Ахрэмаўцы (Бяльмонты)

Бяльмонты, (Двор Альгердаўшчына) – былая вёска ў Браслаўскім раёне, на паўднёва-ўсходнім беразе возера Дрывяты, за 10 км на ПдУ ад Браслава. З 1976 у складзе в. Ахрэмаўцы.

1748 г. – у гістарычных крыніцах упершыню ўпамінаюцца як уладанне роду Гільзенаў, пры іх Бяльмонты атрымалі сваю назву (ад франц. belmont — прыгожая гара).

2-я пал. XVIII – пач. XIX ст. – ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў двухпавярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вялікую круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. Сцены шэрага пакоя будынка былі дэкарыраваны жывапісам. Парк Бяльмонт (плошчай 65 га) быў адным з найбуйнейшых рамантычных паркаў Літвы.

1768 г. – у Бяльмонтах пабудаваны філіяльны касцёл Езуса Хрыста, які належаў да Браслаўскай парафіі. У 1768 г. у Бяльмонтах спыняўся з абозам адзін з удзельнікаў Барскай канфедэрацыі Ш. Касакоўскі.

Палац Мануччы (Мануцаў). мал.: Н. Орда, 1876 г.

1798 г. – Бяльмонты — уладанне італьянскага графа Мікалая Мануччы, вядомага пры дварах Пецярбурга і Варшавы палітычнага авантурыста, які яшчэ ў 1776 г. пасяліўся на Браслаўшчыне, і які добра ведаў Станіслава Аўгуста — апошняга караля Рэчы Паспалітай (па перакананні сучаснікаў, сын графа Станіслаў на самай справе быў пазашлюбным сынам манархa). Паводле інвентара 1798 г., бяльмонцкаму двару належалі 233 асобы мужчынскага полу, 6 корчмаў.

У пач. XIX ст. Бяльмонты перайшлі да роду Плятэраў і належалі ім да пачатку XX ст.

23 чэрвеня 1812 г. тут размяшчаўся са штабам камандуючы 1-й Заходняй арміяй расейскі генерал М. Б. Барклай дэ Толі. У гэты ж час тут пабываў Аляксандр I. 1—3 ліпеня 1812 г.  у Бяльмонтах быў камандуючы французскім кавалерыйскім корпусам маршал і неапалітанскі кароль Iахім Мюрат. Паводле паданняў, Мюрата затрымалі ў Бяльмонты рамантычныя адносіны з гаспадыняй маёнтка Канстанцыяй Плятэр. Адсюль Мюрат вёў актыўную перапіску, у тым ліку і з Напалеонам, а таксама напісаў некалькі вершаў. Пазней, у Неапалі, бяльмонтскя вершы Мюрата былі пакладзены на музыку.

Капліца-пахавальня Плятэраў

1821 г. – у гэтых месцах сустракаліся дзекабрысты М. С. Лунін (Лунин, Михаил Сергеевич) і А. В. Поджыо (Поджио Александр Викторович)1.

I. Плятэр — удзельнік паўстання 1830—31 гг. I. і Ф. Плятэры сабралі музейную калекцыю, багатую бібліятэку (у 1-ю сусветную вайну вывезена ў Петраград), перадалі Віленскаму музею старажытнасцей каля 100 каменных свідраваных сякер, знойдзеных у наваколлі вёскі. У Бяльмонтах існавала парафіяльная школа (у 1804 — 30 вучняў, у 1805 — 10), з 1857 г. дзейнічаў бровар (у 1900 — 8 рабочых, паравая машына).

  1. К. С. Шыдлоўскі. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 3. Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя”, 1996.
Падзяліцца:
  • 3
    Падзяліліся