Уладаранне вялікага князя і караля Жыгімонта Вазы

Пасля смерці Сцяпана Батуры вялікім князем літоўскім і каралём польскім быў абраны Жыгімонт Ваза – сын караля Швецыі Юхана і Кацярыны, дачкі Жыгімонта Старога. Новы манарх уладарыў 45 гадоў, пад час якіх у нашай дзяржаве адбываліся вельмі значныя падзеі.

Жыгімонт Ваза падтрымаў Берасцейскую царкоўную вунію, аде не дапусціў грэцка-каталіцкіх біскупаў у Сенат. Гаспадар абкружыў сябе вузкім колам магнатаў, чужаземцаў і езуітаў. Ён быў прыхільнікам узмацнення каталіцкай царквы, але разам з тым дзеля захавання рэлігійнай талеранцыі выдаў некалькі прывілеяў, якія забяспечвалі правы вернікаў-праваслаўных.

Жыгімонт Ваза

Спробы вялікага князя і караля ўвесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію ў 1606 г. выклікалі ў краіне рокаш – збройнае выступленне шляхты. Сярод іншага яна дамагалася і разрыву нявыгаднага для дзяржавы хаўрусу Жыгімонта з Габсбургамі і Святой Рымскай імперыяй. Змаганне з шляхтай скончылася кампрамісам і амністыяй. Сойм пацвердзіў, што і надалей манархі ў дзяржаве будуць выбірацца, а не атрымліваць трон у спадчыну.

Замежная палітыка Жыгімонта Вазы была актыўнай, але непаслядоўнай. Калі ў 1592 г. памёр ягоны бацька, наш манарх адначасова стаў і каралём Швецыі. Аднак ён уступіў у востры канфлікт з шведскай пратэстанцкай шляхтай, якая праз сем гадоў скінула яго з каралеўскага пасаду. Намагаючыся вярнуць карону, Жыгімонт уцягнуў Вялікае Княства ў працяглую вайну з паўночнай суседкай.

На пачатку свайго кіравання Жыгімонт выдаў прывілей, якім зацвердзіў трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага. Гэта адбылося ў студзені 1588 г. на каранацыйным Сойме і было адказам на патрабаванне ліцьвінскай шляхты, якая ў адваротным выпадку адмаўлялася прызнаць манарха. Новы збор законаў скасоўваў прынцыпы Люблінскай вуніі з Польшчай і замацоўваў суверэнітэт Княства ў канфедэрацыйнай Рэчы Паспалітай.

Ад Жыгімонта атрымаў дапамогу Дзімітр I, які называў сябе малодшым сынам цара Івана IV, што насуперак афіцыйнай версіі нібыта не загінуў, а застаўся жывы (дарэчы, ёсць звесткі, што ў магіле царэвіча Дзімітра ў 1990-х гадах сапраўды знайшлі не парэшткі цела, а «ляльку».) Існуе версія, што прэтэндэнтам на крамлёўскі пасад быў Рыгор Атрэп’еў з шляхоцкага беларускага роду. Ён меў добрую адукацыю, валодаў некалькімі мовамі і ведаў вайсковую справу. На чале аддзелаў ліцьвінскай і польскай шляхты падпарадкаваў сабе значную частку Расейскай дзяржавы і заняў Маскву. Але, каранаваўшыся ў 1605 г. як цар Дзімітр I, ён адмовіўся перадаць у склад Рэчы Паспалітай абяцаныя раней за падтрымку Смаленскую і Северскую землі.

Неўзабаве новага маскоўскага ўладара забілі баяры-змоўшчыкі. Яму на змену прыйшоў Дзімітр II, у мінулым – настаўнік у Шклове. Як і папярэднік, ён з войскам, што складалася пераважна з нашых суайчыннікаў, авалодаў на ўсходзе вялікімі абшарамі, але ўзяць Масквы не здолеў і быў забіты.

У 1609 г. Жыгімонт пачаў з Расеяй вайну, у ходзе якой маскоўскі ўрад змушана абвясціў каралевіча Уладзіслава царом. Аднак неўзабаве на крамлёўскі трон быў абраны Міхаіл Раманаў.

На ўсходнім кірунку вялікі князь планаваў на добраахвотнай аснове далучыць да Рэчы Паспалітай Расею і стварыць там царкоўную вунію. Дзеля гэтага ён меркаваў пасадзіць у Крамлі свайго стаўленіка або зрабіць царом сына Уладзіслава.

Недальнабачнасць Жыгімонта Вазы ў выбары ім еўрапейскіх хаўруснікаў выклікала шматлікія напады на Рэч Паспалітую крымскіх татараў і туркаў. У 1621 г. наш вялікі гетман Ян Кароль Хадкевіч атрымаў бліскучую перамогу над туркамі пад Хацінам, але нерашучыя дзеянні манарха не дазволілі напоўніцу выкарыстаць яе.

Палітыка Жыгімонта Вазы шмат у чым прывяла да змяншэння ролі Рэчы Паспалітай у Еўропе.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1587-1632 гг. Уладаранне вялікага князя і караля Жыгімонта Вазы.
1588 г. Гаспадар зацвердзіў трэці Статут дзяржавы.
1592-1599 гг. Жыгімонт Ваза адначасова з’яўляецца каралём Швецыі.
1605-1606 гг. Цараванне ў Масковіі Дзімітра I.
1608-1610 гг. Авантура Дзімітра II (Самазванца).

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии