Культурны ўплыў Вялікага Княства на Расею

Дачыненні Вялікага Княства Літоўскага з Расейскай дзяржавай не абмяжоўваліся выключна войнамі. Знаходзячыся побач, дзве краіны не маглі не ўзаемадзейнічаць у сферы культуры. У ХVІ-ХVІІІ стст. вызначальным быў уплыў Вялікага Княства. Менавіта дзякуючы нашым суайчыннікам у адсталую Масковію траплялі перадавыя еўрапейскія ідэі, новыя віды мастацтва, прагрэсіўныя тэхналогіі. На жаль, вельмі часта гэта адбывалася не натуральным шляхам, а ў выніку гвалтоўных перасяленняў беларусаў-ліцьвіноў на ўсход. Яны пачаліся з першых збройных канфліктаў, але асабліва масавымі зрабіліся пад час вайны 1654-1667 гг.

Маскоўскі ўрад планаваў вывесці ў сваю дзяржаву з акупаванай тэрыторыі 300 тысяч беларусаў, але ў сапраўднасці колькасць выгнаннікаў перасягнула гэты лік. Найперш захопнікі адпраўлялі ў Маскоўшчыну нашых гараджанаў-рамеснікаў.

Беларускія майстры

Царскі палац у Каломенскім

Першую партыю рамеснікаў-ліцьвіноў маскоўскі патрыярх Нікан загадаў пасяліць пры знакамітым Іверскім манастыры на возеры Валдаі. Затым туды прывезлі вялікую групу майстроў з Воршы, Копыся, Шклова і Дуброўны – друкароў, кніжных шытароў, разьбяроў, кахляроў. Разгарнуўшы пад кіраўніцтвам копыскага мешчаніна Ігната Максімава вытворчасць невядомай раней у Масковіі шматкаляровай рэльефнай кафлі (расейскія рамеснікі ўмелі рабіць толькі аднакаляровую – зялёную або брунатную), нашыя майстры аздобілі ёю ўвесь манастырскі комплекс.

Апрача Іверскага манастыра беларускія кахляры ўпрыгожылі Уваскрасенскі сабор Нова-Ерусалімскага манастыра на Істры (узведзены беларускім дойлідам Якавам Бухвоставым), церамны палац Крамля, царкву Рыгора Неакесарыйскага ў Маскве і Пакроўскі сабор у Ізмайлаве. Майстар-беларус Сцяпан Іванаў (па мянушцы Палубес) стварыў унікальныя маёлікавыя рэльефы апосталаў для маскоўскай царквы Успення ў Ганчарах. Супольна з Ігнатам Максімавым ён вырабіў 1170 вялікіх пяцікаляровых кахляў з раслінным арнаментам для галоўнага фасада рэзідэнцыі круціцкіх мітрапалітаў у Маскве. Некаторыя творы Сцяпана Палубеса цяпер можна пабачыць у музеі народнага мастацтва ў Каломенскім. Там беларусы збудавалі архітэктурны шэдэўр XVII ст. – Каломенскі палац, які наш суайчыннік Сімяон Полацкі называў восьмым цудам свету. Найбольш уражвала сучаснікаў аздабленне інтэр’еру: мастацкая размалёўка сценаў і столі, узорыстыя вокны, аб’ёмная разьба па дрэве. Цікавасць, змяшаную з жахам, выклікалі зробленыя майстрамі-ліцьвінамі драўляныя фігуры звяроў якія дзякуючы асаблівым механізмам маглі рухацца і падаваць галасы.

План Масквы
План Масквы, створаны Д.Вітам. Амстэрдам. 1697 г.

Менавіта нашыя продкі прынеслі ўсходнім суседзям аб’ёмную разьбу, запачаткаваўшы ў Расеі развіццё скульптуры. I сёння вернікаў і турыстаў уражвае веліччу і хараством пяціярусны пазалочаны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Гэты геніяльны мастацкі помнік – плён працы арцелі беларускіх майстроў пад кіраўніцтвам шклоўскага разьбяра Кліма Міхайлава, які ўзначаліў крамлёўскую Палату разьбярскіх і сталярскіх справаў.

У другой палове XVII ст. выведзеныя на чужыну беларускія майстры складалі пятую частку маскоўскага жыхарства. Палонных і вымушаных перасяленцаў звычайна сялілі у адмысловай Мяшчанскай слабадзе. Перапісная кніга рэгіструе сярод яе насельніцтва рамеснікаў 52 спецыяльнасцяў. Многія з іх, напрыклад звязаныя з збройнай справаю або ювелірным мастацтвам, раней у Расеі былі невядомыя.

Найлепшых майстроў збіралі пры царскім двары. У 1660-х гадах у Срэбнай палаце Крамля працавала блізу пяцідзесяці «літоўскіх людзей», або беларусаў-ліцьвіноў. Мноства беларусаў служылі ў Залатой і Майстроўнай палатах. 68 ліцьвіноў пераважна з Полацка і Віцебска пералічаныя ў спісах Збраёвай палаты. Нашыя збройнікі здаўна высока цаніліся ў Маскве. Яшчэ ў 1586 г. беларус з паходжання Андрэй Чохаў (Чэхаў) адліў там славутую «Цар-гармату».
У 1674 г. у Мяшчанскай слабадзе жыло 612 беларускіх сем’яў. Іх дзеці вучыліся ў школе, якую трымаў ліцьвін Якуб Якаўлеў. Манах з Полацка Варлам выкладаў там «лацінскую і польскую грамату». Сучасныя расейскія гісторыкі здзіўлена адзначаюць, што ў той, амаль цалкам непісьменнай, Маскве пад пастановамі сходаў жыхароў Мяшчанскай слабады стаяла 36% уласнаручных подпісаў, а агульны працэнт пісьменных набліжаўся да 50.

Уклад у духоўнае жыццё

Нашы суайчыннікі у Масковіі працавалі не толькі ў сферы матэрыяльнай культуры, але і плённа ўплывалі на духоўнае жыццё суседняй краіны.Масква

Беларусы з Мяшчанскай слабады сталі акторамі першага ў Расеі прыдворнага тэатра, адчыненага у 1672 г. У трупу набралі 26 юнакоў і дзяўчат, некаторыя з якіх раней удзельнічалі ў тэатральных паказах у Полацку, Віцебску, Воршы ды іншых беларускіх гарадах. Праз некалькі гадоў актораў было ўжо 60. Нават за тэатральную залу, дэкарацыі і касцюмы адказвалі беларусы – Хведар Юр’еў з-пад Вільні з сваімі падначаленымі «делал к комедийному строению всякое плотницкое дело». 25 краўцоў і шаўцоў пад кіраўніцтвам былых шклоўцаў Трафіма Данілава і Сцяпана Фёдарава шылі тэатральныя ўборы.

Шмат ліцьвіноў служылі у крамлёўскіх палацах спевакамі ды музыкамі, моцна ўплываючы на расейскае музычнае мастацтва. Вядомы, напрыклад, загад цара Аляксея Міхайлавіча прыслаць з Полацкага Багаяўленскага манастыра знакамітага «воспевака» Івана Коклю.

У Іверскім манастыры на Валдаі дзейнічаў «друкарскі завод», вывезены разам з майстрамі з Куцеінскага Багаяўленскага манастыра пад Воршай. Яны выдалі «Часаслоў», «Святцы», «Акафісты» і шэраг іншых кніг, ілюстрацыі да якіх рабіў аршанскі гравёр Паісій. Пазней куцеінскіх друкароў перавялі ў падмаскоўны Уваскрасенскі манастыр, а затым на сталічны «Друкарскі двор». У той час у Маскоўшчыну з захопленых беларускіх земляў адправілі ўсе нарабаваныя друкарні з кірылічным шрыфтам, аднак маскоўскія праваслаўныя герархі перашкаджалі наладжванню шырокай кнігавыдавецкай справы.

Дзякуючы беларусу з паходжання Епіфану Славінецкаму расейцы атрымалі пераклады шматлікіх твораў айцоў царквы, грэцка-славянска-расейскі лексікон. Праз перакладзены гэтым асветнікам трактат заснавальніка навуковай анатоміі А. Бэзалія «Пра будову чалавечага цела» маскоўскія лекары змаглі далучыцца да дасягненняў еўрапейскай медычнай навукі. Славінецкі ўпершыню пазнаёміў усходніх суседзяў з геліяцэнтрычнай тэорыяй М. Каперніка.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1654 г. У Расею вывезеная разам з майстрамі Куцеінская друкарня.
1667-1668 гг. Будаўніцтва беларусамі царскага палаца ў Каломенскім.
1672 г. С. Полацкі стварыў першы у Расеі тэатр.
1677 г. Адкрыццё С. Полацкім другой у Расеі друкарні.
1683-1686 гг. Стварэнне беларусамі іканастаса Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве.

© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии