Эканамічная інтэграцыя па-расійску ў перыяд 1864-1904 гг.

Пасля царскіх рэформаў паскорылася фармаванне агульнарасійскага рынку. I ў сувязі з гэтым важна высветліць, ці заставалася месца для развіцця нацыянальнай эканомікі, нацыянальнага рынку, эканамічнай кансалідацыі жыхароў Беларусі.

Аграрная каланізацыя

Навукова-тэхнічны прагрэс і Расія. Дзевятнаццатае стагоддзе - час уздыму навукова-тэхнічнай думкі, машынізацыі вытворчых працэсаў і станаўлення цывілізаванага побыту. 3 80-х гадоў і ў Расіі пачаў выкарыстоўвацца паравы рухавік, з’явіўся рухавік унутранага згарання, уваходзілі ва ўжытак электраэнергія, аўтамабілі, веласіпеды, тэлефоны, асфальт, бетон. Усё новае канцэнтравалася ў гарадах, што рабіла іх яшчэ больш непадобнымі да вёсак. Аднак і ў канцы XIX ст. Расійская імперыя заставалася краінай аграрнай, якая спецыялізавалася на пераапрацоўцы пераважна сельскагаспадарчай сыравіны і адставала ў эканамічным развіцці ад перадавых дзяржаваў свету.
Насаджэнне рускага землеўладання. Падзеі 1863 г. далі аграрнай каланізацыі Беларусі новы імпульс. Канфіскаваныя маёнткі ўдзельнікаў паўстання распрадаваліся выхадцам з Расіі. Казна не скупілася дзеля гэтага на пазыкі. А тым рускім ураднікам і генералам, якія мелі асаблівыя заслугі ў ліквідацыі паўстання, забраныя землі раздаваліся задарма. Рускія каланісты атрымалі права набываць дзяржаўныя маёнткі. Асаблівай апекай карысталіся стараверы. Міхаіл Мураўёў прызнаў за імі права на доўгатэрміновую арэнду абшарніцкіх земляў па нязменных цэнах. I памешчыкі Беларусі не мелі права ім у гэтым адмовіць.
Трываласць традыцыйнага землеўладання. Аднак аграрная каланізацыя не дала вялікіх вынікаў. I ў канцы XIX ст. большасць зямельных плошчаў заставалася ў руках мясцовых землеўласнікаў.
Пасля 1863 г. у Беларусі з’явіліся рускія сяляне-каланісты, але і ў 80-х гг. колькасць іх двароў не перавышала дзвюх тысячаў, чвэрць з якіх потым згалела. У сваёй палітыцы насаджэння рускага землеўладання Аляксандр II быў непаслядоўны. Ужо ў канцы 60-х гг. ён пайшоў на замірэнне з мясцовай шляхтай. Усе абмежаванні заставаліся толькі на паперы. Новы цар Аляксандр III узнавіў у 80-х гг. аграрную каланізацыю Беларусі, але сутыкнуўся з арганізаваным супрацьдзеяннем каталіцкай шляхты, якая знаходзіла маральную і эканамічную падтрымку ў прадпрымальнікаў-аграрыяў з польскіх губерняў. Пытанне аб захаванні шляхецкіх маёнткаў у Беларусі ставілася ў Варшаве ў непасрэдную сувязь з эканамічным замацаваннем на “ўсходніх крэсах”, з польскай ідэяй адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Утрымаць свае маёнткі лічылася для мясцовай шляхты патрыятычным абавязкам. Тым больш, што без зямельных багаццяў яна рабілася зусім не здольная вытрымліваць канкурэнцыю з яўрэйскімі гандлёва-прамысловымі прадпрымальнікамі.
Вынік рускай аграрнай каланізацыі. Рускія не выяўлялі асаблівай цікавасці да беларускіх маёнткаў. Вольных земляў у імперыі хапала. Сялянская ж каланізацыя патрабавала вялікіх дзяржаўных выдаткаў. Хоць урад і асушваў забалочаныя землі беларускага Палесся для каланізацыі (экспедыцыя генерала Іосіфа Жылінскага), яны рускім так і не спатрэбіліся. У канчатковым выніку руская аграрная каланізацыя Беларусі і ў другой палове XIX ст. таксама не ўдалася. Але гэта быў толькі адзін эпізод канкурэнтнай руска-польскай барацьбы за беларускі рынак, якая, пачынаючы з 80-х гадоў, у сувязі з індустрыялізацыяй і аграрным крызісам разгаралася усё больш.

У складзе агульнарасійскага рынку

Інтэнсіўнае пранікненне Расіі ў Беларусь пачалося з будаўніцтва чыгунак. Першая каляя Пецярбург-Варшава прайшла праз Гародню ў 1862 г. Новы транспарт прывёў да істотных структурных зрухаў у эканамічных сувязях краю. Беларускія землі вырываліся з традыцыйнага рынку былой Рэчы Паспалітай і ўключаліся ў сістэму ўсерасійскіх рынкавых сувязяў. Чыгуначныя маршруты выбіраліся выключна ў інтарэсах цэнтра. Яны не супалі з транспартнай сеткай беларускага рэгіёна, якая існавала на аснове рэк. Некалі вядомыя гандлёвыя цэнтры Магілёў, Бешанковічы, Стоўбцы страчвалі сваю славу толькі з-за таго, што іх мінулі рэйкавыя магістралі. 3 правядзеннем чыгунак у напрамку да заходніх межаў, гарады і мястэчкі Беларусі страцілі перавагу над унутранымі губернямі Расіі ў замежным гандлі па рэках.
Тарыфная палітыка царызму. Плата за карыстанне чыгункай устанаўлівалася з такім разлікам, каб вываз тавараў за мяжу, напрыклад, з Масквы, абыходзіўся танней, чым з Мінска. Мясцовым таваравытворцам толькі і заставалася, што глядзець, як цягнікі з расійскімі таварамі праносіліся праз іх землі, якія ператвараліся ў “транспартны калідор”. Перадатачныя каляіны, дадатковыя станцыі і прыпыначныя пункты пачалі адкрывацца толькі ў канцы XIX ст. Царскія чыгуначныя тарыфы, што рабілі дальнія перавозкі таннейшымі за перавозкі на кароткія адлегласці, вельмі спрыялі ўвозу расійскіх грузаў у Беларусь.
Крызіс збожжавай гаспадаркі. Край быў літаральна завалены болей танным збожжам з Паволжа і паўднёвых губерняў. Яго вытворчасць зрабілася тут нявыгаднай, у выніку адзін з найлепшых раёнаў земляробчай культуры ў Расійскай імперыі быў загублены. Тым больш, што ўзнікненне новага транспарту супала з аграрным крызісам, які суправаджаўся падзеннем цэнаў на збожжа на замежных рынках.
Вываз сыравіны. 3 будаваннем чыгункі кошт беларускай сыравіны ўзрос, і яе вываз на продаж стаў прыбытковейшым за апрацоўку на месцы. Пачалося інтэнсіўнае вынішчэнне лясоў. 3 1883 г. па 1903 г. іх плошча ў Беларусі скарацілася прыкладна на 30%. Менавіта тады пачалі мялець беларускія рэкі, чэзнуць жывёльны свет пушчаў.
Замаруджванне прамысловага развіцця. Эканамічнае жыццё Расійскай імперыі было строга цэнтралізаванае. Але царскі ўрад зусім не дбаў пра развіццё ў Беларусі буйной прамысловасці. Ён не рабіў гэтага ў значнай ступені таму, што не хацеў супрацоўнічаць ні з памешчыкамі польскай культуры, ні з яўрэйскімі прадпрымальнікамі. Праз пошліны і тарыфы цар засланіў беларускія землі ад уплыву польскай і замежнай індустрыі, каб мець тут манаполію ў збыце вырабаў расійскай прамысловасці, пераважна тканіны. 3-за спрыяльных чыгуначных тарыфаў прамысловыя тавары было прасцей завозіць з суседніх раёнаў, чым арганізоўваць іх выраб на месцы. Наплыў расійскіх тавараў прывёў да таго, што ў Беларусі знікла вытворчасць цукру, заняпала тэкстыльная прамысловасць, перайшлі на выраб прадукцыі ніжэйшага гатунку тытунёвыя фабрыкі. Польскі тэкстыль з Лодзі, нягледзячы на абмежаванні, паспяхова канкураваў у Беларусі з рускім. Польскія і германскія прадпрымальнікі будавалі прамысловыя прадпрыемствы на Гарадзеншчыне, каб не плаціць непатрэбных збораў пры перавозе тавараў у Расію праз мытню. Па ўзроўні прамысловасці Гарадзенская губерня таму і выбілася ў лік перадавых у імперыі. Але ў цэлым расійская манапалізацыя беларускага рынку не спрыяла развіццю тут нацыянальнай прамысловай вытворчасці. Яна заставалася пераважна на дафабрычнай стадыі і спецыялізавалася на перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Найбольш было дробных бровараў. Для буйнога прамысловага будаўніцтва не хапала вольных капіталаў.
Размеркаванне грашовых сродкаў. Аддзяленні Дзяржаўнага банка, што адчыняліся ў Беларусі з 80-х гадоў, назапашвалі тут танныя грашовыя сродкі, бо ўстанаўлівалі нізкі працэнт за ўклады. Гэтыя сродкі, аднак, не ішлі на крэдытаванне мясцовых прадпрымальнікаў, а перадаваліся ў Пецярбург. Царскі ўрад усяляк заахвочваў прыватныя банкі ўнутраных губерняў Расіі, калі тыя засноўвалі ў Беларусі і Літве аддзяленні, якія спрыялі б далейшаму эканамічнаму замацаванню гэтых этнічных прастораў за карэннай рускай тэрыторыяй. I такія аддзяленні тут адкрываліся. Толькі іх асноўная ўвага скіроўвалася не на прамысловасць, а на гандаль драўнінай і зямлёй. Мясцовым дробным і сярэднім прадпрымальнікам крэдыт у расійскіх банках быў недаступны. Яны аб’ядноўваліся ў крэдытныя таварыствы. Але і ў гэтых установах у сувязі з эканамічным уздымам 90-х гадоў ахвотнікаў атрымаць крэдыт было ў шмат разоў больш, чым ахвотнікаў пакласці грошы на зберажэнне. Складалася становішча, калі вольнага капіталу не хапала, а яго яшчэ й вывозілі з Беларусі.
Эксплуатацыя таннай рабочай сілы. На пачатку 90-х гг. у сельскай гаспадарцы Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў налічвалася каля мільёна лішніх адносна мясцовага побыту работнікаў. Гэта былі сяляне, якія страцілі зямлю ці мелі яе столькі, што пракарміць яна не магла. Уладкавацца на працу было вельмі цяжка. Таму і заробкі ў канцы XIX ст. тут былі на 16-23% ніжэйшыя, чым у Еўрапейскай Расіі ў цэлым. Беларусь выступала на ўсерасійскім рынку буйным пастаўшчыком таннай рабочай сілы. Якраз тады пачалося перасяленне беларускіх сялянаў у Амерыку і ў Сібір.

Вынікі эканамічнай інтэграцыі

Захаванне рэгіянальных адметнасцяў. Расія не рабіла інвестыцыяў у эканоміку Беларусі. Яна проста выкарыстоўвала яе танныя прыродныя, людскія і грашовыя рэсурсы. Зразумела, што пры такіх метадах наша эканамічная залежнасць ад цэнтра далёка зайсці не магла. Беларускі край захоўваў сваю эканамічную адметнасць. Тут развівалася высокатаварная сельскагаспадарчая вытворчасць і, хоць і дробная, але шматгаліновая прамысловасць. Склаўся і надзейна дзейнічаў эканамічны тандэм “мястэчка-вёска”. Рускія з цяжкасцю траплялі ў эканамічныя структуры Беларусі, бо ў сельскай гаспадарцы сустракалі жорсткую канкурэнцыю беларускіх памешчыкаў і сялянаў, а ў гарадах - канкурэнцьпо яўрэйскіх прадпрымальнікаў.
Эканамічныя абмежаванні. Не дапамагала і палітыка эканамічнага ўціску і нацыянальнай дыскрымінацыі. Працэнт абкладання прыбыткаў купецкіх прадпрыемстваў краю ў 80-х гадах складаў каля 10%, а па імперыі - 7%. Зборы з гарадской нерухомасці тут былі самыя вялікія ў параўнанні з іншымі раёнамі Расіі. У той жа час абкладанне беларускіх сялянаў вызначалася адносна меншымі памерамі. Мясцовыя вяскоўцы былі патрэбныя царскаму ўраду ў якасці пудзіла для незаўсёды пакорлівай шляхты. Падаткі на зямельную ўласнасць у Беларусі зніжаліся яшчэ і з мэтаю прыцягнення рускіх перасяленцаў. А каталікі і іудзеі цярпелі ад эканамічнай дыскрымінацыі. Каталіцкія землеўласнікі не мелі права закладаць маёнткі ў Дваранскім банку, набываць новыя, да 1897 г. плацілі са сваіх прыбыткаў кантрыбуцыю, якая ішла на русіфікацыю краю. Беларускія сяляне-каталікі не карысталіся ільготамі ў Сялянскім банку, іх зямельныя ўладанні абмяжоўваліся 60 дзесяцінамі. 3 1882 г. урад забараніў яўрэям жыць не толькі па-за межамі рысы аседласці, але і за межамі гарадоў і мястэчак.
Агульная колькасць дзелавых людзей сярод беларусаў. У канцы XIX ст. прадпрымальнікі складалі ў агульнай масе беларускага насельніцтва 9,5%, а буйныя камерсанты не набіралі і 0,1%. У немцаў, рускіх, яўрэяў, палякаў, што жылі ў Беларусі, удзельная вага дзелавых людзей перавышала 18%, будучы амаль удвая большай, чым у беларусаў. Такі тонюткі прадпрымальніцкі слой мог мець толькі прыгнечаны, эканамічна несамастойны народ, мала канкурэнтаздольны не толькі ў эканамічным, але і ў культурным жыцці. Беларускія прадпрымальнікі складаліся пераважна з малаадукаваных і маладасведчаных сялянскіх заможных гаспадароў. Жыццёвыя сілы беларускіх камерсантаў памяншаліся з-за дэнацыяналізацыі мясцовай шляхты.
Дзве тэндэнцыі эканамічнага развіцця. Адзінай сферай, дзе рускія ўлады дасягнулі значных поспехаў у кантролі над Беларуссю, былі фінансы. У апошняй чвэрці XIX ст. яе фінансавая залежнасць ад Масквы стала дамінуючай. Але нацыянальна-эканамічная кансалідацыя не выключалася. Эканамічны падмурак для еднасці беларусаў, як гэта ні парадаксальна, ствараўся тым самым расійскім прадпрымальніцтвам, якое ўзмацняла эканамічную залежнасць ад цэнтра. Чыгунка, тэлеграф, пошта, друк павышалі інфармаванасць людзей. Правінцыйныя навіны імгненна абляталі ўвесь край. Непазбежныя вандроўкі відавочна пераконвалі ў распаўсюджанасці беларускай мовы і культуры на вялікай прасторы. Захоўваліся і старыя сувязі. Эканамічная дыскрымінацыя ў спалучэнні з традыцыяй і ментальнасцю беларусаў абумовілі тое, што і ў канцы XIX ст. яны амаль на 94% былі земляробамі. Земляробчая праца стала галоўным фактарам іх эканамічнай еднасці. Зразумела, што практычную працу па пабудове беларускага рынку, які паўнаварта функцыянаваў бы і ў інтарэсах нацыі, магла выканаць толькі незалежная нацыянальная дзяржава.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.