( каля 1275-1341 г.г.) Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага (1316-1341)
Вялікі князь Гедымін — адна з самых славутых постацей нашай гісторыі. Чалавек гэты шмат зрабіў для мірнага аб'яднання беларускіх і літоўскіх земляў у адзіную дзяржаву, якая стала ўрэшце адной з самых магутных у Еўропе. Адрозніваўся ён верацярпімасцю і дэмакратычнасцю, што не вельмі ўласціва для тагачасных палітычных дзеячаў.
Гедымін заснаваў новую сталіцу Беларуска-Літоўскай дзяржавы — Вільню. Паходжанне князя дакладна не высветлена. На думку многіх гісторыкаў, ён не сын Віценя ці Лютавара, а нашчадак Гердэна (ці Эрдэна) — князя полацкага. Гэты факт падкрэслівае беларускія вытокі Гедыміна. Варта адзначыць: яго браты насілі беларускія імёны Віцень і Воін.
Вялікакняскую пасаду Гедымін заняў пасля смерці свайго брата Віценя, у 1316 годзе. Крыжакі наўмысна распускалі плёткі аб нізкім сацыяльным статусе паходжання гаспадара Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Па іх аповядах, Гедымін, быццам бы, быў конюх Віценя.
У 1320 годзе князь будуе ў Троках (сённяшнім Тракаі) замак на востраве, сярод вялікага возера, і пераносіць сюды сваю сталіцу. (Магутны замак у Тракаі літоўцы аднаўлялі болей за стагоддзе, добра разумеючы, што відавочнае сведчанне магутнасці дзяржавы працуе на нацыянальную свядомасць лелей, чымся любыя размовы.
Замку ў Наваградку не пашанцавала з намі, няўдзячнымі і няўважлівымі ўладальнікамі былой першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага).
Галоўную пагрозу Гедымін бачыў у крыжацкай агрэсіі, што прымушала яго ісці на саюз з дзеячамі суседніх дзяржаў і княстваў. Гарантам саюзаў былі роднасныя сувязі, якія адыгрывалі значную ролю ў палітычным свеце. Дачка князя Альдона (у каталіцтве Ганна) — была жонкай Казіміра Вялікага — караля польскага, што дазволіла атрымаць волю 25-ці тысячам палоненых Гедымінам палякаў. Увогуле, з дзецьмі яму пашанцавала. I астатнія шэсць ягоных дачок выйшлі замуж за людзей высокіх і знакамітых; напрыклад, князя цвярскога, валадара Плоцка, сына Івана Каліты. Нам здаецца, што самым слаўным з зяцёў Гедыміна быў гродзенскі стараста Давыд, вядомы ў гісторыі як Давыд Гарадзенскі. 3 сямі сыноў Гедыміна двое — Альгерд і Кейстут — аказалі найбольшы ўплыў на нашу гісторыю.
Падчас праўлення Гедыміна да Беларуска-Літоўскай дзяржавы далучыліся Віцебская, Менская, Турава-Пінская, Берасцейская землі. Увайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага і Падляссе (цяпер у складзе Польшчы). У 1340 годзе ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага Валынь. Менавіта так складвалася беларуская дзяржава. Адбываўся гэты працэс мірна, шляхам роднасных сувязяў, усведамленнем сілы і палітычнай мудрасці гаспадара. Большасць баяр пры двары Гедыміна былі праваслаўнымі — гэта значыць беларусамі. Пахавалі ж яго як язычніка. Вось што піша пра гэта "Хроніка літоўская і жамойцкая": " Кгедымін, вялікі князь, таге року ад гнемцаў у Прусах забіты з ручніцы...
... Сыны яго... звычаем паганскім, наклаўшы вялікі стос смалістага дрэва, труну яму нарыхтавалі. А потым... прыбралі яго ў адзенне княжае каляровае, якое любіў пры жыцці найболей, а пры ім шаблю, рагаціну, сагайдак, сокалаў пару, хортаў пару, каня з сядлом, слугу яго найшчырэйшага ўлюбёнца, з ім звязаўшы, на бярэмя дроў паклалі... і трох вязняў немцаў узброеных жывых вакол дрэва запаліўшы, з ім спалілі... Кідалі ў агонь кіпцюры рысіныя і мядзвежыя, як быў у іх звычай старадаўні".
Гедыміна можна па праву лічыць вялікім сынам нашай дзяржавы.
![]()

