Сялянская рэформа 1861 г.

Беларусь - наперадзе. Пасля смерці Мікалая I яго сыну Аляксандру II (1855—1881) дасталася імперыя, якая патрабавала сур’ёзнай перабудовы. I новы цар пачаў падрыхтоўку да скасавання прыгоннага права. Для гэтага ён выбраў беларускія губерні. Землеўладальнікі гэтых губерняў былі больш падрыхтаваныя да пераменаў як эканамічна, так і маральна. Прыклад Польшчы і Прусіі, дзе сяляне ўжо мелі асабістую волю, даваў абшарнікам надзею на суцяшальную будучыню і без прыгону.

Антыпрыгонніцкі рух беларускага сялянства.

Вёску агортваў неспакой. Пад уплывам чутак пра хуткую волю сяляне ў любы момант маглі адмовіцца ад прыгонніцкіх павіннасцяў, а то і фізічна расправіцца з землеўладальнікамі. I зусім неверагодным і нечаканым для памешчыкаў Беларусі стаў сялянскі рух за цвярозасць у 1859—1860 гадах, які перакінуўся з Галіцыі. Ен ахапіў пераважна сялянаў-каталікоў Віленскай, Гарадзенкай, Мінскай губерняў і кіраваўся ў большасці выпадкаў ксяндзамі. Гэта быў своеасаблівы эканамічны байкот землеўладальнікаў, якія так доўга рыхтаваліся да адмены прыгону.
Расійская спецыфіка. Мясцовыя землеўладальнікі згаджаліся на вызваленне сялянаў без зямлі, што ператварала б зямлю ў тавар, а саміх прыгонных - у батракоў ці фермераў (хто меў сродкі зямлю купіць). Для сялянаў гэта быў бы пакутлівы шлях. Але расійскі царскі двор не пайшоў па ім не з-за спачування сялянству. 3 23 мільёнаў і прыгонных утварылася б магутная армія батракоў, якая магла б змесці і дваранскае землеўладанне, і царскі ўрад. Таму расійскія прыгонныя вызваляліся з зямлёй у абавязковым парадку, нават калі таго не хацелі. А тую зямлю трэба было яшчэ выкупіць. У Італіі, Іспаніі, часткова на Францыі феадальныя землі былі ў вечным недатыкальным прыватным карыстанні сялянаў і маглі імі выкупляцца. У Аўстрыі, Прусіі, Галіцыі сяляне, атрымаўшы волю, набывалі зямлю ў былых прыгоннікаў за выкуп, бо часта мелі на гэта ўласныя сродкі. У Расіі ж прыгонніцкая сістэма давяла сялянскую гаспадарку да такога стану (асабліва ў Беларусі), што яна не магла без дапамогі дзяржавы адкупіцца ад землеўладальніка. Адмена прыгону ўскладнялася яшчэ і тым, што, у адрозненне ад еўрапейскіх краінаў, у царскай імперыі захоўвалася сялянская абшчына. Таму аграрная рэформа ў Расіі праводзілася вельмі марудна. Сялянская ж абшчына ў Літве і Беларусі (за выключэннем Магілёўскай і значнай часткі Віцебскай губерні) была ліквідаваная яшчэ ў XVI ст. I гэта таксама паўплывала на царскі выбар пачаць адмену прыгону з заходняй паласы імперыі.

Значэнне рэформы 1861 г. для Беларусі.

Адмена прыгону стала важным крокам рускай вёскі да рыначных адносінаў, але была недастатковай для Беларусі. Больш высокі ўзровень таварна-грашовых адносінаў патрабаваў тут і больш радыкальных пераменаў. Тое, што зрабіў царскі ўрад у 1861 г., у Вялікім Княстве Літоўскім меркавалася зрабіць яшчэ ў канцы XVIII ст. Спадзяванні сялянаў Беларусі на цара, як нідзе, засталіся далёкімі ад чаканых. Традыцыйнае падворнае землекарыстанне рабіла іх больш выразнымі ўласнікамі і самавітымі гаспадарамі. Ім было прыкра выкупляць зямлю, якой яны нязменна карысталіся дзесяцігоддзямі. Маючы вялікія ўласныя зямельныя багацці ў Беларусі, цар не адважыўся перадаць іх малазямельным. Толькі дзяржаўныя сяляне атрымалі ад урада большыя надзелы за меншы выкуп, у параўнанні з былымі панскімі. Не адва-жыўся рускі цар і на хоць бы частковае пераразмеркаванне на карысць сялянаў магнацкіх латыфудыяў, якімі вылучаўся Беларускі край. Сяляне атрымалі недастатковыя надзелы, якія не маглі пракарміць і якімі нельга было распараджацца да выкупу. А да таго часу трэба было працаваць на землеўладальнікаў. Гэта рабіла вяскоўцаў эканамічна залежнымі і ад маёнтка і ад дзяржавы, якая крэдытавала выкупную аперацыю. У Расіі захавалася прыгонніцкае сялянскае самакіраванне, створанае на ўзор вясковага міру і пашыранае нават на тыя раёны імперыі, дзе расійскай абшчыны ніколі не існавала (напрыклад, заходняя і цэнтральная Беларусь). Калі раней прыватнаўласніцкія сяляне не маглі пакінуць месца жыхарства без згоды памешчыкаў, то пасля 1861 г. яны не маглі зрабіць гэтага без згоды сялянскай грамады. Сялянства было “павязанае” кругавой адказнасцю, і ніхто не хацеў плаціць падаткі ці адбываць рэкрутчыну за тых, хто пакідаў вёску. Прыгонніцкія перажыткі вельмі стрымлівалі рост вясковага прадпрымальніцтва і фармаванне рынку рабочай сілы. Сяляне атрымалі асабістую волю, і гэта, безумоўна, спрыяла іх уключэнню ў палітычныя і нацыятворчыя працэсы. Аднак на вызваленне ад паўпрыгонніцкіх путаў і нявольніцкай псіхалогіі былі патрачаныя дзесяцігоддзі.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.