Лёс віленскіх беларусаў на пачатку другой сусветнай вайны

19 верасня 1939 г. Чырвоная Армія захапіла Вільню. Адразу пачалася чыстка горада ад так званых антысавецкіх элементаў. Чырвонаармейцы рабавалі гарадскія крамы і нават пешаходаў. Вільню літоўцы атрымалі ад Масквы праз 40 дзён. За гэты час органы НКУС добра папрацавалі, а літоўскія дыпламаты старанна фіксавалі дзейнасць сваіх апекуноў. Было зарэгістравана каля 800 асобаў, дэпартаваных з Вільні сталіністамі.

Расправа з беларускай інтэлігенцыяй

Як толькі СССР і Летува падпісалі дамову аб перадачы Віленшчыны, савецкая адміністрацыя рэзка змяніла стаўленне да віленскіх беларускіх дзеячоў, якіх раней меркавалі выкарыстаць на планаваным у Вільні Нацыянальным сходзе. Іван Клімаў меў загад арыентаваць іх у адпаведнасці з складзеным у НКВД спісам. У ліку іншых былі схопленыя вядомы публіцыст і вучоны Уладзімір Самойла, аўтар нацыянальнага гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Макар Краўцоў (Касцевіч), рэдактар газеты хрысціянскіх дэмакратаў «Беларуская крыніца» Янка Пазьняк (дзед Зянона Пазьняка), беларускі сенатар Вячаслаў Багдановіч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання Сяргей Бусел, сябры Беларускага навуковага таварыства Вінцук Жук-Грышкевіч і Антон Неканда-Трэпка. Большасць з іх загінулі.

А.Луцкевіч. 1939 г.
А.Луцкевіч у савецкай няволі. Верасень 1939

Трагічны лёс чакаў і лідара беларускага руху ў Вільні Антона Луцкевіча. Колішні прыхільнік аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага і адзін з стваральнікаў БНР ведаў, што такое сталінская дыктатура, але дзеля выратавання беларускай справы і нацыянальнай інтэлігенцыі спрабаваў шукаць кампрамісу з бальшавікамі. Усё было марна: Луцкевіча арыштавалі ўначы з 26 на 27 верасня. Арышт быў абстаўлены вялікай сакрэтнасцю. Чэкісты не хацелі, каб гэтая акцыя падарвала пракамуністычныя ілюзіі беларусаў. Карнікі разлічвалі выдаць арышт за ўцёкі Луцкевіча ў Літву – тым больш, што шлях на Коўна стаў для многіх беларусаў Вільні выратавальным. Але Луцкевіч быў чалавек надта вядомы і аўтарытэтны, каб яго знікненне не заўважылі. Ужо на другі дзень да Івана Клімава прыйшла беларуская дэлегацыя з пытаннем пра лёс свайго лідэра. Кэдэбіст абяцаў адшукаць Луцкевіча, а сам адправіў вязня ў мінскі астрог, адкуль беларускі дзеяч ужо ніколі не вярнуўся.

Тая частка беларускай інтэлігенцыі Вільні, што яшчэ заставалася на волі, сталася сведкай рабавання бальшавікамі нашых нацыянальных культурных каштоўнасцяў. Зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча спехам грузілі ў вагоны і вывозілі ў Менск. Па дарозе віленскія скарбы раскрадаліся і гінулі.

Віленскія трафеі

22 кастрычніка 1939 г. у Вільню прыехала літоўская паліцыя. Бальшавікі перад сваім адыходам рабавалі ўсё, што маглі: прамысловае абсталяванне, архівы, унікальныя кнігі, рэчы хатняга ўжытку. Не забыліся і пра Віленскі беларускі музей. Усё самае каштоўнае – старадрукі, калекцыя старажытных манет, сярэдневяковая зброя – грузілася ў вагоны і адпраўлялася ў Мінск. За спешкаю ўсё забраць не змаглі, а тое, што пагрузілі, па дарозе было напалову пакрадзенае і панішчанае. Віленскія скарбы звальваліся ў сутарэннях і калідорах розных грамадскіх установаў Мінска. Частка іх пазней была залітая вадой і знішчаная, частку літоўцы вярнулі ў часы нямецкай акупацыі. У кастрычніку 1939 г. у Мінску апынулася абсталяванне віленскага радыёзавода, на аснове якога ў 1941 г. пачаў дзейнічаць мінскі завод лямпавых радыёпрыёмнікаў.

Вынік савецка-літоўскага “дыялогу”

Вільня перадавалася новым гаспадарам, хоць сама Масква прызнавала, што горад і яго наваколле не былі літоўскія. Калі 28 кастрычніка 1939 г. на віленскіх вуліцах з’явіліся летувіскія вайскоўцы з корпуса генерала В. Віткаўскаса, яны зазналі сапраўдны шок. Іхнай мовы амаль ніхто не разумеў. Ніхто не вітаў іх – наадварот, шмат хто ўспрымаў прыхадняў як яшчэ адну ўладу, якая надоўга тут не затрымаецца. Выхаваныя ў адпаведным духу летувісы, як занатаваў адзін з іх афіцэраў, «замест казачнай князёўны ўбачылі вуліцы чужога невядомага горада, дзе размаўлялі на чужой мове». 29 кастрычніка пасля ўрачыстай цырымоніі ўзняцця летувіскага сцяга на гары Гедзіміна ў гарадскім садзе выступіў генерал Вінцас Віткаўскас. Ён казаў пра «радасць летувіскага народа ў сувязі з далучэннем Вільні». Публіка напружана ўслухоўвалася ў гукі незнаёмай мовы. Генерала разумелі пераважна толькі ягоныя падначаленыя-вайскоўцы ды летувіская паліцыя.

Летувіскі салдат у Вільні. Восень 1939 г.

Рабілася гэта не без націску гітлераўскага ўрада. Але, пакідаючы Вільню, СССР атрымліваў, паводле савецка-літоўскага дагавору аб узаемнай дапамозе (ад 10.X.1939 г.), права на заснаванне вайсковых баз у Алітусе, Прэнах, Гайжунах і Новай Вільні. Сталінскае кіраўніцтва ўступала Літоўскай дзяржаве Вільню, каб потым (жнівень 1940) не толькі вярнуць яе, але і прыхапіць усю Літву, а для змякчэння незадаволенасці яе грамадзянаў зноў адрэзаць ад БССР 2,6 тыс. кв. км. і перадаць іх акупаванай літоўскай краіне (лістапад 1940 г.). Далучэнне Вільні да Літвы стала магчымым дзякуючы злачыннай змове Сталіна з Гітлерам, якія дзейнічалі выключна ў захопніцкіх мзтах. I ўсё гэта, як слушна заўважыў беларускі гісторык Мікола Іваноў, пакінула балючы след у нацыянальнай памяці ўсіх зацікаўленых у Вільні народаў – беларусаў, палякаў, літоўцаў. Віленскі край стаў першай тэрытарыяльнай стратаю Беларусі ў Другой сусветнай вайне.

© У. Арлоў, З.Шыбека

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии