Гомельскі замак

Гомельскі замак існаваў у XIV-ХІХ ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк). Ад гарадской забудовы Гомеля, што абкружала яго з Захаду і Поўдня, быў аддзелены абарончым ровам шырынёй 30-35 м. Пляцоўка мела сегментападобную форму з перыметрам умацаванняў каля 460 м. Стромкія і высокія схілы ў бок Сажа і Гомія ўдала спалучаліся са штучнымі ўмацаваннямі. Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй, уязную браму з перакінутым цераз роў пад’ёмным мостам — “узводам”. Сцены ўмацаванняў на значную вышыню былі абмазаны глінай, якая засцерагала іх ад гніення і выконвала проціпажарную ролю. З замка патаемны падземны ход вёў да Сажа, адкуль у час аблогі бралі ваду.

Гомельскі замак
Рэканструкцыя выгляду замка ў XVI ст.

З канца першай трэці XIV ст. Гомель быў парубежным умацаваным горадам на паўднёва-ўсходняй ускраіне ВКЛ, уваходзіў у абарончы пояс замкаў Пасожжа. У чэрвені 1535 Гомель атачыла моцнае войска вялікага князя ВКЛ Жыгімонта I Старога на чале з гетманам ВКЛ Юрыем Радзівілам, гетманам каронным Янам Тарноўскім і кіеўскім ваяводам Андрэем Нямірам. Акрамя артылерыі, у войску былі спецыялісты па падкопах. Кароль распарадзіўся “замок… моцный и обороною способенный Гомей взять… или хоть огнем его спалить”, а таксама разаслаць лісты дзяржаўцам і намеснікам падняпроўскіх і пасожскіх гарадоў з патрабаваннем вылучыць ад кожнай воласці пэўную колькасць людзей “добрых с топоры, которые бы мели тот замок Гомей зарубити”.

Гетман Ю.Радзівіл, пачаўшы асаду, галоўную стаўку зрабіў на артабстрэл замка: «А так в середу весь день… на замок стрелба била, а потом с середы на четверг всю ночь и в четверг мало не весь день с наших дел стрелбу чинили”. Паводле Патрыяршага летапісу, намеснік рускі кн. Дзмітрый Шчэпін-Абаленскі, які знаходзіўся ў Гомелі, апынуўся “не храбр и страшлив, видев люди многие и убоявся, из града побежал, и дети боярские с ним же и пищалники”. У замку засталіся толькі “тутошние люди немногие Гомьяне”, якія, убачыўшы “воеводское нехрабрство и страхование… здаша град”.

Гомельскі замак
Гомельскі замак з карты XVI ст.

У хуткім часе замак быў адрамантаваны і папоўнены боепрыпасамі. Велікакняжацкі падскарбій Іван Гарнастай накіраваў сюды “вси потребы — салетру и порох и кулм и свинец”. Рашэннем караля ў 1537 мяшчане Гомеля і ўся воласць былі вызвалены ад “роблення замку Гомейского на 1 год… под тым абычаем иж они не мели до году одного замку рубити и ничого в нем оправовати, хиба естли бы которые кгонты в замку опали, або дошчка ся где оторвала, то мели за ся прибити и направити”. Аднак мясцовы дзяржаўца князь В.Ю. Талачынскі адабраў каралеўскі прывілей у мяшчан і валашчан, пачаў “их примушати” выконваць розныя работы ў замку, а непаслухмяных саджаў у вежу, адбіраючы ў заклад жонак і дзяцей. Прысланага для разбору спецыяльнага каралеўскага двараніна і дзяржаўцу “зсоромотил и бити его хотел”, што выклікала гнеў Жыгімонта I. Прычыну незадаволенасці і трывогі Жыгімонт I так сфармуляваў у сваёй грамаце, дасланай дзяржаўцу: “знать и помнять необходимо, …иж тот замок за великим накладом к рукам нашим пришол, …иж тот замок на украйне, а к людям украинным треба ся ласкаве захватити и не годиться им ни в чем обтяженья чинити”.

Значэнне Гомельскага замка для абароны ВКЛ асабліва вырасла ў сувязі з бязлітаснай барацьбой супраць сталых разбуральных набегаў крымскіх татар. Зыходзячы з таго, што “иж кождому оборона и осторожность есть потреба”, сюды з бліжэйшых гарадоў накіроўваліся хлебныя запасы і адмысловыя групы коннай “сторожи”, а з Віленскага арсенала ў 1552, 1562 і 1563 дастаўляліся ўзбраенне і амуніцыя. Так, Чачэрская воласць абавязвалася мець на ўтрыманні ў Гомелі за свой кошт круглы год атрад “сторожи”. З Рагачова перавезлі значную колькасць жыта і аўса “ку наспижованью замку”. У 1557 гарнізон Гомельскага замку быў павялічаны да 200 чалавек “драбов”. На рамонт умацаванняў прыцягвалася насельніцтва Чачэрска, Прапойска, іншых гарадоў і валасцей Падняпроўя і Пасожжа.

У час Лівонскай вайны 1558-1583 Гомелем ненадоўга авалодалі войскі Івана IV Грознага, аднак у ліпені 1576 атрад на чале з Ю. Радзівілам зноў вярнуў яго. 5.5.1581 горад зведаў яшчэ адзін напад царскіх войск, якія “до замку неведоме ночью пряшедши, на место ударили и место огнем выпалили”, але замак не ўзялі.

У час руска-польскай вайны 1614-1615 у замку стала знаходзіўся невялікі гарнізон у 40 казакоў і 40 салдат. Іх падтрымлівала гарадское апалчэнне. У 1633 горад і замак вытрымалі штурмы казацкіх сотняў Багдана Булгакава і Івана Ярмоліна.

У кастрычніку 1648 украніскія казакі на чале з палкоўнікам Главацкім і беларускія сяляне занялі Гомель, абрабавалі шляхту і заможных людзей. Аднак неўзабаве Б. Хмяльніцкі адклікаў атрад Главацкага на Украіну.

Пасля Корсуньскай бітвы 1648 з дэпамогай мяшчан Гомель у 1649 быў заняты казакамі палкоўніка М. Нябабы. Аднак Збораўскі мір 1649 даў магчымасць літоўскаму гетману Я. Радзівілу сканцэнтраваць дастатковую колькасць войск для задушэння паўстання на Гомельшчыне і ўзяцця Гомеля, Чачэрска і іншых гарадоў.

У 1651 г. Хмяльніцкі пачаў новы наступ на паўднёвыя гарады Беларусі, накіраваўшы да Гомеля войска палкоўнікаў П.М. Забелы і Окшы. Агульны ўздым барацьбы насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне XVII ст., а таксама пагроза з боку войска Рускай дзяржавы прымусілі каралеўскую ўладу ў 1653 размясціць у парубежных замках Пасожжа дадатковыя гарнізоны.

У сакавіку 1654 у Гомельскім замку было 700 чалавек пяхоты, прысланай гетманам Радзівілам. Паводле некаторых звестак, да лета 1654 гомельскі гарнізон налічваў 2 тыс. чалавек, у асноўным нямецкай і вугорскай пяхоты, была і рота татар. У чэрвені 1654, у самым пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667, на Гомель з Ноўгарад-Северскага рушыла 20-тысячнае войска наказнога гетмана I.Н. Залатарэнкі. Паводле Летапісу Самавідца, гетман “армат узял из собою немало, так же запас пушечный”, што дазваляла яму пачаць аблогу гэтага найбуйнейшага на Ніжнім Пасожжы замка. Залатарэнка паведамляў цару Аляксею Міхайлавічу, што “Гомель есть всем местам граничным литовским головою. Место велми оборонное, людей служялых немало, снарядов и пороху много”. Войска Залатарэнкі без асаблівых цяжкасцей пераадолела гарадскія ўмацаванні і падышло да замка. Вакол яго і на суседніх узгорках былі расстаўлены гарматы, і казакі пачалі аблогу, “промышляя всеми промыслы ратными”. Да 11 ліпеня праведзены 4 штурмы, якія былі адбіты. Абаронцы Гомельскага замку адказвалі дзёрзкімі вылазкамі. Аблога зацягвалася, і Залатарэнка вырашыў прымусіць замак здацца “голодом и безводьем”. За ходам аблогі сачыла ўся ўсходняя Беларусь, абодва ваюючыя бакі. Атаман разумеў, што абаронцы сваёй упартасцю “всей Литве и войскам её сердца и смелости додают”, і таму звярнуўся да аточаных ад імя цара і Хмяльніцкага з прапановай здацца, але тыя “гордо и сурово” адмовіліся. Тады казакі ўсцягнулі некалькі невялікіх гармат на Спаскую царкву, якая стаяла за Гамеюком недалёка ад замка. Стральба распаленымі ядрамі выклікала ў фартэцыі пажар. Вылазка абаронцаў, каб знішчыць гэту агнявую пазіцыю, была няўдалай. Неўзабаве казакі знайшлі і падарвалі патаемны ход да вады, што і вырашыла лёс замка.

Як паведамлялася цару 13.8.1654, пасля больш чым 1,5-месячнай аблогі “гомляне, полковники, ротмистры и со всеми своими людьми покорилися”. Вайна прынесла вялікія спусташэнні Гомелю. Але замак, паводле звестак за 1666, усё яшчэ ахоўваў сваю магутнасць.

Гомель

У 1737 уладальнік Гомельскага староства князь Міхаіл Чартарыйскі пабудаваў тут новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, у якіх былі шматлікія байніцы, паглыбіў равы і адрамантаваў пад’ёмны мост. У выніку далучэння ўсходняй Беларусі да Расійскай імперыі ў 1772 Гомель быў падараваны “для увеселенья” графу П.А. Румянцаву. Ён застаў даволі моцны замак, абнесены палісадам, які існаваў яшчэ ў 1780 г. Потым вежы і сцены драўлянага замка былі разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле Б. Растрэлі тут пачалося будаўніцтва каменнага Гомельскага палаца, які існуе і цяпер.

Міхась Ткачоў, Замкі Беларусі, 1977

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии