БССР у 20-х гадах

Першыя гады бальшавіцкай улады былі для беларусаў даволі ліберальныя. Разгортвалася беларусізацыя… ці саветызацыя?

Адміністрацыйна-палітычныя змены

Партызанская барацьба. У 1921 г. у савецкай Беларусі яшчэ не ўсё было ціха і мірна. У беларускіх пушчах заставаліся колішнія паўстанцы. На беларускіх землях пад Польшчай фармаваліся партызанскія атрады, якія пераходзілі потым на савецкую тэрыторыю. На пачатку чэрвеня 1921 г., па афіцыйных звестках савецкага кіраўніцтва, у БССР дзейнічала каля 3,5 тыс. “бандытау”.Іх баявымі дзеяннямі ў значнай ступені кіраваў створаны ў 1920 г. Галоўны штаб партызанскіх атрадаў “Беларускай сялянскай партыі Зялёнага дуба”. Большасць партызанаў складалі беларусы: былыя гімназісты, настаўнікі, афіцэры, дзеці святароў і заможных сялянаў. Іх аб’ядноўвала адзіная мэта – барацьба з бальшавікамі. Ратавала добрае веданне мясцовых лясоў і балотаў ды маўклівая падтрымка мясцовага насельніцтва. Некаторыя мелі агентуру ў савецкіх установах. Колькасна лясныя аддзелы не перавышалі 40-50 чалавек, часам аб’ядноўваліся ці раз’ядноўваліся ў залежнасці ад абставінаў. Моцны партызанскі рух беларускага насельніцтва назіраўся ў Барысаўскім, Слуцкім, Ігуменскім паветах і нават у Віцебскай і Гомельскай губернях, якія тады ўваходзілі ў склад Расійскай Федэрацыі. Партызаны вынішчалі расійскіх бальшавікоў і іх стаўленікаў, палілі сельсаветы, павятовыя выканкамы, склады, крамы, пошты, масты, ільнозаводы, нарыхтаваны для сплаву лес, пераразалі тэлефонныя і тэлеграфныя лініі. Партызан Грамабой каля ст. Заходняя Дзвіна Маскоўска-Відзаўскай чыгункі спусціў пад адхон ваенны эшалон. Партызан Воранаў на р. Усвятчы патапіў параход “Камуніст” і баржы са збожжам. Георгій (Юрка) Моніч у красавіку 1921 г. затрымаў міжнародны цягнік Парыж – Вена – Варшава – Масква – Манчжурыя непадалёк ад ст. Прыяміна Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, вылучыў камуністаў (каля 60-ці) і загадаў кожнаму “ўсыпаць” па 50 шомпалаў.  А ў 80-ці беспартыйных адабраў усё, што можна, як плату за “спектакль”. Партызаны часам дастаткова эфектыўна паралізоўвалі дзейнасць савецкіх і партыйных установаў. Але некаторыя партызанскія аддзелы дапускалі яўрэйскія пагромы і рабаванне мірнага насельніцтва. Найбольш уласціва гэта было Чырванцу, які дзейнічаў са сваім конным атрадам на Магілёўшчыне і Смаленшчыне. Адмоўныя рысы партызаншчыны раслі па меры дэмаралізацыі байцоў, калі яны гублялі камандзіраў і веру ў сэнс сваёй барацьбы. Дзейнічалі ў лясах і звычайныя банды без усякіх палітычных мэтаў, гэтак званыя “зялёныя”. 3 другой паловы 1921 г. пачасціліся выпадкі, калі польскі бок арганізоўваў антысавецкія дыверсіі пад лозунгамі незалежнай Беларусі рукамі карэнных палякаў і рускіх з групы Барыса Савінкава. Да беларусаў не было даверу. Польскія службы бяспекі ліквідоўвалі сапраўдныя беларускія партызанскія атрады і гэтым дапамагалі бальшавікам.

Разгон некамуністычных партыяў. Дваццацітысячная Беларуская партыя эсэраў рыхтавала шырокае антысавецкае паўстанне па абодва бакі мяжы. Польскія ўлады змаглі выкрыць змову і арыштаваць кіраўніцтва. У савецкай Беларусі барацьбу з антысавецкім рухам узялі на сябе цэнтральныя карныя органы. У Мінску было арыштавана каля 800 актывістаў партыі эсэраў, працаўнікоў ЦК і Мінскага камітэта. А з улікам партыйцаў, што працавалі па паветах, лічба арыштаваных дасягала 1500 чалавек. Сярод іх былі і вядомыя дзеячы беларускай культуры, якія падтрымлівалі “зялёнадубцаў”: Уладзімір Тэраўскі, Францішак Аляхновіч, Усевалад Фальскі і інш. У чэрвені 1924 г. беларускіх эсэраў прымусілі склікаць з’езд і абвясціць пра роспуск партыі як ва ўсходняй, так і ў заходняй Беларусі. Бунд пра самароспуск мусіў абвясціць раней – на сваім нечарговым з’ездзе ў сакавіку 1921 г. Некамуністычныя партыі і грамадскія рухі перасталі існаваць увогуле. Усталёўвалася партыйная манаполія бальшавікоў.

Увядзенне партыйнай дыктатуры. Ва ўладаннях савецкай Расіі ўсе кіраўнічыя функцыі канцэнтраваліся ў руках партыйнага апарату. Сельскія, раённыя, гарадскія і ўсе іншыя саветы арганізоўваліся адпаведнымі камітэтамі КП(б) і ім падпарадкоўваліся. Выбіраліся саветы па загадзя складзеных спісах. Выбаршчыкаў з’яўлялася заўсёды менш за палову. Камуністычная партыя Беларусі налічвала 1,5 тыс. членаў у 1921 г. і 6,6 тыс. – у 1925 г. У 1929 г. партыйна-савецкі апарат прыкладна на дзве трэці складаўся з яўрэяў, рускіх і палякаў. На долю беларусаў прыпадала адна трэць, а ў гандлёвых дзяржаўных установах – толькі 11%. Першымі сакратарамі кампартыі БССР Масква назначала латыша Вільгельма Кнорына (1920— 1922, 1927—1928), паляка Вацлава Багуцкага (1922—1924), рускіх А. Асаткіна-Уладзімірскага (люты-верасень 1924), Аляксандра Крыніцкага (1924—1927), аўстрыяка Яна Гамарніка (1928—1929). На тэрыторыю савецкай Беларусі распаўсюджваліся рашэнні ЦК РКП(б) і кіраўнічых органаў савецкай Расіі. I толькі для адводу вачэй раз-пораз падпісваліся саюзныя дамовы.

Абвяшчэнне СССР. 16 студзеня 1921 г. адбылося падпісанне Саюзнага рабоча-сялянскага дагавору паміж БССР і РСФСР. Беларускае бальшавіцкае кіраўніцтва пагадзілася, што найбольш важныя справы (фінансы, транспарт, армія і інш.) будуць вырашацца ў цэнтры, гэта значыць, у новаўтвораных аб’яднаных народных камісарыятах у Маскве. У лютым 1922 г. Масква дамаглася ад падуладных нацыянальных рэспублік права на прадстаўленне іх інтарэсаў на міжнароднай арэне. Але падпісваць кожны раз дагаворы для цэнтра было не вельмі зручна. 3 мэтай легітымізацыі сваёй дыктатуры ў нацыянальных раёнах былой царскай імперыі 30 снежня 1922 г. Кампартыя абвясціла аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР) – фактычна бальшавіцкай “імперыі”. Беларусь заняла ў ёй месца самай маленькай шасціпавятовай правінцыі з насельніцтвам 1,5 млн. чалавек. Тым не менш, фармальна-прававы статус рэспублікі ўмацаваўся. Узрос шанец на вяртанне ўсходніх раёнаў.

“Узбуйненні” БССР. Пытанне аб вяртанні забраных савецкай Расіяй беларускіх земляў было пастаўленае сакратаром Цэнтральнага бюро КП(б)Б В. Кнорыным яшчэ пры заключэнні польска-савецкага перамір’я ўвосень 1920 года. I з той пары яно ўвесь час было ў цэнтры ўвагі беларускіх бальшавікоў. У верасні 1922 г. партыйнае і савецкае кіраўніцтва БССР афіцыйна папрасіла ЦК РКП(б) вярнуць рэспубліцы Віцебскую, частку Смаленскай і ўтвораную ў 1919 г. Гомельскую (на месцы Магілёўскай) губерні, дзе пераважала беларускае насельніцтва. Масква аднак падазрона доўга ніяк не магла пераканаць у гэтым мясцовых кіраўнікоў беларускіх губерняў, далучаных да РСФСР. Беларускім камуністам давялося спісаць яшчэ шмат паперы, каб давесці Сталіну, што гутарка ідзе ўсяго толькі аб утварэнні ўзбуйненага адміністрацыйна-эканамічнага рэгіёна, які будзе мацаваць абароназдольнасць заходняй мяжы камуністычнай дзяржавы. Нарэшце 7 сакавіка 1924 г. УЦВК РСФСР прыняў пастанову аб “узбуйненні” БССР і перадачы ёй 15 паветаў: Віцебскага, Гарадоцкага, Дрысенскага, Лепельскага, Аршанскага, Полацкага, Сенненскага, Суражскага Віцебскай; Магілёўскага, Рагачоўскага, Быхаўскага, Клімавіцкага, Чэрыкаўскага, Чавускага Гомельскай і Горацкага Смаленскай губерняў.

Узбуйненні БССР
“Узбуйненні” БССР

У жніўні 1926 г. бальшавіцкае кіраўніцтва Беларусі зноў прасіла ЦК УКП(б) аддаць Гомельскую губерню і тры паветы Пскоўскай (Веліжскі, Невельскі, Себежскі). Каб супакоіць няўрымслівых беларусаў, у снежні 1926 г. Масква праводзіць другое “ўзбуйненне”. Тады камуністычнай Беларусі былі вернутыя толькі два паветы – Гомельскі і Рэчыцкі, якія ўваходзілі ў склад Украінскай ССР. Усяго ў выніку “ўзбуйненняў” насельніцтва савецкай Беларусі павялічылася з 1,5 да амаль 5 млн. чалавек, а тэрыторыя з 52 да 126 тыс. км².

Тэрыторыя і насельніцтва БССР
1921 52,4 тыс. км² — 1,5 млн ч.
1924 110,6 тыс. км² — 4,2 млн ч.
1926 126,3 тыс. км² — 4,9 млн ч.
1939 223 тыс. км² — 10,2 млн ч.

Інтрыгі вакол “узбуйнення”. Пскоўскі губком быў не супраць далучэння да БССР і Веліжскага павета, але крамлёўскае кіраўніцтва гэтага нібыта не заўважыла. Пытанне аб вяртанні ў Беларусь абмяркоўвалася на народных сходах у кожнай воласці. Праўда, голас народа меў дарадчы характар. Апошняе слова заставалася за Масквой. Яна так і не вярнула таго, што забрала ў 1919 г. Савецка-партыйная адміністрацыя запалохвала беларускае насельніцтва гаротнасцю жыцця ў Беларусі, небяспекай з боку Польшчы. Расійскія камуністы баяліся пасля далучэння да Беларусі страціць свае пасады. На Магілёўшчыне і Смаленшчыне было шмат выпадкаў, калі на валасных сходах людзі настойліва патрабавалі далучэння да савецкай Беларусі, але іх воля ігнаравалася. Да Масквы даходзілі скаргі, што расійскае кіраўніцтва імкнулася вывесці з беларускіх тэрыторыяў, якія вярталіся пад кіраванне беларускіх бальшавікоў, усё лепшае: сельскагаспадарчую тэхніку, прамысловае абсталяванне, кнігі, мастацкія творы. Паселішчы Злынка, Навазыбкаў, Клінцы, Старадуб, хоць і знаходзіліся за 20-30 км ад Гомеля, але не былі перададзеныя БССР толькі таму, што там знаходзіліся запалкавыя фабрыкі і некаторыя іншыя прамысловыя прадпрыемствы. Разам з беларускімі землямі ў Беларусь вярталіся зрусіфікаваныя настаўнікі, расійская бюракратыя. Усё гэта вельмі ўзмацніла тут пазіцыі праціўнікаў беларускасці.

Канстытуцыя і адміністрацыйны падзел. У 1927 г. прымаецца Канстытуцыя БССР, з пэўым спазненнем у параўнанні з саюзнай 1924 г. Беларускія камуністы чакалі “ўзбуйненняў”, а яшчэ цягнулі справу з надзеяй пазбегнуць запісу аб дыктатуры пралетарыяту ў рэспубліцы, дзе 80% насельніцтва складалі сяляне. Аднак Масква не дазволіла. Беларуская канстытуцыя практычна нічым не адрознівалася ад саюзнай. Выбарчага права пазбаўляліся ўсе непрацоўныя групы насельніцтва (духоўныя асобы, гандляры, прадпрымальнікі, якія наймалі рабочых), а таксама былыя чыноўнікі, паліцэйскія і тыя, хто ў 1917—1921 гг. змагаўся супраць савецкай улады. У 1924—1929 гг. праводзілася рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі. Савецкая Беларусь дзялілася на 10 акругаў (Мінская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Аршанская, Мазырская, Слуцкая і Калінінская з цэнтрам у Клімавічах), 100 раёнаў і 1446 сельсаветаў. У 1930 г. акругі былі ператвораныя ў вобласці. У 1938 г. у Беларусі іх было пяць (Мінская, Віцебская, Магілёўская, Гомельская і Палеская з цэнтрам у Мазыры). Падчас раянава ня ў месцах кампактнага пражывання іншаэтнічных групаў пераважна ў прапагандысцкіх мэтах ствараліся нацыянальныя сельсаветы. У новай канстытуцыі 1927 г. узаконьвалася першапачатковая назва рэспублікі (БССР).

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии