Паляўнічыя на паўночных аленяў

Каля 17 тыс. гадоў назад на ўсёй Зямлі i, зразумела, на Беларусі таксама, пачалося імклівае пацяпленне. Яно, як i папярэдняе пахаладанне, не адбывалася плаўна. Ледавік раставаў, адступаў, але надараліся перыяды ў сотні i тысячы гадоў, калі зноў мацнела сібернае дыханне Поўначы.
Тыпы старажытнейшых крамянёвых наканечнікаў стрэл з тэрыторыі Беларусі.
Тады ледавік прыпыняўся або нават зноў пашыраўся на поўдзень, быццам спрабаваў вярнуць страчанае. Аднак цяпло брала сваё, i праз 7 тыс. гадоў ледавік адступіў да сваёй першапачатковай калыскі — гор Скандынавіі i канчаткова там растаў.

Адступаючы, ледавік пакідаў пасля сябе ўзгоркі гліны i жвіру, раўніны, дзе на дне талых патокаў i шырокіх лагчын адкладаліся пяскі. Зямля яшчэ была мёртвая, з вечнай мерзлатой. Але, чым далей адступаў ледавік, тым усё больш край пачынаў пакрывацца, хоць яшчэ i зусім кволай, тундравай расліннасцю. Затым густа зазелянелі берагі незлічоных рэк i азёраў. I вось на гэтай тундры, дзе аленевы мох — ягель се рабрыў лагодныя схілы ўзгоркаў, з’явілася мноства дзікіх жывёл, i сярод ix найбольш — паўночных аленяў. Каля 12 тыс. гадоў назад, у самым канцы палеаліту, з поўдня i захаду на зямлю Беларусі, якая ўжо даўно забылася пра цяпло чалавечага вогнішча, прыйшлі плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Гэта было рухавае насельніцтва, якое часта перамяшчалася з месца на месца, бо яго асноўная здабыча мігрыравала. Летам алені адыходзілі на поўнач, бліжэй да берагоў халоднай Балтыкі , дзе можна было ратавацца ад машкары, зімой — пад зацішак лясоў, якія ўжо з’явіліся на ўзбярэжжах Прыпяці.

Стаянка эпохі позняга палеаліту ў Цэнтральнай Еўропе

Асноўнай паляўнічай зброяй новых жыхароў нашага краю стаў лук ca стрэламі. Лук — фактычна першае механічнае прыстасаванне, вынайдзенае чалавекам. У ім выкарыстоўвалася энергія пругкага дрэва. У папярэднюю эпоху, калі галоўнай здабычай былі вялізныя непаваротлівыя маманты, паляванне было пераважна загонным усім чалавечым гуртом, з доўбнямі, камянямі, цяжкімі коп’ямі. Зараз, калі дзічына стала драбнейшая памерамі i хутканогая, такі спосаб быў далёка не заўсёды эфектыўны. Стала патрэбна забіваць жывёлу на адлегласці . Таму i вынайшлі лук. Свае кароткачасовыя паселішчы-стаянкі людзі канца палеаліту ладзілі на берагах рэк, непадалёку брадоў i перапраў аленяў. Жытлом служылі лёгкія збудаванні з жэрдак, крытыя карой i скурамі. Яны нагадвалі пазнейшыя сібірскія чумы. Пры раскопках такіх стаянак археолагі знаходзяць пераважна крамянёвыя вырабы, змайстраваныя з масіўных адшчэпаў i пласцін. Сярод ix вылучаюцца вялікія лістападобныя наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, нажы. Выгляд знаходак архаічны, грубы, яны яшчэ захоўваюць палеалітычныя традыцыі. З’яўленне плямёнаў паляўнічых на паўночных аленяў стала трэцяй спробай чалавека засяліць тэрыторыю Беларусі, і, як бачым, паспяховай.

© М. Чарняўскі

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии