Нямецкая палітыка на Беларусі пад час першай сусветнай вайны

Мясцовыя нямецкія ўлады былі слаба зарыентаваныя ў нацыянальнай спецыфіцы літоўска-беларускіх земляў. У першыя месяцы акупацыі гэтая акалічнасць тармазіла пачынанні «Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны». Як сведчыць дзяячка гэтага камітэта Юліяна Мэнке (пасля вайны — Дубяйкоўская, псеўданім — Кветка Вітан), нямецкія вайсковыя ўлады ў Вільні «ведалі палякаў, расейцаў, яўрэяў, часткаю — літоўцаў, але беларусы былі для ix нечым новым. Колькі мемарыялаў з гістарычнымі тлумачэннямі трэба было апрацаваць, каб давесці жаданні і патрэбы беларусаў!».

Прызнанне немцамі нацыянальнай адметнасці беларусаў і раўнапраўнага існавання беларускай мовы побач з іншымі мовамі Обэр Оста мела істотнае значэнне для абуджэння культурна-асветнай працы. 15.2.1916 г. у Вільні пад рэдакцыяй В. Ластоўскага (з лета 1917 г.— пад рэдакцыяй Я. Салаўя) пачала выходзіць беларуская газета «Гоман», якая друкавалася два разы на тыдзень. Яна прапагандавала ідэю незалежнасці літоўска-беларускіх земляў у выглядзе новага Вялікага княства Літоўскага, змяшчала распараджэнні акупацыйных улад, гістарычныя матэрыялы, літаратурныя творы і інш. Да 1918 г. гэта была адзіная беларуская газета на абшары Обэр Оста. Намаганнямі камітэта 1.6.1916 г. у Вільні быў адчынены так званы Беларускі клуб, у рамках якога арганізавалі аматарскі тэатр, у лютым 1917 г. ён ужо меў сцэну ва ўласным распараджэнні. У Вільні да таго ж адкрылася беларуская бібліятэка, кнігарня, кааперацыйнае таварыства «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», паступова развівалася выдавецкая дзейнасць, асабліва ў галіне падручнікаў і школьнай літаратуры. У 1918 г. было выдадзена 28 беларускіх кніжак, супраць 7, што выйшлі ў 1916 г. Асабліва вялікія цяжкасці выпалі на долю беларускага школьніцтва, якое не існавала з часоў расійскага праўлення і цяпер павінна было стварацца спачатку. Найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных або эвакуіраваных у Расію. Пагэтаму ўлады Обэр Оста прынялі рашэнне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, што на Гродзеншчыне, дзе на некалькіх месячных курсах павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсці выкладчыкаў, таму заняткі ў семінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 г. і працягваліся да 15.11.1918 г. Дырэктарам яе быў анямечаны сілезец Бэндзеха, а выкладчыкамі, між іншым, Б. Пачобка і Квяцінскі, часова — прафесар Рудольф Абіхт з Вроцлаўскага універсітэта. У выніку тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школ. Пэўная палёгка надышла ў 1918 г., калі вярнулася на радзіму частка мабілізаваных ці эвакуіраваных педагогаў.

Па меры таго як вырашаліся элементарныя кадравыя праблемы, развівалася сетка беларускіх пачатковых школ. Паводле афіцыйных нямецкіх звестак, яшчэ ў кастрычніку 1916 г. на ўсёй тэрыторыі Обэр Оста дзейнічала ўсяго 8 такіх школ, ужо ў снежні 1917 г. іх колькасць узрасла да 50, а вясною 1918 г. дасягнула 89. У большасці сваёй яны мясціліся на тэрыторыі Беластоцка-Гродзенскай акругі, дзе вясной 1918 г. дзейнічала ўжо 79 беларускіх школ. Ix доля ў агульнай лічбе школ Обэр Оста (без Курляндыі) складала толькі 6,5 %, а ў Беластоцка-Гродзенскай акрузе — 21,2% (гл. табл.). Такім чынам, гэты ўдзел быў зашмат ніжэйшы за агульны працэнт беларускага насельніцтва на ўпамянутых абшарах. Віною таму быў не толькі недахоп настаўнікаў, але і пазіцыя польскага каталіцкага духавенства. Яно працівілася адкрыццю школ на роднай мове для беларускіх дзяцей-католікаў. Спробы нямецкіх улад адчыніць беларускія школы былі сустрэты рашучым супраціўленнем большасці ксяндзоў, якія выкарыстоўвалі з гэтай мэтай разнастайныя санкцыі: не дапускалі да споведзі і прычасця бацькоў, што пасылалі сваіх малых у беларускія школы, або і саміх вучняў. Ксяндзы звычайна адмаўляліся выкладаць рэлігію па-беларуску і забаранялі дзецям карыстацца падручнікамі катэхізіса на гэтай мове.

Школьніцтва на тэрыторыі Обэр Оста (без Курляндыі)
Усяго
У тым
ліку
Доля беларускага школьніцтва (%)
літоў-скіх
польскіх
беларускіх
*
**
школ
вучняў
Усяго
10.1916
828
260
385
8
641
1,0
1,0
12.1917
1108
542
291
50
3266
4,5
4,4
3—4.1918
1350
710
299
89
6,5
у тым ліку ў Беластоцка-Гродзенскай акрузе
10.1916
358
6
267
3
497
0,8
1,8
12.1917
324
17
176
46
3043
14,2
11,5
3—4.1918
365
23
178
79
21,2
* Адносна агульнай лічбы школ. ** Адносна агульнай лічбы вучняў.
Крыніца: Zemke. H. Der Oberbefehlshaber Ost und das Schulwesen im Verwaltungs­gebiet Litauen. Berlin, 1936, S. 101 — 104.

 

Паводзіны клеру ў гэтай справе, з традыцыйным трактаваннем беларусаў каталіцкага веравызнання як палякаў, а праваслаўнага — як рускіх, мелі выразны палітычны характар, яны выяўлялі імкненні большасці палітычных груповак у Польшчы да федэралізацыі або анексіі беларускіх земляў. 3 прычыны супраціўлення духавенства да вясны 1918 г. у каталіцкіх асяродках Обэр Оста было створана ўсяго толькі пяць школ з беларускім навучаннем, пераважная іх большасць узнікла сярод праваслаўнага насельніцтва, якое складала каля 60 % беларускамоўнай масы ў гэтым абшары і ўхваляла школы на роднай мове. Паводле сведчанняў Цэмке, нямецкія ўлады ў Беластоцка-Гродзенскай акрузе часам ішлі насуперак інструкцыям, даючы згоду на адкрыццё польскіх школ для беларусаў-католікаў пасля іх настойлівых пісьмовых хадайніцтваў.

У аперацыйнай вайсковай паласе, якая распасцерлася на большую частку акупіраваных беларускіх земляў, тэндэнцыі германскай палітыкі адрозніваліся ад тых, што панавалі на абшары Обэр Оста. Яны не знайшлі пакуль што адлюстравання ў гістарычных працах і маглі б быць апісаны толькі пасля вывучэння архіўных матэрыялаў штаба 10-ай арміі. У роўнай ступені ні беларуская літаратура, ні «Zeitung der 10 Armee» не ўказваюць на з'яўленне там якіх-небудзь арганізацый, не падаюць інфармацыі пра культурную і выдавецкую дзейнасць. Напэўна, тут распаўсюджваліся кнігі і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні. Аднак прынцыпы школьнай палітыкі ўлад Обэр Оста хоць і датычыліся толькі гэтай тэрыторыі, аказвалі ўплыў на ўзнікненне беларускіх школ таксама і ў вайсковай аперацыйнай зоне. Паводле звестак А. Луцкевіча, на канец 1918 г. агульная колькасць гэтых школ на абшары «старой акупацыі» (г. зн. на тэрыторыях, занятых немцамі да 18.2.1918 г.) перавышала за 150. У параўнанні да 89 школ, зарэгістраваных вясной 1918 г. на землях Обэр Оста, тэта азначала, што каля 60 беларускіх школ было створана ў аперацыйнай зоне. Іншыя аўтары называюць значна большыя лічбы, аднак не акрэсліваюць час і месца існавання гэтых школ. Так, напрыклад, Адам Станкевіч агульны лік беларускіх школ, створаных за час нямецкай акупацыі, называе больш за 200, Вернер Хасельблат — аж за 300, а Канстанцін Сракоўскі — каля 350. Магчыма, гэтыя звесткі датычацца не толькі перыяду «старой акупацыі», але таксама і часткі абшараў, занятых у 1918 г.

Такім чынам, германская палітыка адносна беларусаў у абедзвюх зонах акупацыі абмяжоўвалася ў асноўным культурна-асветнымі справамі і не давала падстаў спадзявацца вырашыць справу беларускай дзяржаўнасці з нямецкай дапамогай. Незалежна ад прычын такіх адносін Германіі беларускія дзеячы на чале з Іванам і Антонам Луцкевічамі, а таксама Вацлавам Ластоўскім разумелі немагчымасць стварэння асобнай дзяржавы ў зоне акупацыі, пад якой знаходзілася чвэрць беларускіх земляў. Гэта абумовіла тактыку іх паводзін: немцаў трэба было пераканаць у мэтазгоднасці стварэння новай самастойнай дзяржаўнай адзінкі — Вялікага княства Літоўскага, дзе беларускія і літоўскія землі злучаліся б па прынцыпу аўтаноміі. Такая пазіцыя беларускіх дзеячаў знайшла адлюстраванне ў выдадзеных з іх ініцыятывы ў снежні 1915 г. і лютым 1916 г. адозвах канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, мемарыялах да парламента (1.9.1917 г.) і канцлера Рэйха (снежань 1917 г.), нарэшце у рэзалюцыях канферэнцыі прадстаўнікоў усіх беларускіх груповак, якая адбылася ў Вільні 25—27.1.1918 г. Гэтая канцэпцыя не ўзбудзіла, аднак, зацікаўленасці нямецкіх улад, якія з 1917 г. імкнуліся да стварэння асобнай літоўскай дзяржавы, куды меліся ўвайсці, між іншым, і далучаныя да Обэр Оста беларускія землі.

« назад
» чытаць далей

© Юры Туронак "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
© Пераклад. В.Ждановіч