Бітва пад Хацінам 1621 года

Увосень 1621 года каля замка Хацін на малдаўскім правабярэжжы Днястра адбылася адна з самых масавых і значных бітваў XVII стагоддзя. Вынікам бітвы стала завяршэнне вайны, якую ў другой палове 1620 года Асманская імперыя і Крымскае ханства развязалі супраць Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у барацьбе за ўкраінскія і польскія землі.

Гэта вайна пачалася бітвай пад Цацорай на рацэ Прут (17 верасня – 7 кастрычніка 1620). Кароннае войска, узмоцненае ўкраінскімі рэестравымі казакамі, было разбіта. У дадатак палякі страцілі сваіх галоўных военачальнікаў. Вялікі каронны гетман Станіслаў Жалкеўскі загінуў у баі (яго адсечаную галаву разам з сядлом і шабляй паслалі ў Стамбул султану Асману ІІ), а польны каронны гетман Станіслаў Канецпольскі быў захоплены туркамі ў палон.

Татары ўварваліся ў Падолле, Валынь і Малую Польшчу. Заахвочаны перамогай султан Асман ІІ пачаў рыхтаваць вялікі паход на поўнач з мэтай дайсці да берагоў Балтыйскага мора.

Рэч Паспалітая пачала збіраць сілы для адпору. Паўстала пытанне, хто здольны ўзначаліць аб’яднанае войска. У Польшчы па вядомых прычынах такой асобы не было. Выбар выпаў на вялікага гетмана літоўскага Яна-Караля Хадкевіча. У снежні 1620 года ён прыняў галоўнае камандаванне над аб’яднаным войскам Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Узброеныя сілы ВКЛ (каля 11 тыс. чалавек), якія рухаліся з-пад Вільні, Полацка і Смаленска, злучыліся ў Берасці. Ужо пад Варшавай да польскага войска далучыліся аддзелы легендарных лісоўчыкаў (першага літоўска-беларускага спецназу). Па ўспамінах удзельніка бітвы каралеўскага камісара Якава Сабескага Ян-Караль Хадкевіч прывёў пад Хацін 34 987 чалавек. Пазней да яго далучылася войска запарожскіх казакоў.

У аб’яднаным 60-тысячным войску значную па колькасці сілу складалі палякі (пад камандаваннем польскага магната Станіслава Любамірскага, які выконваў абавязкі польнага гетмана) і запарожскія казакі (пад камандаваннем украінскага гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага). Таксама было шмат наймітаў з Германіі, Сілезіі і Прусіі. Былі і дабраахвотнікі з многіх краінаў Еўропы. Літоўска-беларускіх ваяроў было каля 15 % ад агульнай колькасці ўсяго войска. Харугва Яна-Караля Хадкевіча (камплектавалася ўраджэнцамі Шклова, Быхава, Ляхавіч, Петрыкава і Копыся), полацкая харугва Мікалая-Багуслава Зяновіча, аршанская харугва Аляксандра-Дажбога Сапегі, пінская і чатыры харугвы нясвіжскага князя Аляксандра Радзівіла (камплектаваліся жыхарамі Нясвіжа, Слуцка, Капыля). Былі таксама ваяры з Вільні, Смаленска і літоўскія татары. Гэта былі вельмі баяздольныя сілы на чале з вопытнымі военачальнікамі, што і падцвердзіў затым ход бітвы.

Бітва пад Хацінам
«Бітва пад Хацінам» (Юзаф Брант, 1867)

Ян-Караль Хадкевіч, улічваючы стасункі сілаў (60 тысяч супраць 150 тысяч), выбраў пазіцыйную тактыку і адмыслова размясціў свой лагер на правым беразе Днястра, які прыкрываў яго тылы, каля сцен Хацінскага замка. Бліскуча арганізаваў актыўную абарону, прымяняючы контратакі і начныя вылазкі. На працягу месяца адбіваў асманскія штурмы, наносячы праціўніку вялізарныя страты. Нягледзячы на недахоп харчавання, разбуральныя артылерыйскія абстрэлы, зацятыя асманскія штурмы і сваю смяротную хваробу, якая прыціснула да ложка, Хадкевіч да апошняга гартаваў баявы дух войска і трымаў жорсткую дысцыпліну. У зацятых баях туркі панеслі вялізныя страты (да 80 тысяч) і былі вымушаны спыніць ваенныя дзеянні. Гэта перамога стала апошняй у жыцці славутага літоўска-беларускага гетмана.

Пад мурамі Хаціна адзначыліся і іншыя нашы суайчыннікі.

Чашнік літоўскі Аляксандр-Дажбог Сапега, сын аршанскага падкаморыя, падчас турэцкіх штурмаў на чале свайго аршанскага палка стрымліваў праціўніка на левым крыле аб’яднанага войска, а пасля смерці Яна Караля Хадкевіча прыняў на сябе камандаванне войскам ВКЛ.

Стараста чачэрскі і прапойскі, кашталян полацкі Мікалай-Багуслаў Зяновіч (уладальнік Смаргоні) удала і мужна біўся на чале свайго палка (1800 чалавек). Падчас аднаго з баёў конь занёс яго ў самы гушчар ворагаў. Зяновіч страціў шлем, але працягваў бой. Акружаны з усіх бакоў праціўнікам, ён атрымаў дваццаць ранаў і памёр на трэці дзень у лагеры, “пакінуўшы вялікую славу свайго імя” (пра яго подзвіг многія ўдзельнікі бітвы пазней напішуць ва ўспамінах, а паэты ўславяць яго імя ў сваіх вершах і паэмах).

Яшчэ адзін з удзельнікаў Хацінскай бітвы наваградскі кашталян Ян Рудаміна-Дусяцкі пакінуў свае ўспаміны пра бітву ў вершаванай форме, а таксама замовіў і ўсталяваў у наваградскай капліцы Божага Цела мемарыяльную пліту ў памяць пра свайго роднага брата Георга Рудаміна-Дусяцкага і яго баявых паплечніках, якія восенню 1621 года загінулі пад мурамі Хаціна. Гэты помнік захаваўся да нашага часу і захоўваецца ў Фарным касцёле ў Наваградку.

Таксама трэба адзначыць, што шмат выхадцаў з беларускіх земляў было і сярод запарожскіх казакоў, якія мужна біліся ў складзе аб’яднанага войска.

У выніку перамогі пад мурамі Хацінскага замка Еўропа была выратавана ад турэцкага нашэсця. Асман ІІ адмовіўся ад захопніцкіх планаў, адвёў сваю армію назад, а неўзабаве быў задушаны збунтаванымі янычарамі.

У гонар Хацінскай бітвы з дабраслаўлення Папаў Рымскіх (Рыгора XV і Урбана VIII) у каталіцкіх цэрквах Еўропы 10 кастрычніка кожнага года маліліся за душы ваяроў, якія гераічна загінулі ў бітве пад Хацінам. Гэта традыцыя, па некаторых звестках, працягвалася да канца ХІХ стагоддзя.

Прайшло чатыры стагоддзі, а памяць пра бітву жыве. Хацінская фартэцыя добра захавалася да нашага часу. Цяпер у сценах замка дзейнічае гістарычны музей, дзе галоўная экспазіцыя прысвечана падзеям 1621 года і носіць гучную назву “Бітва за Цэнтральную Еўропу”.

© Віталь Чырвінскі, ваенны гісторык.

Подписаться
Уведомить о
guest
1 Comment
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии