Канстытуцыя БССР 1927 г.

11 красавіка 1927 г. была прынята Канстытуцыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая замацавала факт уваходжання Беларусі ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Каб усебакова ахарактарызаваць значэнне і ўмовы стварэння дадзенага дакумента, спачатку правядзем невялічкі экскурс па падзеям, якія адбыліся на Беларусі ў час яе нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва.
Барацьба за незалежнасць краіны, якая праводзілася, канешне, і ў час уваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі, разгарнулася з новымі сіламі пасля лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый. Лютаўская рэвалюцыя садзейнічала ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху, барацьбе за самавызначэнне беларускага народа.

Канстытуцыя БССР 1927 г.
Канстытуцыя БССР 1927 г.

Аднак, як вядома, ні ўрад БНР, ні выканаўчыя органы савецкай улады (Аблвыкамзах і Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту, створаныя, па сутнасці, па волі бальшавіцкага ўрада) не здолелі адстаяць самастойнасць Беларусі (хаця апошнім гэта не было і патрэбна) і права беларусаў на самавызначэнне. Ужо на перамовах паміж Савецкай Расіяй і Германіяй лёс Беларусі вырашаўся без беларускіх прадстаўнікоў. Тое ж пазней адбылося і пры падпісанні мірнага пагаднення паміж Польшчай і РСФСР.

І ў рэшце рэшт так здарылася, што гісторыя беларускай дзяржаўнасці стала неаддзельная ад гісторыі стварэння і развіцця савецкай саюзнай дзяржавы.
Пасля прыняцця Канстытуцыі СССР 1924 г., пачалася праца па стварэнню новай Канстытуцыі БССР. На гэты момант Беларусь ужо мела сваю Канстытуцыю, прынятую ў 1919 г., але яна не вырашыла многіх праблем станаўлення беларускай дзяржаўнасці, а яе змест больш сведчыў аб тым, што Беларусь па-ранейшаму жадалі разглядаць як адміністрацыйную адзінку РСФСР. Беларускае нацыянальнае пытанне не разглядалася бальшавіцкай партыяй у сваёй палітычнай дзейнасці як важкае.

Трэба падкрэсліць, што стварэнне Канстытуцыі аказалася складаным і працяглым працэсам. Толькі ў 1927 г. была прынята Канстытуцыя рэспублікі ў поўным сэнсе гэтага слова, з ахопам усіх важнейшых пытанняў дзяржаўнага ладу. Праект Канстытуцыі БССР быў зацверджаны VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў 11 красавіка 1927 г. Канстытуцыя БССР 1927 г. была першым Асноўным Законам БССР, прынятым пасля ўваходжання ў СССР, была больш распрацаванай і дасканалай у параўнанні з папярэдняй. У галоўным дакуменце рэспублікі быў замацаваны факт уваходжання БССР у склад Саюза ССР з правам свабоднага выхаду, канчаткова замацаваны і усталяваны сувязі БССР з Саюзам ССР і іншымі саюзнымі рэспублікамі, былі вызначаны суверэнныя правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю, уносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзяржавы і кіравання, вызначаць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел і інш. Асноўным Законам таксама былі паўтораны палажэнні папярэдняй Канстытуцыі аб правах і абавязках грамадзян і г. д.

Канстытуцыя 1927 г. не была, канешне, такой дасканалай і дэмакратычнай (хаця бы намінальна), як Канстытуцыя 1937 г., але ж была важным крокам наперад ва ўмацаванні дзяржаўнай улады БССР і вызначэнні межаў уздзеяння органаў СССР на рэспубліку. Канстытуцыя адлюстроўвала далейшую эвалюцыю савецкай улады ў БССР, якая на той момант стала адной з рэспублік Савецкага Саюзу.
У Канстытуцыі абвяшчалася аб роўнасці правоў усіх грамадзян незалежна ад іх расавай і нацыянальнай прыналежнасці (аднак гэта не вызначала магчымасць пазбаўлення асобных грамадзян i асобных груп грамадзян правоў, якімі яны карыстаюцца). На першым плане ў ёй былі правы працоўных, а не чалавека, БССР па-ранейшаму абвяшчалася ў якасці сацыялістычнай дзяржавы і дыктатуры пралетарыяту, якая ажыццяўляе свае задачы на аснове саюза рабочых і сялян.

Абвяшчалася роўнасць чаторых моваў – беларускай, расейскай, польскай і ідыш. Найбольш значныя заканадаўчыя акты павінны былі друкавацца на гэтых чатырох мовах, нават сама Канстытуцыя была выдана ў чатырох варыянтах. Але у сувязі з тым што значная большасць насельніцтва БССР належыла да беларускай нацыянальнасці, беларуская мова прызначалася як мова, “пераважная для ўзаемаадносін паміж дзяржаўнымі, прафесіянальнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі”.
У Канстытуцыі 1927 года даволі падрабязна вырашаліся пытанні кампетэнцыі, арганізацыі i дзейнасці рэспубліканскіх i мясцовых оганаў улады, давалася апісанне герба, сцяга i сталіцы БССР. Што датычыцца выбарчага права, то Канстытуцыя пазбаўляла значную частку грамадзян Беларускай ССР выбарчых правоў. Апрача таго, выбары праводзіліся на агульных сходах па прадпрыемствах, былі шматступенчатымі, а галасаванне было адкрытым. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты праводзілася толькі па дырэктывах партыйнага кіраўніцтва КП(б) Беларусі, што адпавядала палажэнням аб “дыктатуры пралетарыяту” і сведчыла аб значным абмежаванні дэмакратыі.

Увогуле стваралася ўражанне, што беларускі народ атрымаў нарэшце поўную самастойнасць ў справах будавання сваёй дзяржавы. Аднак пры падвышэнні ўвагі да нацыянальнага пытання, гэты дакумэнт шмат у чым паўтараў змест Канстытуцыі 1919 г. і амаль не закранаў элемэнтаў, што тычыліся б паняццяў “народ”, “нацыя” і “дзяржаўнасць”.
Канстытуцыя 1927 г. – закон, які павінен быў сведчыць аб сканчэнні барацьбы Беларусі за самавызначэнне, аб канчатковым уладкаваніі і ўсталяванні Савецкай Улады. Але ці можна сказаць, што Канстытуцыя 1927 г. усё ж такі дала тое, да чаго імкнуўся беларускі народ? І можна ўвогуле лічыць нарматыўныя акты, прынятыя на Усебеларускіх з’ездах Саветаў волевыяўленнем усіх беларусаў, калі на гэтыя з’езды запрашалі толькі камуністаў і ім “спачуваючым”?

З прававога пункту гледжання  відавочна адно – што не паспеўшы атрымаць незалежнасць, Беларусь зноў з суб’екту міжнародных адносін пераўтварылася ў аб’ект і падпала пад сферу ўплыву бальшавіцкай улады. Усе найбольш значныя рашэнні, што датычыліся дзяржаўнага будаўніцтва, тэрытарыяльнага ўладкавання і інш. былі прыняты органамі РСФСР і РКПБ(б), а пазней – СССР і КПСС. Усё гэта пацвярджае тую выснову, што БССР будавалася і развівалася не паводле волі беларускага народа, а — бальшавіцкай партыі, і гаворыць аб нелегітымнасці яе актаў. Канешне, прыкметы незалежнасці БССР усё ж былі, аднак гэта былі толькі прыкметы.

А выяўлялася гэта ў аб’яўленні незалежнасці БССР і права свабоднага выхаду з СССР, калі гэта працэдура не была нават распрацавана ў Асноўных Законах; у тым, што найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця былі аднесены да кампетэнцыі СССР; у падпарадкаванні беларускіх дзяржаўных органаў улады партыйным установам у адпаведнасці з накіроўваючай лініяй партыі, зліццём партыйнага і дзяржаўнага апарату; у паўсюдным парушэнні правоў і свабод грамадзян, калі часовы дэмакратызм Канстытуцыі быў хутка заменены адміністрацыйна-камандным метадам у грамадска-палітычным жыцці рэспублікі і інш.

Сапраўдную незалежнасць Беларусь атрымала толькі ў 1991 годзе. І хоць многія навукоўцы зараз крытыкуюць (можа і нездарма) заканадаўчую дзейнасць Вярхоўнага Савета ў час развалу СССР, аднак трэба прызнаць, што ён усё ж такі здолеў у патрэбны час адстаяць суверэнітэт і самастойнасць нашай краіны.

© kli4nik.info

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии