Давыд Гарадзенскі

У часе валадарання Віценя гучную славу ў дзяржаве і за яе межамі здабыў гарадзенскі стараста Давыд. У ім жыхары беларускага Панямоння знайшлі мужнага і шчодра надзеленага вайсковым талентам абаронцу ад няспынных крыжацкіх нападаў. Давыд няраз граміў няпрошаных гасцей на сваёй зямлі і вадзіў дружыны ў нямецкія ўладанні.

У нямецкіх хроніках называецца кашталянам або старостам Гарадзенскага замка, у Пскоўскім летапісе — князем. На думку В. Тацішчава, быў сынам пскоўскага князя Даўмонта і гэта меркаванне пашыранае, але пацверджанняў не мае. Упершыню Давыд Гарадзенскі ўзгадваецца ў хроніцы П. Дусбурга пад 1314 годам, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў. У 1314 г. крыжакі тройчы нападалі на Вялікае Княства. Буйное рыцарскае войска павёў у паход сам маршал Тэўтонскага ордэна. Гарадзенцы на чале з Давыдам зрабілі свой замак непрыступным. Расчараваныя адсутнасцю здабычы, немцы рушылі далей. Тым часам Давыд Гарадзенскі захапіў зробленыя крыжакамі ў пушчы харчовыя запасы і варожых коней. На зваротным шляху рыцары ўбачылі на месцы сховаў толькі пабітую варту. Рэшткі галоднага рыцарскага войска ахапіла роспач. Амаль ніхто з тэўтонцаў у Прусію не вярнуўся.

У росквіце славы Давыд загінуў. У 1326 г. у адным з паходаў здрадніцкім ударам у спіну яго забіў падкуплены крыжакамі польскі рыцар. Паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, мог быць пахаваны ў Гродне каля Барысаглебскай царквы.