Гісторыя Крычаўскай верфі

Крычаў, як і многія гарады Беларусі, слаўны сваёй гісторыяй, самабытнасцю і культурай.

У далёкім мінулым, а менавіта ў канцы XVIII стагоддзя, у месцы ўпадзення невялікай рэчкі Крычаўкі ў Сож, на працягу 17 гадоў стаяла і працавала Крычаўская суднаверф.

Ініцыятарам яе будаўніцтва быў тагачасны ўладальнік Крычава і ўсяго Крычаўскага староства Р.А. Пацёмкін-Таўрычны. Менавіта гэты чалавек стаяў ля вытокаў зараджэння, будаўніцтва і фарміравання Чарнаморскага флоту тагачаснай Расійскай імперыі. Валодаючы вялікімі паўнамоцтвамі, ён вяршыў гісторыю. Так, па яго ўказанні, прыкладна ў 1783 годзе было распачата будаўніцтва Крычаўскай верфі, і ў 1785 годзе яна стала будаваць першыя парусныя і вяслярныя судны.

Але стваралася верф не на пустым месцы: будаўніцтва рачных суднаў у Крычаве ажыццяўлялася здаўна. Гаворачы сучаснай мовай, Р.А. Пацёмкін правёў мадэрнізацыю галіны, што прывяло да павелічэння аб’ёмаў перавозкі сыравіны і гатовай прадукцыі.

Крычаў
Карціна М. Іванова «Від Крычава ў XVIII стагоддзі»

З Пецярбурга, Масквы і іншых месцаў у Крычаў былі накіраваны спецыялісты для арганізацыі работ па будаўніцтве самой верфі. У ліку такіх спецыялістаў згадваюцца палкоўнік Няфёдаў, інжынер Феленберг, англійскі інжынер падпалкоўнік С. Бенто і стрыечны дзед А.С. Пушкіна Іван Ганібал. Але мала хто ведае пра такога чалавека, як галерны майстар Рыгор Карчэбнікаў, які выконваў ролю эксперта ў пагрузцы і дастаўцы розных грузаў з так званых «беларускіх дач» Р.А. Пацёмкіна з 1779 года ў паўднёвыя куткі Расійскай імперыі.

Сама Крычаўская верф ўжо ў той час адпавядала сучасным патрабаванням. Так, на каменны падмурак быў пастаўлены драўляны будынак з двух карпусоў з двух’яруснай вежай з высокім шпілем паміж імі. Адзін з карпусоў прызначаўся для сушкі і захоўвання піламатэрыялаў, у другім размясціліся вытворчыя памяшканні. Рака Сож у раёне верфі была пашырана і заглыблена, пабудаваныя прычалы, пракапаны каналы для дастаўкі лесу. Што тычыцца працоўных, то ў будаўніцтве верфі ўдзельнічалі як мясцовыя цесляры, так і вольнанаёмныя, у тым ліку замежнікі.

Крычаў

У 1786 г. на ваду была спушчана першая галера «Дзясна» – адно з галаўных судоў флатыліі, што прызначаліся для падарожжа Кацярыны II. А ўжо праз год было пабудавана 13 яхт і 12 вяслярных суднаў. Сярод іх галеры «Днепр», «Сож», «Цвер», «Буг» і інш. У 1787 г. Г.А. Пацёмкін прадаў сваю крычаўскую гаспадарку Яну Галынскіх. Пры новым гаспадару праца верфі працягвалася аж да 1802 года, пасля чаго была бясследна згублена, як адна з самых цікавых старонак гісторыі Крычава. Толькі малюнак-чарцёж А. Меера і акварэль М. Іванова данеслі да нас архітэктурнае аблічча Крычаўскай верфі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 1
    Падзяліліся