Балцкая каланізацыя беларускіх зямель

3 канца 3-га тысячагоддзя да н. э. і да IV-V ст. нашай эры этнічны склад насельніцтва Беларусі значна змяніўся. У гэты час на ўсёй тэрыторыі Беларусі рассяліліся індаеўрапейцы, якія асімілявалі папярэдняе насельніцтва. Большую частку тэрыторыі Беларусі, асабліва паўночнай і цэнтральнай, у эпоху ранняга металу займала ўжо індаеўрапейскае насельніцтва балцкай галіны (продкі сучасных літоўцаў і латышоў) і толькі ў асобных месцах паўднёвага захаду – славянскай.

У глыбокай старажытнасці індаеўрапейцы прыйшлі з Цэнтральнай Азі і і рассяліліся на Балканскім паўвостраве, Малой Азіі , у заходнім і паўночна-заходнім Прычарнамор’і. На рубяжы 3 і 2 тысячагоддзяў да н.эры ў сувязі з развіццём жывёлагадоўлі (пастаянным павелічэннем пагалоўя жывёлы, для чаго патрабаваліся новыя выпасы), ростам насельніцтва і магчыма, нават, дэмаграфічным выбухам яны пачалі пакідаць сваю новую радзіму і засяляць вялікія прасторы Цэнтральнай, Усходняй Еўропы ад Рэйна да Волгі. Гэтае вялікае перасяленне народаў паклала пачатак утварэнню многіх еўрапейскіх і азіяцкіх народаў: галаў, грэкаў, кельтаў, германцаў, балтаў, славян, іранцаў і іншых. Кожны з іх пасля сфарміраваў сваю мову і культуру.

Бронзавая фібула сярэдзіны 1-га тыс. Быхаўскі раён

Ёсць меркаванне, што балты – гэта адгалінаванне этнічнай супольнасці галаў. Яны знаходзіліся на больш высокім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, чым іх папярэднікі, і прынеслі на тэрыторыю Беларусі жывёлагадоўлю і земляробства. Змяшаўшыся з мясцовым даіндаеўрапейскім насельніцтвам, асноўная маса якога засталася на ранейшым месцы, яны паступова асімілявалі яго, навязалі сваю мову і культуру.

Пасяленне балтаў на тэрыторыі Беларусі супала з векам металу. Першымі ў гісторыі чалавецтва металамі, якія сталі асноўным матэрыялам для вырабу прылад працы, былі медзь і бронза. Спачатку яны выплаўляліся ў краінах Блізкага Усходу і ў тых раёнах Еўропы і Азіі , дзе былі залежы меднай, алавянай і цынкавай руд. На тэрыторыі краін СНД медзь і бронза ў 3 і 2 тысячагоддзях да н. э. выплаўляліся ў Сярэдняй Азіі, Казахстане, на Урале, у Сібіры і Закаўказзі. Адтуль яны пападалі ў суседнія і больш аддаленыя раёны, дзе не было неабходных запасаў сыравіны. Прылады працы і ўпрыгажэнні з медзі і бронзы сустракаюцца і на тэрыторыі Беларусі. Яны адносяцца да 2 тыс. да н. эры.

У VII ст. да н.э. насельніцтва Беларусі навучылася выплаўляць жалеза. Выплаўлялі яго з бурага жалезняку (руд расліннага паходжання) сырадутным спосабам у невялікіх гліняных печах-домніцах, якія мелі паўшарападобную форму. Рабілася гэта так. Праз адтуліны ўверсе печы засыпаўся гарачы вугаль, а на яго паслойна высушаная і раздробленая руда і драўляны вугаль. Пры дапамозе мяхоў у печ нагняталася паветра. Дасягалася тэмпература да 900° і больш. Выплаўленае жалеза сцякала на дно печы, утвараючы наздраватую масу – “крыцу”. Крыца мела прымесь шлаку. Каб пазбавіцца ад яго, крыцу дадаткова прагравалі ў горне і кавалі. У выніку атрымліваўся кавалак чыстага жалеза (балванка), з якога выраблялі прылады працы. Сляды здабычы і апрацоўкі жалеза ў выглядзе шлакаў, крыц, рэшткаў дамніц сустракаюцца амаль на кожным старажытным паселішчы.

балты

Па меры асваення металаў, асабліва жалеза, земляробства паступова ператваралася ў галоўны занятак плямён, якія насялялі тэрыторыю Беларусі. Па спосабу падрыхтоўкі ўчастка да сяўбы сістэма земляробства атрымала назву лядавай. На ўчастку, выбраным для сяўбы, лес высякаўся і спальваўся. Верхні слой глебы станавіўся больш рыхлы, а попел угнойваў глебу. Затым сеялі зерне і загортвалі яго “сукаваткай” – драўлянай бараной. Першыя гады на такіх участках ураджаі былі добрыя. Але глеба паступова вышчалочвалася і апустошвалася. Участак пакідалі і пераходзілі на другі, папярэдне падрыхтаваны такім жа спосабам. Асноўнымі культурамі былі проса, пшаніца, гарох, палявыя (конскія) бабы, віка. Ураджай зжыналі жалезнымі сярпамі. Яны яшчэ не мелі насечкі на лязе, былі меншых памераў ад сучасных і мелі невялікую выгнутасць. Зерне расціралі на каменных зернецёрках. На поўдні Беларусі параўнальна рана пачалі карыстацца першымі ворнымі прыладамі тыпу драўлянага рала. Гэтаму, напэўна, садзейнічаў уплыў паўднёвых плямён, у першую чаргу скіфаў. Развіццё земляробства павысіла гаспадарчае значэнне жывёлагадоўлі. Выяўленыя рэшткі касцей сведчаць, што нашы далёкія продкі разводзілі перш за ўсё буйную рагатую жывёлу. Свінні, коні і дробная рагатая жывёла адыгрывалі другарадную ролю. 3 развіццём лядавага земляробства і жывёлагадоўлі паляванне і збіральніцтва, як галіны гаспадарчай дзейнасці, паступова страчвалі сваё значэнне і ператвараліся ў пабочныя. Выраб жалезных прылад садзейнічаў развіццю хатняга рамяства. 3 дрэва рабілі дрэўкі коп’яў, дроцікаў, стрэлы, чаранкі нажоў, сярпоў, шылаў, верацёны, міскі, лыжкі і рэчы хатняга ўжытку. 3 дапамогай жалезных сякер і цёслаў узводзіліся складаныя (у параўнанні з легкімі пабудовамі эпохі неаліту і бронзы) жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Першапачаткова ўзводзіліся бярвенчатыя пабудовы слупавай канструкцыі, а з цягам часу – і пабудовы зрубнага тыпу. Пастаяннымі відамі вытворчасці плямён, якія насялялі тэрыторыю Беларусі ў 2 і 1 тысячагоддзях да н.эры, былі прадзенне, ткацтва, пашыў адзення, пляценне, выраб глінянага посуду. Посуд вырабляўся ўручную шляхам стужкава-кальцавога або стужкава- спіральнага налеплівання. Ганчарнага кола насельніцтва яшчэ не ведала.

Агульны ўзровень прадукцыйных сіл, натуральны характар гаспадаркі, у аснове якой было лядавае земляробства, раз’яднанасць і замкнутасць паселішчаў дазваляюць меркаваць, што ўсе плямёны, якія засялялі тэрыторыю Беларусі ў першым тысячагоддзі да н.эры і першай палове першага тысячагоддзя н. эры, жылі ўжо ва ўмовах патрыярхату. Асноўнай гаспадарчай адзінкай была вялікая патрыярхальная сям’я. Яна складалася прыблізна з 50-80 чалавек. Некалькі такіх сем’яў складалі род. Кожны род займаў пэўную тэрыторыю, меў свае палі, вадаёмы, паляўнічыя ўгоддзі і выпасы для жывёлы. Некалькі родаў утваралі племя, а некалькі плямён – саюз плямён. Трывалыя саюзы плямён узнікалі толькі тады, калі гэта дыктавалася меркаваннямі ваеннага характару.

© Гісторыя Беларусі : У 2 ч. ч.1 . Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава, С.Я.Сяльверстава, І.А. Фёдараў. – Мн.: РІВШ БДУ, 2000. – 656 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии