“Разбор” шляхты

Гомель над Сожам. Малюнак Н.Орды
Гомель над Сожам. Малюнак Н.Орды

Паўстанне 1831 г. вымусіла царскі ўрад заняцца шляхецкім станам у Беларусі грунтоўна. Усе папярэднія захады цалкам так і не супакоілі мясцовую шляхту. Мікалай I рабіў вялікія намаганні, каб ліквідаваць шляхецкую апазіцыю. Царская амністыя тычылася толькі земляў былога Каралеўства Польскага і не распаўсюджвалася на Беларусь. Паўстанцаў забіралі ў рэкруты. Царскі ўказ 1831 г. зноў ажывіў “разбор” шляхты. Усе, хто не меў арыгінальных дакументаў аб сваім паходжанні, “вычышчаліся” са шляхецкага (дваранскага) стану. Копіі, нават судоў былой Рэчы Паспалітай, не прызнаваліся ў якасці доказу шляхетнасці. Такія “недаказаныя” шляхціцы пераводзіліся ў падатковыя станы. У 1831—1832 гг. шляхецкую годнасць страцілі каля 10 тыс. чалавек. У розных паветах было скарочана ад паловы да дзвюх трацінаў шляхты. Скарачэнне цягнулася некалькі дзесяцігоддзяў. I яшчэ доўга існавала афіцыйная назва “недаказаны дваранін”. (Такі быў, напрыклад, і бацька Янкі Купалы – Ян Дамінікавіч Луцэвіч).

Улагоджванне “разабранай” шляхты. Каб зменшыць незадаволенасць аднадворцаў і грамадзянаў, гэта значыць, былых шляхціцаў, Заходні камітэт распрацаваў у 1832 г. правілы для перасялення іх на Каўказ. Кожная сям’я перасяленцаў атрымлівала 50 дзесяцінаў зямлі, пяцігадовае вызваленне ад грашовых падаткаў, бязвыплатныя сродкі на будоўлю. Выдаваліся грошы і на праезд. Пазней аднадворцам і грамадзянам дазволілі на тых жа ўмовах перасяляцца ў Саратаўскую, Арэнбургскую і Кацярынаслаўскую губерні. Усё выглядала прыстойна. Вось толькі не дапамагаў урад адкрываць на новых месцах касцёлы. I рабілася гэта з мэтай русіфікацыі. Такая палітыка, безумоўна, утрымлівала набожных і адданых сваёй Айчыне колішніх шляхціцаў ад царскіх міласцяў. Праблема беззямельных аднадворцаў заставалася. I ўсё ж станавая салідарнасць і надзея на русіфікацыю не дазваляла дваранскай Расіі зусім расцерушыць гэтую былую шляхту і перамяшаць яе з прыгоннымі сялянамі. Дзеці аднадворцаў атрымлівалі дзяржаўныя стыпендыі. У 1857 г. выйшаў указ аб уладкаванні побыту шляхты, не зацверджанай у дваранстве. Збяднелыя атрымалі права на надзел казённай зямлі, грашовую дапамогу, пазыку і трохгадовае вызваленне ад падаткаў.

Аграрная каланізацыя. Дачыненні ўладаў са шляхтай, якая даказала сваё высокае паходжанне, заставаліся складаныя. Удзельнікі паўстання ўрэшце атрымалі царскую амністыю. Але ўлады не давяралі мясцоваму дваранству. Яго грамадская дзейнасць знаходзілася пад пільным наглядам. Мікалаеўскі ўрад браўся стварыць у Беларусі надзейны клас рускіх землеўладальнікаў узамен ці хоць бы ў супрацьвагу зямельнай шляхце і яе культуры. Малаўрадлівыя беларускія землі не надта прываблівалі спрактыкаваных гаспадароў, а таму з царскай ласкі даставаліся звычайна рускім ураднікам. А яны не разлучаліся са сваёй службай у сталіцы або ў губернскім цэнтры і, апроч таго, не мелі ні сродкаў, ні ведаў, ні жадання, каб паспяхова канкураваць з тутэйшымі абшарнікамі. Рускія памешчыкі, як правіла, не прыжываліся на новым месцы. Яны похапкам эксплуатавалі сваю ўласнасць, высякалі вячыстыя лясы, закладалі і перазакладалі маёнткі і, урэшце, перадавалі іх у арэнду мясцовым каталікам ці іудзеям. прадавалі або проста пакідалі крэдыторам у абмен на пазыкі.

Ільготамі прывабліваліся да перасялення ў Беларусь і рускія казённыя сяляне. Але і гэтая мера не дала чаканых вынікаў. Пад аграрную каланізацыю падпаў шчыльна заселены край з высокай культурай земляробства, з вялікай любоўю і шляхецкіх, і сялянскіх хлебаробаў да сваёй працы і Айчыны. Рускія ж каланізатары не мелі іншых перавагаў, апроч дзяржаўнай падтрымкі, дый тая была недастатковая і непаслядоўная.

Барацьба за беларускі рынак. У 1822—1850 гадах Каралеўства Польскае было адгароджанае ад Расійскай імперыі мытнай мяжой. Беларусь стала арэнай вайны паміж польскім і рускім тэкстылем. Не маючы вольнага правозу тавараў, лодзінскія фабрыканты перапраўлялі праз расійскую мяжу свае і пазычаныя ў немцаў капіталы, каб потым будаваць прадпрыемствы адразу ў беларускім памежжы. Так узбуйніўся Беластоцкі прамысловы раён. Першыя фабрыкі на сучаснай тэрыторыі Беларусі былі таксама ўзведзеныя ў 20-х гадах у Гарадзенскай губерні (мястэчках Косава і Хомск). Яны выраблялі сукно, вельмі патрэбнае, каб своечасова апрануць рускае войска на заходніх рубяжах імперыі. А прывесці сюды стратэгічныя тавары з унутраных губерняў Расіі на той час было не так проста. Мытная мяжа ператварыла местачковыя кірмашы ў Зэльве, Мастах, Парозаве ў найбуйнейшыя гандлёвыя пункты лодзінскага тэкстылю. Расійцы патрабавалі ад урада павышэння ўвазных пошлінаў з Каралеўства Польскага і ўрэшце дамагліся гэтага (1831). Аднак ператварыць Беларусь у рынак збыту для расійскіх тавараў не ўдавалася. Гандляры Віленскай губерні ігнаравалі тавары рускіх мануфактураў.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии