Галоўны з’езд ВКЛ

Галоўны з’езд Вялікага княства Літоўскага (генеральны з’езд) — надзвычайны агульнадзяржаўны саслоўна-прадстаўнічы орган Вялікага княства Літоўскага, які збіраўся з канца XVI да канца XVII ст. На яго пасяджэннях разглядаліся важнейшыя пытанні дзяржаўнага жыцця ВКЛ. Аднак само яго існаванне парушала ўмовы Люблінскай уніі 1569 г.

Некаторыя каралі польскія і вялікія князі літоўскія (С. Баторый і Жыгімонт Ваза) даволі часта выкарыстоўвалі інстытут Галоўнага з’езда ВКЛ для рэалізацыі сваіх мэтаў. Для іх гэта быў зручны сродак, каб дабіцца ад шляхты патрэбных рашэнняў нават у абыход вальнага сойма.

Інтэнсіўнасць склікання Галоўнага з’езда залежала ад палітычнай сітуацыі як у рэгіёне, так і ў самой Рэчы Паспалітай. У 1577—1581 гг., у час актывізацыі баявых дзеянняў на заключным этапе Інфлянцкай вайны, С. Баторый планаваў правядзенне чатырох такіх з’ездаў (без уліку двух надзвычайных Галоўных соймікаў у 1577 і 1582 гг.). У 1613—1617 гг. Жыгімонт Ваза таксама склікаў чатыры Галоўныя з’езды, што было непасрэдна звязана з цяжкай сітуацыяй у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1609—1618 гг.). У той жа час канфлікт караля з палітычнай элітай ВКЛ вакол намінацыі паляка на пасаду віленскага біскупа, які цягнуўся з 1591 па 1600 г., выклікаў значны перапынак у скліканні з’ездаў. Яны не збіраліся з 1593 да 1602 г. Правядзенне з’ездаў 1602 і 1605 гг. было абумоўленае вайной са Швецыяй, якую Рэч Паспалітая вяла з 1600 г.1

Са свайго боку палітычная эліта ВКЛ, прынамсі ў канцы XVI — пачатку XVII ст., таксама была зацікаўленая ў існаванні падобнага інстытута ўлады. Галоўныя з’езды давалі магчымасць вырашыць тыя праблемы ВКЛ, якія па розных прычынах не маглі быць вырашаныя на супольным вальным сойме Рэчы Паспалітай. Менавіта на такіх з’ездах у 1580-я гг. адбывалася праца над новым Статутам ВКЛ, што на соймах было фактычна немагчыма з-за недахопу часу і апазіцыі кароннага боку. Падкрэслім, што ініцыятарам правядзення партыкулярных з’ездаў для рэформы судовай сістэмы выступаў менавіта палітычны народ ВКЛ. На Галоўных з’ездах ВКЛ у пачатку 1590-х гг. ішло актыўнае абмеркаванне рэформ у галіне скарбу. Верагодна, у канцы XVI ст. для вялікакняжацкай шляхты гэты інстытут улады меў і пэўнае значэнне як сродак падкрэсліць ды абараніць унутраную аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. Згадаем, што асабовы склад першых Галоўных з’ездаў (напрыклад, 1580 г.) вельмі нагадваў склад сойма ВКЛ даунійных часоў. У канцы XVI — пачатку XVII ст. стаўленне значнай часткі шляхты Княства да інстытута Галоўнага з’езда было яшчэ даволі станоўчым. Так, на з’ездзе 1591 г. сенатары заклікалі земскіх паслоў прыйсці да згоды па абмяркоўваемым пытанням, бо “калі нічога не пастановім, або што кепскае пастановім, вечна нам ужо такіх з’ездаў не дазволяць і ніколі, напэўна, у такой грамадзе не ўбачымся”.

Разам з тым з канца XVI ст. усё часцей сярод шляхты ВКЛ назіраецца негатыўнае стаўленне не столькі да самаго інстытута Галоўнага з’езда, сколькі да спробаў манарха выкарыстоўваць гэты інстытут у сваіх асабістых інтарэсах. Так, Жыгімонт Ваза склікаў на 23 лютага 1592 г. у Вільні з’езд з мэтай ухвалення падатку на забеспячэнне ўласных фінансавых патрэбаў, у т. л. і звязаных са сваім будучым вяселлем. Гэтая ініцыятыва выклікала пратэсты сярод значнай часткі палітычнай эліты ВКЛ, якая заяўляла, што з’езд скліканы супраць права і прызначаць падаткі можна толькі са згоды сойма. Расколатай аказалася і павятовая шляхта: соймік у Троках падтрымаў каралеўскую ініцыятыву, віленскі і лідскі соймікі абралі паслоў на з’езд, але забаранілі ім ухваляць нейкія субсідыі, а соймік Менскага павета ўвогуле не абраў паслоў. У выніку Галоўны з’езд 1592 г. не прыняў ніякіх пастановаў, а можа, нават быў сарваны. Пратэсты выклікала і спроба пераносу заканадаўчых функцый з сойма на Галоўны з’езд. Так, сойм 1593 г. перад ад’ездам Жыгімонта Вазы ў Швецыю ўхваліў канстытуцыю “O sądziech”, прысвечаную судаводству на перыяд адсутнасці караля ў Рэчы Паспалітай. Галоўны з’езд ВКЛ, які праходзіў праз паўтары месяцы пасля сойма, удакладніў змест гэтай канстытуцыі, а менавіта, выкананне судовых выракаў у час адсутнасці караля. Аднак рэляцыйны соймік Новагародскага павета выказаў пратэст супраць гэтага рашэння. Новагародская шляхта заяўляла, што яна не даручала сваім паслам разглядаць гэтае пытанне на з’ездзе ў Вільні — “на неналежным для тых спраў месцы”. І падкрэслівала, што для “паправы і зацвярджэння правоў і для сойма месцам упрывілеяваным, правам і каралеўскай прысягай сцверджаным, з’яўляецца Варшава”.

З пачатку XVII ст. шляхта ВКЛ усё часцей выступае супраць самаго інстытута Галоўнага з’езда як супярэчнага ўмовам Люблінскай уніі. Так, на сойміку Гарадзенскага павета ў красавіку 1605 г. шляхта заявіла, што скліканне з’езда парушае яе вольнасці, бо аб унутраных і знешніх праблемах дзяржавы прыходзіцца раіцца “не на сваім месцы і не ў свой час”, г. зн. не на вальным сойме. Самі Галоўныя з’езды 1605 і 1613 гг. падкрэслівалі, што іх рашэнні ўхваленыя шляхтай выключна “з міласці да Айчыны” і скліканне падобных з’ездаў не можа ператварыцца ў звычай. Пэўнае адмоўнае значэнне для часткі шляхты таксама меў той факт, што на Галоўных з’ездах у Вільні магнатэрыя ВКЛ мела куды большыя магчымасці дыктаваць сваю волю паслам, чым на супольных вальных соймах у Варшаве.

Тым не менш палітычны народ ВКЛ разумеў неабходнасць правядзення такіх з’ездаў у надзвычайнай сітуацыі вайны. Тым больш калі агульнадзяржаўныя соймы Рэчы Паспалітай па тых ці іншых прычынах не маглі аператыўна прыняць адпаведных рашэнняў. У 1614 г. сабраная ў Вільні шляхта заявіла: “з’езд быў вельмі патрэбны, бо мінулы сойм ніякай нам абароны не вызначыў”. На наступным Галоўным з’ездзе (1615 г.) шляхта хаця і нагадвала аб неабходнасці сумесных нарадаў з кароннымі станамі, але ўсё адно выказвала каралю падзяку за яго скліканне. Папершае, ВКЛ знаходзілася ў надзвычайнай небяспецы ад Маскоўскай дзяржавы, а па-другое, папярэдні сойм Рэчы Паспалітай скончыўся безвынікова. Адпаведна, як было адзначана ва ўхвале з’езда, “толькі нам самім аб сабе і аб бяспецы сваёй радзіць і ратавацца прыходзіцца”.

Акрамя таго, палітычны народ ВКЛ гатовы быў пагадзіцца з існаваннем Галоўнага з’езда пры ўмове, што будуць пашыраныя яго рэальныя паўнамоцтвы. Перш за ўсё ў пытаннях, якія датычылі ўнутраных спраў ВКЛ і ўздымаліся на з’ездах самой вялікакняжацкай шляхтай.

Не будзем таксама забываць, што ўхваленне падаткаў на партыкулярных з’ездах у абыход супольнага сойма Рэчы Паспалітай, безумоўна, зніжала ролю сойма ў жыцці дзяржавы. А гэта, у сваю чаргу, ужо пагражала балансу паміж уладай караля і шляхты, які забяспечвала, прынамсі да другой паловы XVII ст., палітычная сістэма Рэчы Паспалітай (т. зв. monarchia mixta).

Не дзіўна, што на наступным Галоўным з’ездзе ВКЛ, які адбываўся ў чэрвені 1624 г., шляхта прасіла Жыгімонта Вазу больш не склікаць такіх з’ездаў, бо “нашыя рады і дапамога, паводле правоў і старажытных саюзаў, супольныя з панамі кароннымі быць маюць”. Больш пры жыцці гэтага караля і вялікага князя Галоўныя з’езды ў ВКЛ не праводзіліся. Менавіта з 1620-х гг. інтэнсіўнасць склікання Галоўных з’ездаў ВКЛ рэзка зніжаецца. Пры наступным каралі і вялікім князі Ўладзіславе IV Вазе быў праведзены адзін такі з’езд (1634 г.), пры Яне II Казіміры Вазе (1648—1668 гг.) — два (1655 і 1665 гг.), пры Міхале Карыбуце Вішнявецкім (1669—1673 гг.) — адзін (1671 г.), а пры Яне III Сабескім (1674—1696 гг.) — ужо ніводнага. З канца XVII ст. і ў XVIII ст. Галоўныя з’езды былі часткова замененыя канфедэрацыямі ВКЛ, якія мелі блізкія функцыі, але адрозныя прававую аснову і прынцыпы працы. Да канца XVII ст. такі палітычны інстытут, як Галоўны з’езд ВКЛ, спыніў сваё існаванне.

Такім чынам, з канца XVI да канца XVII ст. у ВКЛ усяго было праведзена 17 з’ездаў (з улікам надзвычайных Галоўных соймікаў 1577 і 1582 гг. — 19). Шэраг скліканых з’ездаў па розных прычынах не адбыліся. Карані даследуемага інстытута ўлады палягаюць у асобных з’ездах (соймах), якія адбываліся ў ВКЛ у час першых двух бескаралеўяў.

Магчыма, у апошняй трэці XVI ст. Галоўны з’езд мог разглядацца часткай вялікакняжацкай шляхты, як пэўны нашчадак вальнага сойма ВКЛ. Генезіс інстытута Галоўнага з’езда быў абумоўлены ў першую чаргу захаваннем пэўнай сацыяльна-палітычнай адасобленасці ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай.

Склікаць з’езды мог толькі кароль польскі і вялікі князь літоўскі, але ініцыятыва ў іх скліканні часта належала не толькі каралю, але і палітычнай эліце ВКЛ. У канцы XVI ст. правядзенне з’ездаў было абумоўленае неабходнасцю вырашэння ўнутраных праблем ВКЛ (напрыклад, падрыхтоўка новага Статута) ці інтарэсамі караля і вялікага князя. З XVII ст. асноўнай мэтай склікання Галоўных з’ездаў з’яўлялася ўхваленне падаткаў у надзвычайных умовах вайны з Маскоўскай дзяржавай і Шведскім Каралеўствам. Разам з тым на з’ездах абмяркоўвалася шырокае кола праблем як унутранай, так і знешняй палітыкі, актуальных для шляхты ВКЛ. Працэдура склікання і працы Галоўнага з’езда, з невялікімі адрозненнямі, адпавядала прынцыпам працы вальнага сойма Рэчы Паспалітай.

Стаўленне шляхты ВКЛ да інстытута Галоўнага з’езда было неадназначным. Аднак з канца XVI ст. і асабліва ў XVII ст. пашыраюцца пратэсты супраць правядзення такіх партыкулярных з’ездаў, якія адназначна парушалі ўмовы Люблінскай уніі 1569 г. Тым не менш важнейшай прычынай негатыўнага стаўлення шляхты ВКЛ да Галоўных з’ездаў, на думку У. Падалінскага, было іх (з’ездаў) інструментальнае выкарыстанне каралём і набліжанымі да яго магнатамі для дасягнення сваіх мэтаў, у першую чаргу для ўхвалення падаткаў. Акрамя таго, вырашэнне на з’ездах пытанняў, якія непасрэдна адносіліся да кампетэнцыі агульнадзяржаўнага вальнага сойма, вяло да зніжэння эфектыўнасці інстытута сойма і да парушэння балансу ў самой палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай. Шляхта ВКЛ разумела неабходнасць правядзення Галоўных з’ездаў у надзвычайных для краіны абставінах. Аднак для шляхты падобныя з’езды ні ў якім разе не замянялі супольны вальны сойм, але былі іх дапаўненнем. Паступова ад склікання Галоўных з’ездаў адмовіліся і каралі. Гэта было абумоўлена ўсё большымі пратэстамі шляхты як Княства, так і Кароны, супраць іх правядзення. Да таго ж каралі не маглі дапусціць выкарыстання з’ездаў у інтарэсах розных, часам апазіцыйных, палітычных сіл (напрыклад, у 1593 ці 1671 гг.). Расчараванне з боку каралеўскай улады і шляхты ў інстытуце Галоўнага з’езда ВКЛ прывяло да яго знікнення з палітычнай сцэны Рэчы Паспалітай да канца XVII ст.2

  1. Радаман, А. Галоўны з’езд Вялікага княства Літоўскага / А. Радаман // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 2005. — С. 487-489.
  2. Падалінскі, У.А. Галоўны з’езд Вялікага Княства Літоўскага: генезіс, функцыі, гістарычнае развіццё / У.А. Падалінскі // Беларус. гіст. часоп. – 2015. – № 1. – С. 13–23.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии