Абвастрэнне міжканфесійных адносін у другой палове XVII ст.

Наступленне каталіцызму і намаганні праваслаўнай царквы па захаванню пазіцый. У сярэдзіне XVII ст. самай масавай канфесіяй у Беларусі заставалася праваслаўе. Забяспечанае канстытуцыйнай свабодай на дзяржаўным узроўні (грамата 1 лістапада 1632 г., дыплом 14 сакавіка 1633 г. караля Уладзіслава IV, дыплом 12 студзеня 1650 г. Яна Казіміра), яно, аднак, панесла вялікія страты ў выніку наступлення каталіцкага касцёла, пашырэння уніяцтва, свавольства шляхты. Ад праваслаўя адвярнулася арыстакратыя, што моцна аслабіла яго пазіцыі. Да другой паловы XVII ст. спынілі сваё існаванне праваслаўныя брацтвы, школы, друкарні. У сярэдзіне стагоддзя на змену арыстакратыі, шляхецтву, аб’яднаным у брацкія арганізацыі гараджанам у шэрагі абаронцаў праваслаўя ўліваецца новая сіла – казацтва, якое робіць яго сваім баявым сцягам. Такая рэакцыя казацтва яшчэ больш адштурхоўвае шляхту ад гэтай веры.

Буйнейшымі асяродкамі праваслаўнага царкоўнага жыцця ў другой палове XVII—першай палове XVIII ст. былі віленскі манастыр св.Духа, слуцкі Траецкі манастыр і горад Магілёў, які з’яўляўся на той час цэнтрам адзінай у Беларусі праваслаўнай епархіі, прызнанай уладамі Рэчы Паспалітай у 1633 г. Яна фігуруе ў крыніцах пад назвай “Магілёўская, Мсціслаўская, Аршанская” або проста “Магілёўская”, пазней – “Беларуская”. У пачатку XVIII ст. Магілёўская епархія ўвогуле засталася адзінай праваслаўнай епархіяй ва ўсёй дзяржаве, і сфера яе ўплыву на працягу стагоддзя няўхільна звужалася, нягледзячы на знешнюю падтрымку – з боку Расійскай дзяржавы.

Дзяржаўная падтрымка Берасцейскай уніі і ігнараванне праваслаўя прывялі да таго, што значная частка яго прыхільнікаў перайшла ў апазіцыю да ўлад Рэчы Паспалітай. Іх апазіцыйнасць праяўлялася ў розных формах – ад пратэстаў, сеймавых дэбатаў і ультыматумаў, антыуніяцкай палемікі да выступленняў і нават паўстанняў. Рэлігійна-прававая дыскрымінацыя ва ўласнай краіне і няздольнасць сябе абараніць скіравалі позіркі праваслаўных на ўсход – надзею на аднаўленне сваіх правоў яны сталі звязваць з царскім урадам і маскоўскай царквой. Пазіцыя беларуска-ўкраінскай праваслаўнай інтэлігенцыі, духоўнай і свецкай, была неадназначнай. Адна яе частка прыняла уніяцтва. Другія бачылі выратаванне ў тым, каб аддацца пад «высокую царскую руку». Трэція балансавалі паміж Рэччу Паспалітай, каралеўскай уладай, пераконваючы апошнюю адрадзіць усе рэлігійныя і маёмасныя правы праваслаўнага насельніцтва, і царскім самадзяржаўем, Маскоўскім патрыярхатам, з якімі падтрымлівалі добрыя адносіны і да якіх звярталіся за матэрыяльнай, маральнай і дыпламатычнай падтрымкай.

Пасля войнаў сярэдзіны XVII ст. у рашаючы этап уваходзіць рэлігійная кансалідацыя шляхецкага саслоўя і ў другой палове XVII – пачатку XVIII ст. рэшткі праваслаўнай шляхты пераходзяць у каталіцтва.

Узмоцнены каталіцызм канчаткова заціскае рэфармацыйны рух, які пад яго ўдарамі ў другой палове XVII ст. зусім згасае. Пастановай сейма Рэчы Паспалітай 1658 г. арыяне пазбаўляюцца апекі сеймавых канстытуцый і падлягаюць выгнанню з радзімы. На ўпарадкаванне маёмасных спраў ім даецца тры гады, але ў наступным годзе гэты тэрмін скарачаецца. У эміграцыю падаліся нямногія – большасць засталася ў сваёй краіне, аднак яны вымушаны былі перайсці ў каталіцтва.

Атрымаўшы перамогу над пратэстантызмам, касцёл імкнецца пакончыць з праваслаўем, а разамі з уніяцкай царквой, якую ён разглядаў як сродак распаўсюджвання каталіцтва, на мяжы XVII—XVIII стст. дамагаецца ў гэтым значных поспехаў.

Магілёўскі Спаскі манастыр
Спаса-Праабражэнская царква і званіца (каля 1915-16)

Пратэстанты на беларускіх землях былі ў асноўным прадстаўлены кальвіністамі і гуртаваліся вакол самай моцнай у Рэчы Паспалітай Літоўскай кальвінісцкай абшчыны, чатыры з шасці дыстрыктаў якой прыходзіліся на землі сённяшняй Беларусі. Беларускае праваслаўнае насельніцтва было аб’яднана апошняй і адзінай у Рэчы Паспалітай Магілёўскай (Беларускай) праваслаўнай епархіяй і падпарадкоўвалася духоўнаму цэнтру ў Кіеве, які, у сваю чаргу, быў падначалены Маскоўскаму патрыярхату.

Прававое становішча праваслаўных і пратэстантаў у XVIII ст. рэгулявалася ў асноўным заканадаўчымі актамі. Так, соймавыя канстытуцыі 1658 і 1668 г. абвяшчалі ў Рэчы Паспалітай каталіцкае веравызнанне дзяржаўным. У парадку дня сойма 1661 г. стаяла зацвярджэнне праекта, які прадугледжваў пакаранне ўсіх тых пратэстантаў, што не згаджаліся прыняць каталіцызм. Некатолікаў не дапускалі да займання ўрадавых пасадаў. Сойм 1673 г. закрыў дысідэнтам шлях у шляхецтва.

У незайздросным прававым і сацыяльным становішчы знаходзілася праваслаўнае насельніцтва Беларусі. Каралеўская грамата 1676 г. забараняла праваслаўнаму духавенству і свецкім людзям уступаць у кантакты з Канстанцінопалем і выязджаць з гэтай мэтай за межы дзяржавы1. У 1682 г. асобы, якія пераходзілі з уніі ў праваслаўе, былі пазбаўлены грамадзянскіх і рэлігійных правоў2. Варшаўскі сойм 1699 г. ухваліў чарговыя абмежавальныя пастановы адносна дысідэнтаў. Адна з іх закрывала для праваслаўных і пратэстантаў шлях да пасадаў у гарадской адміністрацыі. Замацоўвалася права пратэктарату: уласнік зямлі, на якой знаходзілася царква або збор, лічыўся іх пакравіцелем.

Спрэчныя міжканфесійныя сітуацыі звычайна вырашаліся не на карысць дысідэнтаў. Так, каралеўскай рэакцыяй на скаргу драгічынскіх уніятаў у 1676 г. аб «отобрании на схизму» іх цэркваў было жорсткае пакаранне «схізматыкаў». Сілком адабралі на унію праваслаўную царкву ў вёсцы Плотніцы Пінскага павета нехта Ярашэвіч і Абрамовіч, хоць і сустрэлі супраціўленне сялян. У Жлобіне кожны, хто адмаўляўся ад уніі, павінен быў заплаціць штраф у 10 злотых. З 60-х гг. XVII ст. пазбавілі права займаць пасады ў магістраце праваслаўных горада Пінска.

Надзвычай востра дысідэнцкае пытанне паўстала на «нямым сойме» 1717 г., дзе ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай вырашаліся за пасрэдніцтвам расійскага цара Пятра І. Соймавая пастанова ўтрымлівала артыкул аб значным абмежаванні рэлігійнай свабоды праваслаўных і пратэстантаў: «Дысідэнтам веры Хрысціянскай, апроч даўніх збораў, … новых збораў ставіць нельга, … набажэнствы ў хатах робяць, і то казанні і спевы не дазваляюцца… Дадзеным трактатам зацвярджаем: калі ёсць якія зборы, дагэтуль і потым супраць ухвалы правоў узгаданых у гарадах і мястэчках, вёсках і дварах толькі што пабудаваныя, без усялякай перашкоды зруйнаваць… А той, хто бачыў такія набажэнствы і казанні, яўна або патаемна зробленыя, або тэалагічных настаўнікаў да выканання абрадаў далучаў або добраахвотна прыходзячых прымаў, такім хай будзе паведамлена аб грашовым пакаранні, а потым выгнаць разам са сваімі прыдыкатамі».

Не апошнюю ролю ва ўскладненні становішча праваслаўных і кальвіністаў адыгрывала каталiцкае духавенства. Менавіта яно, як правіла, выступала iнiцыятарам руйнавання дысідэнцкіх храмаў, забароны набажэнстваў, закрыцця школ. Так, віленскі бiскуп Рупнеўскiзвяртаўся да Аўгуста ІІ з просьбай закрыць усе пратэстанцкiя зборы ў яго дыяцэзii. У сваіх казаннях і павучаннях львоўскі уніяцкі біскуп М. Выжыцкі параўноўваў дысідэнтаў з д’яблам, які акружыў краіну, пужаў католікаў пакутамі ў пратэстанцкіх і праваслаўных краінах.

Радашковіцкі Троіцкі касцёл

Такім чынам, юрыдычны статус вернікаў праваслаўнай і кальвінісцкай царквы Беларусі цалкам адпавядаў статусу рэлігійных дысідэнтаў. У той жа час шэраг абставін дае нам магчымасць разглядаць беларускія землі як асобны арэал са спецыфічным і адметным становішчам праваслаўных і кальвіністаў.

На думку польскіх даследчыкаў М. Космана3, В. Крыгзайзена, А. Рахубы, Вялікае княства Літоўскае, а разам з ім і беларускія землі ў палітычным, парламентарным, культурным і рэлігійным сэнсах значна адрозніваліся ад Каралеўства, што і абумовіла тут больш спрыяльныя ўмовы для некатолікаў. Істотнае значэнне ў гэтым сэнсе мела колькасная перавага кальвінісцкага насельніцтва ВКЛ над аднаверцамі Кароны. Важную ролю адыгрываў і той факт, што на тэрыторыі Княства сетка каталіцкіх прыходаў (асноўных прэтэндэнтаў на маёмасць пратэстантаў і на сферы іх уплыву) не была такой шчыльнай, як у Кароне. Гэтыя абставіны дапаўняліся тым, што побач з моцнай кальвінісцкай абшчынай на тэрыторыі Беларусі дзейнічала апошняя ў Рэчы Паспалітай праваслаўная епархія – Магілёўская.

Абмежаваныя ў правах дысідэнты ВКЛ, Беларусі, абапіраючыся на міжнародныя пагадненні 1660 г. (Аліўскі мір) і 1686 г. (Вечны мір), актыўна карысталіся падтрымкай замежных апекуноў. На працягу ўсяго XVIII ст. Прусія і Расія, вырашаючы свае палітычныя пытанні, прадастаўлялі аднаверцам у Рэчы Паспалітай небходную фінансавую, адміністрацыйную і кадравую дапамогу. Асаблівае значэнне ў гэтай палітыцы апякунства мела дзейнасць Пятра І. У абароне праваслаўных расійскі манарх не аднойчы ўздымаў на міжнародным узроўні пытанне аб іх правах, вёў перамовы з прадстаўнікамі вышэйшай каталіцкай іерархіі, накіроўваў сваіх камісараў у Беларусь і нават фізічна распраўляўся з тымі, хто праваслаўе абражаў.

Важную ролю ў лёсе кальвінізму на Беларусі адыгралі апошнія прадстаўнікі біржанскай галіны роду Радзівілаў. Магнаты фінансавалі будаўніцтва збораў, школ, шпіталяў у Слоніме, Слуцку, Кейданах. Пасля смерці Людвікі Караліны Радзівіл апякунства гэтымі землямі ўзяў на сябе яе муж, нойбургскі князь Карл Піліп. Ён, ужо як рэйнскі электар (паўднёвы захад Германіі), падтрымліваў уладанні жонкі, якія атрымалі назву «нойбургскія землі», і іх жыхароў-пратэстантаў.

Такім чынам, прававое становішча праваслаўнага і кальвінісцкага насельніцтва ў Беларусі, згодна з соймавымі пастановамі і актамі 1658, 1668, 1673, 1682, 1699 было складаным. У той жа час канфесійная сітуацыя на беларускіх землях у другой палове XVII ст. была унікальнай, што тлумачыцца: 1) дзейнасцю тут самай шматлікай і моцнай у Рэчы Паспалітай кальвінісцкай абшчыны, якая карысталася падтрымкай замежных манархаў, мясцовай аднавернай, а часам і каталіцкай шляхты і ўрадавых служачых; 2) сканцэнтраванасцю праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай пераважна на этнічнай тэрыторыі Беларусі, дзе захавалася апошняя ў Рэчы Паспалітай праваслаўная епархія і дзейнічалі буйныя праваслаўныя духоўныя асяродкі ў Вільні, Беластоку, Пінску, Драгічыне, Слуцку, Смаленску і інш.; 3) суіснаваннем і супрацоўніцтвам дысідэнцкіх канфесій і іх апекуноў паміж сабой; 4) невысокай шчыльнасцю каталіцкіх прыходаў і 5) паступовым пашырэннем уніі.

  1. Kozuchowski, S. Constytucye, statuta, przywilei koronne y WKL na walnych sejmach od r. 1550 az do r. 1726. / S. Kozuchowski. – Druk. dziedzicznej Mokrzku, 1732. – 1033 s.
  2. Уния в документах / сост. В.А. Теплова, З.И. Зуева.- Минск: Лучи Софии, 1997. – 520 с.
  3. Kosman, M. Protestanci i kontrreformacija z dziejόw tolerancji w Rrzeczypospolitej XVI-XVIII w. / M. Kosman. – Wrocław, Warszawa, Krakόw, Gdańsk: Wyd. Polskiej Akademii Nauk, 1978. – 173 s
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии