Трыбунал Вялікага Княства

Найвышэйшым судом дзяржавы быў створаны ў 1581 г. Трыбунал Вялікага Княства, або Галоўны трыбунальскі суд. Ён складаўся з суддзяў (па двое ад павета), якіх шляхта штогод выбірала на сойміках. Выбранымі маглі быць толькі народжаныя ў Княстве асобы, якія валодалі маёнткамі і добра ведалі мясцовыя звычаі і права. Яны ў сваю чаргу шляхам галасавання вызначалі маршалка (старшыню). Паседжанні Трыбунала па чарзе праводзіліся ў Вільні, Наваградку і Менску.

Прывілей трыбунальскаму суду
Прывілей трыбунальскаму суду, выдадзены князем Жыгімонтам Аўгустам у 1570 г.

У кампетэнцыю Галоўнага суда ўваходзілі апеляцыі на пастановы земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, скаргі на незаконныя дзеянні мясцовых службоўцаў, а таксама апеляцыі шляхцічаў засуджаных на пакаранне смерцю, доўгае зняволенне і вялікую грашовую кару. Справы разглядалі калегіі з некалькіх суддзяў. Працэсы адбываліся адкрыта, з удзелам бакоў ды іх пракуратараў (адвакатаў).
Свае дэкрэты (пастановы) трыбунальскія суддзі прымалі большасцю галасоў і накіроўвалі для выканання павятовым судам.

Стварэннем Галоўнага трыбунальскага суда завяршылася фармаванне сістэмы найвышэйшых органаў дзяржаўнай улады.

Адрозна ад Маскоўскай дзяржавы, дзе набірала сілу азіяцкая тыранія, а падданыя (нават з самых знакамітых баярскіх родаў) былі асуджаныя на ролю «государевых людишек», у нашай краіне асоба мела нязмерна шырэйшыя магчымасці для самасцверджання і рэалізацыі сваіх правоў. Гэта – яскравае сведчанне ўлучанасці Вялікага Княства Літоўскага ў агульнаеўрапейскую цывілізацыю, па-за межамі якой заставаліся нашы ўсходнія суседзі.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Падзяліцца