Хрыстафор Дарагастайскі

Дарагастайскі
Хрыстафор Дарагастайскі, 1605 г., Прага. Гравіраваны партрэт работы мастака I. Садэляра

Імя гэтага чалавека, несумненна, належыць да самай славутай кагорты дзеячаў айчыннай гісторыі. Хрыстафор Манвід (Крыштаф Мікалай) Дарагастайскі нарадзіўся 2 сакавіка 1562 года ў шляхецкай сям’і полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага. Матка яго Ганна паходзіла з фаміліі Война. 3 дзіцячых гадоў (1572—75) ён выправіўся ў падарожжа, каб атрымаць адукацыю ў найлепшых пратэстанцкіх вучэльнях тагачаснай Еўропы (закончыў коледж Штурма ў Страсбургу, а таксама гімназію ў германскім горадзе Фрайбургу). Малады беларускі арыстакрат наведаў многія еўрапейскія краіны. У Нідэрландах браў удзeл у ваенных падзеях. Пасябраваў з некаторымі слыннымі прадстаўнікамі палітычнай эліты еўрапейскіх краін. Дапамагаў прынцу Г. Аранскаму асабістым удзелам у вайсковых справах. Ад іспанскага караля атрымаў тытул барона ў Ашмянах і на Дарагастаях. Падчас Лівонскай вайны супраць Масковіі шчыра і на ўсё жыццё пасябраваў з Мікалаем Рудым і Хрыстафорам Перуном Радзівіламі. Барон Хрыстафор Дарагастайскі быў надзвычай цікавай неардынарнай асобай, вартай свайго пераломнага часу; цвёрды і паслядоўны прыхільнік ідэй еўрапейскай рэфармацыі, барон Дарагастайскі карыстаўся найвялікшай павагай і вядомасцю сярод суайчыннікаў. Выконваў урады і меў прывілеі старасты ваўкавыскага, стольніка і крайчага літоўскага (1590), а ў 1597 годзе атрымаў урад найвялікшага маршалка літоўскага. Несумненны дыпламатычны талент Дарагастайскага праявіўся падчас выканання ім абавязкаў маршалка пасольскай ізбы на трыбуналах, або ў справе замірэння адносін паміж каралём Жыгімонтам III Вазам і князем Хрыстафорам Радзівілам. Неаднаразова Дарагастайскі ўзначальваў вялікалітоўскія вайсковыя адзінкі, перамагаў у баях са шведамі падчас інфлянцкай вайны (бітва пад Кукейнасам, 1601), штурмаваў Смаленск (1610—11). Вайсковая спрактыкаванасць і смеласць Хрыстафора Дарагастайскага зрабіла яго імя надзвычай папулярным у асяроддзі не толькі вялікалітоўскай шляхты, але і польскай.

Ілюстрацыі да аднаго з перавыданняў «Гіпікі» Крыштопа Мікалая Дарагастайскага. 1647 г.

Адзін з самых адукаваных людзей у Вялікім княстве, Дарагастайскі паслядоўна абараняў правы сваіх грамадзян, свабоду веравызвання, пратэставаў супраць учынкаў каталіцкіх экетрэмістаў, калі ў 1611 годзе падбухтораная езуітамі чэрнь спаліла рэфармацкі збор у Вільні. Як адзін з пратэктараў беларускай Рэфармацыі, Дарагастайскі шчодра фундаваў на справы евангелічных цэркваў на Віленшчыне і на Валыні. Друкарня у Ашмяне Мураванай няспынна выдавала творы мясцовага міністра рэфармацкага збора Салінарыя. Вядомы рэфармацыйны літаратар Кр. Краінскі прысвяціў Дарагастайскаму сваю духоўную працу «Пастыла» (1611).
Нязменную памяць аб сабе на вякі пакінуў Хрыстафор Дарагастайскі, напісаўшы ў сваёй улюбёнай сядзібе Ашмяне Мураванай знакаміты твор «Гіпіка, або Чатыры кнігі пра коней». Яшчэ ў дзіцячыя гады, падарожнічаючы па Італіі, Хрыстафор пазнаёміўся з выдатнымі каняводамі ў Фэрары і Неапалі. На ўсё жыццё Дарагастайскі захапіўся конегадоўляй і кавалерыйскай яздой. Ён выдатна ведаў анатомію і фізіялогію каня, шчыра любіў гэтых высакародных жывёлін і рупліва спрыяў грамадскай адукацыі ў важнай справе. Цікава, што для ілюстравання сваёй кнігі Дарагастайскі запрасіў нясвіжскага гравёра Тамаша Макоўскага. Жадаючы тым самым спрыяць развіццю айчыннага мастацтва, Дарагастайскі свядома адмовіўся ад паслуг нідэрландскіх ілюстратараў. Князь Мікалай Сіротка Радзівіл, таксама вялікі аматар пародзістых коней, спрычыніўся да супольнага ўладкавання кнігі ў Кракаўскую друкарню Андрэя Пятркоўчыка. Першае выданне «Гіпікі» выйшла ў 1603 годзе. Лес кнігі быў надзвычай удалым — яна перавыдавалася шмат разоў.
Апошнія гады жыцця Дарагастайскі часта нядужаў ад артрыту, ездзіў на лячэнне ў Верону (Італія). Падчас аднае такой выправы ён памёр па дарозе ў Вроцлаў у заезджай гасподзе «Пад Залатым Дрэвам» 3 ліпеня 1615 года.

© С. Людамант

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии