Друя. «Новы замак» Полацкай зямлі

Некалі вялікае беларускае мястчэка Друя сёння мае ганаровы статус аграгарадка. Знаходзіцца Друя на р. Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Друйкі, за 30 км на паўночны ўсход ад Браслава.

Першы пісьмовы ўспамін пра Друю змяшчаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага ў якой згадваюцца падзеі, звязаныя з Крэўскай уніяй і датуюцца 1386 г. Супраць уніі выступіў брат Ягайлы, полацкі князь Андрэй Альгердавіч. У 1386 г. Андрэй заключыў саюз з лівонскімі рыцарамі і заняў Полацк, Дрысу, Лукомль, Друю — адзін з тагачасных замкаў Полацкай зямлі. Верагодна, што паселішча існавала ўжо ў перыяд Полацкага княства. У карысць гэтага меркавання тое, што ў вусці Друйкі знаходзіцца камень з надпісам XII ст. Некаторыя даследчыкі звязваюць з Друяй Новы замак Полацкай зямлі, які паводле «Хронікі Германа Вартберга» знаходзіўся ў 11 мілях ад Дынабурга. У скарзе на дзеянні крыжаносцаў, складзенай у 1413 г., згадваецца «de Drucha villa».

У XIV—XV ст. Друя — умацаваны пункт Полацкай зямлі. «Мещане друйские» прыцягваліся да будаўніцтва замкавых умацаванняў у Полацку. У 1490 Друя знаходзілася ва ўладанні князя Ц. Масальскага, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей на месца, замак і Друйскія воласці. Магчыма, умацаванне на месцы Друі існавала і яшчэ раней. Нагадаем, што Друя знаходзіцца на тэрыторыі, якая была парубежжам Полацкага княства і вызначалася значнай канцэнтрацыяй умацаванняў. Напрыклад, у XI—XII ст. тут былі пабудаваны крэпасці Браслаў, Маскавічы, Дрысвяты, Рацюнкі, Пруднікі і інш.

Спачатку замак князёў Масальскіх знаходзіўся на левым беразе Друйкі, на тэрыторыі т.зв. «Старога места», аднак у 1515 г. маскавіты спалілі Друю, таму замак быў перанесены на правы бераг ракі. 3 тактычнага пункту гледжання размяшчэнне замка было не вельмі ўдалым. Ен не мог заняць нізкі і малы выступ каля ўпадзення Друйкі ў Заходнюю Дзвіну, таму што апошні вясной пастаянна затапляўся. 3 усходу над выступам узвышалася гара, якая пры заняцці яе праціўнікам магла быць выкарыстана для ўстаноўкі артылерыі і абстрэлу замка. Пасля 1515 г. было вырашана збудаваць замак на гэтым узвышэнні, але і тут для ўмацавання не лепшае месца, бо амаль з усіх бакоў былі доўгія і пакатыя схілы, зручныя для атак непрыяцеля, а Заходняя Дзвіна і Друйка знаходзіліся на значнай адлегласці ад замка. Тым не менш «Полацкая рэвізія» 1552 г. зафіксавала Друйскі «замок спольный» князёў Масальскіх на левым беразе Заходняй Дзвіны. «Замок оборонный» абкружыла мястэчка. Пра структуру замкавых умацаванняў у дакуменце не паведамляецца.

Роля Друйскага замка ў Лівонскай вайне 1558—1583 не высветлена, хоць тут у 1561 г. і размяшчаўся конны атрад.

17 верасня 1579 г. у Друйскім замку пабываў Стэфан Баторый, які з войскам вяртаўся з-пад Пскова.

Перамірны «ліст» за 1594 паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай называе Друйскі замак ужо сярод замкаў Падзвіння. У гістарычных крыніцах за 1594 сустракаецца ўпамінанне аб «опалом замку Друйском», што сведчыць пра стан умацаванняў таго часу. У ходзе ваенных падзей XVII—XVIII ст. замак зведаў шматлікія аблогі і штурмы, неаднаразова разбураўся і спальваўся. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 быў адноўлены на левым беразе Заходняй Дзвіны, але магутнасцю не вылучаўся. У XVIII ст. паступова прыйшоў у заняпад.

У наш час сляды сярэдневяковых умацаванняў замка схаваны пад шчыльнай гарадской забудовай. Археалагічныя даследаванні Друйскага замка праводзілі ў 1972 г. М. Ткачоў, у 1986—1988 гадах — В. Зайцава.

Падзяліцца: