Гедзімін

Замак у Троках
Замак у Троках

Гедзімін (Гедымін) (каля 1275-1341 гг.) Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага (1316-1341).
Вялікі князь Гедзімін — адна з самых славутых постацей нашай гісторыі. Чалавек гэты шмат зрабіў для мірнага аб’яднання беларускіх і літоўскіх земляў у адзіную дзяржаву, якая стала ўрэшце адной з самых магутных у Еўропе. Адрозніваўся ён верацярпімасцю і дэмакратычнасцю, што не вельмі ўласціва для тагачасных палітычных дзеячаў.

За часамі князя Гедзіміна, які заняў пасад пасля Віценя, у Вялікім Княстве знаходзілася ўжо большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі. Далучэнне новых земляў адбывалася рознымі шляхамі, але амаль заўсёды мела мірны характар, бо давала прыяднаным княствам надзейную абарону ад ворагаў і магчымасць спакойна займацца земляробствам, рамёствамі і гандлем.

На пачатку XIV ст. канчаткова ўвайшлі ў склад новай дзяржавы Тураўская і Пінская землі, крыху пазней – Менскае княства. Віцебская зямля стала часткаю Вялікага Княства ў выніку шлюбу Гедзімінавага сына Альгерда з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай. Дэманструючы палітычную мудрасць, набытым землям гаспадар (так называлі вялікіх князёў) Гедзімін гарантаваў захаванне ранейшых традыцыйных правоў і законаў.

Гедзімін заснаваў новую сталіцу Беларуска-Літоўскай дзяржавы — Вільню. Паходжанне князя дакладна не высветлена. На думку многіх гісторыкаў, ён не сын Віценя ці Лютавара, а нашчадак Гердэна (ці Эрдэна) — князя полацкага. Гэты факт падкрэслівае беларускія вытокі Гедзіміна. Варта адзначыць: яго браты насілі беларускія імёны Віцень і Воін.
Вялікакняскую пасаду Гедзімін заняў пасля смерці свайго брата Віценя, у 1316 годзе. Крыжакі наўмысна распускалі плёткі аб нізкім сацыяльным статусе паходжання гаспадара Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Па іх аповядах, Гедзімін, быццам бы, быў конюх Віценя.

У 1320 годзе князь будуе ў Троках (сённяшнім Тракаі) замак на востраве, сярод вялікага возера, і пераносіць сюды сваю сталіцу. (Магутны замак у Тракаі літоўцы аднаўлялі болей за стагоддзе, добра разумеючы, што відавочнае сведчанне магутнасці дзяржавы працуе на нацыянальную свядомасць лелей, чымся любыя размовы. Замку ў Наваградку не пашанцавала з намі, няўдзячнымі і няўважлівымі ўладальнікамі былой першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага).

Галоўную пагрозу Гедзімін бачыў у крыжацкай агрэсіі, што прымушала яго ісці на саюз з дзеячамі суседніх дзяржаў і княстваў. Гарантам саюзаў былі роднасныя сувязі, якія адыгрывалі значную ролю ў палітычным свеце. Дачка князя Альдона (у каталіцтве Ганна) — была жонкай Казіміра Вялікага — караля польскага, што дазволіла атрымаць волю 25-ці тысячам палоненых Гедзімінам палякаў. Увогуле, з дзецьмі яму пашанцавала. I астатнія шэсць ягоных дачок выйшлі замуж за людзей высокіх і знакамітых; напрыклад, князя цвярскога, валадара Плоцка, сына Івана Каліты. Нам здаецца, што самым слаўным з зяцёў Гедзіміна быў гродзенскі стараста Давыд, вядомы ў гісторыі як Давыд Гарадзенскі. 3 сямі сыноў Гедзіміна двое — Альгерд і Кейстут — аказалі найбольшы ўплыў на нашу гісторыю.

Падчас праўлення Гедзіміна да Беларуска-Літоўскай дзяржавы далучыліся Віцебская, Менская, Турава-Пінская, Берасцейская землі. Увайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага і Падляссе (цяпер у складзе Польшчы). У 1340 годзе ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага Валынь. Менавіта так складвалася беларуская дзяржава. Адбываўся гэты працэс мірна, шляхам роднасных сувязяў, усведамленнем сілы і палітычнай мудрасці гаспадара. Большасць баяр пры двары Гедзіміна былі праваслаўнымі — гэта значыць беларусамі. Пахавалі ж яго як язычніка. Вось што піша пра гэта “Хроніка літоўская і жамойцкая”: ” Кгедымін, вялікі князь, таге року ад гнемцаў у Прусах забіты з ручніцы…
… Сыны яго… звычаем паганскім, наклаўшы вялікі стос смалістага дрэва, труну яму нарыхтавалі. А потым… прыбралі яго ў адзенне княжае каляровае, якое любіў пры жыцці найболей, а пры ім шаблю, рагаціну, сагайдак, сокалаў пару, хортаў пару, каня з сядлом, слугу яго найшчырэйшага ўлюбёнца, з ім звязаўшы, на бярэмя дроў паклалі… і трох вязняў немцаў узброеных жывых вакол дрэва запаліўшы, з ім спалілі… Кідалі ў агонь кіпцюры рысіныя і мядзвежыя, як быў у іх звычай старадаўні”.

Гедзіміна можна па праву лічыць вялікім сынам нашай дзяржавы.

АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ
1316-1341 гг.Княжанне вялікага князя Гедзіміна.
1320 г.Перамога над крыжакамі пад Меднікамі.
Часткаю Вялікага Княсгва Літоўскага стала Віцебская зямля.
Каля 1325 г.У склад дзяржавы ўвайшло Менскае княства.
1331 г.Разгром нямецкіх рыцараў на рацэ Акмяне.

 

Падзяліцца
  • 1
    Падзяліліся