У сярэдзіне 20-х гадоў у Заходняй Беларусі актывізаваўся нацыянальна-вызвольны рух, што ў сваіх мэтах вырашыла скарыстаць Масква. У крамлёўскіх кабінетах нарадзіўся гэтак званы "мангольскі праект". Знаходзячыся ў рэчышчы ідэі "сусветнай рэвалюцыі", ён быў характэрнаю праявай бальшавіцкага экспансіянізму. Беларускія ж нацыянал-камуністы хацелі выкарыстаць задуманае ў Маскве дзеля аб'яднання ў адной дзяржаве ўсіх нашых этнічных земляў.
Праект прадугледжваў узняцце паўстання беларусаў у Польшчы, выхад БССР са складу СССР і вайну з Польшчай за Заходнюю Беларусь. У выніку ўтварылася б Беларуская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка пад пратэктаратам СССР (як і ў выпадку з Мангольскай Народнай Рэспублікай, адсюль і назоў праекта). А папярэдне, каб прадэманстраваць поспехі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, былі праведзеныя "ўзбуйненні" БССР, дазволена стварэнне шырокай сеткі навучальных і культурных устаноў на беларускай мове. 
"Мангольскі праект", на які пакладалі надзеі нацыянал-камуністы і, магчыма, некаторыя нацыянал-дэмакраты, спадзеючыся гэткім шляхам вызваліць Беларусь з маскоўскае ды польскае няволі, не здзейсніўся. Спадзяванні былі ілюзіямі. На пачатку 1927 года з дапамогай бальшавіцкіх спецслужбаў у Заходняй Беларусі была разгромлена 120-тысячная Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада, а крыху пазней у БССР распачалася ліквідацыя "нацдэмаў", якіх цяпер ужо абвінавачвалі ў спробах адарваць Савецкую Беларусь ад СССР з дапамогаю Польшчы.
Застаўшыся толькі на паперы, "мангольскі праект", тым не менш, з'яўляецца для нас сведчаннем авантурызму бальшавікоў, іх гатоўнасці дзеля сваіх камуністычных утопіяў маніпуляваць лёсамі цэлых народаў.
© Язэп ЯНУШКЕВІЧ


