Каланіяльны ўціск і русіфікацыя пасля паўстання 1831 г.

Пасля паўстання 1831 г. нацыянальны ўціск на землях Літвы-Беларусі рэзка ўзмацніўся. Пры расейскім урадзе быў створаны адмысловы Камітэт па справах заходніх губерняў, мэтаю дзейнасці якога стала поўная русіфікацыя краю.

Улады канфіскоўвалі маёнткі, пазбаўлялі паўстанцаў дваранскіх правоў (шляхоцтва адабралі ў 10 тысяч нашых суайчыннікаў). На далучаным да імперыі абшары хутка пашыралася землеўладанне расейскіх дваранаў і чыноўнікаў, якія дзеля гэтага атрымлівалі шматлікія прывілеі. На плячах гараджанаў і сялянства ляжаў велізарны цяжар падаткаў і павіннасцяў. Разам узятыя даходы Менска, Віцебска, Магілева, Горадні, Полацка, Берасця, Пінска і Бабруйска былі ў 2,5 раза меншыя за гадавы даход, які расейскі князь Паскевіч атрымліваў з аднаго толькі Гомельскага маёнтка.

У 30-х гадах XIX ст. праводзілася чыстка дзяржаўных установаў, судоў, органаў асветы ад службоўцаў мясцовага паходжання. Месцы звольненых займалі народзінцы цэнтральных расейскіх губерняў, якіх вабілі вялікія даплаты да заробкаў. Усё справаводства было пераведзенае на расейскую мову.

У ажыццяўленні сваіх імперскіх планаў каланізатары цалкам пагарджалі інтарэсамі нашых людзей. Адным з самых красамоўных прыкладаў гэтага стаў драматычны лёс Берасця. Дзеля пабудовы вайсковай фартэцы расейскія ўлады знішчылі цэлы горад, які лічыўся адным з найпрыгажэйшых ва Усходняй Еўропе. Берасцейцаў перасялілі за тры кіламетры, а на месцы іхных зруйнаваных дамоў, старажытных храмаў, манастыроў, палацаў у 1830-1840-х гадах была ўзведзеная царская цытадэль.

Ад 1837 да 1867 г. у пяці беларускіх губернях дзейнічала палажэнне, паводле якога нават асоба дваранскага стану вольна перамяшчацца магла толькі па сваёй губерні, а каб выехаць за яе межы, трэба было мець адмысловы дазвол. Спачатку ў Віцебскай і Магілеўскай губернях, а потым і на ўсёй тэрыторыі колішняга Вялікага Княства было скасаванае дзеянне Статута 1588 г. У школах усіх роўняў расейская мова замяніла польскую, якую наагул забаранілі выкладаць. Разам з тым за ўвесь перыяд свайго гаспадарання ў Беларусі царскія ўлады не дазволілі адчыніць ніводнай беларускай школы. Каланіяльныя ўлады мэтанакіравана распраўляліся з навучальнымі ўстановамі, што зрабіліся моцнымі асяродкамі апазіцыі царызму. Яшчэ ў 1820 г. была зачыненая Полацкая акадэмія, якая мела ўніверсітэцкі статус. Трэцяя частка студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ўдзельнічала ў паўстанні 1831 г. Гэта сталася падставаю для закрыцця галоўнай вышэйшай школы нашай краіны. На аснове ўніверсітэцкага медычнага факультэта ўлады стварылі Віленскую медычна-хірургічную акадэмію, але і яна праіснавала ўсяго дзесяць гадоў. Пасля гэтага ў краі зусім не засталося вышэйшых навучальных установаў. (Заснаваны ў 1848 г. Горы-Горацкі земляробчы інстытут царскія ўлады ў 1864 г. таксама зачынілі за ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у новым вызвольным паўстанні.) Каланізатары ставілі за мэту пазбавіць Літву-Беларусь сваёй інтэлігенцыі.

Русіфікатары кіраваліся меркаваннем, што расейская школа зробіць для заняволення краю нязмерна болей за расейскую армію.
У правядзенні палітыкі русіфікацыі і вынішчэнні ўсяго нацыянальнага найбольш вызначыўся былы дзекабрыст Міхаіл Мураўёў, які з 1832 г. служыў менскім ваенным губернатарам. Звяртаючыся да беларускага дваранства, ён папярэджваў: «Помните, что если вы не станете по своим мыслям и чувствам русскими, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».
Падрыхтаваўшы глебу забаронай народнае веры, царызм зрабіў новы ўдар па нацыянальным быцці ліцьвіноў-беларусаў. У 1840 г. Мікалай I адмысловым загадам забараніў ужываць у афіцыйных дакументах найменні «Літва», «літоўскі» і «Беларусь», «беларускі». Замест іх у дачыненні да Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Магілеўскай і Менскай губерняў уводзіўся назоў «Северо-Западный край». Праз тыдзень царскім указам Статут Вялікага Княства на ўсёй гэтай тэрыторыі быў заменены на расейскае заканадаўства.

3 яшчэ большым размахам працягвалася рабаванне нашых культурных і гістарычных скарбаў, каб сцерці ў будучых пакаленняў памяць пра былую незалежную дзяржаву. На ўсход вывезлі Галоўны архіў Вялікага Княства з сотнямі тамоў Літоўскай Метрыкі, які падзялілі паміж пецярбургскімі і маскоўскімі ўстановамі. Архіў зачыненага Віленскага ўніверсітэта быў перададзены расейскаму міністэрству народнай асветы. Адпраўлялі ў расейскія сталіцы багатыя бібліятэкі нашых арыстакратаў і навучальных установаў. Кнігазбор Віленскай альма-матэр, які налічваў 52 тысячы тамоў, перадалі па частках у Пецярбург, Харкаў і Кіеў.

Полацк развітаўся з бібліятэкай колішняй акадэміі, дзе захоўвалася 40 тыс. кніг і рукапісаў, у тым ліку, магчыма, неацэнны Полацкі летапіс ці яго копія. Публічная бібліятэка ў Пецярбурзе выбрала сабе «все редкие и роскошные издання, коих она не имеетип, следовательно, могущие служить ее украшением». У бібліятэку Пецярбургскага ўніверсітэта трапілі 6274 кнігі. Следам за імі ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў павезлі ўнікальныя калекцыі створанага полацкімі айцамі-езуітамі музея і найлепшыя творы карціннай галерэі.
Такое раскраданне нашых нацыянальных каштоўнасцяў адбывалася скрозь. Сёння ў адной толькі Дзяржаўнай бібліятэцы Расеі ў Маскве знаходзяцца 82 скарынаўскія выданні (прычым ёсць дублетныя). У нашай жа Нацыянальнай бібліятэцы іх толькі дзесяць, а на радзіме першадрукара, у полацкім Музеі беларускага кнігадрукавання, няма ніводнага. На пальцах адной рукі можна злічыць славутыя слуцкія паясы (пераважна іх фрагменты), якім пашчасціла застацца ў Беларусі. Між тым у расейскіх музейных зборах іх налічваюцца дзясяткі, а магчыма, і сотні (да прыкладу, 14 - у Музеі этнаграфіі ў Пецярбурзе).

У Расею была вывезеная большасць мастацкіх калекцыяў ліцьвінскай арыстакратыі. Унікальныя творы, сабраныя ў Нясвіжскім замку Радзівілаў, аздобілі сабой пецярбургскія і маскоўскія музейныя экспазіцыі. Мастацкі збор Сапегаў цяпер можна ўбачыць у Смаленскім гістарычна-археалагічным музеі.

    Асноўныя падзеі
    1820 г. Закрыццё Полацкай акадэміі.
    1831 г. Скасаванне дзеяння Статута Вялікага Княства Літоўскага ў Віцебскай і Магілеўскай губернях.
    1831-1848 гг. Дзейнасць Камітэта па справах заходніх губерняў.
    1832 г. Закрыццё Віленскага ўніверсітэта.
    1836 г. Перавод навучання ў школах на расейскую мову.
    1840 г. Царскі ўказ пра забарону выкарыстання ў афіцыйных дакументах назоваў «Літва» і «Беларусь» і іх замену на «Северо-Западный край». Скасаванне дзеяння Статута Вялікага Княства Літоўскага ў Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губернях і поўнае ўвядзенне расейскага заканадаўства.
    1859 г. Забарона выкарыстання ў беларускім друку лацінскага шрыфту.
    1864 г. Забарона размаўляць у навучальных установах на роднай (не расейскай) мове. Закрыццё Горы-Горацкага земляробчага інстытута.

©  У. Арлоў
"Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012