Крэўская унія

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

Польскае Каралеўства перажывала надзвычай цяжкі перыяд. Яно засталося без уладара, а каралеве Ядзьвізе споўнілася толькі трынаццаць гадоў. Польшча страціла Сілезію, Памор'е і выйсце да Балтыкі. Яна апынулася перад пагрозаю заваёвы немцамі і страты незалежнасці. Шмат хто з буйных польскіх феадалаў бачыў выйсце ў альянсе сваёй дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім, якое таксама ўяўляла для Каралеўства значную пагрозу. Небяспека з боку тэўтонцаў рабіла збліжэнне з Польшчай выгадным і нашай краіне.

Польскія паслы прыехалі ў Крэва (цяпер мястэчка ў Смаргонскім раёне), дзе была рэзідэнцыя Ягайлы, і папрасілі яго стаць іхным каралём, ажаніўшыся з Ядзьвігай. Дзеля гэтага ён мусіў прыняць каталіцтва, а таксама ахрысціць у яго падданых, якія вызнавалі паганства. Апрача таго, акт падпісанай у жніўні 1385 г. у Крэўскім замку вуніі змяшчаў абяцанне Ягайлы вызваліць дзясяткі тысяч хрысціян-палякаў, што знаходзіліся ў палоне ў Вялікім Княстве.

Пазней, у ХV-ХVI стст., палякі выстаўлялі як арыгінал Крэўскага акту дакумент, які ўтрымліваў проста фантастычныя абавязанні Ягайлы.Той нібыта дакляраваў аддаць палякам увесь свой дзяржаўны скарб, заплаціць 200 тысяч фларынаў Вільгельму Аўстрыйскаму за адмову ад шлюбу з Ядзьвігай (за такія грошы тады можна было купіць цэлую краіну). I наагул Ягайла як быццам абяцаў зліквідаваць Вялікае Княства, далучыўшы яго да Польшчы. Гэты тэкст нагадваў акт капітуляцыі і даваў усе падставы дзяржаўным дзеячам Вялікага Княства лічыць яго падробкай. Палякі ж няраз выкарыстоўвалі сфальшаваны дакумент (пры жыцці Ягайлы ён быў невядомы і не згадваецца ў беларускіх летапісах) для абгрунтавання сваіх прэтэнзіяў на беларускія землі.

Тэкст Крэўскай вуніі з умовамі шлюбу Ягайлы і каралевы Ядзьвігі, а таксама з пацверджаннем права захоўваць на польскім троне тытул вялікага князя літоўскага. На думку некаторых даследнікаў, гэты дакумент з'яўляецца падробкай

Узаемавыгадны альянс

Сапраўды Крэўская вунія азначала ўзаемавыгадны хаўрус дзвюх самастойных дзяржаваў. Ён значна павялічваў іх вайсковую магутнасць (найперш у барацьбе з Тэўтонскім ордэнам), спрыяў пашырэнню эканамічных і культурных сувязяў паміж нашым гаспадарствам і Польшчай, а таксама іншымі еўрапейскімі краінамі.

У прывілеі Ягайлы 1387 г. гаворыцца пра поўную дзяржаўную незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага. Тады ж, дарэчы, ён адзначаў, што традыцыя абароны «нашай літоўскай зямлі па-народнаму называецца пагоняй», гэта значыць залічаў сам сябе да ліцьвіноў - тагачаснага беларускага этнасу. Нічога пра ўваходжанне нашай дзяржавы ў склад Польшчы не сказана і ў падпісаных неўзабаве пасля Крэўскай вуніі Востраўскім пагадненні 1392 г. і Віленска-Радамскай вуніі 1401 г.

Як Крэўская, так і наступныя вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Польскім Каралеўствам (да Люблінскай 1569 г.) мелі асабісты (персанальны) характар.

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012