Яшчэ пры жыцці славуты Гедымін падзяліў Беларуска-Літоўскую краіну паміж сваімі сынамі. Больш за ўсіх пашанцавала Яўнуцію (Яўнуту), менавіта ён атрымаў вялікакняскую пасаду, нягледзячы на відавочную немагчымасць разумна кіраваць Беларуска-Літоўскай дзяржавай. У дадатак ён быў вельмі слабы як асоба.
Альгерд павінен быў задаволіцца Крэўскім і Віцебскім княствамі, а Кейстут — княствамі Троцкім, Жмудскім, Берасцейскім і Гарадзенскім. 
Альгерд і Кейстут вырашылі ратаваць магутнае княства. Вось што піша аб падзеях тых часоў "Летапіс Вялікіх князёў Літоўскіх": "Альгерд, бацька караля Ягайлы, і Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові. I не спадабалася ім, што вялікі князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою браты, князь вялікі Альгерд і князь вялікі Кейстут, як бы яго адтуль (з Вільні) выгнаць, яны выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, вялікім князем Яўнутам". Адбылося гэта ў 1345 годзе, калі браты, напаўшы на Вільню, пакінулі слабага і недарэчнага кіраўніка без дзяржаўнай улады. Альгерд быў аб'яўлены Вялікім князем, Кейстут захаваў папярэднія пасады, а Яўнуту яны далі Заслаўе. Праўда, той палічыў за лепшае ўцякаць у Маскву. (Праз два гады вярнуўся назад).
Як валадара дзяржавы, Альгерда вызначала мужнасць і шырыня палітычных поглядаў. Кейстут заўжды дапамагаў свайму брату Альгерду, і той меў у яго асобе моцную падтрымку.
![]()

