Архітэктура і мастацтва Беларусі ў XVI-XVII ст.

Дойлідства

На эпоху Рэнесансу прыпадае росквіт беларускага храмавага дойлідства. У гарадах, мястэчках, замках і манастырах будаваліся храмы розных тыпаў. Іх адметнымі рысамі былі спалучэнні архітэктурных стыляў готыкі і рэнесансу, абарончыя элементы, багатая аздоба фасадаў і інтэр’ераў. Выдатнымі помнікамі таго часу засталіся на нашай зямлі Сынкавіцкая (Зэльвенскі раён), Мураванкаўская (Шчучынскі раён) і Супраслеўская (Беласточчына) цэрквы-фартэцы, касцёл абарончага тыпу ў вёсцы Камаі (Пастаўскі раён), Чарнаўчыцкі Траецкі касцёл (Берасцейскі раён) і касцёл Дзевы Марыі ў вёсцы Вішнева на Валожыншчыне. Рэнесансавымі формамі вызначаліся пратэстанцкія храмы ў Смаргоні, Заслаўі, у вёсцы Дзераўная (Стаўпецкі раён).

Унікальная царква-фартэца ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёну

Паступова ў беларускае манументальнае дойлідства пранікаў стыль барока. Самым раннім яго помнікам у Вялікім Княстве Літоўскім стаў збудаваны ў 1588-1593 гг. у Нясвіжы езуіцкі касцёл. Запрошаны Мікалаем Радзівілам Сіроткам з Італіі архітэктар Ян Марыя Бэрнардоні ў сваёй працы ўзяў за ўзор знакаміты храм Эль Джэзу ў Рыме.
Спалучэнне захолнееўрапейскіх уплываў з мясцовымі архітэктурнымі традыцыямі дало Беларусі велічныя палацава-замкавыя комплексы ў Міры, Геранёнах, Смалянах, Нясвіжы, Гальшанах. Новае, адпаведнае часу аблічча набывалі нашыя гарады. Трапіўшы ў тагачаснае беларускае места, падарожнік з Заходняй Еўропы знаходзіў вялікае падабенства з тым, што бачыў на радзіме. Спачатку ў Слуцку, Нясвіжы, Быхаве, а потым і ў іншых гарадах адбываўся пераход ад сярэднявечнай радыяльна-колцавай планіроўкі да рэгулярнай забудовы з кварталамі і архітэктурным ансамблем цэнтральнага пляца. Паўсюль узводзіліся мураваныя ратушы, палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў.

Выяўленчае мастацтва

Пад уздзеяннем рэнесансавай культуры новая плынь з’явілася ў беларускім іканапісе. Ствараючы абразы, іх аўтары смела ўводзілі ў біблійныя сюжэты побытавыя і этнаграфічныя дэталі. У XVI ст. склалася самастойная беларуская іканапісная школа.

Важныя перамены адбыліся ў свецкім жывапісе, дзе галоўнае месца заняў партрэт. У ім адлюстроўвалася рэнесансавая ўвага да асобы чалавека, яго псіхалагічнага стану. Асобны жанр сармацкага партрэта ўслаўляў рыцарскую мужнасць і годнасць ліцьвінскай шляхты. У палацах арыстакратыі, а часам і ў дамах багатых месцічаў з’яўляліся партрэтныя галерэі знакамітых продкаў. Найбагацейшы такі збор захоўваўся ў нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў. У часы вялікіх князёў Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста беларускія магнаты часта запрашалі да сябе мастакоў з Заходняй Еўропы, найперш з Італіі. Іх вучні – мясцовыя жывапісцы звычайна не падпісвалі сваіх карцінаў, але таксама стваралі сапраўдныя шэдэўры.

Высокамастацкія творы пакінулі беларускія гравёры Тамаш Макоўскі, Пётра Мсціславец, Максім Вашчанка… Яны не толькі аздаблялі кнігі, але і стваралі графічныя партрэты, геральдычныя кампазіцыі, карты, складаныя ілюстрацыі да навуковых трактатаў. Скульптарам той эпохі належаць дасканалыя ўзоры паліхромнай драўлянай скульптуры і складаных алтарных кампазіцыяў. 3 каменю рабілі партрэтныя надмагіллі магнатаў.

Музыка і тэатр

Шматлікімі асяродкамі царкоўнай і свецкай музычнай культуры ў XVI-XVII стст. былі брацкія школы, а таксама музычныя бурсы пры калегіюмах і манастырах, якія існавалі ў Вільні, Полацку, Віцебску, Магілёве, Горадні, Жыровічах (пад Слонімам) ды ў шмат якіх іншых гарадах і мястэчках. Бурсы мелі свае капэлы, ставілі музычныя спектаклі. 3 будаўніцтвам новых каталіцкіх храмаў звязаныя з’яўленне арганаў і папулярызацыя арганнай музыкі. Захаваліся звесткі аб прыдворным арганісце вялікага князя Ягайлы, які ў першай палове XV ст. падарожнічаў па Літве-Беларусі. Болей за 50 арганаў налічваюць даследнікі на землях Княства ў ХVІ-ХVІІ стст. Адметнасцю беларускай арганнай культуры было выкарыстанне гэтага музычнага інструмента ў літургіях не толькі ў рымска-каталіцкіх, але і ў грэцка-каталіцкіх (вуніяцкіх) храмах. Каштоўныя помнікі музычнай культуры той эпохі – рукапісныя зборнікі «Полацкі сшытак» і «Куранты». Творы з іх часта улучаюць у свой рэпертуар сучасныя беларускія выканаўцы.

Вялікае значэнне музыцы ў выхаванні асобы надавалі дзеячы тагачаснай культурнай эліты Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Рымша. Францішак Скарына ў сваёй прадмове да кнігі «Прамудрасць Ісуса Сына Сірахава» заклікаў вучыцца «музыцы, то ест пеўніцы».

Беларускія мядзведнікі. Гравюра XVI ст.

Пры калегіюмах ды іншых навучальнях у XVI ст. узнікаюць школьныя тэатры. Адзін з найдаўнейшых пачаў сваю дзейнасць у 1585 г. у Полацкім езуіцкім калегіюме. Першым спектаклем, які ўбачылі палачане, стала трагіка-медыя «Навухаданасор» з інтэрмедыямі, балетнымі і опернымі фрагментамі.

Акторак у школьных тэатрах не было, жаночыя ролі выконвалі юнакі ў масках. Удзельнікам усіх сцэнічных відовішчаў быў хор. Высокапрафесійных вакалістаў і музыкаў меў уладкаваны на еўрапейскі ўзор вялікакняскі двор у Вільні. Побач з айчыннымі талентамі там выступалі кампазітары і выканаўцы з іншых краінаў.
Вялікую папулярнасць сярод простых людзей меў лялечны тэатр – батлейка (ад біблійнага Бэтлеема, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос). Рэпертуар батлейкі звычайна складаўся з дзвюх частак: рэлігійнай і свецкай. Батлеечнік часта спалучаў у сваёй асобе драматурга і актора, мастака і музыку.
Не толькі на радзіме, але і ў замежжы мелі славу нашы скамарохі, якія вандравалі з горада ў горад з «вучонымі» мядзведзямі. Паказы мядзведнікаў-ліцьвіноў у ХVІ-ХVІІ стст. адбываліся ў шмат якіх краінах. Асяродкам развіцця гэтага віду народнага мастацтва стала заснаваная Радзівіламі гэтак званая «Смаргонская акадэмія».

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии