Бальшавіцкі генацыд 30-х гадоў

Бальшавіцкае кіраўніцтва займалася татальным вынішчэннем сваіх падданых, а потым рэабілітавала іх. Няўжо пакараныя напраўду былі ні ў чым не вінаватыя? Няўжо яны падтрымлівалі дзяржаву, якая вынішчала свой народ, пагаджаліся з яе палітыкай і пакорліва клалі галовы на плаху?

Узмацненне жорсткасці сталінскага рэжыму

У БССР усіх беларускіх нацыянальных дзеячаў загадзя, яшчэ ў 1924 г., узялі на ўлік. А ў сакавіку 1926 г. у Мінску прайшоў судовы працэс над антысавецкай арганізацыяй Юрыя Лістапада. Былы ўдзельнік Слуцкага паўстання і сябар Якуба Коласа разам з іншымі настаўнікамі Случчыны расклейваў антысавецкія лістоўкі, пашыраў нелегальную літаратуру, заклікаў сялянаў змагацца супраць бальшавікоў, якія распальвалі класавую варожасць сярод беларусаў. Тады ўлады яшчэ не адважваліся расстрэльваць і далі кіраўніку антысавецкага падполля ўсяго пяць гадоў турмы. Пяцёра яго паплечнікаў атрымалі ад трох да пяці гадоў турмы.

Пераход да рэпрэсіяў. 3 канца 20-х гадоў маскоўскае кіраўніцтва, набраўшыся моцы, узяло курс на поўнае падпарадкаванне нацыянальных ускраінаў цэнтру, бо адчула небяспеку страціць уладу. Пасля разрыву ў 1927 г. дыпламатычных адносінаў з Англіяй Масква асцерагалася, што тая падтрымае Польшчу ў яе прэтэнзіях на Усходнюю Беларусь і Усходнюю Украіну. Улетку 1929 г. Мінск па загадзе Іосіфа Сталіна наведаў маскоўскі рэвізор старшыня ЦКК КП(б) Украіны Уладзімір Затонскі. Яму не спадабалася, шо ў падручніках, напісаных гісторыкам Усеваладам Ігнатоўскім і географам Аркадзем Смолічам, ніякага марксізму не было, што Зміцер Жылуновіч абараняў нацыянальную культуру, Аляксандр Чарвякоў вылучыў на ўзнагароджанне ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга артыста Фларыяна Ждановіча і прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілу як піянераў беларускай справы, што беларусы вельмі паважалі Янку Купалу – пра яго ў школах усе ведалі, а пра Уладзіміра Леніна – не. Пасля візіту сталінскага кантралёра палітыка беларусізацыі практычна згарнулася. Першачарговы ўдар скіроўваўся супраць носьбітаў беларускай незалежніцкай ідэі. Спачатку пайшло ганьбаванне так званых нацыянальных дэмакратаў (нацдэмаў). Яно павінна было закончыцца, па задуме цэнтра, выкрыццём (а ў сапраўднасці – фабрыкацыяй) падпольных нацыяналістычных, антысавецкіх арганізацыяў і судам над іх чальцамі як над ворагамі народа. Пад практычную задуму падводзілася і тэарэтычнае абгрунтаванне. Тэрмін “нацыянал-дэмакратызм”, напрыклад, меў раней станоўчы змест і азначаў барацьбу за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне народаў. Але з другой паловы 20-х гадоў нацыянал-дэмакратызм ужо атаясамліваўся з нацыянал-шавінізмам і нават нацыянал-фашызмам. Неўзабаве ён ператварыўся ў прыкмету выключна беларускага нацыяналістычнага ўхілу. Нацдэмы абвінавачваліся ў імкненні адарваць БССР ад СССР і далучыць да Польшчы. Іх сацыяльнай асновай абвяшчалася заможнае сялянства. У сувязі з гэтым увесь беларускі нацыянальна-вызваленчы рух ад Каліноўскага да беларускіх секцьіяў РКП(б) залічаўся да рэакцыйнай плыні. 

Рэпрэсіі 1930—1931 гг. На кіраўнічыя пасады ў БССР Масква пачала прызначаць адданых ёй людзей: у студзені 1930 г. эстонец Канстанцін Гей заняў пасаду першага сакратара КП(б)Б, а Пётр Рапапорт узначаліў галоўны карны орган – рэспубліканскі Аддзел дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ), які меў права выносіць прыгаворы без суда. Спачатку ў дзяржаўнай здрадзе быў абвінавачаны старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў, але яму ўдалося адстаяць сябе. Потым прыйшла чарга прэзідэнта Акадэміі навук БССР Усевалада Ігнатоўскага і першага старшыні савета народных камісараў Беларусі Зміцера Жылуновіча. Іх знялі з працы і выключылі з партыі (4 лютага 1931 г. Ігнатоўскі застрэліўся). Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стаў надуманы судовы працэс над членамі ўяўнай контррэвалюцыйнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ). У 1931 г. за належнасць да яе пастановай калегіі АДПУ было асуджана 90 работнікаў навукі, мастацтва, савецка-партыйнага апарата. 80 з іх прыгаварылі да высылкі з Беларусі тэрмінам на пяць год, а дзесяць чалавек – да дзесяцігадовага тэрміну ў канцлагерах. Сярод пакараных былі наркам асветы Антон Баліцкі, наркам земляробства Зміцер Прышчэпаў, намеснік дырэктара Дзяржвыдавецтва Пётр Ільючонак, віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук Сцяпан Некрашэвіч, акадэмікі Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Аркадзь Смоліч, Гаўрыла Гарэцкі, яго брат Максім Гарэцкі, гісторык Аляксандр Цвікевіч. Пацярпелі Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, сябры літаратурнага аб’яднання “Узвышша”, да якога не належаў ніводзін камуніст. Маладыя паэты не прызналіся ні ў чым. Некаторыя інтэлігенты адказалі на арышты сваіх калег звальненнямі з працы. Сталіністы яшчэ сумняваліся ў сваёй сіле, баяліся супраціўлення. Самагубства Усевалада Ігнатоўскага і спроба самагубства Янкі Купалы (20 ліс- тапада 1930), якога прымушалі выступіць галоўным сведкам абвінавачвання, не дазволілі карнікам арганізаваць паказальны працэс і пашырыць рэпрэсіі. Але ў 1937 г. амаль усе, хто па ім праходзіў, былі асуджаныя паўторна – да вышэйшай меры пакарання, расстрэлу. Ад- начасова пачаліся рэпрэсіі супраць яўрэйскай і польскай інтэлігенцыі, іудзейскага і каталіцкага духавенства. У 1930 г. была ліквідаваная сетка яўрэйскіх нелегальных рэлігійных вучэльняў. У 1929- 1930 гг. за межы БССР выслалі больш за 1500 польскіх сем’яў. Рэпрэсіі супраць палякаў чаргаваліся з саступкамі. У 1932 г. Койданаўскі раён у палітычных мэтах абвясцілі польскім, а праз некалькі месяцаў перайменавалі ў Дзяржынскі – у гонар Фелікса Дзяржынскага. Адчыняліся польскія школы, арганізоўваліся нацыянальныя сельсаветы. Сярод беларусаў прымусова насаджалася польская мова. Потым зноў пачыналіся бальшавіцкія чысткі – і гэты раён выглядаў, як пасля эпідэміі. На апусцелых землях не было каму працаваць. Рэпрэсіямі на пачатку 30-х быў ахоплены ўвесь Савецкі Саюз. Так, украінская інтэ- лігенцыя абвінавачвалася ў стварэнні антысавецкай “Спілкі вызвалення Украіны”.

Другая хваля. Першая рэпрэсіўная хваля 1930—1931 гг. змянілася другой у 1933—1934 гг. Яе арганізатарам выступаў ужо новы першы сакратар ЦК КП(б)Б інгуш Мікалай Гікала (1932—1937). Гэты раз разглядалася справа таксама ўяўнага “Беларускага нацыянальнага цэнтра”. Былі сфабрыкаваныя палітычныя судовыя справы на вядомых дзеячаў заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху (Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін, інш.), якіх абвінавачвалі як польскіх шпіёнаў. Вялася барацьба з “засмечваннем” нацдэмамі дзяржаўных установаў. Галоўную небяспеку для сябе кампартыя бачыла ў мясцовым нацыяналізме. А пра вялікадзяржаўны шавінізм гаварыць перасталі. Мясцовыя гараджане баяліся вымавіць беларускае слова, каб не быць абвінавачанымі ў нацыяналізме. Рэпрэсіўны аппарат няспынна ўдасканальваўся. 3 канца 1934 г. карным органам дазвалялася прымаць самыя жорсткія меры: катаваць, асуджаць на смерць дванаццацігадовых.

Абезгалоўліванне нацыі. Тонкі слой адукаванай, незалежнай і нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, якая фармавалася янічэ да камуністычнай улады і несла пагрозу для дыктатарскага рэжыму, быў вынішчаны або высланы. Пэўны час нацыянальныя дзеячы, адарваныя ад радзімы, захоўвалі беларускія культурныя асяродкі за межамі БССР. У Маскве з 1926 г. працаваў Беларускі цэнтральны рабочы клуб, а ў Ленінградзе – Беларускі дом асветы. Але і гэтыя ўстановы ў 1935— 1936 гг. спынілі сваё існаванне.

Сталіністы. Адной з найважнейшых функцыяў карнага апарату стаў падбор кадраў. Беларускія камуністы-патрыёты для маскоўскіх кіраўнікоў ужо не падыходзілі. Яны вынішчаліся, а на іх месца прысылаліся паслухмяныя Маскве людзі з усіх куткоў СССР, якіх мала турбавалі інтарэсы беларусаў. Мясцовая адміністрацыя фармавалася з чужынцаў і дэнацыяналізаваных мясцовых люмпенаў. Малапісьменныя людзі раптам узляталі з дапамогай маскоўскіх бальшавікоў на самыя высокія пасады. На пачатку 30-х гг. тры чвэрці кіраўнікоў БССР мелі толькі пачатковую чатырохкласную адукацыю. Натуральна, што ў пераважнай большасці такія мясцовыя пралетарскія кадры рабіліся адданымі рабамі сваіх гаспадароў і надзвычай жорсткімі катамі свайго народа. Яны ўсё жыццё былі ўдзячныя партыі, якая адкрыла ім дарогу да панавання.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии