Развіццё гарадскога жыцця на пачатку XX ст.

Асаблівасці гарадской эканомікі. Прамысловасць спрыяла росту гарадоў. У значныя прамысловыя цэнтры ператвараліся Беласток, Мінск, Віцебск, Гародня, Пінск, Гомель, Брэст, Бабруйск, Барысаў. Але ў Беларусі фабрычна-заводская вытворчасць размяшчалася пераважна ў сельскай мясцовасці – бліжэй да крыніцаў сыравіны, памешчыцкіх капіталаў і танных сялянскіх рук. А гарады заставаліся збольшага гандлёва-адміністрацыйнымі, чым прамысловымі асяродкамі. Яны ўражвалі шматлікасцю пераважна яўрэйскіх крамаў.

Менск пач. ХХ ст.
Менск, вул. Захар’еўская. пач. ХХ ст.

Памеры урбанізацыі. Доля насельніцтва, якое жыло ў гарадах і мястэчках Беларусі, узрасло з 14% у 1897 г. да 16% у 1913 г. Працэнт тых, хто не займаўся земляробчай працай быў тут вышэйшы, чым у Расіі ў цэлым. Але гэта тлумачыцца не эканамічнымі прычынамі, а тым, што Беларусь знаходзілася ў межах аседласці яўрэяў, якім. як вядома, не дазвалялася сяліцца па-за гарадамі. Для параўнання згадаем, што ў Вялікабрытаніі ў той час у гарадах жыло больш за палову насельніцтва.

Нацыянальны склад гараджанаў. Скучанасць яўрэяў у гарадах і мястэчках стрымлівала прыток туды збяднелага мясцовага сялянства. У канцы XIX – пачатку XX стст. беларусы складалі ўсяго каля 17% гараджанаў, рускія – 18%, а яўрэі – 54%. Ураджэнцы Расіі запаўнялі адміністрацыйны апарат, накіроўваліся сюды ў складзе імперскай арміі. Яўрэйскія прадпрымальнікі кантралявалі гандлёва-прамысловую дзейнасць, а яўрэйскія працоўныя мелі, мабыць, самае пакутлівае жыццё з усіх гараджанаў: цесната ў кватэрах, неабмежаваны рабочы дзень у рамесных майстэрнях, капеечны гандаль пад адкрытым небам, беспрацоўе. Славіліся татарскія агароднікі і гарбары.

Горад у жыцці беларусаў. Агародніцтва, праца па найме, здача ў арэнду жылля і зямельных плошчаў – вось тое, з чаго пераважна жылі беларусы ў гарадах. Былі яшчэ гандляры салам ды асобныя рамеснікі. Але гарадскія паселішчы прываблівалі не толькі магчымасцю зарабіць, нешта прадаць, купіць ці разбагацець. Тут набываўся яшчэ адзін і, можа, самы надзейны капітал – веды. Практычна ўсе больш-менш значныя навучальныя ўстановы канцэнтраваліся ў гарадскіх цэнтрах. Настаўніцкія семінарыі і інстытуты падрыхтавалі да першай сусветнай вайны значную колькасць вясковай інтэлігенцыі. У гарадскіх паселішчах адукаваныя беларусы працавалі лекарамі, фабрычна-заводскімі, чыгуначнымі, паштова-тэлеграфнымі і дзяржаўнымі службоўцамі. Шмат каторыя з іх потым сталі вядомымі нацыянальнымі дзеячамі.

Вытокі аднаго міфа. За ўсю гісторыю царскага панавання беларусы толькі на пачатку XX ст. атрымалі шэсць гадоў (1908—1913) эканамічнага спрыяння. Якраз тады ў народнай свядомасці пачало замацоўвапда пачуццё гонару за прыналежнасць да “вялікай імперыі”, нарадзіўся захаваны да нашага часу міф пра тое, як добра жылося ў царскай Расіі. Хоць па сваім ўзроўні расійскае жыццё было нашмат горшым у параўнанні з жыццём у заходнееўрапейскіх краінах.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии