Чарнобыльская катас...
 
Падзяліцца:
Апавяшчэнні
Clear all

Чарнобыльская катастрофа

1 Посты
1 Карыстальнікі
0 Likes
2,044 Прагляды
Посты: 278
Заснавальнік Admin
Аўтар тэмы
 

Чарнобыль карта
Стан радыяцыйнага забруджання ў 1996

26 красавіка 1986 г. выбухнула аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, што знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі, але ўсяго за 5 км ад беларускай мяжы.

Яна вельмі ўскладніла ўмовы правядзення гарбачоўскіх рэформаў. Для беларускага народа драматычныя вынікі аварыі памножыліся традыцыйнай залежнасцю мясцовага партыйнага апарату ад Масквы. Тры гады бальшавіцкае кіраўніцтва, на чале якого ў той час стаяў Мікалай Слюнькоў (1980—1986), забараняла паведамляць насельніцтву памеры радыеактыўнага заражэння і межы яго распаўсюджання. У раёнах рэальнай небяспекі праз некалькі дзён пасля катастрофы людзі маршыравалі ў першамайскіх калонах, аралі зямлю, удыхалі смяротны пыл і хадзілі пад чорным сонцам. Толькі ў сем’ях апаратчыкаў ведалі пра ўсё - і адразу пасля аварыі пачалі засцерагацца. Яны першыя ўцяклі з небяспечнай зоны. Выбух на атамнай станцыі адпавядаў 90 хірасімскім бомбам. На Беларусь выпала больш за дзве трэці радыеактыўных рэчываў, якія пакрылі амаль трэцюю частку яе тэрыторыі. На землях павышанага забруджання апынулася амаль пятая частка насельніцтва БССР (2,2 млн. чал.). Тады, у красавіку-маі, вятры дзьмулі на Беларусь. А ў Магілёўскай вобласці расстрэльваліся стронцыева-цэзіевыя воблакі, якія плылі на Маскву, - і яны ападалі на беларускія землі. Кожны раз, калі ў жарало рэактара з верталёта скідаліся мяхі з пяском і глінай, у паветра ўзнімалася хмара радыеактыўнага попелу і пылу, якая потым асядала ў абсягу 100-400 км. Пацярпела перадпалеская нізіна, самы аграрна развіты раён Беларусі. Тым не менш, сельскагаспадарчая вытворчасць на забруджаных плошчах па загадзе камуністычнага кіраўніцтва не прыпынялася. 3 1986 па 1989 гг. у зонах павышанай радыяцыі было атрымана 47,5 тыс. тон мяса і 2 млн. т малака. Гэтыя прадукты так ці іначай траплялі потым на стол спажыўцоў. На працягу пяці пасляаварыйных гадоў у Беларусі зафіксаваны рост анкалагічных захворванняў шчытападобнай залозы ў дзяцей у 22 разы. Каля 20% беларускіх дзяцей ва ўзросце да дзесяці гадоў былі пастаўленыя на дыспансерны ўлік. Паніка, дэпрэсія, ігнараванне ўсякіх законаў і маральных нормаў сталі характэрныя для большасці жыхароў чарнобыльскай зоны. На ліквідацыю вынікаў катастрофы ў Беларусі патрабавалася 235 млрд. долараў. Для перасялення людзей з зонаў забруджвання і на лекі беларускі ўрад выдаткаваў мізэрныя сродкі. Сам-насам краіна не магла справіцца з бядой. Але саюзны ўрад ніякіх субсідыяў Беларусі не даў, хоць кожны год яна пераводзіла ў саюзны бюджэт амаль палову нацыянальнага прыбытку. Кіраўніцтва рэспублікі нічога не зрабіла для атрымання міжнароднай дапамогі. Узнікалі фальшывыя тэорыі пра бяспечнасць малых дозаў радыяцыі. Камуністычнае кіраўніцтва на чале з М. Гарбачовым асудзіла беларускі народ на радыяцыйны генацыд. Памеры катастрофы і яе трагічныя вынікі дагэтуль застаюцца да канца не высветленыя.

Праблемы ратавання нацыі. Чарнобыль дазволіў шмат каму зразумець поўную залежнасць Беларусі ад Масквы. Чарнобыль паставіў на парадак дня пытанне выжывання беларускай нацыі. Па перапісе 1989 г. у БССР жыло 10,2 млн. чалавек. 3 іх беларусы складалі 77,5%, рускія- 13%, палякі-4%, украінцы-2,8%, яўрэі- 1%. Працягласць жыцця ў БССР была адной з самых нізкіх у Еўропе. Але нізкі ўзровень палітычнай культуры беларускага грамадства скоўваў яго сілы ў барацьбе за выжыванне. Нялёгкую місію ратавання нацыі бралі на сябе інтэлектуальныя і палітычныя лідэры.

© Шыбека 3.

 
Размешчана : 13 красавіка 2018 02:27
Падзяліцца: