Першая сусветная вайна на Беларусі

Першая сусветная вайнаБежанства – трагедыя народа. Разам з адступленнем рускіх войскаў у 1915 г. на ўсход ішлі сотні тысячаў людзей, пераважна жанчын, дзяцей і старых. Па прыблізных падліках з Беларусі ў Расію выехала каля двух мільёнаў чалавек (пераважна праваслаўных). Людзі ратаваліся ад ваеннага тэрору ў прыфрантавой паласе. Вайскоўцы наўмысна распускалі чуткі пра здзекі немцаў з мірнага праваслаўнага насельніцтва, а то і высялялі людзей прымусова. У некаторых месцах казакі, што адступалі апошнімі, палілі вёскі і мястэчкі ды гналі беларусаў і яўрэяў на ўсход амаль з пустымі рукамі. Для вядзення вайны расійскім уладам патрабаваліся людскія рэсурсы. Па трактах цягнуліся велізарныя абозы, якія часам абстрэльваліся і бамбардаваліся немцамі. У дарозе здараліся эпідэміі. Бежанскі шлях можна было пазнаць па магілках-капцах, што высіліся абапал дарогі. Табары бежанцаў асядалі вакол маёнткаў, чыгуначных станцыяў і ў гарадах прыфрантавой паласы. Царскія ўлады спрабавалі выкарыстаць танныя рабочыя рукі бежанцаў на пабудове ваенных аб’ектаў, на ваенных прадпрыемствах і ў памешчыцкіх маёнтках. Працаздольныя яшчэ маглі зарабіць якуюсь капейку. А слабыя і хворыя галадавалі, паміралі. Становішча бежанцаў у прыфрантавой паласе мала чым адрознівалася ад лёсу ваеннапалонных. Галодныя і абяздоленыя, яны ўяўлялі пагрозу для мясцовых уладаў, і таму іх стараліся размеркаваць па ўсёй імперыі. У розных гарадах Расіі ўтвараліся бежанскія камітэты дапамогі ахвярам вайны. Будаваліся баракі, харчавальныя пункты, раздаваліся пайкі і грашовая дапамога.
Ваенная мабілізацыя. Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі дэфармавалася не толькі бежанствам, але і татальнымі мабілізацыямі ў расійскае войска. 3 падуладных цару тэрыторыяў (Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні) у армію было забрана 633,6 тыс. чалавек – больш за палову працаздольных мужчынаў. Сялянскія сем’і заставаліся без кармільцаў. Не было каму засеяць поле. Асобныя надзелы пуставалі, што даўно ўжо не здаралася на беларускай зямлі.
Вынікі дэмаграфічных зрухаў. Сярод вайскоўцаў і бежанцаў апынуліся найбольш актыўныя, адукаваныя і нацыянальна свядомыя людзі. Вайна выштурхоўвала іх з самага сэрца Беларусі – цэнтра кансалідацыі беларускай нацыі – і раскідвала па ўсім свеце, а месца беларусаў займалі расійцы, якія зганяліся ў беларускую прыфрантавую паласу ў якасці вайскоўцаў, рабочых ваенных прадпрыемстваў, усялякіх ураднікаў. Гэтыя дэмаграфічныя змены потым у значнай ступені вызначылі далейшы лёс беларускага народа, бо аслабілі яго нацыянальна-вызваленчы рух і ўзмацнілі прарускія настроі.
Жыццё прыфрантавой вёскі. 1915 год паклаў пачатак татальнаму руйнаванню гаспадарчага жыцця ў Беларусі, невыносным пакутам яе жыхароў. Увосень на працы па капанні акопаў, рамонце дарог і мастоў было прыцягнутае практычна ўсё працаздольнае насельніцтва прыфрантавых Мінскай і Віцебскай губерняў. Людзей бралі, не зважаючы на пільныя сельскагаспадарчыя работы. 3 пачаткам дажджоў і халадоў мабілізаваным рабочым не было дзе прытуліцца, абагрэцца. Дрэннае харчаванне і невыносныя ўмовы працы прыводзілі да эпідэмічных захворванняў. Улетку 1916 г. працоўная мабілізацыя паўтарылася. Магілёўшчына, дзе месцілася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага, поўнілася вайсковымі рэзервамі, інтэнданцкімі службамі, рознымі спекулянтамі. Як і нямецкія, расійскія вайсковыя ўлады бязлітасна абабіралі беларусісіх сялянаў. У выніку бясконцых рэквізіцыяў вяскоўцы заставаліся без коней, кароў, збожжа, фуражу, а самі галадавалі.
Абвастрэнне аграрных адносінаў. У буйных землеўладаннях не хапала рабочых рук. Вайсковая адміністрацыя зганяла сялянаў на памешчыцкія палеткі як на вайсковую павіннасць. Землеўласнікі нажываліся на ваенных пастаўках і на спекуляцыі прадуктамі харчавання. Гэта абвастрала сацыяльную напружанасць у вёсцы. На правах асноўных абаронцаў цара і Расіі сяляне адкрыта рабавалі панскае дабро: рабілі парубкі і патравы, а часам і адкрытыя захопы ды грабяжы. Вайна не давала мажлівасці зарабіць ды пракарміць сябе.

Перад газавай атакай. Першая сусветная вайна, 1915 г.

Прыфрантавы горад. У гарадскіх цэнтрах ваеннай Беларусі пачалося невядомае раней жыццё. За кошт вайскоўцаў і бежанцаў колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася ўдвая, а то і болей. Калі ў 1914 г. у Мінску жыло 100 тыс., то ў 1915 г. ужо 250 тыс. чалавек. Адпаведна гэтаму амаль удвая ўзрастала і квартплата. Чыгунка ледзь спраўлялася з ваеннымі перавозкамі. Забеспячэнне цывільнага насельніцтва таварамі рэгулярна зрывалася. Гараджане першыя зведалі, што такое голад, спекулятыўныя цэны, бясконцыя чэргі. Сярэдні намінальны заробак тут быў у 1915 г. ніжэй ад агульнарасійскага ўзроўню амаль напалову. Ваеннае становішча спрыяла панаванню органаў палітычнай бяспекі і ваеннай контрразведкі. Штодзень праходзілі пахаванні.
Другі цэнтр нацыянальнага руху. У гады першай сусветнай вайны ў Мінску пачаў фармавацца другі пасля Вільні цэнтр беларускай нацыянальнай дзейнасці. Бежанцы адразу павялічылі ўдзельную вагу беларусаў сярод мінчанаў дый жыхароў іншых гарадоў Беларусі. Яшчэ ўлетку 1915 г. у Мінску адчынілася Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое аб’ядноўвала 50 чалавек. Яно арганізоўвала для бежанцаў начныя прытулкі, платныя і бясплатныя сталоўкі, дапамагала ў працаўладкаванні. Усе супрацоўнікі таварыства на чале з адвакатам В. Чаусавым харчаваліся ў платнай сталоўцы, што месцілася каля Чырвонага касцёла і атрымала назву “Беларуская хатка”. Сюды часта прыходзілі беларускія пісьменнікі Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш, Альберт Паўловіч, Язэп Фарботка, Фабіян Шантыр, Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая), тэатральныя дзеячы Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, архітэктар Лявон Дубейкаўскі. Фактычна гэта быў мінскі клуб творчай беларускай інтэлігенцыі, якая нелегальна ладзіла для бежанцаў вечарыны. Збіраліся маладыя хлопцы, дзяўчаты, перад якімі з лекцыямі і вершамі выступаў Максім Багдановіч, які прыехаў у Мінск увосень 1916 г. Менавіта тут, у “Хатцы”, упершыню прагучаў яго знакаміты верш “Пагоня”.
Беларуская справа. Умовы для беларускага руху пад царскім ярмом былі непараўнальна горшыя, чым пад нямецкай акупацыяй. Царскі ўрад дазваляў толькі беларускія камітэты дапамогі бежанцам, дый тое з вялікаю неахвотай. Лічылася, што беларусы нічым не адрозніваюцца ад жыхароў Тульскай ці Пензенскай губерняў, і таму ніякія свае нацыянальныя арганізацыі ім не патрэбныя. Аж да 1917 г. на тэрыторыі Беларусі, не занятай немцамі, не выходзіла ніводная беларуская газэта. Толькі ў Петраградзе ўвосень 1916 г. узніклі невялічкія штотыднёвікі “Дзяньніца” (рздактары Зміцер Жылуновіч, Эдзюк Будзька) і “Swietac” (“Светач”), дый тыя выходзілі толькі да пачатку 1917 г.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии