Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю (так звычайна называлі гэтую падзею пры савецкай уладзе) беларусы сустрэлі больш як назіральнікі, а не актыўныя ўдзельнікі. Таму ў шэрагах творцаў Кастрычніка ў Беларусі, нягледзячы на вялікія "намаганні" пазнейшых камуністычных гісторыкаў, не відаць тутэйшых дзеячоў, а калі яны і ёсць, то тэта, як правіла, не беларусы. Галоўных дзейных асобаў рэвалюцыі — Аляксандра Мяснікова, Вільгельма Кнорына, Карла Ландэра, Станіслава Берсана ды іншых — закінула сюды хваля першай сусветнай вайны. Рэвалюцыю ў Беларусі ажыццяўлялі, такім чынам, чужынцы (паводле азначэння нашага гісторыка Усевалада Ігнатоўскага, "прышлыя" бальшавікі).
Рэвалюцыйныя падзеі аніяк не вынікалі з развіцця тагачаснага беларускага грамадства. Для іх, па сутнасці не было тут сацыяльнай базы. Пра гэта даволі красамоўна сведчаць прызнанні саміх балышвіцкіх функцыянераў: "Моцных сувязяў з рабочымі няма, дзеля блізкасці да фронту наша арганізацыя па сутнасці ваенная" (А.Мяснікоў); "Гэтая шматтысячная маса ў салдацкіх шынэлях і была той самай сілай, што ажыццявіла кастрычніцкі пераварот у Менску і на Заходнім фронце"; "25 кастрычніка 1917 года бальшавізм быў чужы для шырокіх масаў" (В.Кнорын).
Наконт рэвалюцыйнасці мясцовага рабочага класа прышлыя бальшавікі ілюзіяў не мелі і таму асаблівых спадзяванняў на яго не пакладалі. Паводле словаў таго ж Кнорына, бальшыня рабочай секцыі Менскага савета складалася тады з бундаўцаў і меншавікоў. Падобна, што менскі пралетарыят застаўся ўбаку ад кастрычніцкіх падзеяў. У "героя" рэвалюцыйных барыкадаў ён ператварыўся значна пазней, калі савецкія гісторыкі пачалі падганяць падзеі пад свае шаблонныя схемы.
Нацыянальна-дэмакратычныя сілы не прызналі законнасці бальшавіцкай улады ў Беларусі "Гэтая ўлада была заўсёды чужая, небеларуская. Камуністычную ўладу стварылі не беларускія сяляне і рабочыя, а расейскае войска, якое стаяла на Заходнім фронце", — пісала беларуская газета "Крыніца".
Такім чынам, Кастрычніцкая рэвалюцыя была прынесеная ў Беларусь на расейскіх штыхах. Яна не была тут ні вялікай, ні сацыялістычнай, ні рэва-люцыяй. Гэтую падзею ў нас больш правільна называць военным пераваротам, як, дарэчы, яна і называлася напачатку яе творцамі.© Ніна СТУЖЫНСКАЯ, кацдыдат гістарычных навук

