Культура Беларусі ў перыяд 1864-1904 гг.

Змрочныя часы насталі пасля паўстання 1863 г. для культуры Беларусі. Здавалася, што поўная русіфікацыя краю адбудзецца ўжо да канца XIX стагоддзя. Адмена прыгону падштурхнула палітычныя і нацыятворчыя працэсы. Аднак на вызваленне ад паўпрыгонніцкіх путаў і нявольніцкай псіхалогіі былі патрачаныя дзесяцігоддзі.

Нечаканыя вынікі русіфікацыі

П.Шэйн
П.Шэйн. Фота 1890-х гг.

Культурная прастора Беларусі ў эпоху “мураўёўшчыны” істотна змянілася. Афіцыйная навукова-мастацкая творчасць беларусаў стала магчымая толькі ў рускамоўнай форме. Царызм імкнуўся ізаляваць Беларускі край ад польска-еўрапейскіх уплываў і гвалтам насаджаў тут расійска-візантыйскія культурныя традыцыі. Польскамоўная духоўная творчасць страчвала дзяржаўную падтрымку. Беларускі друк фактычна забараняўся. У краі не было ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Усё гэта прыгнятала і збядняла культурныя працэсы ў Беларусі. Яны ўжо былі тут не такія вірлівыя, як у 20-50 гады. Царскі ўрад адразу пасля задушэння паўстання 1863 г. мабілізаваў афіцыйную навуку на пошук доказаў таго, што Беларусь спрадвеку была рускім краем. Рабілася гэта насуперак польскім дамаганням на беларускія землі. У 1867 г. у Вільні адкрыўся аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, які распачаў ажыццяўленне дзяржаўнай праграмы. Праводзіліся археалагічныя экспедыцыі, збіраліся старадаўнія рэчы і старадрукі. Вывучэннем Прыдняпроўя займаўся нават магілёўскі губернатар Аляксандр Дамбавецкі. Аднак у 1874 г. віленскі аддзел закрыўся, бо рускія пераважна абыякава ставіліся да беларускай мінуўшчыны, а мясцовых працаўнікоў амаль не было. Расійская адукацыя і выхаванне не заўсёды прыводзілі да забывання беларусамі сваіх каранёў. Узнаўляўся натуральны працэс самапазнання. Ен вёўся пераважна на аматарскім узроўні. I толькі асобныя беларусы рабіліся прафесійнымі навукоўцамі. Ім даводзілася пісаць на рускай мове і падладжвацца пад афіцыйныя дактрыны, але веды пра Беларусь праз гэта не страчвалі сваёй каштоўнасці. У 1870 г. выйшаў першы беларуска-рускі слоўнік Івана Насовіча, старэйшага беларускага мовазнаўцы і этнографа (1788—1877), родам з Быхаўскага павета. 3 60-х гадоў пачаў сваю працу выдатны этнограф Павел Шэйн (1826—1900). У 1887—1902 гг. друкавалася трохтомная праца Паўла Шэйна “Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю”. Хоць аўтар і карыстаецца афіцыйнай тэрміналогіяй, гаворка ў працы ідзе пра беларусаў. Вельмі плённа працаваў этнограф Мікалай Нікіфароўскі (1845—1910). Сціплы настаўнік віцебскай гімназіі надрукаваў такія вядомыя этнаграфічныя працы, як “Нарысы Віцебскай Беларусі”, “Нарысы проста-народнага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі…”. Не менш знакаміты беларускі этнограф Еўдакім Раманаў (1855—1922) таксама выйшаў з асяроддзя народных настаўнікаў. Яго шырокавядомыя “Беларускія зборнікі” пачалі выходзіць з 1886 г. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя побыту і культуры беларусаў царскага перыяду. Пазней вядомы вучоны з Гомелыпчыны прычыніўся да беларускага нацыянальнага адраджэння. Беларускі народ займеў свайго акадэміка Яўхіма Карскага (1860—1931), родам з Гарадзеншчыны. Сусветную вядомасць яму надало фундаментальнае выданне пад назваю “Беларусы” (тры тамы ў сямі частках), у якім аўтар даследаваў паходжанне і развіццё беларускай мовы. Першы том гэтай працы пабачыў свет у 1903 годзе. Сваё даследаванне Яўхім Карскі пачынаў з вызначэння межаў беларускага этнасу ў адпаведнасці з распаўсюджаннем яго мовы.

Працы рускіх вучоных па гісторыі Беларусі не выходзілі за рамкі афіцыйных поглядаў на наш край як на правінцыю агульнарускай дзяржавы. Асабліва ўпарта гэта прапагандаваў расійскі прафесар, ураджэнец Беларусі, Міхаіл Каяловіч. Ніяк не спрыяла нацыянальнай самасвядомасці беларускай моладзі яго кніга “Чытанне па гісторыі Заходняй Расіі”, якая выдавалася двойчы  (1864, 1884). Многія беларускія студэнты праходзілі рускую гістарычную школу, пераймалі навуковую спадчыну гэтай школы, але не ўсе падзялялі яе ідэалагічную накіраванасць. На вялікім фактычным матэрыяле пісаў свае працы гісторык Аляксей Сапуноў (1852—1924), віцебскі беларус, выкладчык віцебскай гімназіі. Найбольш буйныя сярод іх – пяцітомны зборнік дакументаў і матэрыялаў “Віцебская даўніна” (1883—1888), а таксама гісторыка-геаграфічнае даследаванне “Рака Заходняя Дзвіна” (1893). 3 80-х гадоў пачынаецца навукова-асветная дзейнасць выдатнага беларускага гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага (1867—1934). У сваіх ранніх працах ён сцвярджаў самабытнасць беларускага народа, яго права на самастойную будучыню. Такія ідэі ўпершыню прагучалі са старонак рускамоўнай прэсы. Патрыятычныя артыкулы Мітрафана Доўнар-Запольскага друкавала ў 1888 г. адна з першых у Беларусі прыватная ліберальная газэта “Мннскнй листок” (1886—1902). Яго беларускія матэрыялы праходзілі ўдрук даволі лёгка, бо мелі навуковую форму. Вакол рэдакцыі “Мпнского листка” гуртавалася цэлая група аматараў беларускай культуры і гісторыі: апроч Мітрафана Доўнар-Запольскага, паэт Янка Лучына (Ян Неслухоўскі) і іншыя. Свае допісы яны друкавалі не толькі ў газэце, але і ў штогоднім дадатку да яе – “Северо-Западном календаре”, што выходзіў у 1888—1893 гг. Аднак мару выдаваць па-беларуску здзейсніць не ўдалося. Апроч “Минского листка”, беларускіх навукоўцаў ахвотна друкаваў “Виленский вестник”. Вакол “Витебских ведомостей” утварыўся гур-ток тамашніх беларусаў. Там друкаваў свае літаратурныя нарысы з беларускага жыцця этнограф Еўдакім Раманаў, часам пад псеўданімам Радзіміч.

Пашырэнне навукова-асветнай дзейнасці беларусаў сведчыла пра іх жыццёвую сілу. Крыніцай гэтага адраджэння было беларускае сялянства. Яно самаізалявалася і тым захавала сваю самабытнасць, якая і была выяўленая навукоўцамі-этнографамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі. Афіцыйная дактрына рускасці беларускага краю не пацвярджалася. Гэта істотна падрывала пазіцыі мясцовых прыхільнікаў “заходнерусізму”. Інтэлігенцкія сілы Беларусі, і найперш самі навукоўцы, пачалі пераходзіць на нацыянальную глебу.

Захаванне роднай мовы

У часы паўстання 1863 г. узнікла прапагандысцкая літаратура на беларускай мове. Польскія паўстанцы і рускія чыноўнікі заклікалі беларускага селяніна прыняць кожны іх бок. I толькі “Мужыцкая праўда” Каліноўскага клікала да абароны ўласных інтарэсаў. У віленскай турме перад смерцю Каліноўскі напісаў верш “Марыська чарнаброва, галубка мая..”. Гэта было лірычнае развітанне рэвалюцыянера і з радзімай, і з каханай дзяўчынай – віленчанкай Марысяй Грагатовіч. Але з той пары беларуская літаратура “замёрла” з-за цэнзурнага ўціску.

Постаць Францішка Багушэвіча (1840—1900). Гэты паэт належаў да тых нешматлікіх прадстаўнікоў паўстанцкай інтэлігенцыі, якія цудам ацалелі ад царскіх рэпрэсіяў. Нарадзіўся Багушэвіч на Ашмяншчыне ў сям’і дробнага шляхціца. Паэт звярнуўся да мовы сваіх продкаў пад уплывам украінскага адраджэння (вучыўся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі, што на Украіне). Яго беларускія вершы маглі пабачыць свет толькі за межамі Расіі, у польскіх гарадах, што знаходзіліся тады пад Аўстрыяй і Прусіяй. Першы зборнік твораў Багушэвіча “Дудка беларуская” выйшаў у Кракаве ў 1891 г. пад псеўданімам Мацей Бурачок, а другі – “Смык беларускі” – у Познані ў 1894 г. пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава. У сваіх вершах Францішак Багушэвіч паказваў гаротнае жыццё беларуса-селяніна, імкнуўся абудзіць у ім пачуццё чалавечай і нацыянальнай годнасці, заклікаў да захавання і развіцця роднай мовы і культуры.

Адлюстраванне прываблівасці роднага краю

Архітэктура. Гарады набывалі прыкметы індустрыялізацыі: чыгуначныя вакзалы, заводскія трубы, шматпавярховыя камяніцы, дзелавыя добраўпарадкаваныя цэнтры і брудныя пралетарскія ўскраіны. Узніклі конна-чыгуначныя дарогі (конкі) ў Мінску і Магілёве і нават трамвай у Віцебску. Гарадское будаўніцва ў Беларусі кантралявалася расійскай адміністрацыяй. Але хто б ні будаваў гарады, ён не мог не ўлічваць мясцовыя культурныя традыцыі, асаблівасці рэльефу, прыроды. Тым больш, што ў гэты час у архітэктуры назіраўся адыход ад рускага класіцызму і ўсталяванне эклектычнага стылю, які дапускаў выбар архітэктурных формаў з мінулых эпохаў. Да гарадскога жыцця далучаліся і беларусы. Праўда, у 1897 г. яны складалі ўсяго 17% мясцовых гараджанаў і былі слаба прадстаўленыя сярод заможных гарадскіх гаспадароў.

Жывапіс. У Вільні існавала мастацкая школа, якая давала прафесійную падрыхтоўку. Шмат талентаў вучылася і працавала за межамі Беларусі. Трагедыя вялікага мастака Беларусі Казіміра Альхімовіча (1840—1916) была ў тым, што ён не меў магчымасці працаваць на радзіме. Але ўсёй сваёй творчасцю мастак быў звязаны з ёю. Найбольш яму ўдаваліся палотны, дзе ўвасабляўся гістарычны лёс беларускага і літоўскага народаў. Еўрапейскую вядомасць мела карціна“Пахаванне Гедыміна”. Мастак Нікадзім Сілівановіч (1834—1919) паходзіў з дзяржаўных сялянаў Вілейскага павета, але вучыўся і працаваў у Пецярбурзе. Там ён удзельнічаў у стварэнні мазаічнага пано “Тайная вячэра” для галоўнага іканастаса Ісакіеўскага сабора. Але сялянскага сына, які набыў годнасць акадэміка мастацтваў, цягнула ў родную вёску Цынцавічы. Родная зямля давала мастаку сюжэты для яго бытавых карцінаў і партрэтаў. Вялікага майстэрства жывапісец дасягае ўкарціне “Пастух”. У вобразе селяніна адлюстроўваецца шматвяковае бяспраўе беларусаў. Ігуменскаму двараніну Апалінарыю Гараўскаму (1833—1900), вядомаму майстру пейзажнага жывапісу, таксама даводзілася працаваць пераважна ўдалечыні ад Беларусі. Але толькі краявіды роднай зямлі натхнялі яго на ўзнёслую творчасць, якая прыносіла поспех. Мастак з замілаваннем увасабляў на сваіх палотнах беларускія балоты, ліпы, вячэрняе неба (“Вечар у Мінскай губерні”). Апроч пейзажаў, А. Гараўскі піша і партрэты. Карціна “Старая моліцца”, што стварала вобраз ціхай, забітай і пакорлівай беларускай жанчыны, рабіла моцнае ўражанне на гледачоў сваім псіхалагізмам і майстэрствам выканання. Яе высока цаніў рускі мастак Ілья Рэпін. Беларуская зямля, яе гісторыя, людзі не пакідалі абыякавымі польскіх мастакоў Станіслава Віткевіча і Юльяна Фалата, рускага жывапісца Івана Трутнева, які кіраваў Віленскай мастацкай школай, Ілью Рэпіна, які ў 90-х гадах часова жыў у Здраўневе каля Віцебска. Усе яны прысвячалі свае творы Беларускаму краю.

Тэатральнае мастацтва. У другой палове XIX ст. права на існаванне ў Беларусі атрымаў толькі рускі тэатр. Урад не шкадаваў сродкаў на ўзвядзенне ў губернскіх гарадах тэатральных будынкаў. У Мінску і Магілёве яны захоўваюцца і цяпер. На тэатр ускладалася русіфікатарская місія. Аднак, насуперак разлікам вялікадзяржаўных шавіністаў, вядучым у тэатральным мастацтве стаў дэмакратычны накірунак. Іначай не магло быць, бо да гэтага змушала беларуская культурная традыцыя. Мясцовая публіка вельмі цёпла прымала вялікую рускую актрысу Марыю Савіну і слыннага актора В.П. Далматава, якія пачыналі сваю тэатральную кар’еру ў 1869 г. на мінскай сцэне. Вельмі блізкай беларускаму ўспрыманню была ўкраінская драматургія, з якой гледачоў у беларускіх гарадах знаёмілі трупы Міхаіла Старыцкага і Марка Крапіўніцкага.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии