Падзяліцца:
Апавяшчэнні
Clear all

Беларускія "танкавыя" аддзелы XVIІ стагоддзя

1 Посты
1 Карыстальнікі
0 Likes
1,228 Прагляды
Посты: 278
Заснавальнік Admin
Аўтар тэмы
 

Дзякуючы ім, 27 верасня 1605 года гетман Хадкевіч разбіў утрая большае шведскае войска пад Кірхгольмам.

Пры канцы XVI стагоддзя Рэч Паспалітая была ўцягнутая ў дынастычную барацьбу шведскага каралеўскага дома Вазаў.

Жыгімонт ІІІ Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, спрабаваў захаваць за сабой яшчэ і шведскае каралеўства.
Яму процістаяў яго дзядзька Карл ІХ.

У 1598 годзе Жыгімонт высадзіўся ў Швецыі, але быў разбіты. І ўжо ў 1600-м шведскія войскі акупавалі Інфлянты.

Пачалася вайна, якая цягнулася дзесяцігоддзямі і водгуллем якой быў т.зв. «шведскі патоп» 1650-х.
Але ў часы Карла ІХ фартуна часта змяняла ўлюбёнцаў.

Бо шведам супрацьстаялі магутныя вайсковыя стратэгі — Ян Караль Хадкевіч і Крыштоф Радзівіл Пярун.
У 1605 годзе Карл IX высадзіўся ў Інфлянтах з 13-тысячным войскам. Ён кіраваўся да Рыгі — захапіўшы яе, шведы «замкнулі» б выйсце да Балтыкі па Дзвіне і заблакавалі гандаль.

Гетман Ян Караль Хадкевіч. Партрэт 1620 г.

Устрывожаны дадзенымі выведкі Жыгімонт Ваза выслаў вялікаму гетману Яну Каралю Хадкевічу 100 тысяч залатых на ўтрыманне войска.

Яго аддзелы хуткім маршам прайшлі за два дні 80 кіламетраў ад латвійскага горада Цэсіса да Дзвіны і занялі пазіцыі каля вёскі Кірхгольм (цяпер Саласпілс).
Войска Хадкевіча складалася з 1000–1300 пехацінцаў і 2900–2500 коннікаў. З апошніх было 1,7–2,1 тысячы цяжкіх коннікаў — гусараў. Падыйшлі і курляндскія падмацаванні — 300 рэйтараў. Войска мела сем гармат.

Вось як апісвае дыспазіцыю войска Рэчы Паспалітай гісторык Міхась Чарняўскі: «Гетман паставіў сваё войска ў тры лініі. Цэнтр пазіцыі занялі 300 гусараў самога Хадкевіча на чале з вядомым ротмістрам Вінцэнтам Войнам. Правей стаў гусарскі полк яшчэ аднаго выпрабаванага ваяра — Яна Сапегі. Наперадзе палка было 350 вершнікаў брата гетмана Аляксандра Хадкевіча, а таксама Шчаснага Невяроўскага. У другой лініі стаялі гусары самога Сапегі і Вілямоўскага. Заплечча ж занялі коннікі Змітра Барухоўскага і будучага амсціслаўскага ваяводы Марціна Гедройца. Цэнтральная групоўка была ўзмоцненая вершнікамі Тодара Ляцкага.

Карціна Пітара Снаерса «Бітва пад Кірхгольмам» (1630)

Найбольшая моц беларускага войска сканцэнтравалася на левым крыле. Тут полк на 900 гусарскіх шабляў Тамаша Дубровы быў дапоўнены лёгкімі вершнікамі.
Тылы войскаў Хадкевіча замыкалі вершнікі Яна Кішкі, Адама Тальвоша і Станіслава Белазора. Знайшлося ў баявых шыхтах месца і інфлянцкай пяхоце, а таксама райтарам курляндскага герцага. Пры беразе Дзвіны каля лагеру сталі чатыры конныя харугвы беларускіх татараў. Яны павінны былі ахоўваць вазы, а пры неабходнасці пераследваць праціўніка».

13-тысячнае шведскае войска, якое на той час ужо абклала Рыгу, складалася з 13 батальёнаў (рэгіментаў) пяхоты і 11 эскадронаў конніцы, з 11 гарматамі.

Праціўнікаў падзяляла нізіна з ручаём. Хадкевічу выслаў наперад лёгкія аддзелы з загадам патурбаваць шведаў, а пасля інсцэнаваць адступленне.

Шведскі кароль папаўся на хітрыкі: ён загадаў палове войска рушыць наўздагон. Такім чынам, Хадкевіч атрымаў магчымасць біцца з паловай войска за раз.
Калі шведы ўздымаліся на пагорак, іх спачатку сустрэлі агнём. А пасля на іх абрынуліся гусарскія аддзелы Войны і курляндскія рэйтары Кетлера.

У тыя часы цяжкая конніца выконвала ў бітвах ролю ўдарнай сілы, якую ў часы Другой сусветнай перахапілі танкавыя аддзелы. Ударыць з разгону, раскалоць фланг праціўніка, расцерці цяжарам — вось была задача «крылатага войска».
Злева шведскую пяхоту абыйшла ўдарная групіроўка Дубровы і ў сустрэчным баі разбіла райтарыю Мансфельда, якая прыкрывала тыл пяхоты. Скіраваўшы ў пагоню за разбітымі рэйтарамі лёгкія харугвы, Дуброва павярнуў свой гуф на пяхоту. Амаль адначасова на правым крыле гуф Сапегі здолеў разбіць і пагнаць колькасна мацнейшую райтарыю Бранта (1200 райтараў). Тымчасам, гуфы Войны і Кетлера вязалі боем шведскую пяхоту.

Шведы трапілі ў цяжкае становішча: палова іх конніцы была разбітая, а палова пяхоты трапіла ў акружэнне.
Карл IX скіраваў супраць Сапегі рэшту сваёй кавалерыі, а адагнаная райтарыя Бранта аднавіла шыхт і ўдарыла на Сапегу з фланга.

Тады Хадкевіч, бачачы, што Карл IX ужо не мае рэзерваў, скіраваў свой рэзервны гуф Ляцкага (200 гусараў) на фланг райтарыі, якая білася з гуфам Сапегі. Шведская конніца пабегла. Завяршаючы поспех, гусарыя Сапегі і Ляцкага пагналі пяхоту, якая яшчэ баранілася.

Карл IX з рэшткамі войска ледзьве паспеў адплысці. Войска Хадкевіча ўзяло 60 сцягоў і 11 гармат.

Страты шведаў дасягалі некалькіх тысяч чалавек. Страты Хадкевіча, паводле яго рапарту, склалі… 100 чалавек забітымі і 200 параненымі.
Сучаснікі называлі тую бітву ўзорнай. Найлепшыя тагачасныя палкаводцы віншавалі Хадкевіча з перамогай над утрая большым войскам. Але, як і бітва пад Оршай, яна не адбілася значна на агульнай хадзе вайны.
Замацаваць кірхгольмскі поспех кіраўніцтва Рэчы Паспалітай не здолела, у хуткім часе ўцягнуўшыся ў маскоўскую авантуру.

Зрэшты, як заўжды ў гісторыі, не ўсё было адназначна.

Надышоў момант, калі эліта Вялікага Княства Літоўскага, ачоленая Радзівіламі, пабачыла інтарэсы сваёй зямлі ў саюзе са Швецыяй…
Але гэта ўжо зусім іншы аповяд.

Дарэчы, крылы на спіны гусарам Рэчы Паспалітай прырабілі толькі рамантыкі ХІХ стагоддзя.
Як сведчаць даследчыкі, у часы Кірхгольму яны мацаваліся да сёдлаў. Так што і ў гэтым сэнсе гусары анёламі не былі.

http://nn.by/?c=ar&i=60804 (c)

 
Размешчана : 28 верасня 2011 01:27
Тэгі тэмаў
Падзяліцца: