Канец другой сусветнай вайны. Верасень 1943 - май 1945

Вайна блізілася да заканчэння, але кожны яе дзень прыносіў ахвяры. Было б трагічна і недарэчна, каб яны былі марныя і не вялі да нацыянальнага вызвалення беларусаў.

У чаканні Чырвонай Арміі (верасень 1943 — ліпень 1944)

Пералом у вайне. Атрымаўшы перамогу ў Курскай бітве, Чырвоная Армія ўвосень 1943 г. увайшла на тэрыторыю Беларусі і да канца года заняла абласны цэнтр Гомель і Мазыр. У Гомель з Масквы пераехалі ЦК КП(б)Б і Саўнаркам БССР.
Акупацыйны рэжым Готберга. Пасля забойства Вільгельма Кубэ абавязкі генеральнага камісара Беларусі выконваў групенфюрэр войскаў СС Курт фон Готберг. Яго паўнамоцтвы пашырыліся на ўсходнія і паўднёвыя беларускія землі, якія яшчэ не паспела заняць савецкае войска і якія раней знаходзіліся ў падпарадкаванні кіраўніцтва групы арміяў “Цэнтр” і рэйхскамісарыята Украіны. Новы гаўляйтэр узмацніў рабаванне беларускіх земляў. На беларускае сялянства ўзвальваліся невыносныя падаткі і бязлітасныя рэквізіцыі жывёлы. У Германію вывозіліся прамысловыя прадпрыемствы. Галоўныя аб’екты Мінска былі загадзя замінаваныя.
Змена беларускіх лідэраў. Курт фон Готберг спачатку ігнараваў Раду даверу і падазраваў яе старшыню Вацлава Іваноўскага. Адданаму эсэсаўцу не падабалася, што дэлегацыя Рады на чале з Іваноўскім брала ўдзел у пахаванні Кубэ ў Берліне і выкарыстала гэта, каб перадаць у Міністэрства ўсходніх земляў праект аб прызнанні аўтаноміі Беларусі і ўз’яднанні яе тэрыторыяў. 6 снежня 1943 г. Вацлава Іваноўскага застрэлілі, калі ён вяртаўся ў адкрытай брычцы з гарадской управы дадому. Готберг паступова вызваляўся ад людзей Кубэ і складаў сваю каманду беларускіх нацыяналістаў. Ён планаваў выкарыстаць беларускі рух для ўзмацнення барацьбы з савецкімі партызанамі. Новым лідэрам беларусаў, якія супрацоўнічалі з немцамі, становіцца Радаслаў Астроўскі.

 

Беларуская цэнтральная рада. 21 снежня 1943 г. у Мінску сабраўся ўрачысты сход, дзе Курт фон Готберг абвясціў пра стварэнне Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і прызначыў Радаслава Астроўскага яе прэзідэнтам. БЦР была дарадчым органам пры генеральным камісары, але ў галіне сацыяльнай апекі, культуры і асветы мела права на самастойныя рашэнні. Ставілася мэта мабілізацыі ўсіх нацыянальных сілаў на барацьбу з бальшавізмам. У склад БЦР уваходзілі 12 чалавек. Намеснікамі Астроўскага сталі Мікалай Шкялёнак і Юрый Сабалеўскі. Сярод радцаў значыўся і лідэр Беларускай незалежнай партыі Усевалад Родзька.
Прапагандысцкая кампанія Астроўскага. Новыя лідэры адразу ўключыліся ў актыўную прапаганду ідэі стварэння беларускай арміі. Праводзіліся шматлікія маніфестацыі ў падтрымку БЦР, незалежнасці Беларусі і барацьбы з партызанамі. Выдаваліся адозвы да партызанаў з заклікам вярнуцца дамоў. У прапагандзе прымала ўдзел Беларуская аўтакефальная царква.

Беларуская краёвая абарона. 23 лютага 1944 г. Курт фон Готберг па прапанове Радаслава Астроўскага выдаў загад на стварэнне Беларускай краёвай абароны (БКА) і даручыў БЦР правесці мабілізацыю. За адмову ад службы сям’і прызыўніка пагражала смерць. Але значная частка моладзі заходняй Беларусі пад уздзеяннем прапаганды ўспрымала БКА як апошні шанц адбудаваць незалежную Айчыну пад нямецкай апекай і запісвалася ў беларускае войска добраахвотна. На прызыўныя пункты прыйшло каля 40 тыс. чалавек. Столькі гітлераўскім акупантам і не патрабавалася. Больш за 50% прызыўнікоў акруговыя камісары забракавалі і адправілі дамоў. Усяго з улікам далучаных паліцэйскіх батальёнаў у БКА было набрана каля 25 тыс. чалавек. Вярхоўным камандуючым БКА стаў Францішак Кушаль. БКА выкарыстоўвалася ў барацьбе з партызанамі. Але яе злучэнні былі найбольш прыдатныя толькі для аховы ваенных складоў і ваеннапалонных.
II Усебеларускі кангрэс. Напярэдадні заняцця Чырвонай Арміяй Мінска немцы далі дазвол на скліканне Другога ўсебеларускага кангрэса. Ен прайшоў у Мінску 27 чэрвеня 1944 г. у зале сталічнага тэатра (Першы адбыўся ў снежні 1917 г.). Сабралося 103 дэлегаты з акупаванай Беларусі, а таксама Польшчы, Літвы, Латвіі, Вены, Кёнігсберга, Прагі і Берліна. Кангрэс адмовіў БССР у праве называцца беларускай нацыянальнай дзяржавай, скасаваў усе польска-савецкія пагадненні аб Беларусі і абвясціў яе незалежнасць. Адзіным законным прадстаўніком беларускага народа абвяшчалася Беларуская цэнтральная рада на чале з прэзідэнтам Радаславам Астроўскім. Па прапанове прэзідэнта кангрэс паслаў тэлеграму Адольфу Гітлеру, у якой запэўніваў, што беларускі народ будзе разам з нямецкім салдатам у барацьбе супраць агульнага ворага - бальшавізму. Гітлераўцы ішлі на саступкі. Прывідная незалежная Беларусь прызначалася найперш для моладзі, якую нямецкія ўлады разглядалі як рэзерв працоўнай і ваеннай сілы для рэйха. Савецкі міф аб суверэннай БССР замяняўся міфам нацысцкім аб незалежнай Беларусі ў складзе германскага рэйха. Спекулюючы на нацыянальных пачуццях, нацысты нахабна ашуквалі беларускую моладзь і выкарыстоўвалі яе ў сваіх інтарэсах.
Антысавецкія настроі. БЦР адлюстроўвала інтарэсы значнай часткі заходніх беларусаў. Пра шырокую антысавецкую апазіцыю ў заходняй Беларусі сведчылі вынікі ваеннай мабілізацыі ў БКА, а таксама колькасны рост сяброў СБМ: з 40 тыс. у канцы 1943 г. да 100 тыс. у сярэдзіне 1944 г. Перад наступленнем Чырвонай Арміі на Мінск тысячы яго жыхароў добраахвотна выйшлі на пабудову ўмацаванняў вакол горада. Замест савецкага вызвалення яны выбіралі нямецкую акупацыю. Падчас працы Усебеларускага кангрзса ЦК Беларускай незалежнай партыі рыхтавала ў Мінску антынямецкае паўстанне з мзтай абвяшчзння Беларускай Народнай Рэспублікі, але ў выніку імклівага наступлення Чырвонай Арміі планы не спраўдзіліся.

Савецкі партызанскі рух у 1944 г. Усеагульнага пераходу бе-ларусаў на бок савецкай улады і партызанаў не адбылося. Аднак і стрымаць рост партызанскага руху гітлераўцам не ўдавалася. На апошнім этапе вайны невялікія партызанскія атрады ператвараліся ў партызанскія падраздзяленні Чырвонай Арміі - брыгады і злучэнні. Яны цалкам падпарадкоўваліся галоўнаму камандаванню ў Маскве і ваявалі ў адпаведнасці з яго планамі. Праслаўленымі партызанскімі камандзірамі сталі Мінай Шмыроў, Васіль Корж. Асноўным накірункам партызанскай барацьбы па-ранейшаму заставаліся дыверсіі на чыгунках. Увосень 1943 г. партызаны правялі другі этап рэйкавай вайны пад назвай “Канцэрт”, а ў чэрвені 1944 г. - трэці і апошні. Гэтыя акцыі аслаблялі лінію абароны немцаў перад наступленнем савецкага войска. Беларускае сялянства карміла цэлую партызанскую армію. У сярэдзіне 1944 г. у Беларусі налічвалася каля 370 тыс. партызанаў. Яны кантралявалі каля 60% яе тэрыторыі. Ім супрацьстаяла каля 75 тыс. паліцэйскіх і салдатаў БКА. Але з немцамі беларусаў супрацоўнічала не менш, чым ваявала ў партызанах. I ўсёткі да грамадзянскай вайны не дайшло. Акупанты не адважыліся ўзброіць народ для барацьбы з партызанамі, а ў 1944 г. ужо не мелі на гэта і сродкаў. Сталін і яго атачэнне таксама пабойваліся забяспечваць партызанаў зброяй належным чынам. За гады акупацыі партызаны перажылі больш за 120 карных аперацыяў, і каб не наступленне Чырвонай Арміі, пацярпелі б яшчэ большыя страты.

Наступленне Чырвонай Арміі. Нямецкае камандаванне падрыхтавала па берагах Заходняй Дзвіны, Дняпра, Бярззіны, Свіслачы, Шчары, Нёмана, Буга абарончыя рубяжы. Лініі абароны “Фатэрлянд” (Айчына), што праходзіла праз беларускія землі, надавалася вялікае значэнне. Яна закрывала галоўныя стратзгічныя напрамкі - Варшаўска-Берлінскі і Усходне-Прускі. Але гітлераўцы чакалі галоўны ўдар Чырвонай Арміі не праз Беларусь, а ў накірунку Луцк - Ковель - Люблін. Савецкае камандаванне старанна маскіравала канцэнтрацыю ваеннай сілы, а 23 чзрвеня 1944 г. нечакана для немцаў пачало штурм лініі “Фатэрлянд”. Чырвоная Армія ўвайшла ў Беларусь, ужо на 60% вызваленую ад нацысцкіх акупантаў партызанамі.
Дзейнасць партызанскіх злучзнняў у значнай ступені забяспечыла поспех вайсковай наступальнай аперацыі пад кодавай назвай “Баграціён”.Да канца ліпеня Беларусь была вызваленая ад нацысцкіх акупантаў. Савецкія войскі спачатку акружылі немцаў пад Віцебскам і Бабруйскам, а потым сустрэчнымі ўдарамі на Мінск 3 ліпеня выбілі немцаў са сталіцы. Галоўныя сілы армій групы “Цэнтр” апынуліся ў мінскім “катле”, на ўсход ад Мінска. Гітлераўцы бязлітасна вынішчаліся чырвонаармейцамі. партызанамі, цывільным насельніцтвам. Было забіта 70 тыс. чалавек і толькі 35 тыс. узята ў палон. Адкрывалася дарога на Берлін.

1944

 

Выгнанне немцаў. працяг вайны

Ужо з восені 1943 г. па вясну 1944 г., нягледзячы на патрэбу адбудовы самой Беларусі, з яе ўсходніх раёнаў было забрана каля 8 тыс. маладых рабочых на аднаўленне Сталінграда. Дзесяткі тысячаў людзей зганяліся на аднаўленне чыгункі і нарыхтоўку дроваў для паравозаў, бо вугалю не хапала. Улетку 1944 г. Чырвоную Армію папоўнілі 755 тыс. воінаў з Беларусі. Хоць яны не мелі ніякага ваеннага досведу, іх кінулі на штурм Кёнігсберга і Пулаўскіх вышыняў на Вісле, дзе яны гінулі тысячамі. Следам за арміяй у беларускія гарады і вёскі ўваходзілі аператыўныя групы НКУС і НКДБ. Каб прадухіліць эпідэміі заразных хваробаў у войску, больш за 1,5 млн. мясцовых жыхароў падпалі пад санітарную апрацоўку. Адначасова вялася і палітычная чыстка. Сістэматычна праходзілі арышты. Неўзабаве тут склалася яшчэ больш разгалінаваная сетка рэпрэсіўных органаў, чым да вайны. Партыйнае і савецкае кіраўніцтва Палескай вобласці прыняло рашэнне раўнаць магілы нямецкіх салдатаў і афіцэраў з зямлёй, а іх трупы закопваць на месцах звалак і жывёльных могілках. Сялянаў гвалтам зноў заганялі ў калгасы. Тыя павялічаныя надзелы зямлі, што вяскоўцы прыдбалі хто ад немцаў, хто ад партызанаў, - абразаліся. Гараджане харчаваліся па картках. Праводзіўся добраахвотны збор сродкаў у фонд абароны, ад якога ніхто не мог адмовіцца. Але народ цярпеў, спадзяваўся на лепшае і радаваўся, што нарзшце скончылася ваеннае супрацьстаянне на іх землях. Праўда, гэта было характэрна больш для ўсходніх беларусаў, якіх прывучылі да таталітарызму. Яны нібы вярталіся да знаёмых умоваў жыцця.
Насельніцтва заходняй Беларусі адкрыта супраціўлялася вяртанню бальшавікоў. Чырвоная Армія сустрэла ў Ашмянскім, Астравецкім і Смаргонскім раёнах на дзіва заможных для ваеннага часу сялянаў, якія мелі па 3-5 кароваў, 2-4 кані, двухгодавыя запасы збожжа ды статкі дробнай жывёлы. Саветы адразу пачалі ўсё гэта рэквізаваць, а мужчынаў гвалтам забіраць у войска, адпраўляць на Урал і на шахты ў якасці рабочых. Часам арганізоўваліся аблавы з сабакамі. Зразумела, што частка сялянаў не прызнавала савецкай улады, хавалася ў лясах, знішчала камуністаў. Яшчэ адчайней змагаліся з камуністамі на Палессі бандэраўцы.
Беларусаў не сталі перасяляць у Сібір, як тое сцвярджала нямецкая прапаганда. Але і хоць бы частковай амністыі яны не дачакаліся. Усе, хто, каб выжыць, хоць неяк супрацоўнічаў з немцамі, абвяшчаліся здраднікамі. Адразу пасля ўзнаўлення ў Беларусі савецкай улады органы НКУС распачалі бязлітасную і зацяглую вайну з беларусамі, якія супрацоўнічалі з немцамі. Пераследаваліся нават тыя, хто і не датыкаўся да зброі.
Пасля наступлення Чырвонай Арміі Беларуская цэнтральная рада пераехала ў Берлін. 20 ліпеня Радаслаў Астроўскі звярнуўся да народаў свету з пратэстам супраць незаконнай акупацыі Беларусі савецкім войскам. БЦР ператваралася ў інструмент германскай палітыкі. Нацысцкі рэйх выношваў планы стварэння вайсковых злучэнняў па нацыянальнай прыкмеце з тых, хто ўцякаў з СССР, для іх адпраўкі на фронт. Але Радаслаў Астроўскі імкнуўся зберагчы беларускую моладзь ад бессэнсоўнага праліцця крыві і ўсё чакаў, калі саюзніцкія войскі нападуць на Савецкі Саюз. Урэшце яму такі ўдалося праігнараваць нацысцкі загад аб арганізацыі брыгады “Беларусь”. Дзейнасць БЦР зводзілася да культурнай і сацыяльнай апекі над суайчыннікамі. У гэты час у Германіі, Польшчы і Чэхаславакіі па сваёй ці чужой волі апынулася каля паўмільёна беларусаў. 3 набліжэннем савецкага войска Астроўскі пачаў перапраўляць сваіх суайчыннікаў у заходнюю частку Германіі.

За гады вайны. па няпоўных дадзеных, загінулі каля 2,7 млн. чал., ці больш чым чацвёртая частка даваеннай колькасці насельніцтва (Украіна страціла каля 20% сваіх жыхароў, Расія - 5,4%). 3 улікам усіх, хто не вярнуўся з арміі, савецкай эвакуацыі, Германіі, і тых, хто не змог нарадзіцца з-за вайны, страты ўсяго беларускага насельніцтва ўзрастуць да трох з лішкам мільёнаў. Калі ў 1941 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі жыло 9,5 млн. чалавек, то у 1945 г. каля 6,2 млн. (У лік гэтых стратаў маглі трапіць таксама жыхары Беларусі, рэпрэсаваныя камуністычнымі ўладамі з 1939 па 1941 г., і пасляваенныя рэпатрыянты з БССР у Польшчу.) Каля 100 тыс. былых франтавікоў сталі калекамі, вайна спарадзіла масавае ўдоўства і безбацькоўства. Толькі круглых сіротаў налічвалася каля сямі тысячаў. Гібель у ваенным ліхалецці, эвакуацыя на захад, сталінскі пераслед істотна падарвалі жыццядзейнасць нацыянальнай эліты беларусаў. Вайна спапяліла каля 9200 беларускіх вёсак, з іх 692 былі знішчаныя карнікамі разам з жыхарамі. Імя адной з іх - Хатыні, дзякуючы ўзведзенаму на яе папялішчы мемарыяльнаму комплексу, цяпер вядомае ва ўсім свеце. Збераглася ўсяго чвзрць даваеннага жылога фонду гарадоў і райцэнтраў. БССР страціла увесь калгасна-саўгасны жывёльны статак. Хатнюю жывёлу збераглі толькі асобныя вясковыя сем’і. Сума непасрэдных матэрыяльных стратаў Беларусі дасягала 35 бюджэтаў 1940 г.
Такія ахвяры жыхары Беларусі панеслі не па сваёй волі і не за сваю волю. Яны былі ўсяго толькі гарматным мясам у барацьбе гітлераўскай і сталінскай тыраніяў.

© З.Шыбека.