Перыяд 1831 - 1863 гг. на Беларусі

Замена польскіх школаў рускімі

Закрыццё Віленскага універсітэта. Актыўны ўдзел студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў паўстанні стаў адной з прычынаў перагляду Мікалаем I усёй сістэмы адукацыі ў Беларусі. Найперш ён закрыў Віленскі універсітэт, цэнтр культуры беларускага, літоўскага і польскага народаў. Праўда, факультэты медыцынскі і багаслоўскі былі ператвораныя ў Медыка-хірургічную акадэмію і духоўную вучэльню. Пры акадэміі існаваў вельмі рэдкі па тых часах ветэрынарны аддзел. Аднак і гэтая вышэйшая навучальная ўстанова ў 1842 г. была закрытая за ўдзел яе студэнтаў у польскім вызваленчым руху. Тады ж духоўную вучэльню для каталікоў перавялі ў Пецярбург. А ўсе універсітэцкія каштоўнасці (бібліятэка, абсталяванне кабінетаў, музей) былі перавезеныя з Вільні ў Кіеў, дзе з 1834 г. дзейнічаў універсітэт Святога Уладзіміра. Так жыхары Беларусі страцілі магчымасць атрымліваць універсітэцкую адукацыю на радзіме і больш не мелі яе на працягу ўсяго царскага перыяду сваёй гісторыі. У мэтах русіфікацыі мясцовай моладзі ўрад выдзеліў у 1833 годзе 50 казённых стыпендыяў у Пецярбургскім і Маскоўскім універсітэтах для добранадзейных гадаванцаў беларускіх гімназіяў. Пазней мясцовым абітурыентам адпускалася па 5 стыпендыяў у кожным з тагачасных расійскіх універсітэтаў.
Інстытут у Горы-Горках. Нарэшце ў 1848 г. і ў Беларусі ўзнікла руская вышэйшая навучальная ўстанова - Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Ен месціўся ў Аршанскім павеце і быў адзіным інстытутам такога кшталту на ўсю Расію. Інстытут стаў найважнейшым цэнтрам агранамічнай навукі ў імперыі. Яго студэнты праходзілі практыку ў маёнтках мясцовых землеўладальнікаў. Гаспадары засвойвалі метады навуковай аграноміі, а практыканты - шляхецкі дух вольнасці, з якім безвынікова змагаўся царызм. У студэнцкім асяроддзі ўзрасталі патрыятычныя настроі. I яны ўжо сілкаваліся не толькі з Варшавы, але й з Пецярбурга і Кіева. Горы-Горацкі інстытут пераймаў эстафету вальнадумства ў былога Віленскага універсітэта. Былы студэнт інстытута С. Дымковіч арганізаваў у 50-х гадах у Горы-Горках патаемную беларускую школу.

Сярэдняя і ніжэйшая адукацыя. Пасля закрыцця універсітэта ўсе гімназіі і іншыя навучальныя ўстановы апынуліся ў руках царскіх ураднікаў вучэбнай акругі, якія ўзяліся замяняць польскія школы на рускія. У выніку іх працы колькасць гімназіяў і павятовых вучэльняў зменшылася ў Беларусі прыкладна напалову і толькі ў 1844 г. дасягнула ўзроўню 1831 г. Польскія школы пры касцёлах і кляштарах увогуле закрываліся, а для адкрыцця рускіх школаў пры цэрквах не заўсёды хапала сродкаў. Ва ўсіх навучальных установах польская мова была цалкам пад забаронай. Але мясцовыя настаўнікі не заўсёды хацелі і маглі пераходзіць на рускамоўнае выкладанне. Тады іх замянялі выкліканымі з цэнтральнай Расіі. Рускія настаўнікі атрымлівалі падарожныя грошы, а на месцы - павышаныя аклады. Нястача гнала ў Беларусь пераважна разначынцаў. Для справы русіфікацыі больш падыходзілі рускія свяшчэннікі, якіх з задавальненнем тут прымалі і прыцягвалі да працы ў пачатковых школах, бо мясцовыя святары не заўсёды здавальняюча гаварылі па-руску. Увогуле ж, тагачасная імперыя не мела дастатковай колькасці інтэлігенцыі (а тым больш, добранадзейнай), каб з яе дапамогай паспяхова праводзіць русіфікацыю беларускіх земляў. У 1839 г. выкліканыя з цэнтральных губерняў Расіі настаўнікі складалі ў Беларусі толькі 17%. Рускія школы спачатку саступалі былым польскім па якасці адукацыі. Галоўная ўвага ў іх звярталася на авалодванне рускай мовай. Народных школаў было мала. Прыгонніцкая пагарда да беларускіх сялянаў і жабрацкая казна асуджалі іх на непісьменнасць, але ратавалі ад русіфікацыі. Захады царскага ўрада не прымусілі мясцовую спаланізаваную шляхту прыняць рускія культурныя каштоўнасці. Аляксандр II (1855—1881), узышоўшы на пасад, палічыў за лепшае ўзнавіць у навучальных установах Беларускага краю выкладанне польскай мовы.

Узмацненне ўплыву праваслаўя

Пасляпаўстанцкі наступ. Актыўны ўдзел уніяцкіх манахаў і некаторых святароў у паўстанні 1831 г. выклікаў новы наступ на унію. Язэп Сямашка і Міхаіл Мураўёў прапанавалі ўвогуле скасаваць яе адміністрацыйным шляхам. Але царызм устрымаўся ад гвалту, бо пабаяўся народнага гневу дый не жадаў псаваць адносіны з Ватыканам, якому уніяты падпарадкоўваліся, хоць і фармальна. Тым не менш, узнавілася закрыццё базыльянскіх кляштараў, распачалася русіфікацыя уніяцкага духавенства. Вольныя пасады замяшчаліся асобамі, што скончылі духоўныя семінарыі ў Расіі. Дзяцей беларускіх святароў дзеля дэнацыяналізацыі пасылалі ў рускія духоўныя школы Украіны. Усё вышэйшае кіраўніцтва царквы павінна было складацца з рускіх і надзейных мясцовых святароў. Язэп Сямашка стаў архібіскупам Літоўскім, а крыху пазней у сан бікупаў пасвячаюцца і яго паплечнікі ў барацьбе з каталіцызмам Іосіф Жарскі, Антон Зубко, Васіль Лужынскі. Для ўзмацнення наступу на уніяцкую веру адной Магілёўскай праваслаўнай епархіі на ўсю Беларусь не хапала, а таму ў 1832 г. ствараецца другая, з цэнтрам у Полацку.
Спроба сілавога націску. Біскуп новастворанай Полацкай праваслаўнай епархіі Смарагд Крыжаноўскі разам з тутэйшымі губернатарамі Н. Хаванскім і Шрэдэрам пачаў сілай далучаць уніятаў да праваслаўя. Гэта выклікала вялікае абурэнне народа. Галоўных уз’яднальнікаў сяляне маёнтка Азярышча Гарадоцкага павета хацелі ўтапіць і тыя ледзь паспелі ўцячы. На дваранскіх выбарах у Віцебску 172 шляхціцы падпісалі Акт пратэсту. Папярэдне павятовы маршалак Людвік Беліковіч ездзіў па маёнтках і агітаваў за унію. Шляхту цар “супакоіў” пагрозай канфіскаваць маёмасць. Але ад метаду перапісвання цэлых парафіяў у праваслаўе давялося адмовіцца. Смарагд Крыжаноўскі быў пераведзены ў іншае месца.
Планы мірнага наступлення. Расійскі ўрад і яго верны слуга Язэп Сямашка вырашылі, што лепш за ўсё ліквідацыю уніяцкай царквы рыхтаваць шляхам паступовага пашырэння ў ёй дакладнай, артадаксальнай абраднасці рускай праваслаўнай царквы. У лютым 1834 г. нарада уніяцкіх біскупаў, большасць якіх ішла за Язэпам Сямашкам, абавязала прыходскіх святароў карыстацца ў набажэнстве праваслаўнымі служэбнікамі маскоўскага выдання і выказалася на карысць праваслаўных абрадаў. Бяднейшым цэрквам пры гэтым выдаткоўвалася фінансавая падтрымка.
Насаджэнне абрадаў рускай праваслаўнай царквы. Не паўсюль русіфікацыя ішла гладка. 60 уніяцкіх святароў Наваградскага павета адмовіліся прымаць праваслаўныя служэбнікі і падалі аб тым дакладную запіску. У іншых месцах новыя служэбнікі проста моўчкі не выкарыстоўваліся. Тады Язэп Сямашка загадаў збіраць па цэрквах уніяцкія старадрукі і паліць іх на вогнішчах. Святароў прымушалі каяцца, а тых, хто не згаджаўся, каралі турмой ці высылкай у манастыр. 3 1835 г. пачалося ажыццяўленне планаў Язэпа Сямашкі па ўзнаўленні ва уніяцкай царкве “чыстых” праваслаўных абрадаў. Найцяжэй было адбудаваць іканастасы, бо дзяржаўных сродкаў на гэта не хапала. Але міністр унутраных справаў Расіі знайшоў выхад. Ён загадаў рабіць гэта землеўладальнікам рыма-каталіцкай веры на той падставе, што, маўляў, трэба задаволіць рэлігійныя запатрабаванні сялянаў, якія прыносяць ім карысць сваёй працай. У 1836 г. з уніяцкіх цэркваў былі вынесеныя арганы, пераробленыя інтэр’еры, пасля чаго яны ўжо мала чым адрозніваліся ад звычайных праваслаўных храмаў. Нарэшце было загадана весці метрычныя кнігі уніятаў на рускай мове. Усе гэтыя змены суправаджаліся гвалтам. Непісьменнае сялянства, хоць і не разумела мэтаў пераменаў, але абуралася забаронай старых абрадаў, з якімі ўжо звыклася. Асабліва вялікі пратэст назіраўся на Беласточчыне. Ад праваслаўных абрадаў адмовіліся 15 парафіяў.
Прыхільнікі і праціўнікі далучэння. I ўсё ж колькасць прыхільнікаў далучэння да праваслаўя паступова расла. Уніяцкія святары жылі бедна, нярэдка адчувалі пагарду з боку ксяндзоў, залежалі ад падачак памешчыкаў каталіцкай веры, бачылі шмат здзекаў з уніяцкага сялянства, якія часам чыніла рыма-каталіцкая адміністрацыя маёнткаў. Пад уплывам царскай агітацыі яны шчыра верылі, што праваслаўны ўрад больш паклапоціцца пра жыццё сваіх аднаверцаў. У 1837 г. настаў момант, калі можна было пазбавіць уніяцкую царкву самастойнасці, падпарадкаваць яе царкве праваслаўнай. 3 гэтай мэтай Грэка-уніяцкая калегія перадавалася пад уладу Сінода. Пасля такога кроку далучэнне пайшло шпарчэй. На пачатку 1838 г. памерлі мітрапаліт Іясафат Булгак і пінскі біскуп Іосіф Жарскі, якія супраціўляліся “ўз’яднанню”. На чале Полацкай епархіі стае Васіль Лужынскі. У Язэпа Сямашкі развязваюцца рукі. Ен загадаў прымусам браць у святароў падпіскі аб іх згодзе на далучэнне да праваслаўя.
Праўда, у 1838 г. з 680 уніяцкіх святароў за далучэнне да праваслаўя падпісаліся толькі 186. Большасць устрымалася, але ціха і моўчкі чакала скону сваёй царквы. I толькі найбольш адданыя уніяцтву не спынялі барацьбы. У верасні ў вёсцы Царкоўня Дрысенскага павета сабраліся святары Полацкай акругі і напісалі прашэнне на імя цара, каб ён даў ім сапраўдных уніяцкіх біскупаў, дазволіў адчыніць друкарню для уніяцкіх выданняў і духоўныя школы або не чыніў
перашкодаў для пераходу ў каталіцкае веравызнанне. Петыцыю падпісала ад імя сваіх парафіяў 111 святароў. Арганізатарамі гэтага пратэсту былі вельмі адукаваныя на свой час людзі - Ян Ігнатовіч і Адам Тамковіч. Але іх чакала зняволенне ў манастыры Курскай губерні, якой тады кіраваў Міхаіл Мураўёў.
Скасаванне уніяцтва. Асобныя пратэсты унію не выратоўвалі. Сакрэтны камітэт па уніяцкіх справах у Пецярбурзе ўжо рыхтаваў захады па яе скасаванні. У лютым 1839 г. у Полацку пачаўся сабор уніяцкіх біскупаў. Мясцовай адміністрацыі загадалі прыняць меры перасцярогі, а на дапамогу прыслалі казакаў. Усе дакументы гэтага царкоўнага сабору былі падрыхтаваныя ў ведамстве шэфа жандараў Расіі графа Аляксандра Бенкендорфа. Па загадзе Мікалая I ліквідацыю царкоўнай уніі рыхтавалі адначасова кіраўніцтва уніяцкай царквы і тайная паліцыя Расіі. Урад чакаў супраціўлення. Але сабор прайшоў ціха. На чале яго стаялі Язэп Сямашка, Васіль Лужынскі і Антон Зубко. Саборны акт “уз’яднання” уніятаў з праваслаўнай царквой падпісалі 24 асобы. Усе яны былі беларусамі, апроч Язэпа Сямашкі. Далучэнне парафіяў праходзіла даволі спакойна, бо ўлады рыхтаваліся да гэтага загадзя - шчодра сыпалася дэмагогія, сеяўся страх.
Чаму не ўратаваліся уніяты? Унія як кампраміс праваслаўя і каталіцызму магла існаваць у талерантнай Рэчы Паспалітай, але была несумяшчальнай з дэспатызмам расійскага самаўладдзя, з рускай імперскай ідэяй. Шляхам поўнай ліквідацыі уніі царскі ўрад дамогся аслаблення каталіцызму і ўзмацнення праваслаўя ў Беларусі, вызвалення беларускіх уніятаў ад канфесійнай падлегласці Рыму, а разам з тым, і ад культурнага і палітычнага ўплыву на іх Польшчы, Захаду ўвогуле. Унія была знішчаная яшчэ да таго, як беларуская зямля нарадзіла барацьбітоў за сваю незалежнасць.
Якое праваслаўе запанавала ў Беларусі? Пасля скасавання уніі Язэп Сямашка стаў праваслаўным архіепіскапам Літоўскай епархіі (трэцяй па ліку ў Беларусі), перанёс сваю кафедру з Жыровічаў у Вільню і распачаў умацаванне праваслаўнай царквы. Дагэтуль на яе не звярталі асаблівай увагі. I ўрад, і вышэйшае духавенства больш займаліся справамі уніятаў. Тутэйшая праваслаўная царква захоўвала старадаўнія праваслаўныя традыцыі беларускай зямлі, была пераемніцай даўніяцкага праваслаўя. Уплыў рускай праваслаўнай царквы да 30-х гадоў тут быў нязначны, але ў сувязі з барацьбой за далучэнне уніятаў ён узмацніўся. Акт 1839 г. ператварыў праваслаўе ў пануючую рэлігію Беларусі. Гэта, праўда, ніяк не стасавалася з паўразбуранымі храмамі, малаадукаванымі і матэрыяльна незабяспечанымі праваслаўнымі святарамі на беларускай зямлі. Урад ускладаў на мясцовуго зямельную арыстакратыю абавязак будаваць храмы і дамы для сельскіх святароў, арганізоўваць царкоўныя школы. Але можна сабе ўявіць, наколькі каталіцкія землеўладальнікі былі зацікаўленыя ў падтрымцы праваслаўя. У 1842 г. царскі ўрад перавёў праваслаўнае духавенства, як і каталіцкае, на дзяржаўнае ўтрыманне, папярэдне забраўшы царкоўныя маёнткі. Гэтая мера не ўраўняла праваслаўных святароў з ксяндзамі, таму што адны мелі сялянскую паству, а другія - шляхецкую з яе шчодрымі ахвяраваннямі. Праваслаўе заставалася пераважна народнай рэлігіяй, а каталіцызм - пераважна шляхецкай. Рускі цар не вельмі клапаціўся пра матэрыяльнае становішча праваслаўных. Нашмат важнейшым для яго было ачышчэнне мясцовых прыходаў ад прабеларускай праваслаўнай традыцыі і набліжэнне іх да расійскага ўзору з дапамогай рускіх і зрусіфікаваных святароў. Пра адраджэнне беларускай праваслаўнай царквы, якой яна была да Брэсцкай уніі, не было і гаворкі. Значыць, уніяты не ўз’ядноўваліся з роднай рэлігіяй, з верай сваіх бацькоў, а далучаліся да палітызаванай рускай праваслаўнай царквы, якая ператваралася ў зброю русіфікацыі праваслаўных беларусаў. 3 1840 г. мясцовыя праваслаўныя святары страцілі права прамаўляць па-беларуску царкоўныя казані.
Трагічны вынік. 3 богаслужэння выціскалася беларуская мова, якая пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі актыўна пашыралася сярод уніятаў. Царскі ўрад пазбавіў духоўнага апірышча каля мільёна людзей, якія ніколі не залічалі сябе ні да палякаў, ні да рускіх, людзей, якія ўсведамлялі сваю адметнасць. Быў згублены цэлы пласт духоўнасці, які належаў не толькі уніятам-беларусам, але і ўсяму свету. Але не ўсе уніяты, як святары, так і простыя вернікі, пагадзіліся з ліквідацыяй уніяцкай царквы. Каля трэці ўсіх вернікаў-уніятаў, нязгодныя з пераводам у праваслаўе, перайшлі ў каталіцызм лацінскага абраду. Царызму ўдалося аднавіць на беларускіх землях рэлігійнае супрацьстаянне, якое было пераадолена ў 1596 г. у выніку заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі. Рэлігія яіігчэ выразней пачала выступаць тут крытэрыем падзелу людзей на нацыі ў адпаведнасці з іх верай. Рэлігійны антаганізм паміж праваслаўнымі і каталікамі падзяліў народ на дзве паловы. Гэта вельмі перашкаджала нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, тым больш, што яны не мелі Бібліі на сучаснай бацькоўскай мове. На думку польскага даследчыка Рышарда Радзіка, уніяцтва і каталіцызм давалі беларусам большы шанец на нацыянальнае самасцвярджэнне, чым залежнае ад дзяржавы праваслаўе, якое запанавала ў Беларусі. I гэта пацвярджаецца гістарычным досведам іншых краінаў.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.