Культура Беларусі ў XIX ст.

Культура Беларусі ў дарэформенны перыяд генетычна звязана з папярэднай эпохай. Але гэты працэс характарызаваўся і новымі своеасаблівымі рысамі. Галоўныя з іх – свецкасць культуры і рацыяналізм. Царква згубіла самастойную ролю ў асвеце і культуры. Манаполія рэлігійнага светапогляду была парушана. Аднак рацыяналізм XVIII ст., які звязаны з распаўсюджваннем ідэалогіі і культуры эпохі Асветы, не азначаў поўнага знішчэння рэлігійнага светапогляду.

Характэрнай рысай гісторыка-культурнага працэсу Беларусі становіцца яго паскарэнне і ўскладненне, што было звязана з больш хуткім развіццём грамадства ў цэлым. Пачынаўся працэс дыферэнцыяцыі культуры, з’явіліся яе новыя накірункі (навука, мастацкая літаратура, свецкі жывапіс, тэатр і інш.). Адначасова адбывалася значна большае, чым было да гэтага часу, сутыкненне і ўзаемаўплыў розных сфер культуры. У параўнанні з папярэднім перыядам у грамадстве істотна пашыралася сістэма перадачы культурных каштоўнасцяў, фарміраваўся новы механізм іх распаўсюджвання (свецкая школа, выдавецтва кніг, газет, часопісаў, развіццё тэатра і інш.). Духоўнае жыццё беларускага грамадства станавілася больш разнастайным.

Адметнай асаблівасцю развіцця культуры Беларусі ў першай трэці XIX ст. быў працэс яе паланізацыі. У многім гэта абумовілася палітыкай імператара Аляксандра I, якая была накіравана на аднаўленне польскай дзяржаўнасці, і знайшла падтрымку ў асяроддзі польскай магнатэрыі і паланізаванага беларускага шляхецтва. Цэнтрам польскага ўплыву была Вільня з яе універсітэтам. Працэс паланізацыі крыху зменшыўся, але не спыніўся пры Мікалаю I, які праводзіў палітыку паслядоўнай русіфікацыі Беларусі.

Уплывовым фактарам культурнага развіцця Беларусі таго часу стала супрацьстаянне дзвюх канфесій: праваслаўнай і каталіцкай, носьбітаў розных культурных і духоўных каштоўнасцяў. Каталіцызм у асноўным з’яўляўся рэлігіяй прывілеяванага, дваранскага саслоўя. Праваслаўе было звязана пераважна з сялянствам, мяшчанствам. Цэнтрам праваслаўнай культуры Беларусі быў Магілёў, дзе знаходзілася духоўная семінарыя, якую заснаваў яшчэ архіепіскап Георгі Каніскі. Трэба адзначыць, што выхаванцы гэтай установы шмат зрабілі для адраджэння праваслаўнай культуры. Сярод іх буйнейшы лінгвіст, фалькларыст і этнограф I. Насовіч (1788-1877), аўтар “Слоўніка беларускай мовы”.

Падзел беларускага грамадства па саслоўнай і канфесійнай прыкмеце паспрыяў стварэнню на Беларусі двух культурных накірункаў: польскага, носьбітам якога ў асноўным было беларускае дваранства, і “заходнерускага”, прадстаўнікамі якога з’яўляліся праваслаўнае і часткова уніяцкае духавенства, купецтва, мяшчанства. Абапіраючыся на праваслаўе, прыхільнікі “заходнерускага” накірунку аднаўлялі, як ім здавалася, асновы традыцыйнай, народнай культуры. Наяўнасць гэтых дзвюх плыняў у агульнай культуры Беларусі стрымлівала працэс стварэння адзінай беларускай нацыі.

Безумоўна, культура Беларусі адлюстроўвала сацыяльную структуру грамадства. Яе часткамі былі: магнацкая культура, памесна-дваранская культура сярэдняй і дробнай шляхты, культура мяшчан і насельніцтва гарадоў і мястэчак, сялянская культура. I хоць розніца паміж імі на працягу XIX ст. пад уплывам сацыяльна-эканамічных фактараў паступова згладжвалася, тым не менш канфесійная неаднастайнасць прыводзіла і да культурнай дыферэнцыяцыі, якая насіла часам характар вострага супрацьстаяння.

Па ўзроўню развіцця культуры як у цэлым, так і па асобных яе сферах розныя рэгіёны Беларусі істотна адрозніваліся паміж сабою. Ролю галоўных культурных цэнтраў адыгрывалі бсларускія гарады. На працягу ўсёй першай паловы XIX ст. прызнаным навуковым і літаратурным асяродкам Беларусі была Вільня, дзе знаходзіўся універсітэт, у сценах якога атрымлівала адукацыю беларуская моладзь.

Палац Храптовіча ў Шчорсах
Палац Храптовіча ў Шчорсах. Акварэль М.Купавы

Іншымі важнымі культурнымі цэнтрамі былі Магілёў, Віцебск, Слонім. Значны ўклад у развіццё культуры ўносілі магнацкія цэнтры: рэзідэнцыя Храптовічаў у Шчорсах, маёнтак М. Агінскага ў Залессі, маёнтак Ваньковічаў у Мінску і інш.

Асвета, навука. Якасна новым момантам у развіцці асветы на Беларусі было фарміраванне адукацыі: вышэйшай, сярэдняй і пачатковай сістэмы. Стварэнне Міністэрства народнай асветы (1802) цэнтралізавала дзяржаўнае кіраўніцтва школай. У кожным губернскім горадзе стваралася гімназія, у павятовым горадзе – павятовае вучылішча. Пры кожным царкоўным прыходзе – царкоўнапрыходскія вучылішчы, у якія прымалі дзяцей “усялякага стану”. Прадугледжвалася сувязь паміж школамі розных ступеняў. Аднак фактычна для распаўсюджвання адукацыі сярод народа было зроблена мала. Казна не брала на сябе выдаткаў на ўтрыманне школ, перакладала гэта або на органы мясцовага кіравання, або на памешчыкаў. Статут 1804 г. адзначаў, што дзяцей прыгонных сялян нельга прымаць у гімназіі. Несумяшчальнасць прыгоннага права з распаўсюджваннем адукацыі сярод шырокіх слаёў сялянства станавілася відавочнай.

Значнымі былі поспехі ў сферы вышэйшай адукацыі. Асноўным асяродкам навукі і адукацыі Беларусі у першай трэці XIX ст. быў Віленскі універсітэт, які ў 1803 г. атрымаў назву Імператарскага. Адначасова ён з’яўляўся вучэбным цэнтрам навучальнай акругі, ажыццяўляў кантроль за работай школ, а яго выкладчыкі прымалі ўдзел у складанні праграм навучання, напісанні падручнікаў.

Палітычныя падзеі 1820-1830 гг. прывялі да ліквідацыі Віленскай навучальнай акругі, закрыцця універсітэта і ўнеслі істотныя змены ў сістэму асветы. Пераемнасць навучання была парушана. Выпускнікам Віленскага універсітэта, як удзельнікам рэвалюцыйных падзей, забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Настаўніцкія кадры для Беларусі рыхтаваліся Пецярбургскім педагагічным інстытутам і створанай у 1834 г. Віцебскай настаўніцкай семінарыяй.

Развіццё асветы Беларусі першай паловы XIX ст. характарызавалася наяўнасню каталіцкай манастырскай адукацыі. Новай з’явай стала стварэнне сістэмы духоўнага, а таксама зараджэнне ваеннага і прафесійнага навучання.

Важным паказчыкам распаўсюджвання адукацыі было павелічэнне цікавасці да кнігі і актывізацыя выдавецкай справы. На Беларусі існавалі казённыя, прыватныя і царкоўныя друкарні.

Разам са значным павелічэннем колькасці друкарняў і агульнага аб’ёму выдавецкай прадукцыі, павялічвалася ўдзелькая вага свецкай кнігі, пашыралася яе тэматыка. На Беларусі выдавалася вучэбная і мастацкая літаратура, назіраліся тэндэнцыі да фарміравання навуковай і навуковапапулярнай літаратуры. З’яўляюцца першыя краязнаўчыя публікацыі і першыя часопісы.

Вялікая роля ў духоўным жыцці грамадства належала інтэлігенцыі. Па свайму сацыяльнаму складу інтэлігенцыя Беларусі была ў асноўным дваранскай. Аднак у яе асяроддзі з’явіліся разначынцы. Беларуская інтэлігенцыя спрабавала аб’яднаць народную і прафесійную культуру. Адукаванага выхадца з беларускай шляхты, разначынца, ужо не зусім задавальняла польска-лацінская культура, у яго з’явілася цікавасць да мясцовай гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, мовы. Гэтыя галіны навуковых ведаў звязаны з імёнамі I. Грыгаровіча, М. Баброўскага, 3. Даленгі-Хадакоўскага, Т. Нарбута, А. Кіркора, I. Даніловіча, братоў Я. і К. Тышкевічаў і шмат іншых. Гэта былі людзі розных палітычных поглядаў і культурных накірункаў. Так, з імем протаіерэя I. Грыгаровіча (1792 1852) звязана дзейнасць гісторыка-асветніцкага гуртка ў Магілёве, удзельнікаў якога аб’ядноўвалі пошукі, збор і апрацоўка гістарычных матэрыялаў, шляхі аднаўлення мінулага роднага краю.

К. Тышкевіч
Канстанцін Тышкевіч

Дзейнасць яго вылілася ў выданне першага зборніка дакументаў па гісторыі Беларусі пад назвай “Беларускі Архіў старажытных актаў” (1824), выхадам у свет “Актаў археаграфічнай экспедыцыі”. Т. 1-4. (1834-1838) і “Актаў гістарычных”. Вялікі ўклад у працу гуртка ўнёс граф М. Румянцаў, пад кіраўніцтвам і на сродкі якога былі сабраны рукапісныя, этнаграфічныя, нумізматычныя калекцыі, створана бібліятэка, якая паклала пачатак вядомаму ў Маскве Румянцаўскаму музею.

Прадстаўніком гістарычнай навукі быў таксама прафесар Віленскага уггіверсітэта I. Даніловіч (1788-1843). Прыхільнік аднаўлення суверэнітэту Вялікага княства Літоўскага, ён выдаў Сгатут Вялікага княства Літоўскага 1529 г., Судзебнік Казіміра IV 1468 г., Супрасльскі летапіс і іншыя крыніцы.

На XIX ст. прыпадае навуковая дзейнасць гісторыка, прафесара Віленскага універсітэта М.К. Баброўскага (1784-1848), заснавальніка беларусазнаўства і славяназнаўства. Менавіта заслуга М.К. Баброўскага, што былі адкрыты Супрасльскі летапіс, працы Ф. Скарыны. 3 дзейнасцю гэтых навукоўцаў звязана зараджэнне на Беларусі археаграфіі, крыніцазнаўства, славяназнаўства, а таксама беларусазнаўства.

Вялікую вядомасць у дарэформенны перыяд атрымалі працы 3. Даленгі-Хадакоўскага (1784-1825), братоў Канстанціна (1806-1868) і Яўстафія (1814-1873) Тышкевічаў, стваральнікаў беларускай археалогіі і музеязнаўства. Па ініцыятыве братоў Тышксвічаў у 1842 г. быў створаны першы на Беларусі музей старажытнасцяў, экспанаты якога склалі аснову музея ў Вільні. У 1855 г. Я. Тышкевіч арганізаваў і ўзначаліў Віленскую археалагічную камісію, якая займалася зборам, вывучэннем і публікацыяй дакументаў, што звязаны з гісторыяй Беларусі, Украіны і Літвы.

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі П. Шпілеўскі (1823-1861), аўтар “Падарожжа па Палессі і беларускім краі”, “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках” і М. Без-Карніловіч, які выдаў у Пецярбургу “Гістарычныя звесткі”. У 40-я гг. пачынаецца творчая, культурна-асветніцкая і выдавецкая дзейнасць А. Кіркора (1818-1886). Выдатны знаўца гісторыі і этнаграфіі Бсларусі, ён надрукаваў шматлікія навуковыя матэрыялы ў польскай і рускай перыёдыцы. Асабліва каштоўнай для станаўлення беларускай этнаграфіі была яго праца “Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню” (1857-1859), напісаная ў адпаведнасці з праграмай Рускага геаграфічнага таварыства. У ёй было надрукавана больш за сотню беларускіх песень і прыказак, слоўнік беларускай мовы.

Вялікая цікавасць да гісторыі, этнаграфіі, археалогіі Беларусі, якая выразна праявілася ў дарэформенны перыяд – сведчанне развіцця працэсу духоўнага адраджэння Беларусі. Аднак першая палова стагоддзя была звязана з развіццём не толькі гуманітарных, але і прыродазнаўчых навук. У Віленскім універсітэце працавалі ўраджэнцы Беларусі батанік і біёлаг С. Юндвіл, фізіёлаг М. Гамаліцкі. 3 Горы-Горацкім земляробчым інстытутам была звязана дзейнасць заснавальнікаў хімічнай навукі Беларусі К. Шмідта і I. Цютчава.

А. Міцкевіч
Адам Міцкевіч

Літаратура, музыка. Для мастацкай культуры Беларусі дарэформеннага перыяду была характэрна змена ідэйна-мастацкіх накірункаў, суіснаванне розных мастацкіх стыляў. Ва ўсведамленні дзеячаў культуры адбываўся паступовы адыход ад эстэтыкі класіцызму, які ляжаў у аснове асветніцкай ідэалогіі, калі матывамі дзеянняў героя былі перш за ўсё грамадзянскі абавязак і служэнне грамадству. 3 цягам часу ўзрастае ўвага да чалавека, яго ўнутранага свету. Пачуццё, а не абавязак выступае пабуджальнай крыніцай яго ўчынкаў. На змену класіцызму прыходзіць рамантызм. На Беларусі ён зарадзіўся ў пачатку ХІХ ст. Сутнасцю рамантызму было імкненне супрацьпаставіць рэльнай рэчаіснасці абагулены ідэальны вобраз.

Асаблівасцю рамантызму мастакоў Беларусі быў інтарэс да мясцовай гісторыі. Гэта цікавасць шмат у чым была звязана з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага. Да гістарычнай тэматыкі звярталіся многія пісьменнікі, паэты. Гісторыя была прадметам роздуму А. Міцкевіча. Яго творы, напісаныя на польскай мове, лічацца культурным скарбам Беларусі. У сваіх ранніх творах “Мешка, князь Навагрудка”, “Бульба”, а таксама ў паэмах “Дзяды”, ” Пан Тадэвуш”, “Гражына” А. Міцкевіч выкарыстоўваў тэмы і вобразы беларускага фальклору, сюжэты беларускай гісторыі. Блізкімі па настрою, думках да А. Міцкевіча былі У. Сыракомля, Я. Чачот. Асобнае месца ў плеядзе рамантыкаў Беларусі належыць Я. Баршчэўскаму. Яго празаічны зборнік “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” прадстаўляе сабой, па водгуках сучаснікаў, беларускі цыкл “1000 і адной ночы”.

Дунін-Марцінкевіч
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

У 40-я гады ў культуры Беларусі ярка праявіўся пераход ад рамантызму да рэалізму. Важнай вехай на гэтым шляху была творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча. Першым творам пісьменніка сталі лібрэта аперэт “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Чароўная вада”, якія напісаны на польскай мове і пастаўлены на мінскай сцэне. У 1846 г. убачыла свет музычная п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча “Сялянка” (“Ідылія”), у якой упершыню загучала жывая беларуская мова. У 50-я гг. пісьменнік стварае вершаваныя апавяданні “Вечарніцы” і “Гапон”, “Халімон на каранацыі”, займаецца перакладамі. На пачатку 60-х гадоў ён стварае свой лепшы твор – фарс-вадэвіль “Пінская шляхта”.

У дарэформенны перыяд усё большую ролю ў грамадска-культурным жыцці Беларусі адыгрывае тэатр. Асноўнай формай тэатральнай дзейнасці ў гэты час з’яўляецца прыватная антрэпрыза. Як правіла, такі тэатр меў базу ў губернскім або буйным павятовым горадзе і перыядычна вандраваў па навакольных гарадах, мястэчках, маёнтках і кірмашах. Пастаянныя тэатральныя калектывы дзейнічалі ў Вільні (трупа Мараўскага), Гродне (тэатр Саламеі Дзешнер), Мінску (трупа Кажынскага). У выніку рэфармавання тэатральнай дзейнасці ў 1845 1847 гг. у губернскіх гарадах ствараліся пастаянныя тэатры, вызначаўся тэатральны сезон. Тым не менш дзейнасць “аб’язных” груп пасля гэтага не спынілася. Яны існавалі і ў больш позні час. Адлюстроўваючы моўную сітуацыю ў краі, рэпертуар тэатра быў двухмоўным – польскім і рускім. На сцэне ставіліся п’есы польскіх, рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў.

С. Манюшка
Станіслаў Манюшка

Разам з прафесійным тэатрам развіваўся аматарскі, які быў вельмі папулярны сярод шляхецтва, чыноўнікаў і афіцэраў. Падзеяй у тэатральным жыцці Беларусі стала ўзнікненне першай трупы беларускага нацыянальнага тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча. 23 верасня 1841 г. адбылася прэм’ера спектакля – камічнай оперы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, лібрэта да якога напісаў В. Дунін-Марцінкевіч, а музыку – С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі. 9 лютага 1852 г. адбылася прэм’ера “Ідыліі” на музыку тых самых аўтараў. П’есы гэтага таленавітага драматурга, рэжысёра і акцёра неаднаразова ставіліся на прыватных кватэрах не толькі Мінска, але і ў іншых гарадах Беларусі.

У грамадстве ўзмацнялася цікавасць да камерных і публічных канцэртаў. Музыка гучала ў салонах мясцовай магнатэрыі, яе выкладалі ў навучальных установах, адбываліся сольныя выступленні, аркестровыя канцэрты, праходзілі музычныя спектаклі. На Беларусі была добра вядома музыка заходнееўрапейскіх і рускіх кампазітараў. Папулярнасцю карысталіся таксама кампазіцыі мясцовых музыкантаў. Першая палова XIX ст. – пачатак збору і публікацый беларускай народнай песні, спробы яе кампазітарскай і канцэртнай апрацоўкі. Вялікую цікавасць у сувязі з гэтым уяўляюць апрацоўкі народных песень і заснаваныя на іх фартэпіянныя п’есы ўраджэнца Віцебшчыны А. Абрамовіча, асабліва паэма “Беларускае вяселле”. Шырокую вядомасць атрымалі творы М. Агінскага, Д. Стэфановіча, Ф. Міладоўскага і іншых таленавітых музыкантаў і выканаўцаў.

Глыбокі след у беларускай музычнай культуры пакінуў класік польскай музычнай культуры, ураджэнец Ігуменскага павета Мінскай губерні С. Манюшка. Беларускія народныя песні і мелодыі арганічна ўвайшлі ў творы кампазітара. Музычную адукацыю С. Манюшка атрымаў у Мінску ў таленавітага музыканта і настаўніка Д. Стэфановіча. 3 Мінскам звязана стварэнне і пастаноўка яго першых вадэвіляў, музычных камедый і опер. Асабліва плённым аказалася творчае сяброўства кампазітара з В. Дуніным-Марцінкевічам. На лібрэта апошняга былі напісаны оперы “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейная вада”, “Сялянка” (“Ідылія”).

Архітэктура, жывапіс. У канцы XVIII ст. стыль барока змяніўся класіцызмам. Для яго развіцця на Беларусі характэрна аб’яднанне заходнееўрапейскага, рускага накірункаў з мясцовымі мастацкімі традыцыямі. Важную ролю ў фарміраванні архітэктурнага выгляду беларускіх гарадоў адыграла Віленская архітэктурная школа (М. Шульц, К. Падчашынскі, Л. Стуока-Гуцявічус), творчасць вядомых рускіх архітэктараў М. Львова, В. Стасава, А. Мельнікава, а таксама англічаніна Дж. Кларка. Гэта быў час рэгулярнай тыпавой забудовы гарадоў і мястэчак Беларусі. У адрозненне ад сярэдневяковай хаатычнай забудовы, горад разглядаўся як цэласная, строга спланаваная сістэма, заснаваная на прынцыпах рацыяналізму і класічных ідэалаў. Як правіла, гарадам надавалася форма прамавугольнікаў або шматвугольнікаў. У старых гарадах Беларусі – Мінску, Віцебску, Полацку і іншых вялося ўпарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйняліся кварталы, ствараліся новыя плошчы. У гэтых гарадах праекцыйны цэнтр звычайна сумяшчаўся з гістарычна ўсталяваным ансамблем горада.

Асаблівасцю горадабудаўніцтва гэтага часу было развіццё ансамблевай забудовы, узвядзенне будынкаў спецыяльнага дзяржаўнага і грамадскага прызначэння (адміністрацыйныя, навучальныя, бальніцы). У кожным губернскім горадзе на цэнтральнай плошчы, акрамя сабораў, узводзіліся дзяржаўныя ўстановы і гандлёвыя рады, якія сталі прадметам новага грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Тут узнікалі школы, музеі, бібліятэкі.

У дварцова-сядзібным будаўніцтве Беларусі класіцызм абумовіў геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі. З’явіўся новы тып палаца – цэнтрычная кампактная забудова з купалам (Грудзінская сядзіба ў Быхаўскім раёне), у кампазіцыі якой часта будаваліся галерэі-каланады, размешчаныя паўкругам або франталыга. Галоўным кампазіцыйным акцэнтам прысядзібнага дома з’яўляўся манументальны порцік. Сярод выдатных помнікаў гэтага тыпу патрэбна назваць палац графа М. Румянцава (з 30-х гадоў ён перайшоў да фельдмаршала I. Паскевіча ў Гомелі), Крычаўскі і Жыліцкі ў Кіраўскім раёне, палацавы комплекс у Снове ў Нясвіжскім раёне, палацы генерал-губернатара ў Віцебску і віцэ-губернатара ў Гродне. Да выдатных помнікаў гэтага архітэктурнага накірунку адносяцца культавыя забудовы: Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, Праабражэнская царква ў Чачэрску, Пакроўская царква ў Стрэшневе, касцёлы ў Лідзе і Шчучыне.

палац Румянцавых-Паскевічаў
Палац Румянцавых-Паскевічаў. М.Залескі, 1840

Аднак класіцызм быў не адзіным архітэктурньім накірункам дарэформеннага перыяду. Побач з ім развіваецца неаготыка – архітэктурны аналаг эпохі сентыменталізму і рамантызму, які ахапіў усе сферы культуры Заходняй Еўропы і Расіі яшчэ ў канцы XVIII ст. Захапленне сярэдневяковым гатычным стылем на Беларусі пачынаецца на рубяжы стагоддзяў. Неаготыка да 30-40-х гг. суіснавала побач з класіцызмам. Яе элементы часцей за ўсё выкарыстоўваліся ў дэкаратыўных рашэннях пабудоўкі фасадаў гарадскога будаўніцтва. Больш шырокае прымяненне неагогыка знайшла ў культавых збудаваннях і “англійскім” пейзажна-паркавым мастацтве, загарадных прысядзібных комплексах.

Сярод стылёвай разнастайнасці помнікаў архітэктуры выдзяляецца шматлікая група збудаванняў, у мастацка-вобразнай трактоўцы якіх адчуваецца ўплыў старажытнарускай архітэктурнай культуры. Пачаткам развіцця “руска-візантыйскага стылю” з’яўляюцца 30-я гады. На Беларусі асноўнай сферай яго прымянення было царкоўнае будаўніцтва. Развіццё гэтага стылю адбывалася ў двух накірунках: перабудова існуючых каталіцкіх і уніяцкіх храмаў (Заслаўскі фарны касцёл, Ізабэлінская Міхайлаўская царква) і ўзвядзенне цэркваў па санкцыяніраваных Сінодам, а таксама прыватных праектах. Найбольшага росквіту стыль дасягнуў у другой палове XIX – пачатку XX ст.

Развіццё класіцызму і рэалізму ў выяўленчым мастацтве першай паловы XIX ст. азначала сур’ёзныя змены ў жывапісе Беларусі. У 30-40-я гг. ідэйныя каноны акадэмізму, заснаваныя на іерархічных каштоўнасцях жанраў, усё больш старэлі. Захоўваўся прыярытэт гістарычнага жывапісу; бытавы жанр як паўнапраўны яшчэ не прызнаваўся. Ідэйна-мастацкія ўстаноўкі акадэмізму ўступалі ў супярэчнасць з патрабаваннямі жыцця і грамадскімі задачамі мастацтва.

Важную ролю ў развіцці жывапісу ў гэты перыяд адыграла Віленская школа жывапісу – аддзяленне выяўленчага мастацтва факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага універсітэта. Заснавальнікам школы быў прафесар Ф. Смуглевіч, які ўвайшоў у гісторыю жывапісу як майстар вялікіх шматфігурных кампазіцый на гістарычныя і рэлігійныя тэмы, пейзажыст. Яго вучні – таленавіты майстар жанравага партрэта Я. Рустэм і скульптар К. Ельскі. За чвэрць стагоддзя свайго існавання школа падрыхтавала больш 250 мастакоў, гравёраў, скульптараў і выкладчыкаў для навучальных устаноў Беларусі.

Найбольш распаўсюджанымі жанрамі жывапісу былі гістарычны жанр і партрэт. У 30 40-я гг. распаўсюджванне атрымлівае пейзаж і бытавы жанр. Як і ва ўсім выяўленчым масгацтве, у жывапісе можна адзначыць два накірункі развіцця. Першы звязаны з Віленскай школай жывапісу (Ф. Смуглевіч) і Пецярбургскай школай жывапісу, якой былі ўласцівы традыцыі класіцызму. Другая лінія была звязана з імёнамі В. Баравікоўскага і Кіпрэнскага, якія былі схільны да рамантызму і сентыменталізму.

Буйным майстрам партрэтнага жанру на Беларусі быў член Імператарскай акадэміі мастацтваў I. Аляшкевіч (1777 1830). Пэндзлю мастака належаць партрэты вядомых палітыкаў і дзеячаў: А. Чартарыйскага, Л. Сапегі, М. Радзівіла, А. Міцкевіча і інш. У апошнія гады жыцця I. Аляшкевіч пісаў шмат рэлігійных камназіцый, якія адрозніваліся каларытнымі спалучэннямі (напрыклад, “Мадона з дзіцяцем”). Не менш цікавым партрэтыстам быў Ю. Пешка (1767 1831). Ён пісаў партрэты прадстаўнікоў віленскай шляхты і духавенства. Сярод іх найбольш вядомыя партрэты віленскага саветніка Вейса, партрэт С. Солтана, які ўзначальваў урад Вялікага княства Літоўскага ў перыяд напалеонаўскага нашэсця, і партрэт вядомай апякункі мастацтваў Тэафілы Радзівіл.
Яркім прадстаўніком адзначанай плеяды быў В. Ваньковіч (1799-1842). Сярод вялікай і разнастайнай спадчыны мастака ёсць шмат партрэтаў дзеячаў літаратуры і мастацтва, навукі. Лепшымі сярод іх з’яўляюцца кампазіцьгйны партрэт “Міцкевіч на скале Аю-Даг”, партрэты А. Тавянькоўскага і яго жонкі Караліны, піяністкі М. Шыманоўскай, паэта А. Гарэцкага. Радавы маёнтак В. Ваньковіча ў Сляпянцы пад Мінскам становіцца цэнтрам, які групаваў вакол сябе лепшыя мастацкія сілы. Тут бывалі Я. Дамель, М. Кулеша і іншыя мастакі, скульптары, кампазітары.

Развіццё гістарычнага жанру ў жывапісе Беларусі шмат чым вызначалася захаваннем сярод мастакоў палітычных поглядаў, якія былі звязаны з аднаўленнем Рэчы Паспалітай. Невыпадкова многія бралі для сваіх гістарычных кампазіный сюжэты з польскай гісторыі. Аднак мясцовыя мастакі намагаліся адлюстроўваць тыя моманты, якія былі непасрэдна звязаны з гісторыяй роднага краю. Вядомым гістарычным жывапісцам гэтага часу быў Я. Дамель (1789-1840). На сваіх палотнах ён адлюстроўваў найбольш драматычныя моманты гістарычнага развіцця. Гэта карціны “Смерць князя Панятоўскага”, “Гібель прадвадзіцеля крыжаносцаў Ульрыха ў Грунвальдскай бітве”, “Павел I вызваляе Касцюшку з няволі” і інш. Вядомасць атрымала карціна “Пераход Напалеона праз Беразіну”. Акрамя гістарычных палотнаў для творчасці Я. Дамеля характэрны шматлікія рэлігійныя кампазіцыі, а таксама партрэты, якія адрозніваюцца глыбокім псіхалагізмам.

Мастаком, у творчасці якога ўдала спалучаліся якасці гістарычнага жывапісца і мастака-этнографа, быў М. Кулеша (1800 1863). Пра майстэрства мастака можна меркаваць па такіх яго гістарычных кампазіцыях як ‘Тусары”, “Гетман”. Прыхільнікам гістарычнай тэматыкі М. Кулеша заставаўся і ў сваіх эпічных пейзажах і шматлікіх літаграфіях. Значнае месца гістарычны жанр займаў у работах мастакоў Я. Траяноўскага і Я. Сухадольскага. У гэтым жанры выступалі не толькі мастакі-пейзажысты, але і майстры іншых жанраў. Вялікі ўклад у беларускі пейзажны жывапіс унеслі мастакі В. Садоўнікаў, I. Герасімовіч, В. Дмахоўскі. Крыху ў баку ад агульнага развіцця пейзажнага жывапісу стаіць творчасць мастака-этнографа і гісторыка Напалеона Орды (1807-1883). Усё сваё жыццё мастак прысвяціў адлюстраванню цікавых мясцін Беларусі, Літвы і Украіны, звязаных з вялікімі гістарычнымі падзеямі, а таксама з выдатнымі асобамі, якія тут нарадзіліся. Н. Орда ў асноўным працаваў як акварэліст. Яго эмацыянальна насычаныя і паэтычныя акварэлі (“Разваліны замка ў Лідзе”, “Крэва”, “Мір”, “Нясвіж”, “Белая вежа” і інш.) надзвычайна дакладна перадаюць прыгажосць пейзажу і гістарычных помнікаў Беларусі. Яркім прадстаўніком беларускага жывапісу быў I. Т. Хруцкі (1810 1885). Гэты мастак увайшоў у сусветны жывапіс як заснавальнік класічнага нацюрморта. У 1839 г. за нацюрморт “Кветкі і плады” ён атрымаў званне акадэміка. Аднак не менш яскрава мастак праявіў сябе ў жанры партрэта і пейзажа.

У творчасці жывапісцаў першай паловы XIX ст. даволі інтэнсіўна развіваўся бытавы жанр. Мастакі стварылі шмат яркіх жывапісных палотнаў, дзе паказана багацце матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. Першымі ў гэтым жанры сталі выхавальнікі Віленскай школы жывапісу К. Кукевіч, Ю. Карчэўскі, К. Русецкі і інш. Нягледзячы на ўплыў класіцызму, у творчасці прадстаўнікоў бытавога жанру ўсё больш зацвярджаецца рэалістычны элемент.

Развіццё паліграфіі, масавыя тыражы друкаваных выданняў прадвызначылі развіццё беларускай графікі. Сярод майстроў гэтага віду мастацтва найбольш вядомымі з’яўляюцца М. Падалінскі, Ю. Главацкі, Ю. Азямблоўскі, Б. Клямбоўскі. Творчасці беларускіх графікаў уласціва ярка выражаная сацыяльная накіраванасць. Так, літаграфія ўраджэнца Мінска Ю. Азямблоўскага “Славянскі нявольнік” (“Беларускі раб”) сваім сюжэтам прыцягнула ўвагу А. Міцкевіча і дэманстравалася ім падчас чытанняў лекцый па славянскіх літаратурах у Парыжы. Публіцыстычнасць сюжэта літаграфіі прыцягнула ўвагу А. Герцэна, які высока ацаніў работу беларускага графіка.

Жывапіс Беларусі першай паловы XIX ст. багаты і разнастайны. Яго станаўленне і развіццё адбывалася ў агульным накірунку развіцця рускага, польскага, літоўскага і ўкраінскага жывапісу.

Адной з формаў выяўленчага мастацтва была скулыпура. Сярод скульптараў таго часу найболыную вядомасць набылі Ельскія (бацька Караль і два яго сыны – Ян і Казімір), Я. Астароўскі, Р. Слізень і інш. Іх творчасць была разнастайнай у жанравых адносінах. Гэта партрэты-бюсты, медальёны і барэльефы гістарычных дзеячаў, родных, знаёмых. Асаблівае месца ў іх творчасці займала касцёльная скульптура, якая захавалася і па сёняшні дзень.

У сярэдзіне XIX ст. завяршыўся адзін з этапаў у гісторыі беларускай культуры. Пад уплывам польскай і рускай культуры ішоў працэс фарміравання і развіцця нацыянальнай культуры. Перш за ўсё ён вызначыўся ў станаўленні сучаснай беларускай мовы, новай беларускай літаратуры, асэнсаванні гістарычнага шляху. Разам з тым у грамадска-культурным жыцці народа Беларусі выразна праявілася неадпаведнасць паміж дасягнутым узроўнем духоўнай культуры і авалоданнем культурнымі грамадскімі каштоўнасцямі. Магчымасці распаўсюджвання асветы, народнай адукацыі былі абмежаваны. Феадальны строй уступаў у супярэчнасць не толькі з сацыяльна-эканамічным, але і з грамадска-культурным прагрэсам.

Падзяліцца
  • 13
    Падзяліліся