiць i феадалы у сваiх памесцях. Якую ж ролю ў запрыгоньваннi сялян яна адыграла?

Усе сяляне, якiя жылi да рэформы у вялiкакняжацкiх уладаннях i памесцях феадалаў, дзялiлiся на дзве катэгорыi — людзей “пахожых” i людзей “непахожых”. Непахожымi людзьмi былi сяляне, якiя ўжо папалi ў асабiстую залежнасць ад феадала. Гэта былi закупы, радовiчы, закладнiкi, удачы, прашчэннiкi, iзгоi i iнш. Гэтыя катэгорыi асабiста залежных сялян узнiклi яшчэ ў перыяд Старажытнарускай дзяржавы. Але яны яшчэ маглi вызвалiцца ад “няволi” i стаць свабоднымi, “пахожымi” людзьмi. Гэта агаворвалася неаднаразова у заканадаўчых актах, якiя дзейнiчалi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм.

Асноўная маса сялян у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм першапачаткова была вольнымi “пахожымi” людзьмi, г.зн. асабiста свабоднымi. У адносiнах да феадала яны знаходзiлiся толькi ў эканамiчнай залежнасцi, якая зыходзiла з права феадальнай уласнасцi на зямлю. Але адной эканамiчнай залежнасцi для ўзмацнення эксплуатацыi сялян феадалам было недастаткова. Яны iмкнулiся распаўсюдзiць сваю ўладу i на самога селянiна, ператварыць яго, як i зямлю, у сваю ўласнасць. Гэтае iмкненне стала асаблiва расцi, калi феадалы дамаглiся неабмежаванай уласнасцi на зямлю. Менавiта з гэтага часу i пачалося iнтэнсiўнае наступленне феадалаў на асабiстую свабоду сялян.

Асноўныя этапы юрыдычнага афармлення прыгоннага права

Першым заканадаўчым актам, якi абмяжоўваў свабоду сялян у ВКЛ, быў прывiлей Казiмiра Ягелончыка 1447 г. У iм вялiкi князь браў на сябе абавязацельствы не прымаць у свае валоданнi сялян памешчыцкiх гаспадарак i абавязваў князёў, паноў i шляхту прытрымлiвацца гэтага правiла i ў адносiнах да вялiкакняжацкiх сялян.

Наступным этапам у афармленнi прыгоннага права ў ВКЛ быў Судзебнiк Казiмiра Ягелончыка 1468 г. У гэтым дакуменце феадалы ўжо выставiлi ў якасцi юрыдычнага абгрунтавання прымацавання сялян да зямлi прынцып земскай даўнасцi. Вялiкi князь, як i iншыя феадалы, сталi прытрымлiвацца правiла, што сяляне, якiя пражылi на iх землях на працягу аднаго цi больш пакаленняў, становяцца старажыламi i не могуць пакiдаць свайго надзела, г.зн. становяцца “непахожымi”.

У першую чаргу гэта датычыла тых, хто атрымаў зямельны надзел па спадчыне, ад бацькi да сына, i валодаў iм не менш 50 гадоў. Праз некаторы час тэрмiн земскай даўнасцi, цi старажыльства, быў скарочаны. Па I Лiтоўскаму Статуту 1529 г. старажыльства вызначалася ўжо дзесяцiгадовай земскай даўнасцю валодання сялянскiм надзелам без асобых гарантый свабоднага выхаду. Калi селянiн атрымлiваў надзел i заседжваўся на iм больш дзесяцi гадоў, а напярэдаднi гэтага не заключыў з феадалам дагавор, то пасля дзесяцiгадовага тэрмiну ён ужо не мог пайсцi ад яго i таксама станавiўся “непахожым”, г.зн. асабiста залежным.

Акрамя таго, I Лiтоўскi Статут устанаўлiваў, што сяляне, маючы права адыходу ад феадала, маглi гэта рабiць толькi ў вызначаныя тэрмiны — за тыдзень да ўсiх святых (Юр’еў дзень на Русi) i на працягу тыдня пасля ўсiх святых, калi скончацца ўсе сельскагаспадарчыя работы. У Статуце агаворвалася, што селянiн мог адысцi ад феадала толькi ў тым выпадку, калi ён цалкам разлiчваўся з гаспадаром. Да таго ж пры выхадзе ён павiнен быў заплацiць феадалу “пажылое”, памер якога вызначаўся ў 5 коп лiтоўскiх грошаў, вельмi вялiкай на той час сумай. За адну капу лiтоўскiх грошаў можна было купiць чатыры каровы.

Нягледзячы на тое, што прымацаванне сялян-старажыльцаў, цi як iх яшчэ называлі “отчычаў”, насiла абавязковы характар, у жыццi яно ўсё ж не было безумоўным. Селянiн-“отчыч” мог яшчэ вызвалiцца ад сваей “няволi”, здаўшы цi прадаўшы сваю “айчызну” другому селянiну, вядома, з дазволу феадала. Не трымалi феадалы i разарыўшыхся сялян-“отчычаў”. Iх трэба было ставiць на ногi, а феадалу гэта часта было не пад сiлу, i ён вымушаны быў цярпець iх адыход, спадзеючыся, што тыя недзе на заробках паправяць свае справы i вярнуцца назад. Продаж сялян без зямлi ў ВКЛ не практыкаваўся, а падараваннi без зямлi былi вельмi рэдкiмi.

Побач з сялянамi-“отчычамi” ў феадалыiых памесцях i пасля I Лiтоўскага Статута працягвала жыць мноства свабодных людзей. Гэга былi сяляне, за якiмi не значылiся надзелы.

У сялянскай абшчыне надзел, як правiла, пераходзiў ад бацькi да старэйшага сына. Ён i лiчыўся “отчычам”. Астатнiя члены абшчыны знаходзiлiся ў яго на “долi”, з’яўлялiся асабiста свабоднымi. Гэта датычыла таксама “патужнiкаў” i “сяброў”, якiх прымала сама абшчына, або падсаджваў феадал.

Свабоднымi з’яўлялiся сяляне, якiя сялiлiся на землях, пакiнутых “отчычамi”, калi яны не выседжвалi тэрмiн земскай даўнасцi, або заключалi дагавор з феадалам на права адыходу ад яго.

Акрамя таго, у феадальных памесцях, асаблiва ў вялiкакняжацкiх уладаннях, пражывала вялiкая колькасць так званых сялян-слуг. Галоўнай iх павiннасцю была ваенная служба i раз’езды па даручэннi вялiкакняжацкай адмiнiстрацыi ў мiрны час. Усе iншыя павiннасцi яны выконвалi як цяглыя i асадныя сяляне, за выключэннем паншчыны i аброка. Жылi ў невялiкiх вёсках i мелi па 2—4 валокi зямлi.

Устава на валокі
Прывілей аршанскім мяшчанам на вызваленне ад панскай павіннасці на замкавых землях, 1589 г.

Ядро гэтай катэгорыi сялянства першапачаткова складалi малодшыя дружыннiкi, тыя самыя, якiя былi у князёў Кiеўскай Русi i якiя пад iмем слуг пастаянна фiгуравалi побач з баярамi ў дагаворных граматах удзельных князёў паўночна-заходняй Русi. Як i старэйшыя дружыннiкi, баяры з цягам часу селi на зямлю з-за немагчымасцi князёў утрымлiваць iх на ўсiм гатовым. У далейшым ваенныя i адмiнiстрацыйныя патрэбы вымусiлi вялiкiх лiтоўскiх князёў папоўнiць кантынгент слуг за кошт цяглых сялян.

Слугi былi некалькiх разрадаў: путныя, атрымаўшыя назву ад таго, што спецыяльнай павiннасцю iх быў “путь” цi “лiставая” служба, i панцырныя, якiя выконвалi толькi ваенную службу. Па-колькi панцырная служба была вельмi цяжкай, то “панцырных баяр” часта вызвалялi ад усiх павiннасцей, не толькi ад паншчыны i аброку.

Асноўнай задачай аграрнай рэформы 1557 г. было прымацаванне “пахожых” сялян да зямлi, г.зн. прывядзенне iх да прыгоннага стану. Калi І Лiтоўскi Статут 1529 г. заканадаўча прымацаваў да зямлi ўсiх “непахожых” людзей, то рэформа 1557 г. — усе катэгорыi сялян, бо кожная сялянская сям’я атрымоўвала асобны надзел i падпадала пад прынцып земскай даўнасцi. Праз дзесяць гадоў пасля атрымання надзела яны ўжо пераходзiлi ў разрад “непахожых”. II Лiтоўскi Статут 1566 г. ужо ўстанавiў 10-гадовы тэрмiн пошуку беглых сялян, а III Лiтоўскi Статут 1588 г. павялiчыў гэты тэрмiн да 20 гадоў i пацвердзiў ужо iснаваўшы 10-гадовы тэрмiн земскай даўнасцi для ўсiх катэгорый сялян. Памер “пажылога” быў устаноўлены ўжо ў 10 коп лiтоускiх грошаў. Гэта было юрыдычным афармленнем прыгоннага права.

У канцы XVI — пачатку XVII ст. “пахожыя” i “непахожыя” сяляне злiлiся ўжо ў адну катэгорыю прыгоннага сялянства, i гэтыя тэрмiны не сустракаюцца ў гiстарычных крынiцах таго часу. Усе сяляне называлiся “падданыя каралеўскiя, панскiя i духоўныя”.

3 афармленнем прыгоннага права становiшча сялян пагоршылася. Яно суправаджалася рэзкiм павелiчэннем феадальных павiннасцей, узмацненнем свавольства феадалаў. Сойм Рэчы Паспалiтай 1573 г. даў права феадалам караць сялян “вэдлуг паразумення свайго”, у тым лiку i смерцю.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии