Беларусь пад нямецкай акупацыяй 1941-1944 гг.

Перад выбарам (1942 - верасень 1943): супрацоўніцтва

Генацыд. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала 260 (разам з філіямі) канцлагераў. Яны поўніліся антыфашыстамі і камуністамі, якіх звозілі сюды з Аўстрыі, Галандыі, Германіі, Венгрыі, Польшчы, Францыі, Чэхаславакіі. У Трасцянцы, пад Мінскам, за час акупацыі загінула каля 206,5 тыс. вязняў. Сярод ахвяраў пераважалі яўрэі і рускія (ваеннапалонныя), але былі і беларусы. Больш вязняў загінула толькі ў Асвенцыме і Майданэку. Усяго на тэрыторыі Беларусі ў лагерах загінула каля 800 тыс. чалавек. Фашысты арганізавалі ў беларускіх гарадах і мястэчках каля 155 гета. У іх ствараліся падпольныя арганізацыі, праводзіліся дыверсіі супраць немцаў. У 1942 г. у Лахвенскім (Случчына), а ў 1943 г. у Глыбоцкім (Вілейшчына) і Беластоцкім гета выбухнулі паўстанні, якія былі бязлітасна задушаныя з выкарыстаннем артылерыі, танкаў і нават самалётаў. Некаторыя вязні прабіваліся да партызанаў, у выніку чаго ў лясах засноўваліся цэлыя яўрэйскія паселішчы. Асобных яўрэяў хавалі беларускія сем'і, хоць за гэта ім пагражала пакаранне. Да канца 1943 г. усе гета на тэрыторыі Беларусі апусцелі. Самыя вялікія ахвяры былі ў Мінску, дзе гітлераўцы знішчылі каля 100 тыс. яўрэяў, у тым ліку каля 25 тысячаў, інтэрнаваных гітлераўцамі з акупаваных краінаў Заходняй Еўропы. Пасля ліквідацыі гета пачыналіся рабаванні. Лепшую маёмасць забіралі немцы і паліцэйскія. Рэшта заставалася мясцоваму насельніцтву. Нацысты перабілі таксама амаль усіх беларускіх цыганаў. Мясцовыя жыхары, як правіла, не прыцягваліся да масавых акцыяў. Былі выпадкі, калі беларусы гінулі разам з яўрэямі, але не згаджаліся страляць у сваіх землякоў. Беларусь стала месцам высылкі небяспечных для нацыстаў элементаў з усёй Еўропы, палігонам, дзе адпрацоўваўся механізм масавага вынішчэння людзей.

Выжыванне і прымусовая праца гараджанаў. Гарады нагадвалі канцэнтрацыйныя лагеры, асабліва ў прыфрантавой паласе. Усе прамысловыя прадпрыемствы аб’яўляліся германскай дзяржаўнай уласнасцю, хоць фактычна імі кіравалі звычайныя ўласнікі (“шэфы”). Гарадская гаспадарка і гандаль трапілі пад кантроль германскіх фірмаў. Мясцовае насельніцтва магло займацца толькі дробным гандлем на кірмашах і ў шапіках. Над мясцовай акупацыйнай эканомікай панаваў Остлянд-банк, што месціўся ў Рызе. 3 1942 г. яго аддзяленне дзейнічала ў Мінску пад назвай Мінскі банк. На насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў распаўсюджваўся ўсеагульны працоўны абавязак. Працаваць на ваенных прадпрыемствах даводзілася па 14-15 гадзінаў у суткі, а заробкі былі ў чатыры-шэсць разоў меншыя, чым у рабочых з Германіі. У Мінску ў 1943 г. дзённага заробку не хапала на 1 кг бульбы. Праўда, жыццё беларусаў, што працавалі на прадпрыемствах савецкага тылу, было не нашмат лепшае. Праца на немцаў для многіх гараджанаў была адзіным сродкам уратавання ад голаду, бо харчовыя карткі выдаваліся толькі рабочым, малалетнім і калекам. 3 пункту погляду сталінскага кіраўніцтва такія рабочыя былі здраднікамі (!).

Аграрная палітыка акупантаў. Новыя гаспадары былі зацікаўленыя ў наладжванні сельскагаспадарчай вытворчасці на патрэбы фронту. Сялянскія сем’і атрымлівалі ва ўласнасць да гектара пад сядзібу і да 7 гектараў палявой зямлі ў часовае карыстанне. Ім дазвалялася гадаваць неабмежаваную колькасць хатняй жывёлы, што пры савецкай уладзе забаранялася. Каб падтрымаць збяднелых сялянаў усходняй Беларусі, немцы ўвесну 1942 г. забяспечвалі іх пасяўным матэрыялам, прывозілі з Нямеччыны плугі, рамантавалі трактары, давалі коней. Вільгельм Кубе не стаў уводзіць на падуладнай яму тэрыторыі абшчынныя гаспадаркі ў адпаведнасці з гітлераўскім палажэннем ад 16 лютага 1942 г. Увесну 1942 г. ён перадаў калгасныя землі і інвентар у аднаасобнае карыстанне сялянскім дварам, якія аб'ядноўваліся ў зямельныя кааператывы. Найлепшыя землі нацысты забралі сабе і стварылі на іх дзяржаўныя маёнткі. На працу да нямецкіх і галандскіх каланістаў сяляне зганяліся пад прымусам.

Беларуская народная самапомач. Пасля паражэння пад Масквой (снежань 1941 г.) нацысты пайшлі на супрацоўніцтва з беларусамі больш ахвотна. Вільгельм Кубэ абапіраўся на Беларускую народную самапомач (БНС), створаную ў кастрычніку 1941 года. Арганізацыя мела свае акруговыя і раённыя аддзяленні і валасныя гурткі. Гаўляйтэр дазволіў ёй займацца не толькі дабрачыннасцю, але і культурна-асветнай дзейнасцю. У ліпені 1942 г. ствараецца Галоўная рада БНС з 12-ці чалавек на чале з Іванам Ермачэнкам. Пры ёй узнікае шэраг аддзелаў: палітычны, вайсковы, школьны, культуры, прапаганды, аховы здароўя. Рады БНС з адпаведнымі аддзеламі пачынаюць працаваць і ў кожнай акрузе. Такім чынам Вільгельм Кубэ рыхтаваў адміністрацыйны апарат, які пры неабходнасці мог пераняць у немцаў кіраўніцтва.

Беларусізацыя пад нацысцкім наглядам. Узрастала грамадска-палітычная і культурная актыўнасць беларускіх дзеячаў, якія з’язджаліся ў Мінск. 3 восені 1941 г. пачалі адчыняцца беларускія пачатковыя школы. У чэрвені 1942 г. на тэрыторыі цывільнага кіравання дзейнічала каля 3,5 тыс. школаў, у якіх 346 тыс. вучняў. На працягу 1942 г. былі заснаваныя Беларускія прафсаюзы, Жаночая ліга. У жніўні 1942 г. нямецкія ўлады выдалі дазвол на адкрыццё беларускіх гімназіяў, і ў канцы 1942 г. іх налічвалася каля 30. У сакавіку 1942 г. узаконьвалася дзейнасць Беларускага экзархата грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы. Аднак неўзабаве немцы арыштавалі і закатавалі яе кіраўніка айца Антона Неманцэвіча, а дзейнасць Беларускага экзархата забаранілі.

 

Беларуская самаахова. У чэрвені 1942 г. Вільгельм Кубэ выступіў з ініцыятывай стварэння беларускіх узброеных сілаў - Беларускай самааховы (БСА). Яе ўтрыманне ўскладалася на мясцовае насельніцтва, а кантраляванне-на нямецкіх афіцэраў. Нацысты бачылі ў БСА інструмент змагання з савецкімі партызанамі, а беларускія лідэры - зародак будучага беларускага войска. Наплыў добраахвотнікаў у заходняй Беларусі быў вялікі. Вялася і прымусовая мабілізацыя. Кубэ выступаў за самастойнасць БСА, захаванне ў ёй беларускай мовы і беларускіх афіцэраў. 3 другой паловы лістапада 1942 г. шэфам БСА стаў маёр Францішак Кушаль. Было сфармавана каля 20 батальёнаў. Але нямецкія ўлады не забяспечвалі самаахоўцаў харчаваннем, не выдавалі абмундзіраванне, затрымлівалі ўзбраенне. Надзея на нямецкую дапамогу знікала.

Пераход да карных экспедыцыяў. Палітыка саступак, на якую пайшла нямецкая адміністрацыя, не прыпыніла партызанскай барацьбы, таму немцы ўрэшце зрабілі стаўку на сілу. Першая буйная карная экспедыцыя супраць партызанаў - “Балотная ліхаманка” - праводзілася з 21 жніўня да 21 верасня 1942 года. У яе выніку было забіта каля 10 тыс. чалавек, з якіх партызаны складалі толькі 4%. Беларускія вёскі і іх жыхары вынішчаліся толькі за тое, што знаходзіліся ў раёне дзеяння партызанаў. Нямецкія карныя экспедыцыі праводзіліся з дапамогай літоўцаў, украінцаў, рускіх, латышоў ды і саміх беларусаў. Не менш жорсткія акцыі ажыццяўляў на Украіне мінскі карны атрад. Але вынішчаць сваіх бяззбройных вяскоўцаў беларускія фармаванні адмаўляліся. У жніўні 1942 г. немцы раззброілі ў Мінску літоўскі батальён, бо ў час карнай экспедыцыі літоўцы не сталі страляць у беларускіх сялянаў. Калі беларускія лідэры на службе нацыстаў пачыналі пратэставаць супраць забойства мірнага насельніцтва, іх арыштоўвалі, вывозілі ў Германію, расстрэльвалі.

Саюз беларускай моладзі. Вільгельм Кубэ не адмаўляўся ад падтрымкі беларускага нацыяналізму. Па хадайніцтве гаўляйтэра Берлін даў дазвол на стварэнне Саюза беларускай моладзі (СБМ), першай арганізацыі такога тыпу на ўсходніх акупаваных землях. Урачыстае абвяшчэнне гэтай падзеі адбылося 22 чэрвеня 1943 г. у Мінскім гарадскім тэатры. Кубэ ўпершыню афіцыйна абяцаў тады беларусам незалежную дзяржаву пад апекай нацысцкага рэйха. Беларуская моладзь даволі ахвотна далучалася да СБМ, куды бралі ва ўзросце ад 10 да 20 гадоў. Прываблівалі патрыятычныя лозунгі, прыгожая блакітная форма, экскурсіі ў Берлін. Адной з мэтаў СБМ было, між іншым, вынішчэнне ў моладзі Беларусі гістарычна абумоўленай псіхалогіі непаўнавартасці. Аднак гэтая ж арганізацыя пашырала сярод маладых людзей ідэі нацызму і антысемітызму. Лідэр СБМ Міхал Ганько падпарадкоўваўся непасрэдна Кубэ. Да канца акупацыі ў СБМ уступіла каля 12,5 тыс. юнакоў і дзяўчат.

Рада даверу. Вільгельм Кубэ не пакідаў ідэі беларускага самакіравання. 27 чэрвеня 1943 г. ён стварыў з беларусаў Раду даверу пры Генеральным камісарыяце. Яна складалася з 16 членаў. Старшынстваваў мінскі бургамістр Вацлаў Іваноўскі, яго намеснікам быў новапрызначаны кіраўнік БНС Юрый Сабалеўскі. Рада даверу не мела ніякай рэальнай улады, але была патрэбная Кубэ для гуртавання беларускіх сілаў. Меркавалася, што ў зручны момант яна возьме на сябе адміністрацыйную функцыю кіравання краем. Пакуль жа Рада займалася пераважна культурна-асветнай дзейнасцю сярод беларускага насельніцтва.

Абвастрэнне барацьбы за выбар метадаў акупацыі. Улетку 1943 г. узнялася новая хваля антыпартызанскага тэрору. Карная аперацыя “Котбус” прывяла да вынішчэння 13 тыс. чалавек, з якіх каля 90% належала да мірнага насельніцтва. Рада даверу атрымала звесткі. што ў Пяршайскай воласці Валожынскага павета былі спаленыя 10 вёсак разам з жыхарамі. 23 жніўня на сваёй нарадзе (з’ездзе) у Генеральным камісарыяце яна выступіла з патрабаваннем да нямецкіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць нявінных людзей і даць гарантыю бяспекі тым, хто вяртаўся з лесу. Дакладаў Васіль Русак, прадстаўнік ад Баранавічаў. Вайсковыя афіцэры абураліся, але Кубэ ўзяў радцаў пад абарону і потым даказваў Берліну немэтазгоднасць вайны супраць мірных жыхароў. Канфлікт гаўляйтэра з СС зноў абвастраўся. Сваёй палітыкай улагоджвання беларусаў ён блытаў карты Маскве, якая будавала стратэгію партызанскай вайны якраз на ўзмацненні ў грамадстве варожасці да немцаў. Уначы з 21 на 22 верасня 1943 г. акурат пад матрацам Вільгельма Кубэ ўзарвалася міна. Яе падклала прыбіральшчыца Алена Мазанік, а прынесла партызанская сувязная Марыя Осіпава. Жанчынам удалося ўцячы да партызанаў, якія пераправілі іх у Маскву. Не выключаецца, што замаху садзейнічала і СС. Як бы там ні было, смерць Кубэ дала гестапаўцам зачэпку для расстрэлу ў знак помсты чатырох тысячаў ні ў чым не вінаватых людзей, арыштаваных у Мінску.

Перад выбарам (1942 - верасень 1943): супраціўленне

Маскоўскія вароты на Беларусь. На пачатку лютага 1942 г. Чырвоная Армія дайшла да паўночна-усходняй мяжы Беларусі. Паміж партызанамі і савецкім тылам усталявалася сувязь праз Віцебскую (Суражскую) браму шырынёй каля 40 км, якая ўяўляла сабой лясіста-балоцістую паласу, дзе адсутнічаў шчыльны фронт. Немцы ліквідавалі гэтую браму толькі ў верасні 1942 г. Галодная і зруйнаваная ўсходняя Беларусь адпраўляла ў Расію збожжа, бульбу, жывёлу, а прымала зброю, радыёстанцыі, прапагандысцкую літаратуру, дыверсійныя групы і партызанскія атрады. Адначасова будаваліся партызанскія аэрадромы, а таму зносіны з савецкім тылам не перапыняліся. У маі 1942 г. пры Галоўным камандаванні Чырвонай Арміі пачаў дзейнічаць Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з першым сакратаром ЦК КП(б)Б Панцеляймонам Панамарэнкам. Крыху пазней, у верасні, узнік, як яго аддзел, Беларускі штаб партызанскага руху пад кіраўніцтвам Пятра Калініна. Створаная на пачатку 1942 г. арганізацыйна-матэрыяльная база партызанскага руху забяспечвала яго далейшы рост.

Савецкі партызанскі рух 1943 г. Толькі на пачатку 1943 г. партызанскі рух набыў арганізаваны і масавы характар. Партызанскія аддзелы аб’ядноўваліся ў партызанскія брыгады са сваімі камандзірамі і камісарамі. Звычайна камісар быў і сакратаром падпольнага райкама кампартыі. У атрады прызначаліся палітрукі. Кампартыя бальшавікоў узяла партызанскі рух пад надзейны кантроль. Узрасла дысцыпліна. Марадзёры строга караліся. Партызанскім камандзірам забаранялася без суду і следства расстрэльваць сваіх падначаленых. У канцы лютага 1943 г. беларускі савецкі ўрад у эвакуацыі (гатэль “Якар”, Масква) выдаў адозву да паліцэйскіх аб амністыі пры ўмове пераходу на бок партызанаў. Гэта павялічыла лік перабежчыкаў сярод “народнікаў”. Перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам зрабіла перспектыву вяртання савецкай улады яшчэ больш рэальнай. А жыхары ўсходняй Беларусі добра ведалі, што гэта такое. Хадзілі чуткі, што ўсе, хто не дапамагаў партызанам, панясуць кару. Людзі ішлі да партызанаў, ратуючы жыццё. Большасць прадстаўнікоў беларускай савецкай інтэлігенцыі свядома змагалася на баку савецкай улады, якая ім дала адукацыю і адпаведны ідэйны накірунак. Чым больш мясцовых жыхароў адыходзіла ў лясы, тым больш дапамагалі партызанам сяляне. Яны аддавалі апошняе сваім сынам, братам дый проста аднавяскоўцам. Праўда, шырокую падтрымку партызанскі рух набываў пераважна сярод насельніцтва ўсходняй Беларусі. На захадзе ж разам з ростам колькасці партызанаў павялічвалася і колькасць паліцэйскіх. Сярод заходніх беларусаў яшчэ трывалі ідэі германскага месіянства, якія пашыраў Вільгельм Кубэ, і антысаветызм, што прапагандавалі беларускія нацыянальныя дзеячы. Людзі заўважалі, што там, дзе партызанаў не было, нямецкія карныя захады супраць мірнага насельніцтва выкарыстоўваліся менш. У канцы 1943 г. у Беларусі налічвалася каля 153,5 тыс. савецкіх партызанаў. Яны кантралявалі каля паловы тэрыторыі Беларусі. Існавалі цэлыя зоны, пераважна ў лясных і балоцістых раёнах, дзе партызаны займаліся сельскай гаспадаркай, адкрывалі майстэрні па рамонце зброі. Тут дзейнічалі савецкія органы ўлады (пад кантролем прадстаўнікоў НКУС), людзі жылі па савецкіх законах, плацілі падаткі. Партызаны ў сваю чаргу дапамагалі вяскоўцам і засяваць зямлю, і збіраць ураджай, дзяліліся жывёлай, харчам, палівам. Адкрывалі для дзяцей школы. Адносны спакой у партызанскіх зонах прывабліваў людзей, і яны пераходзілі пад апеку лясных салдатаў, ратуючыся ад уціску нацыстаў. Плошча Клічаўскай партызанскай зоны складала 3 тыс. кв. км, дзе жылі 70 тыс. цывільных жыхароў і дзейнічалі 18 тыс. партызанаў. Падчас Курскай бітвы партызаны Беларусі актывізавалі сваю дзейнасць. Яны ажыццявілі даволі карысную для Чырвонай Арміі і скаардынаваную Масквой аперацыю па масавым падрыве рэек і ваенных эшалонаў (“рэйкавую вайну”), праводзілі баявыя рэйды па тылах немцаў - і тым выклікалі на сябе і на беларускія вёскі чарговы наступ карнікаў.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.