Папярэднік Францішка Скарыны

Першыя кнігі ў Лондане надрукаваў беларус

Літвін на берагах Тэмзы

Гісторыя зберагла імя лонданскага першадрукара. Майстра, які пасяліўся там напрыканцы XV стагоддзя, звалі Jon Lettou. Брытанскія гісторыкі і бібліёграфы аднадушныя ў тым, што ён быў іншаземцам.
Паводле тагачаснай традыцыі, чужаземцы звычайна дадавалі да свайго імя назву роднага горада або краіны, адкуль прыбылі. Слова Lettou (lettow) у сярэднявечнай ангельскай мове азначала Вялікае Княства Літоўскае, ядром якога, як вядома, былі беларускія землі. Менавіта адтуль, на думку большасці брытанскіх аўтараў, і паходзіў Jon Lettou, у перакладзе — Ян з Літвы, ці проста Ян Літвін. Апрача таго, у кнігах, што выйшлі з ягонай друкарні, lettou пісалася з малой літары, лішні раз сведчачы, што гэта не прозвішча, а — месца пахо-джання. (У дужках зноў нагадаем: многія беларусы традыцыйна называлі сябе літвінамі нават на пачатку XX стагоддзя.)

Праз Еўропу ў Англію

Біяграфічныя звесткі пра нашага прадпрымальнага суайчынніка небагатыя. Шэраг гісторыкаў лічаць яго вучнем вядомага друкара Мацея Мараўскага, які працаваў у Генуі і Неапалі. Цалкам верагодна, што Ян Літвін быў выпускніком Пражскага універсітэта, дзе існаваў Літоўскі калегіюм. Да нашых дзён захаваліся спісы студэнтаў, што закончылі ў XV — пачатку XVI стагоддзя філасофскі факультэт Пражскай alma mater. Яны называюць імёны, прынамсі, дваццаці беларусаў, сярод якіх сустракаецца Joannes з Полацка, а таксама трое ягоных Янаў (адзін па прозвішчы Багдановіч). Не выключана, што адзін з іх — якраз Jon Lettou.
Такім чынам, атрымаўшы ў Еўропе адукацыю і спецыяльнасць друкара, Ян Літвін перабіраецца ў Альбіён, дзе ў тыя часы яго чакала канкурэнцыя непараўнальна меншая, чым у традыцыйных цэнтрах кнігадрукавання на мацерыку.
Першая датаваная згадка пра з’яўленне Яна Літвіна ў Лондане адносіцца да 1480 года. Ён быў першым друкаром у лонданскім Сіці, і гэта ні ў каго не выклікае сумневу.

Лондан. Гравюра Ё.Гомана 1730 г.

Пра метафізіку і псалмы

Адносна невялікая колькасць першых выданняў Яна з Літвы, а таксама той факт, што нічога невядома пра кнігі, выпушчаныя ім да прыезду ў Англію, прыводзяць да высновы, што менавіта ў Лондане ён зрабіў у друкарскім мастацтве свае першыя самастойныя крокі.
Спачатку з ягонай друкарні выходзіць некалькімі выданнямі антытурэцкая індульгенцыя Рымскага Папы Сікста IV. Затым чытачы атрымліваюць ад Яна Літвіна лацінамоўны трактат пад назовам «Questiones super XII libros metaphysicae» («Разважанні пра дванаццаць кніг з метафізікі»), 1481 годам пазначаныя «Каментары да псальмаў», замову на выпуск якіх таксама давяраюць Літвіну.
У тым самым годзе наш зямляк аб’ядноўвае намаганні з іншым прыезджым друкаром — Вільямам Мехлінскім. Дарэчы, імя Яна Літвіна на супольных выданнях заўсёды стаіць на першым месцы, а гэта значыць, што ён з’яўляецца старэйшым кампаньёнам.
Потым майстры набываюць больш дасканалы шрыфт і адчыняюць у Лондане новую друкарню паблізу гэтак званай Вялікай царквы Усіх Святых.

Друкарня на дваіх

Друкарскі варштат XVI ст. Рэканструкцыя

Самым значным дасягненнем кампаньёнаў гісторыкі называюць выданне класічнага твора ангельскай юрыдычнай літаратуры «Tenores Nowellh», аўтарам якога быў адзін з найбольш аўтарытэтных тагачасных юрыстаў Томас Літлетан. 3 тае прычыны, што яго кніга лічылася першым у сваёй галіне падручнікам, выданне застаецца прыкметнай падзеяй і ў гісторыі права.
Надалей друкарня Яна Літвіна і Вільяма Мехлінскага спецыялізуецца якраз на выданні юрыдычнай літаратуры. Але, пачынаючы з 1483 года, імя нашага суайчынніка з тытульных аркушаў знікае. Магчыма, ад’езд з Лондана быў звязаны з моўнай праблемай: на змену лаціне, якой Ян, як і любы выпускнік сярэдневечнага універсітэта, валодаў бліскуча, у кнігавыдавецтва прыходзіла жывая ангельская мова.

На ўсход, у Кракаў ?

Хацелася б пагадзіцца з тымі аўтарамі, што «выпраўляюць» Яна Літвіна з брытанскай сталіцы не куды-небудзь, а бліжэй да радзімы, у Кракаў. Там майстар друкарскіх справаў сапраўды мог стацца чаканым госцем.
Польскі трон у той час «па сумяшчальніцтве» займаў вялікі князь літоўскі Казімір IV Яге-лончык, які меў славу прыхільніка і апекуна «літоўскага» мастацтва. Якраз у гады ягонага каралявання ў Кракаве была заснаваная друкарня, дзе ў 1491-м выйшлі першыя славянскія кнігі кірыліцай. Гэта былі «Октоих» і «Часослов», што знайшлі попытна беларускіх і ўкраінскіх землях. Вельмі верагодна, што ў іх падрыхтоўцы да друку прыдаўся багаты досвед лонданскага першадрукара. Такім чынам, можна казаць, што Ян Літвін быў першым нашым суайчыннікам, які пайшоў па шляху кнігадрукавання, пракладзеным славутым немцам Янам Гутэнбергам.
Да выхаду ў свет «Псалтири» Францішка Скарыны — першай беларускай і ўсходнеславянскай друкаванай кнігі — заставалася яшчэ чвэрць стагоддзя…

© У. Арлоў

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии