Швэдзкія скарбы і курганы

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

В клинике Павлюченко выполняется безоперационная пластика век лучшим хирургом.

У дасавецкі час Беларусь займала адно з першых месцаў ва Ўсходняй Эўропе па колькасьці курганоў. Толькі ў 1876 годзе ў Менскай губэрні згодна зь зьвесткамі статыстычнай управы налічвалася каля 1 000 гарадзішчаў і 30 000 курганоў!
Беларусы называлі й называюць гэтыя курганы «швэдзкія», «францускія», «паганскія», «казацкія», «татарскія» альбо «валатоўкі».
Чаму шмат курганоў завуцца «швэдзкімі»? Адкуль такая папулярнасьць? Адказ на гэтыя пытанні ня просты.
3 аднаго боку назоў «швэдзкія» паказвае на беспасрэднюю сувязь з падзеямі Вялікай Паўночнай вайны. Зь іншага боку сучасная беларуская археалёгія давяла, што ўсе «швэдзкія» курганы насамрэч ёсьць славянскімі й балцкімі пахаваньнямі часоў сярэднявечча. Паўстае пытаньне, чаму тады магілы сваіх далёкіх продкаў беларусы назвалі «швэдзкія»?

 

Першы, хто паспрабаваў вырашыць гэтую складаную праблему, быў гісторык і этноляг Яўстах Тышкевіч: «Бальшыню курганоў тутэйшыя сяляне завуць „ швэдзкімі “, як і амаль усе старыя акопы нашага краю. Справа ў тым, што з пачаткам апошняй інвазіі швэдзкай люд просты пахаваўся па лясох і ня бачыў, што швэды ды расейцы выраблялі. Па вайне, вярнуўшыся дахаты, убачылі шмат сьвежых могілак ды акопаў. Пачалі плесьці пра іх байкі, ды нарэшце самі далі ім веры». Сапраўды, у часе Вялікай Паўночнай вайны сяляне хаваліся ў лясох. Да прыкладу, на пачатку XIX ст. на Палесьсі пасьля вялікай сушы паляўнічыя натрапілі на невядомую выспу сярод дрыгвы. На ёй былі рэшткі зямлянак, вялікі звон, які ўрос у дрэва. Тутэйшыя палешукі патлумачылі, што 100 гадоў таму, у часе «швэдзкай вайны тутака хаваліся іхныя дзяды. Неспадзеўкі пайшлі дажджы, людзі ўцяклі, пакінуўшы шмат маёмасьці».
Пры гэтым яшчэ ў XIX ст. існавалі сапраўдныя швэдзкія курганы. Як сьведчыў Я.Тышкевіч, «што да сапраўдных швэдзкіх курганоў, дыкя разрыў колькі ў мясцох былых бітваў».
Цікава іншае. Чаму ў Беларусі безьліч «швэдзкіх» курганоў але зусім нямашака курганоў «рускіх»? Рэч у тым, што «русінамі», «людзьмі рускай веры» лічылі сябе самі беларусы (ды ўкраінцы) праваслаўнай і ўніяцкай веры. Расейцаў («русскіх») просты люд да пачатку XX ст. зазвычай зваў «маскалямі». Няма дзіва, што нават вялізны брацкі курган на месцы Палтаўскай бітвы, у якім расейцы пахавалі сваіх жаўнераў, тамтэйшыя ўкраінскія сяляне клічуць «Швэдзкая гара». Гэта нягледзячы на надпіс на расейскай мове.
Варта падкрэсьліць, што з кожным «швэдзкім» курганом альбо групай такіх курганоў у беларусаў часта зьвязана асобнае паданьне. Так, у 1878 годзе сяляне в. Даросын (Слуцкі павет) апавядалі, «што на швэдзкім кургане „Княжа магіла“ да апошняга часу стаяла старое дрэва, на якім былі замацаваны драўляная стрэльба й драўляная шабля. Гэта знак таго, што тут быў пахаваны „ швэдзкі князь ”, што загінуў у часе вайны з маскалямі». Каля в. Сакі (Падляшша) ёсьць «швэдзкі» курган. Людзі гукалі, што тут быў «забіты й пахаваны швэдзкі палкоўнік, а зь ім залаты пас, меч і грошы».
Увосень 1708 г. войска Карла XII прайшло празь Імглінскі павет (сёньня заходняя Браншчына). Адгэтуль шэраг курганоў пачалі называць «швэдзкімі». Беларускі этноляг Марыя Косіч лічыць. што ля вёскі Расуха існавалі акопы пад назовам «Гарадок». На пытаньне, скуль яны паходзяць, сяляне адказвалі: «Ета швэд шоў тут ваявалі яны». Тутэйшыя ліцьвіны-беларусы верылі, што «на Гарадку швэды схавалі безьліч скарбаў».
Гісторыі пра скарбы ў швэдзкіх курганох узьнікаюць ужо з часоў Вялікай Паўночнай вайны. Гэтаму спрыялі бясконцыя рэквізыцыі «на войска швэдзкае», якія жаўнеры Карла XII зьбіралі па ўсім ВКЛ. Кантрыбуцыі вялікім цяжарам накладаліся на месьцічаў, шляхту й сьвятароў. Да прыкладу, з «царкоўнага срэбра» Магілёва «швэды білі ў табарыманэту». На швэдзкі загад кожны каталіцкі касьцёл і кляштар мусіў даваць пэўную суму грошай на швэдзкае войска . Ужо адразу пасьдя эыходу швэдаў зь Бсларусі «хеўры з тутэйшай шляхты й сялянаў бадзяліся па мясьцінах швэдзкіх сутычак, шукаючы каштоўнасьці й скарбы».
Няма дзіва, што пагалоскі пра нібыта вялізныя багацьці швэдаў ды схаваныя імі скарбы хутка пашырыліся сярод беларусаў. Бальшыня гэтых паданьняў паходзіць якраз з Магілёўшчыны - асноўнага тэатру вайсковых дзеяньняў у Беларусі. Згодна з паданьнем пасьля Лясной «швэды скінулі ў Рудні сваю вайсковую зброю ў балота [...] а начальнікі швэдзкія кінуліся даракі Сож ды закапалі там пад сасновым крыжам (!) кучу золата й срэбра... ». У1872 годзе сяляне вёскі Старыя Юркавічы на Магілёўшчыне (сёньня Заходняя Браншчына) распавядалі настаўніку А.Піневічу, што ўва ўрочышчы Селішча іх продкі знаходзілі швэдзкія скарбы, якія швэды зарылі, калі атрымалі паразу ў бітве ля ракі Цата.
Забытае сёньня паданьне паходзіць зь вёскі Новы Сад (Койданаўшчына). Яно кажа пра схаваныя ад швэдаў (!) скарбы. На вясковым гарадзішчы яшчэ ў другой палове XIX ст. існавала вялізная яма - «калодзеж». Сяляне апавядалі, «што калісьці ў тым калодзежы была вада, а сам ён быў каменны, накшталт цыстэрны. Але ў часы нашэсьця швэдаў пані, якая жыла тут у замку, не пажадала аддаваць багацьце швэдам. Усе свае скарбы яна паклала ў скрыню ды кінула іх у калодзеж. А за скрыняю й сама скакнула туды, каб ня здацца швэдам. Замак швэды разбурылі. Цэглу замкавую потым выкарысталі на аднаўленьне збору ў Койданаве».
Паводле ўнівэрсальнай фальклёрнай мадэлі, усе швэдзкія скарбы лічыліся «заклятымі». Да «заклятых скарбаў», напрыклад, належалі скарбы швэдзкага пахаваньня ля вёскі Таракані (Кобрыншчына), на якім «у Вялікую суботу ад зьмярканьня да поўначы штогод зьяўляліся агняныя языкі. Гэтыя языкі ўвесь час зьмяняюць свой колер і бываюць то белымі, то чырвонымі, то сінімі. Гэта ёсьць ня што іншае, як закапаныя тут швэдамі грошы, якія перасушваюцца па закляцьці ў Вялікую суботу. Узяць грошы няцяжка: варта толькі, не шануючы памяці пахаваных тут людзей, разрыць могілкі ды раскідаць косьці». Беларусы лічылі, што «заклятыя скарбы» ніколі не прыносяць шчасьця. Бяда таму, хто трапіў на скарб на собскае зычэньне. Чакае яго горкая доля. Ня зможа ён перадаць набытую спадчыну нашчадкам і сам хутка згіне. Толькі зрэдку «заклятыя скарбы» самі хочуць аслабаніцца і дзеля таго шукаюць «выбарнага чалавека». які мусіць сасьніць прарочы сон.
Першыя пазытыўныя вынікі ў справе раскопак швэдзкіх курганоў зьявіліся тады, калі за яе ўзяліся прафэсіяналы. У 1842-1860 гг. Я.Тышкевіч і А.Кіркор разрылі каля 200 швэдзкіх курганоў на Лагойшчыне ды ля Галоўчына, дзе ў чэрвені 1708 г. паміж швэдамі й расейцамі адбыліся цяжкія баі. Было знойдзена шмат швэдзкай зброі, асабістыя рэчы (гузікі, бляшкі, посуд). У адным з курганоў Я.Тышкевіч знайшоў швэдзкі лютэранскі крыж з надпісам, бляшку з швэдзкім гербам - «лявом». Нажаль, дасёньня гэта адзіныя буйныя вынікі дасьледаваньня праўдзівых швэдзкіх пахаваньняў у Беларусі.
Маштабнасьць вайсковай прысутнасьці Швэцыі ў Беларусі пацьвярджаюць шматлікія знаходкі манэтаў. У 1844 годзе ў Крэве на вуліцы Смургонскай знойдзены скарб, у складзе якога меліся 684 манэты, у тым ліку швэдзкія соліды каралеўны Крысьціны. Яшчэ такі скарб (62 швэдзкія манэты) быў знойдзены ў Ашмянах. У дваццатыя гады XX ст. на швэдзкіх могілках ля Чачэрску сяляне мэтанакіравана шукалі й знаходзілі «швэдскія срэбныя грошы». У 1958 годзе ў вёсцы Сьвірыдовічы знойдзены вялікі скарб з 1536 манэтаў схаваны ў гліняным збане і абгорнуты грубым палатном. Сярод манэтаў частка паходзіць з швэдзкіх правінцыяў Усходняй Балтыкі часоў Густава II Адольфа й Крысьціны. Увесну 1970 г. ля вёскі Рамянкі (Ашмянскі павет) сяляне знайшлі скарб часоў Малой Паўночнай вайны 1655-1660 гг. Бальшыню скарбу складалі манэты Карла X, бітыя швэдамі ў вайсковым табары, магчыма, на абшарах Беларусі, на варштатах Кракаўскага манэтнага двара, які швэды захапілі ў 1655 годзе. Толькі ў 1974 годзе рэшткі скарбу (175 манэтаў) трапілі да навукоўцаў. У часе археалягічных раскопак гарадзішча вёскі Навасёлкі (Зэльвеншчына) у 1992 годзе знойдзены швэдзкія рыскія соліды Густава ІІ Адольфа й Крысьціны - таксама важны паказчык прысутнасьці швэдаў за часоў Вялікай Паўночнай вайны.

© А.Котлярчук "Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў"