Чаму бальшавікі дазволілі беларусізацыю ?

Бальшавікі заўсёды былі прыхільнікамі “класавага падыходу” ў ацэнцы з’яваў грамадска-палітычнага і культурнага жыцця. Усё нацыянальнае, асабліва ў палітыцы і эканоміцы, разглядалася імі як праява “буржуазнасці”, з якой раней ці пазней трэба весці бязлітасную барацьбу. Але на пачатку 20-х гадоў палітычная і эканамічная сітуацыя ў Савецкай Расеі вымушала яе кіраўнікоў лічыцца з папулярнасцю сярод шырокіх колаў насельніцтва, у тым ліку і камуністаў, ідэяў нацыянальнага адраджэння.

Каб захаваць свой уплыў на “национальных окраинах” ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі, якая адраджала і нацыянальную буржуазію, на X з’ездзе РКП(б) (сакавік 1921 года) пастанавілі праводзіць курс на ліквідацыю няроўнасці народаў у эканамічным, сацыяльна-палітычным і культурным развіцці. Расейцы прызнаюцца народам, які дамогся перавагаў за кошт гвалту над іншымі народамi Расейскай імперыі, і таму яны абавязаны кампенсаваць гэтыя страты.

У галіне нацыянальнай палітыкі галоўнымі становяцца ідэі прыярытэтнага развіцця раней прыгнечаных нацыяў, у першую чаргу ўкраінцаў і беларусаў. Ідэі нацыянальна-дзяржаўнага і культурнага будаўніцтва падтрымлівала значная частка кіраўніцтва нацыянальных кампартый. Але маскоўскае кіраўніцтва не збіралася адмаўляцца ад “збліжэння нацый”: беларусізацыя, украінізацыя, татарызацыя і г.д. былі для іх палітычнай гульнёю. 22 верасня 1922 года І.Сталін пісаў да У.Леніна: “За чатыры гады грамадзянскай вайны, калі мы з прычыны інтэрвенцыі вымушаныя былі дэманстраваць лібералізм Масквы ў нацыянальным пытанні, мы паспелі выхаваць сярод камуністаў, самі таго не жадаючы, сапраўдных і паслядоўных сацыял-незалежнікаў… Маладое пакаленне камуністаў на ўскраінах гульню ў незалежнасць адмаўляецца разумець як гульню”.

Беларусізацыя як палітыка мела дзве складовыя часткі: стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця беларускае культуры, мовы і каранізацыю. Каранізацыя была найбольш важней часткаю, бо згодна з ёю на кіраўнічыя пасады павінны былі накіроўвацца асобы, найбольш адданыя савецкай уладзе з мясцовага, карэннага насельніцтва.
Беларусізацыя павінна была зрабіць беларускую культуру беларускай толькі па форме, а па змесце — пралетарскай. Беларуская мова, найбольш зразумелая шырокім колам сялянаў, павінна была стаць дзейсным сродкам, каб прывесці іх у сацыялізм.

Трапную характарыстыку гэтай палітыцы даў Міхась Зарэцкі ў рамане “Крывічы”, забароненым бальшавікамі, дзе вуснамі аднаго са сваіх герояў сказаў: “Беларусізацыя — гэта, браце, хітрая штука. Гэта стаўка на форму… Аўладаць формай, адлучыць яе ад зместу, вылегчыць яе, выкруціць, высушыць і… выкінуць вон… Гэта палітыка гандляроў з рынку, якія заўсёды звяртаюцца да сялян у іх роднай мове, каб лягчэй абдурыць іх”.

“Гульня ў незалежнасць”, якую бальшавікі выкарысталі для ўтрымання ўлады ў нацыянальных рэспубліках пад час нэпа, скончылася разам з ім. У канцы 1929 — пачатку 30-х гадоў найбольш актыўныя дзеячы беларусізацыі былі выключаныя з партыі, а пасля арыштаваныя. I хоць палітыка беларусізацыі не была адмененая, выконваць яе цяпер трэба было шляхам “інтэрнацыянальнага выхавання”.
У 30-х гадах змянілася і канцэпцыя нацыянальнай палітыкі. Было канстатавана, што расейцы дапамаглі адсталым народам і цяпер з’яўляюцца для іх “старэйшым братам”. Расейскае і савецкае робяцца сінонімамі, расейская культура — перадавой, расейская гісторыя — гераічнай. У сакавіку 1938 года ўводзіцца абавязковае вывучэнне расейскай мовы ў школах нацыянальных рэспублік, яна афіцыйна робіцца галоўным сродкам зносін народаў СССР. Нацыянальныя культуры і па форме, і па змесце робяцца савецкімі, “пралетарскімі”. Больш “лібералізму ў нацыянальным пытанні” Масква не дапускала.

© Таццяна ПРОЦЬКА, кандыдат філасофскіх навук

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии