18 красавіка — Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

Дзень гэты ўстаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і адметных мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.

Беларусь імкнецца да прыкладу развітых еўрапейскіх краін, дзе ашчадліва і далікатна ставяцца да ўласнай гісторыі. Адпаведным чынам развіваецца і наша заканадаўства. Згадайма "Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", Палажэнне "Аб парадку вядзення Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь"; Указ кіраўніка дзяржавы "Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны".
Ca сваёй культурнай адметнасцю, годным стаўленнем да ўласнай — далека не адназначнай і драматычнай, але багатай і вялікай — гісторыі мы можам заняць "пачэсны пасад між народамі", якія пакуль яшчэ, на жаль, гэтак мала ведаюць пра старажытную і маладую краіну ў самым цэнтры Еўропы. Зрэшты, а наколькі мы самі ведаем сябе, ці ўяўляем глыбіню і веліч гісторыка-культурнага патэнцыялу Беларусі? Дуга мерыдыяна Струве; Камянецкая вежа; Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку; Гомельскі палацава-паркавы ансамбль; Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне; Аўгустоўскі канал; рэдкасныя ўзоры абарончага дойлідства — Сынкавіцкая царква, касцёл у Камаях; замкавы комплекс "Мір", з якога пачалося далучэнне нашых каштоўнасцей да славутага Спісу ЮНЕСКА; Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль; Белавежская пушча.
Не пералічыць беларускіх помнікаў і гістарычных мясцін, звязаных з дзейнасцю выбітных асоб, са з'явамі духоўнага і мастацкага (у тым ліку і сённяшняга) жыцця, з ваеннымі падзеямі. Яны — па ўсёй краіне! Брэсцкая крэпасць; "Хатынь"; Буйніцкае поле; сталічная Плошча Перамогі. Гарады-музеі: Полацк, Нясвіж, Пінск, Тураў, Заслаўе. Руіны Наваградскага і Крэўскага замкаў. Мясціны Купалы і Коласа, М. Багдановіча, А. Міцкевіча, Н. Орды і С. Манюшкі, М. Кл. Агінскага, Т. Касцюшкі...
Апошнім часам набыў папулярнасць унікальны куток на паўднёвай ускраіне сталіцы — Лошыца, гістарычная мясціна і помнік сядзібна-паркавага мастацтва 2-й паловы пазамінулага стагоддзя. У сутоку рэк Свіслач і Лошыца яшчэ захаваўся дух даўніны. Стары парк, дзе растуць экзатычныя дрэвы, гняздзяцца рэдкасныя птушкі; сядзіб-ныя пабудовы, ацалелыя сцены капліцы XVIII ст. Кажуць, наведваліся ў гэты маляўнічы куток С. А Панятоўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка...

© Святлана БЕРАСЦЕНЬ