Першабытныя шахцёры на Беларусі

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

Предлагаем заказать фигурный нож по выгодной цене с доставкой по Москве.

У познім неаліце, i асабліва ў бронзавым веку шырока распаўсюдзілася земляробства. Аднак на спрэе залесеных землях ім займацца было цяжка. Давялося высякаць лясы i хмызняк. А гэта ў сваю чаргу запатрабавала вялікай колькасці крамянёвых сякер. Крэменю, што сустракаецца на паверхні, даволі шмат на Беларусі, асабліва на захадзе i на Пасожжы. Аднак такі матэрыял высахлы, i таму служыў для вырабу пераважна толькі дробных рэчаў. Вялікую ж сякеру зрабіць складаней. Для гэтай мэты стараліся адшукаць крамянёвую сыравіну ў зямной тоўшчы ў абрывах рачных берагоў i яроў. Здаўна таксама прыкмецілі, што найбольш яе сустракаецца ў месцах крэйдавых пакладаў. У тоўшчы крэйды крамянёвыя канкрэцыі (утварэнні) — жаўлакі залягаюць пластамі, ланцужкамі або россыпам. Памеры жаўлакоў ад некалькіх сантыметраў да вялікіх камянёў у паўметра дыяметрам. Вось гэты матэрыял стаў надзвычай пажаданым для позненеалітычнага чалавека, а таксама ў бронзавым веку. У шэрагу месцаў чалавек перайшоў ад збірання ix на паверхні да здабычы ў крэйдавай пародзе шахтавым спосабам. Такія крэменездабыўныя шахты на Беларусі знойдзены на ўзбярэжжах Poci ў наваколлі пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. У часы перадапошняга пахаладання (250 — 125 тыс. гадоў назад) ледавік, што ў чарговы раз насунуўся быў са Скандынавіі, пакінуў тут вялізныя адорвені крэйды, з якіх некаторыя маюць даўжыню больш за кіламетр. Вось на гэтых пакладах i распачалі сваю дзейнасць нашы першабытныя шахцёры. Напачатку крэмень маглі здабываць у невялікіх ямах i траншэях. Затым пачалі пранікаць у глыбейшыя тоўшчы. Для гэтага ў крэйдзе выкопваўся вертыкальны калодзеж — ствол будучай шахты. Шырыня яго была такою, каб у ім мог памясціцца адзін чалавек — да паўтара метра, a глыбіня — два-тры i больш метраў. Дасягнуўшы радовішча крэменю, горназдабытчыкі пачыналі распрацоўваць яго ўбакі невялікімі пячорамі — падбоямі. Яны былі невялікія, рэдка дасягалі больш за метр у даўжыню. Выпрацаваўшы такім чынам крэмень, людзі часам паглыблялі калодзеж да ніжэйшага залежу сыравіны. У такім разе шахта атрымлівалася ў два i больш «паверхаў».

 

Калі крэйдавы ўчастак утрымоўваў шмат канкрэцый, то на ім выпрацоўкі размяшчаліся густа, часам злучаліся між сабой пралазамі — штрэкамі, невялікімі адтулінамі. Як правіла, у цесных шахтах можна было працаваць толькі аднаму чалавеку. Шахцёр-капальнік разрыхляў крэйду, даставаў з яе крамянёвыя жаўлакі . Затым усё гэта змяшчалася ў скураныя мяхі або плеценыя кошыкі . Памагаты з дапамогай вяроўкі выцягваў груз на паверхню. Затым крэмень паступаў на размешчаныя побач майстэрні для апрацоўкі. Крэйда, як вядома, даволі цвёрдая. Таму для яе капання былі неабходны розныя адмысловыя прыстасаванні. Вертыкальны калодзеж хутчэй за ўсё выкопваўся-выдзёўбваўся завостранымі каламі. Унізе, а таксама ў падбоях i штрэках, ужываліся гарняцкія кіркі з рагоў высакароднага аленя. У найбольш вузкіх месцах, дзе кіркай было не размахнуцца, пароду праходзілі востраканечнымі капачамі з рагавых адросткаў. За мінулыя 3-4 тысячагоддзі выпрацоўкі здзіўляюча добра захаваліся, засыпаныя крэйдавым друзам яшчэ ў старажытнасці . Сценкі ix густа пакрыты драпінамі ад гарняцкіх інструментаў, на столі падбояў маюцца закуранасці, прыкметны вуглістыя пісагі. Гэта, мабыць, цямнейшым часам месца працы асвятлялася лучынай. Тут жа ляжалі i вугалі. Дны калодзежаў моцна затаптаныя нагамі капальшчыкаў, вузейшыя ўчасткі зашмальцаваны вопраткай. Такое ўражанне, што першабытны наш продак-шахцёр толькі нядаўна пакінуў месца працы. Адчуванне яго прысутнасці заўсёды суправаджае археолага, які праводзіць тут раскопкі. Як ужо адзначалася, здабыты крэмень апрацоўваўся на размешчаных побач майстэрнях. Гэта былі верхнія часткі вялікіх паўзасыпаных шахтаў або ўтульныя пляцоўкі каля камянёў. На месцы майстэрань мы сёння знаходзім сляды вогнішчаў, каля якіх грэліся халодным часам ці гатавалі страву, каб падсілкавацца ў перапынку паміж цяжкай працай. Але асноўнае — тут залягаюць цэлыя пласты розных крамянёвых адшчэпаў i абломкаў, а таксама мноства папсаваных i незакончаных сякер. Вывучэнне гэтых адкідаў i засведчыла, што мясцовыя майстры выраблялі пераважна крамянёвыя сякеры.

На ўзбярэжжах Poci за ўвесь больш як тысячагадовы перыяд існавання гэтага крэменездабыўнага раёна было выкапана, па падліках археолагаў, некалькі тысяч шахтаў. Ca здабытага з кожнай выпрацоўкі можна было змайстраваць да сотні сякер. Нават цяжка ўявіць, якая процьма ix была тут выраблена. Зразумела, што тысячы сякер былі непатрэбныя мясцоваму насельніцтву. Значыць, яны ў асноўным прызначаліся для абмену i траплялі ў розныя раёны Панямоння i на суседняе Павісленне. Спецыяльнымі спосабамі археолагі даследавалі знойдзеныя ў шахтах вугалі. Аказалася, што яны ў асноўным датуюцца II тысячагоддзем да н. э., гэта значыць, бронзавым векам. Акрамя таго, вызначылі, што на некаторых участках крэмень распрацоўвалі яшчэ ў познім неаліце — у III тысячагоддзі да н. э. Побач з шахтамі быў знойдзены даволі вялікі могільнік насельніцтва культуры шарападобных амфар. А, як вядома, «шарападобнікі» ўжо здаўна валодалі сакрэтамі здабычы крамянёвай сыравіны з зямных глыбінь. Значыць, хутчэй за ўсё гэтыя находнікі i распачалі распрацоўку мясцовых крамянёвых залежаў. На навакольных позненеалітычных стаянках таксама маюцца сведчанні прысутнасці «шарападобнікаў». У адной з шахтаў знойдзена пахаванне i самога шахцёра. Мяркуючы па характэрнаму пахавальнаму гаршку, яно адносілася да раннебронзавага часу. Нябожчык быў яшчэ малады мужчына. Па костках чэрапа ўдалося аднавіць яго аблічча — еўрапейскага выгляду, хоць i даволі своеасаблівае. Гэта пахаванне, а таксама чарапкі посуду з некаторых іншых выпрацовак i з прылеглай тэрыторыі сведчаць, што месцараджэнне распрацоўвалася i ў пачатку бронзавага веку. Несумненна, што тут работы вяліся i пазней. I толькі ў жалезным веку Краснасельскі цэнтр здабычы i апрацоўкі крэменю незваротна заняпаў.

© М. Чарняўскі