Разгром татараў на Сініх Водах

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

ссылка

На паўднёвых межах Вялікага Княства таксама было неспакойна. Адтуль зноў і зноў нападалі татары. Яны стварылі велізарную дзяржаву - ад Заходняй Сібіры да Дуная і трымалі ў васальнай залежнасці расейскія і ўкраінскія княствы.

Альгерд пастанавіў разграміць ардынцаў у генеральнай бітве і рушыў з 30 тысячамі ваяроў углыб варожай тэрыторыі. Аснову войска складалі беларускія палкі, да якіх далучылася кіеўскае і валынскае рушанне (апалчэнне). Татарскую арду ўзначальвалі князі Кутлубуг, Качубей і Дзімітр.

Бітва адбылася ў 1362 г. каля ракі Сінія Воды - прытокі Паўднёвага Буга. Татары разлічвалі выкарыстаць сваю звычайную тактыку - імклівай атакай зайсці з флангаў і абкружыць нашае войска. Але Альгерд яшчэ раз выявіў выдатны вайсковы талент і сарваў гэтыя планы, паставіўшы шэсць сваіх палкоў у лінію глыбокай абароны. Ардынцы мусілі распачаць франтальны бой. Адбіўшы іхны націск, Альгердава войска само атакавала ворага з фронту і з флангаў. Татары не вытрымалі магутнага ўдару і паказалі спіны. Рэшткі варожай конніцы ратаваліся ўцёкамі да самага Дуная. Асабліва вызначыліся ў той сечы новагародскія ваяры.

Разгром стэпавікоў на Сініх Водах стаўся першай ва ўсёй Усходняй Еўропе буйной перамогай над татарамі. У выніку яе ад ардынскага прыгнёту былі вызваленыя і далучаныя да Вялікага Княства Літоўскага ўкраінскія землі - Кіеўская, Валынская, Ноўгарад-Северская і Падолле. Княжыць у Кіеве Альгерд прызначыў свайго сына Уладзіміра.

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012