Абвяшчэнне БССР

Бальшавіцкі Маніфест. Уначы з 1 на 2 студзеня 1919 г. так званы Часовы рабоча-сялянскі ўрад, які ўзначаліў Зміцер Жылуновіч, прыняў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). У ім паўтаралася ідэя беларускай дзяржаўнасці, якая ўжо была абвешчаная Другой устаўной граматай БНР. Маніфест, як і Грамата, дэклараваў сацыяльныя правы працоўных, але адкідаў дэмакратычныя свабоды, бо яны супярэчылі партыйнай дыктатуры бальшавікоў. I гэта адзінае новае, што прапаноўвалі стаўленнікі Масквы жыхарам Беларусі ў параўнанні з урадам БНР. Тым не менш, дзеячы БНР характарызаваліся як ворагі народа. Маніфест аб утварэнні БССР быў абвешчаны на рускай мове. Месца яго выдання было пазначанае як Мінск, хоць усё адбывалася ў Смаленску. На такія “дробязі” бальшавікі не звярталі ўвагі. У той момант ім тэрмінова была патрэбная марыянетачная беларуская дзяржава. 5 студзеня кіраўнікі БССР пераехалі ў Мінск.

Першы досвед беларускай “суверэннасці”. Але спатрэбілася зусім няшмат часу, каб зразумець, што дзяржаўнасць Беларусі была для бальшавіцкага кіраўніцтва Расіі часовым дыпламатычным манеўрам. Узнятае некаторымі беларускімі камуністамі пытанне аб асігнаванні сродкаў на выданне газэты на беларускай мове было адхіленае на той падставе, што народныя масы, маўляў, амаль не ўмеюць чытаць па-беларуску. Усе беларускія навучальныя ўстановы, якія ўзніклі падчас нямецкай акупацыі, былі зачыненыя. Не паспеў яшчэ свет разгледзець, дзе ж тая савецкая Беларусь, як 16 студзеня ЦК РКП(б) выдаў новы загад - вывесці са складу БССР Смаленскую, Магілёўскую і Віцебскую губерні і далучыць іх да РСФСР у сувязі са змяненнем “знешніх абставінаў”. У адказ на такое рашэнне Язэп Дыла, Усевалад Фальскі і Фабіян Шантыр выйшлі са складу ўрада БССР. Яшчэ праз некалькі дзён выкліканыя ў Маскву кіраўнікі беларускай кампартыі даведаліся ад Леніна пра план аб’яднання куртатай БССР з Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, стварэннем якой бальшавікі “ашчаслівілі” літоўцаў яшчэ раней за беларусаў -16 снежня 1918 г.

Антыбеларускі з’езд Саветаў. Масква прызнала БССР толькі праз месяц пасля яе абвяшчэння. Тады стала магчымым 2-3 лютага 1919 г. сабраць у Мінску Усебеларускі з’езд саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Каб выключыць любыя нечаканасці, дэлегаты не выбіраліся насельніцтвам, а прызначаліся адпаведнымі інстанцыямі. З’езд завершыў юрыдычнае афармленне БССР (у бальшавіцкім яго разуменні), устанавіў федэратыўны саюз з савецкай Расіяй і прыняў канстытуцыю, спісаную з расійскай. З’езд выбраў таксама Цэнтральны выканаўчы камітэт Беларусі з 50 чалавек і яго Прэзідыум, якому надавалася функцыя ўрада. Але ні адзін савецкі беларускі дзеяч туды выбраны не быў. Новым бальшавіцкім прэм’ерам Беларусі замест 3. Жылуновіча стаў А. Мяснікоў. Ен сфармаваў кабінет з абласнікоў, а былых савецкіх народных камісараў, беларусаў па нацыянальнасці, адправіў у турму. “Ад імя працоўнага народа Беларусі” дэлегаты не прамінулі зноў абвясціць Раду БНР па-за законам. Тым самым магчымасць пашырэння прадстаўніцтва ў новых органах улады шляхам адаптацыі дзеячаў БНР выключалася. Фактычна ЦВК і яго Прэзідыум выконвалі ролю часовай акупацыйнай адміністрацыі савецкай Расіі і мелі яшчэ менш рэальнай улады ў краі, чым урад і Рада БНР у часы нямецкай акупацыі. Пра гэта сведчаць і рашэнні ўжо згаданага Усебеларускага з’езда. Адной пастановай ён юрыдычна аформіў БССР, а другой фактычна ліквідаваў яе, бо згадзіўся на зліццё савецкай Беларусі з савецкай Літвой. Рабілася гэта нібыта дзеля лепшай абароны ад знешніх ворагаў, а дакладней, Польшчы. Але беларускіх патрыётаў абражала, што бальшавікі проста ігнаруюць незалежнасць іх народа. Такое аб’яднанне не задавальняла і літоўскіх камуністаў.

Літбел. Аб’яднанне адбылося 27 лютага 1919 г. паводле пастановаў ЦВК абедзвюх савецкіх марыянетачных рэспублік. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літбел) са сталіцай у Вільні ахоплівала Віленскую, Мінскую і Гарадзенскую губерні. У складзе яе ўрада на чале з Вікенціем Міцкявічусам-Капсукасам не было ніводнага беларуса. У Літоўска-Беларускай арміі пераважалі рускія салдаты. Усё беларускае, нават мова, лічылася контррэвалюцыйным. У Мінску не з’явілася ніводнай беларускай кнігі, брашуры, газэты. Літаратура выдавалася толькі на літоўскай, польскай і рускай мовах. Літбелаўцы старанна праводзілі антыбеларускую палітыку. На тэрыторыі Літбел амаль усё сялянства, за выключэннем беднаты, пазбаўлялася нават фіктыўнага права выбараў у саветы. У гарадах выбіраць у саветы маглі толькі рабочыя і рамеснікі. У сакавіку 1919 г. ліквідуецца і Белнацкам. Бальшавіцкі наватвор заступіўшлях да дзяржаўнай незалежнасці не толькі беларусам, але і літоўцам. Затое польскія бальшавікі разглядалі Літбел як плаццарм для нападзення на Польшчу.

Што несла з сабою савецкая ўлада. Жыхары Смаленскай і ўсходніх паветаў Магілёўскай і Віцебскай губерняў яшчэ ў 1918 г. напоўніцу зведалі, што такое савецкая ўлада. Каб выплаціць Германіі кантрыбуцыю збожжам, сялянаў душылі харчовай развёрсткай. Для рабавання вёскі ствараліся камітэты беднаты і харчовыя атрады. Улетку 1918 г. на беларускіх землях у Чырвоную Армію былі забраныя больш за 100 тыс. чалавек. Тых, хто адмаўляўся, расстрэльвалі. Без- зямельныя зганяліся ў працоўныя камуны, дзе галеча дзялілася строга пароўну. Зачыняліся і рабаваліся цэрквы. У чэрвені 1918 г. узнавіліся пакаранні смерцю, з 5 верасня ўводзіўся чырвоны тэрор. Усерасійская надзвычайная камісія на чале з ураджэнцам Беларусі Феліксам Дзяржынскім і яе органы на месцах атрымлівалі неабмежаваныя паўнамоцтвы і тапілі ў крыві любыя выступленні супраць дыктатуры бальшавікоў. Памешчыкі ўцякалі пераважна ў Польшчу. Мясцовыя сяляне абураліся: бальшавікі замест абяцанага падзелу памешчыцкіх земляў стваралі на іх аснове саўгасы і толькі перашкаджалі свабоднаму гаспадаранню.

Выступленні чырвонаармейцаў. 5 жніўня падняўся бунт у дыслакаванай у Оршы Магілёўскай дывізіі. Салдаты адмаўляліся адпраўляцца на Усходні фронт. Гарнізонны сход, скліканы па ініцыятыве эсэраў, прыняў рэзалюцыю аб ліквідацыі мясцовага савета і замене яго рэвалюцыйным камітэтам. Карная экспедыцыя з Віцебска была адбітая. I толькі на другі дзень бунт удалося задушыць сіламі бальшавіцкіх аддзелаў, прысланых з Віцебска і Смаленска. Не ведаючы гэтага, 2-гі Смаленскі полк пакінуў 8 жніўня свае пазіцыі на дэмаркацыйнай лініі і скіраваўся ў г. Сянно, каб адтуль рушыць на дапамогу паўстанцам у Оршы. Пасля двух дзён барацьбы за Сянно з карным атрадам з Оршы і няўдалага дэмаршу на тэрыторыю, занятую немцамі, паўстанцы 2-га Смаленскага палка вымушаныя былі здацца. Частка з іх, аднак, не склала зброі і перайшла да партызанскай барацьбы.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    1 студзеня 1919 г. Абвяшчэнне бальшавікамі ў Смаленску Беларускай ССР.
    5 студзеня 1919 г. Пераезд кіраўніцтва БССР з Смаленска ў Менск.
    16 студзеня 1919 г. Пастанова ЦК РКП(б) пра далучэнне ла РСФСР Віцебскай, Смаленскай і Магілеўскай губерняў.
    17 лютага 1919 г. Абвяшчэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Летувы і Беларусі (ЛітБела).
    31 ліпеня 1920 г. Другое абвяшчэнне БССР у межах былой Менскай губерні.

 

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.