Разгар нямецка-савецкай вайны. 1941-1942 гг.

Вайна для СССР выбухнула з непазбежнасцю. Абодва “саюзнікі” рыхтаваліся да нападу адзін на аднаго, але Гітлер апярэдзіў. Бальшавікі і нацысты, што трызнілі пра сусветнае панаванне, уцягнулі ў крывавую бойню і Беларусь. Беларускі народ стаў перад праблемай пошуку паратунку. Але ці можна было спадзявацца на сталінскую таталітарную дзяржаву, на акупаваную Польшчу, на нацысцкую Германію, на далёкія Англію ці ЗША?

Замацаванне акупантаў (чэрвень - снежань 1941 г.)

Захоп фашыстамі Беларусі. 22 чэрвеня 1941 г. Германія напала на СССР. Нечаканы ўдар выклікаў у вайскоўцаў вялікую паніку. Абараняцца маладых камандзіраў не вучылі. Яны мелі права толькі наступаць. А спрактыкаваных афіцэраў выкасілі сталінскія рэпрэсіі. Нягледзячы на гераічнае супраціўленне асобных аддзелаў Чырвонай Арміі, нямецкія войскі з баямі, але няспынна наступалі праз Беларусь на Маскву. Дзве магутныя танкавыя групоўкі Гота і Гудэрыяна, рухаючыся ад Вільні і Брэста за тыдзень дасягнулі Мінска і 28 чэрвеня захапілі яго. На захад ад сталіцы ў гіганцкім “мяху” апынуліся асноўныя сілы цэлай Беларускай ваеннай акругі (пазней Заходняга фронту): 330 тыс. палонных, больш за 60 акружных складоў са зброяй, палівам, правіянтам. Каля 400 тыс. вайскоўцаў загінула. 16 ліпеня немцы былі ўжо ў Смаленску, а да канца жніўня кантралявалі ўсю тэрыторыю БССР. 4 жніўня ў Барысаў прылятаў Адольф Гітлер для нарады са сваімі камандуючымі.

Паводзіны бальшавікоў у Беларусі перад адступленнем. Наступленне немцаў выклікала развал савецкай адміністрацыі. Пінск камуністы пакінулі, калі немцы знаходзіліся на адлегласці больш за 100 км. ЦК КП(б)Б на чацвёрты дзень вайны быў у Магілёве. Частка адказных работнікаў з БССР ужо ў канцы чэрвеня апынулася з сем’ямі на легкавых машынах у Маскве, але іх адразу адправілі назад. Функцыю кіравання ўзялі на сябе органы НКУС. Але з Заходняй Беларусі працаўнікі бяспекі амаль нічога не вывезлі і нават не паспелі там правесці мабілізацыю прызыўнікоў. Затое з ўсходніх беларускіх земляў на працу ў Расію былі адпраўленыя 1,5 млн. чалавек, а ў Чырвоную Армію мабілізаваныя каля 500 тыс. чалавек, у выніку чаго насельніцтва ўсходняй Беларусі скарацілася больш як на трэць. Палітычныя вязні ў 32 турмах БССР расстрэльваліся. Буйныя прамысловыя прадпрыемствы, сельскагаспадарчая тэхніка, жывёла, збожжа - усё каштоўнае эвакуявалася ці знішчалася. Амаль цалкам былі спаленыя Віцебск і Полацк. А пасля вайны ўсё спісвалася на немцаў. Крамлёўскія стратэгі стваралі невыносныя ўмовы фактычна не для гітлераўцаў (іх карміла і апранала амаль уся заваяваная Еўропа), а для беларускага народа, які заставаўся пад нямецкай акупацыяй. Абяцаная савецкай уладай гарантыя бяспекі не спраўдзілася. Велізарнейшыя выдаткі, панесеныя жыхарамі БССР дзеля ўзбраення саюзнага войска, пайшлі ў глум. Беларускі народ застаўся безабаронны і мусіў шукаць паратунку сваімі сіламі.

 

Нацысцкая навала. Першая ваенная хваля немцаў-франтавікоў прынесла жыхарам Беларусі чарговыя здзекі, рэквізіцыі і грабяжы. Нахабна рабаваліся хатняя маёмасць, навуковыя ўстановы, бібліятэкі, музеі. Каштоўнае навуковае абсталяванне, рэдкія кнігі, лепшыя творы мастацтва, у тым ліку унікальная калекцыя слуцкіх паясоў, - усё вывозілася ў Германію. Шмат было знішчана, разрабавана марадзёрамі. Уражвала нечалавечая жорсткасць гітлераўцаў да ваеннапалонных. Беларусаў на просьбу сваякоў немцы часам адпускалі. Карыстаючыся гэтым, многія беларускія жанчыны вызвалялі з палону ўсіх без разбору, выдаючы сябе за сваячак. А потым беларускае насельніцтва стала сведкам неверагоднай варожасці нацыстаў да яўрэяў, якіх перад вайной у Беларусі налічвалася больш 750 тысячаў. Ужо пры наступленні немцы вынішчалі яўрэйскія сем’і і рабавалі іх маёмасць, а крыху пазней усіх ацалелых сагналі ў шматлікія гета.

План “Ост”. На беларускіх землях меркавалася пакінуць не болей 25% беларусаў, дый тое з мэтаю анямечвання. Астатніх пасля вайны планавалася вынішчыць ці выселіць у Сібір. Вызваленыя прасторы прызначаліся для германскіх каланістаў. Яўрэі і цыгане падлягалі поўнаму вынішчэнню. Такі быў сакрэтны нацысцкі план. Пра яго ведалі не ўсе нават сярод вышэйшага кіраўніцтва III Рэйха.

Фармаванне акупацыйнай адміністрацыі. Па загадзе Адольфа Гітлера ад 17 ліпеня 1941 г. на акупаваных тэрыторыях ствараліся рэйхскамісарыяты. У ліку першых быў рэйхскамісарыят Остлянд (Усходні край) з сядзібай у Рызе. У яго склад увайшлі генеральныя камісарыяты Эстонія, Латвія, Літва і Беларусь. Плошча генеральнага камісарыята Беларусь, у параўнанні з БССР, істотна памяншалася і складала каля чвэрці яе былой тэрыторыі. Усходнія межы супадалі са сталінскімі, але ў далейшым меркавалася перанесці іх на ўсход і далучыць Смаленшчыну. Паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, ІІалескай і Гомельскай абласцей далучаліся да рэйхскамісарыята Украіна; паўночна-заходнія раёны Брэсцкай і ўся Беластоцкая вобласці апынуліся ў складзе Усходняй Прусіі; паўночна-заходняя частка Вілейскай вобласці перадава лася генеральнаму камісарыяту Літва. Пры гэтым большая, усходняя, частка генеральнага камісарыята Беларусь заставалася пад кіраўніцтвам ваеннага камандавання тылам групы армія “Цэнтр”. А ў заходняй частцы стваралася цывільная адміністрацыя на чале з генеральным камісарам Беларусі Вільгельмам Кубэ. Такое становішча лічылася часовым, але пратрымалася да канца акупацыі. У падпарадкаванні Кубэ было 10 акруговых камісарыятаў. У акругах існавалі яшчэ павятовыя і валасныя ўправы. Гарадскі камісарыят у Мінску вылучаўся ў асобную адміністрацыйную адзінку. На ўсходзе побач з камендатурамі ствараліся валасныя, раённыя і гарадскія ўправы. Замест савецкай міліцыі ўводзілася дапаможная паліцыя. Выбіраліся вясковыя старасты. Справамі акупацыі займалася ў Берліне Міністэрства ўсходніх тэрыторыяў на чале з Альфрэдам Розенбергам.

Раскол грамадства. Акупацыя выявіла разлом грамадства на прыхільнікаў і праціўнікаў савецкай улады. Якая частка насельніцтва засталася адданай Саветам, ніхто як след не лічыў. Можна толькі выказаць меркаванне, што ў 1941 г. колькасць прыхільнікаў улады бальшавікоў вызначалася колькасцю савецкай адміністрацыі ці, у лепшым выпадку, колькасцю камуністаў і камсамольцаў. Іншыя або адкрыта выступалі супраць былой улады, або застылі ў чаканні. Небяспека нацызму не была як след растлумачаная народу. Перад вайной камуністы выступалі саюзнікамі нацыстаў і прыпынілі антынацысцкую прапаганду. Дый досвед першай сусветнай вайны не прадвяшчаў ад немцаў вялікай небяспекі. Вось чаму на пачатку вайны ў цывільнага насельніцтва была надзея прыстасавацца да новых гаспадароў. Большасць, несумненна, не мела даверу да бальшавікоў, але шмат хто па-ранейшаму верыў у непераможнасць СССР.

Вытокі супрацоўніцтва з немцамі. Пад нямецкай акупацыяй беларусы страцілі нават уяўную дзяржаўнасць (БССР), якую мелі за сталінскім рэжымам. Але і цяпер былі патрыёты (пераважна ў эміграцыі), якія не забываліся пра БНР і не адмаўляліся ад думкі ўзнавіць яе. Вайна Германіі з СССР, як ім здавалася, давала пэўны шанец разбурыць бальшавіцкую імперыю рукамі гітлераўцаў. Эмігранты ў Берліне арганізавалі Беларускі нацыянальны цэнтр (чэрвень 1941) на чале з лекарам Міколам Шчорсам і ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім. Але разлік на тое, што Цэнтр будзе ператвораны ў беларускі ўрад, не спраўдзіўся. Гітлер не сумняваўся ў хуткай перамозе і не меў патрэбы ў марыянетачных урадах. Лідэры хрысціянскіх дэмакратаў (Вацлаў Іваноўскі, Янка Станкевіч і Станіслаў Грынкевіч з Беларускага нацыянальнага аб’яднання) разумелі, што незалежнасць не прыйдзе ад Германіі. Яны разлічвалі, што ЗША разам з Англіяй у канчатковым выніку перамогуць і нацыстаў, і бальшавікоў. Нямецкую ж акупацыю патрыёты хацелі выкарыстаць для ўкаранення беларусаў у мясцовую адміністрацыю, для росту іх нацыянальнай самасвядомасці і ўтварэння ўласнага войска. Увосень 1940 г. Янка Станкевіч арганізаваў у падполлі Партыю беларускіх нацыяналістаў (ПБН), каб ад яе імя наладжваць кантакты з польскім супраціўленнем і саюзнікамі. Свой уклад у тэарэтычнае абгрунтаванне неабходнасці супрацоўніцтва з немцамі ўнеслі таксама Вінцэнт Гадлеўскі і рэдактар “Мінскай газэты» А. Сенькевіч. Праўда, шмат хто ішоў на службу да немцаў не па ідэйных, а па матэрыяльных матывах і ў першую чаргу - пакрыўджаныя савецкай уладай.

Палітыка гаўляйтэра Кубэ. У Беларусі кіраваў своеасаблівы гаўляйтэр. Перакананні Вільгельма Кубэ часам істотна адрозніваліся ад афіцыйнага курсу гітлераўскай Германіі. Ён разумеў, што дзеля перамогі над бальшавізмам трэба супрацоўнічаць з беларусамі, якія складалі большасць насельніцтва падуладнай яму тэрыторыі. Яго першае распараджэнне ад 10 верасня 1941 г. тычылася адкрыцця беларускіх пачатковых школаў. Кіраўніцтва школьнай справай Вільгельм Кубэ даверыў ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму, праз год закатаванаму гітлераўцамі. Беларуская інтэлігенцыя ахвотна выкарыстоўвалася для ўкамплектавання акупацыйнай адміністрацыі.

Арганізацыя савецкага супраціўлення. Супраціўленне акупантам засноўваў партыйны, савецкі, камсамольскі і калгасны актыў, у якога шанцаў на нацысцкую спагаду не заставалася. Шмат хто з гэтых людзей быў адданым камуністам, і разгортванне бязлітаснай партызанскай вайны, да якой 3 ліпеня 1941 г. заклікаў Іосіф Сталін, яны разглядалі, як свой жыццёвы абавязак. Першыя партызанскія атрады ў Беларусі фармаваліся з савецкіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў нямецкім акружэнні. Асобныя партызанскія аддзелы ствараліся па ініцыятыве мясцовых партыйных і камсамольскіх дзеячаў. Некаторыя партызанскія атрады і групы фармаваліся ў савецкім тыле, а потым перапраўляліся праз лінію фронту ва ўсходнюю Беларусь. На заходнебеларускіх землях, якія да 1939 г. уваходзілі у склад польскай дзяржавы, савецкіх партызанскіх атрадаў да 1943 г. не было ў адпаведнасці з савецка-польскім пагадненнем (жнівень 1941 г.). Першыя партызанскія атрады рабіліся лёгкай здабычай немцаў, асабліва тыя, што прыходзілі з-за лініі фронту. Людзей пасылалі на верную пагібель. I толькі пасля перамогі Чырвонай Арміі пад Масквой партызаны акрыялі і са снежня 1941 г. узмацнілі дыверсіі супраць немцаў. У гэты час на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі каля 200 партызанскіх атрадаў. Тысячы людзей уліліся ў падпольныя камуністычныя арганізацыі. Партызанскі рух меў народную глебу. Масква яшчэ не паспела ўзяць яго пад свой кантроль. Спрацоўвала натуральнае імкненне да змагання з ворагам. Многія беларусы разглядалі ганьбу паражэння СССР як сваю ўласную. У Чырвонай Арміі ваявалі іх сыны і браты. У той жа час некаторыя мясцовыя жыхары наводзілі карнікаў на партызанскія базы. У канцы 1941 г. 12 тысячам партызанаў супрацьстаяла да 16 тысячаў паліцэйскіх, якія ў складзе нямецкіх вайсковых злучэнняў удзельнічалі ў барацьбе са “сталінскімі бандытамі” і ў рэпрэсіях супраць яўрэяў. Узімку 1941—1942 гг. гітлераўцам пры падтрымцы паліцэйскіх ўдалося разбіць значную частку партызанскіх атрадаў.
Колькі ж ворагаў займела Беларусь? Вайна, што агарнула беларускія землі, выявіла шэраг згубных для мясцовага насельніцтва тэндэнцыяў: імкненне нацыстаў да каланізацыі і генацыду, бальшавікоў - да аднаўлення сталінскай дыктатуры, польскіх нацыяналістаў да аднаўлення панавання ў Заходняй Беларусі, украінскіх нацыяналістаў - да падпарадкавання беларускага Палесся. Літоўскія і латышскія нацыяналісты прэтэндавалі на паўночныя тэрыторыі. I ўсе яны, не кажучы ўжо пра нацыстаў, у імя сваіх мэтаў не спыняліся перад вынішчэннем насельніцтва Беларусі.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.