На маршы да перамогі камунізму. 1953 - 1964 гг.

Чарговым савецкім дыктатарам стаў Мікіта Хрушчоў (1953—1964). Культ асобы Сталіна быў асуджаны на XX з’ездзе КПСС (1956). Зрываліся і знішчаліся партрэты правадыра. У 1961 г., пасля XXII з’езда КПСС, пачаліся перайменаванні гарадоў і вуліц, якія насілі імя Сталіна, руйнаваліся ўзведзеныя ў яго гонар помнікі. Але сумненне ў мэтазгоднасці самой савецкай сістэмы не ўзнікала.

Хрушчоуская “адліга”

Адмена ваеннага становішча ў памежных раёнах. Ужо ў чэрвені 1953 г. у СССР скасоўваўся надзвычайны рэжым у памежных раёнах: адмяняліся абмежаванні на пражыванне, уезд і выезд. Скарачалася колькасць памежных войскаў. Замежныя грамадзяне атрымалі права на перамяшчэнне амаль па ўсёй тэрыторыі СССР. Цікава, што гэтую меру ЦК КПБ не распаўсюджваў на Беларусь. Мікалай Патолічаў баяўся аслаблення дзяржаўнай мяжы і пранікнення варожай агентуры. Мікіта Хрушчоў
Новыя прынцыпы кіравання. У першы ж год свайго кіравання Мікіта Хрушчоў правёў істотнае скарачэнне адміністрацыйнага апарату. У Беларусі ліквідаваліся Баранавіцкая, Бабруйская, Палеская (з цэнтрам у Мазыры), Пінская, Полацкая, а потым і Маладзечанская вобласці, касаваліся палітаддзелы пры МТС у заходніх раёнах. Да 1963 г. былі ліквідаваныя 98 з 175 раёнаў. Але ў 1964—1966 гг. некаторыя з іх былі адноўленыя. Дэклараваліся прынцыпы дэмакратыі, пашырэнне правоў саюзных рэспублік. Першыя сакратары ЦК КПБ з 1956 г. пачалі выбірацца з беларусаў. Пачынальнікам стаў Кірыла Мазураў (1956—1965). Ён спрабаваў праводзіць палітыку беларусізацыі, але хутка зразумеў, што плыве супраць цячэння. Беларусы складалі ў дзяржаўным апараце не болей за дзве трэці і займалі пераважна другарадныя пасады. Былі нарэшце зацверджаныя дзяржаўны сцяг (1953), гімн (1955) і герб (1956) БССР, якія сімвалізавалі камуністычную сістэму і непарушную сувязь Беларусі з Масквой. 3 1957 г. некаторыя гаспадарчыя і культурныя пытанні перадаваліся на разгляд саветам міністраў саюзных рэспублік. У 1961 і 1964 гг. да БССР былі далучаныя невялікія тэрыторыі Смаленскай вобласці, чаго патрабавала беларускае насельніцтва Смаленшчыны. Пэўны час (1958—1965) усе галіны эканомікі Беларусі стваралі адзіны адміністрацыйна-тэрытарыяльны комплекс - Беларускі саўнаргас. Камуністы БССР атрымалі ад Масквы часовую адміністрацыйна-палітычную аўтаномію. Але гаспадарчае планаванне ў СССР было паранейшаму строга цэнтралізаванае. Чаканай дэмакратьтзацыі кіраўніцтва не адбылося. Свавольства мясцовых партыйных “князькоў” толькі ўзрасло. А калі Мікіта Хрушчоў быў зняты з займаных пасадаў (1964), Беларускі саўнаргас ліквідавалі, і ўся эканоміка Беларусі зноў падпала пад жорсткі кантроль саюзных міністэрстваў.
Узмацненне партыйнай дыктатуры. Асуджэнне Сталіна не нацягнула за сабой адхілення ад улады яго паплечнікаў. Асновы бальшавіцкай таталітарнай сістэмы пад сумнеў не ставіліся. Следам за абвяшчэннем на XXI (1959) і XXII (1961) з’ездах КПСС курсу на разгорнутае будаўніцтва камунізма адбывалася ўзмацненне дыктатуры партыйных органаў у грамадскім жыцці БССР. Партыйныя арганізацыі ствараліся на кожным прадпрыемстве, у кожным калгасе і саўгасе. Камсамол, прафсаюзы, іншыя грамадскія аб’яднанні заставаліся неад’емнай часткай адміністрацыйна-таталітарнай сістэмы кіравання Беларуссю, створанай пры Сталіне. Прывілеі партыйнага апарату нават пашырыліся. Асмялелыя пасля смерці правадыра апаратчыкі пачыналі браць сабе болей, чым гэта ім дазваляла Масква. У красавіку 1962 г. ЦК КПСС быў вымушаны звярнуцца да бюракратыі з закрытым пісьмом “Аб узмацненні барацьбы з хабарніцтвам і раскраданнем народнага дабра”. 3 таго часу гэтая праблема становіцца для камуністычнага кіраўніцтва пастаяннай.
Перагляд стаўлення да палітычных вязняў. Праводзілася рэабілітацыя ахвяраў сталінізму, у першую чаргу камуністаў. За 1954-1956 гг. у БССР вярнулася каля 17 тыс. чалавек, асуджаных за антысавецкую дзейнасць. Але ўжо ў канцы 1956 г. Кірыла Мазураў прасіў Маскву прыпыніць датэрміновае вызваленне “ворагаў народа” і забараніць ім жыць у памежных раёнах Беларусі. Мясцовыя камуністы баяліся помсты. У кожным кроку былых ахвяраў ім бачылася пагроза савецкаму прамаскоўскаму рэжыму. Да 1962 г. колькасць рэабілітаваных у Беларусі дасягнула 29 тыс. чалавек. Для нагляду за былымі палітвязнямі і рэпатрыянтамі ў кожным раёне заходняй Беларусі ствараўся апарат упаўнаважаных КДБ. Тады ж, пасля вяртання на радзіму ахвяраў сталінізму, у БССР з’явіліся і першыя дысідэнты сярод камуністаў.

Канфесійнае пытанне. Ажывілася царкоўная дзейнасць. У 1955 г. у Беларусі было каля паўмільёна каталікоў. Усе касцёлы ва ўсходняй Беларусі камуністы пазачынялі, а ў заходніх абласцях з 416 даваенных заставалася 152. Шмат каму з вернікаў даводзілася дзеля набажэнства ездзіць у Літву. Падаваліся хадайніцтвы пра ўзнаўленне касцёлаў. За 1956—1957 гт. іх паступіла 311. Масква была не супраць. Але ЦК КПБ рашуча запратэставаў і ўзмацніў захады па атэістычным выхаванні заходніх беларусаў. У асобных выпадках мясцовая адміністрацыя на чале з Мазуравым выяўляла большую кансерватыўнасць, чым маскоўскія гаспадары. Вернікі, якія змагаліся за адкрыццё Кальварыйскага касцёла ў Мінску і нават зрабілі ў 1957 г. спробу выйсці да Дома ўрада, сустрэлі халодны адпор. Ксяндзам адмаўлялі ў рэгістрацыі. Шмат хто з іх працаваў нелегальна, іншыя пакідалі БССР. (У канцы 50-х такіх налічвалася каля 30.) Праваслаўнае духавенства ў 50-х гадах таксама актывізавалася. Ішоў рамонт цэркваў, распаўсюджвалася рэлігійная літаратура, браліся пад апеку старыя, хворыя і збяднелыя. У 1957 г. паступіла 21 заява аб адкрыцці новых храмаў. У 1957 г. улады былі вымушаныя адмовіцца ад планаў зносу царквы ў в. Юдзіцына Шаркаўшчынскага раёна, калі вернікі, узброеныя косамі, віламі і камянямі, сталі на яе абарону. На пачатку 60-х гадоў гвалт з вернікаў узнавіўся. Да 18-гадовага ўзросту наведваць набажэнствы забаранялася. Савецкія школы стваралі для дзяцей, якія хадзілі ў храмы, невыносныя ўмовы. 3 1960 г. па 1964 г. “па просьбе працоўных” было зачынена 508 цэркваў і 109 касцёлаў і малітоўных дамоў. Руйнаваліся мячэці, мізары (мусульманскія могілкі). Перасталі дзейнічаць праваслаўныя манастыры ў Гародні і Полацку, апусцела Мінская духоўная семінарыя ў Жыровічах. Асабліва жорсткая канфрантацыя назіралася паміж мясцовымі ўладамі і тымі пратэстанцкімі абшчынамі, якія далучаліся да ўсесаюзнага руху за неўмяшальніцтва дзяржавы ў рэлігійныя справы вернікаў. У 1960 г. былі разбураныя малітоўныя дамы пратэстантаў - “рас- кольнікаў” у в. Рэчкі Пінскага раёна і ў Брэсце. Дзейнасць непакорлівых абшчынаў прызнавалася незаконнай, а іх кіраўнікі (прасвітары) аддаваліся пад суд “за дармаедства” ці “за антысавецкую дзейнасць”. Пашыраліся камуністычная бездухоўнасць і канфармізм.
Нацыянальная палітыка. Пленум ЦК КПБ, які праходзіў пасля смерці Сталіна (чэрвень 1953), выявіў пагрозлівы заняпад у нацыянальным развіцці савецкай Беларусі. Сакратар ЦК Міхаіл Зімянін заклікаў партыйную наменклатуру размаўляць з народам на яго роднай мове. Аднак хрушчоўская лібералізацыя не закранула сталінскія догмы ў галіне нацыянальнай палітыкі. Наадварот. Русіфікацыя ўзмацнілася. Агульнасаюзная дыскусія аб паляпшэнні выкладання рускай мовы ў нярускіх рэспубліках завершылася канферэнцыяй у Ташкенце (жнівень 1956 г.). Яе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што руская мова стала роднай для ўсіх савецкіх людзей, што яна толькі ўзбагачае слоўнікавы запас іх нацыянальных моваў. Меркавалася зрабіць культурнае жыццё нацыянальных рэспублік рускамоўным. Нясмелыя спробы Кірылы Мазурава супрацьстаяць гэтаму былі спыненыя зверху. Ідэя пабудовы камунізму пры жыцці аднаго пакалення звязвалася з далейшым збліжэннем нацыяў і дасягненнем іх поўнага зліцця. Пры наведванні Мінска ў 1959 г. (з нагоды 40-годдзя БССР) Мікіта Хрушчоў так і заявіў: “Чым хутчэй мы пачнем гаварыць па-руску, тым хутчэй пабудуем камунізм”. Міфічная мара камуністычнага кіраўніцтва аб зліцці нацыяў, прычым толькі ў СССР, хутка была замацаваная ў праграме КПСС 1961 г. Вынікам такой палітыкі стала тое, што неўзабаве ў беларусаў амаль не засталося школаў на роднай мове.
Русіфікацыя. Хуткі рост гарадоў ператвараў іх у своеасаблівыя лабараторыі русіфікацыі. Сутыкаючыся ў гарадах з рускай культурай і мовай, былыя вяскоўцы мусілі засвойваць іх, бо гэта рабілася ўмовай працаўладкавання і павышэння па службовай лесвіцы. У верасні 1953 г. Міністэрства сувязі СССР пачало выкарыстоўваць асноўную радыёстанцыю Беларусі для ўзмацнення трансляцыі першай маскоўскай праграмы. Якасць вяшчання рэспубліканскай праграмы праз дапаможную радыёстанцыю рэзка пагоршылася, а галоўнае - скараціўся аб’ём беларускіх перадачаў з Мінска. Абласное ж радыё ўвогуле часова страціла магчымасць выходзіць у эфір. На долю беларускамоўных радыёперадачаў у 1962 г. прыпадала ўсяго шэсць-сем гадзінаў штодзённага эфірнага часу асноўнай радыёстанцыі ў Мінску. Са студзеня 1963 г. на пашыраныя трансляцыі цэнтральных рускамоўных праграмаў пераходзілі і абласныя радыёвузлы. Вельмі садзейнічала русіфікацыі беларусаў тэлебачанне. Уся другая і амаль цалкам першая тэлепраграмы былі рускамоўныя. У выніку другой рэформы беларускай мовы (люты, 1957) яна яшчэ больш наблізілася да рускай. У 1962 г. дзеля эканоміі сродкаў шэраг двухмоўных газэтаў і часопісаў цалкам пераводзіліся на рускую мову. Пры Савеце Міністраў БССР дзейнічала Галоўнае ўпраўленне па перасяленні, якое за 1956 - 1960 гг. аддало ў распараджэнне Масквы больш за 100 тыс. беларусаў.
Яны не мелі на чужыне ніякіх правоў на нацыянальна-культурнае жыццё і практычна цалкам зрусіфікаваліся.

Беларускі супраціў. 16 студзеня 1956 г. камуністычнае кіраўніцтва рэспублікі арыштавала і асудзіла на 7 год зняволення выкладчыка Гарадзенскага педагагічнага інстытута Браніслава Ржэўскага, які асабіста і разам са студэнтамі праводзіў кампанію пісьмовых зваротаў да ўладаў на тэму дыскрымінацыі беларускай мовы. У 1957 г. браты Лявон і Міхась Белыя (пляменнікі Якуба Коласа) расклеілі ў Мінску ўлёткі ў абарону беларускай мовы; неўзабаве яны былі выкрытыя і пазбаўленыя волі адпаведна на 10 і 7 гадоў. 14 снежня 1957 г. газэта “Літаратура і мастацтва” надрукавала артыкул студэнта БДУ Барыса Сачанкі “Шанаваць родную мову”, скіраваны супраць русіфікацыі. Будучы вядомы пісьменнік Беларусі прапаноўваў перавесці выкладанне ва ўсіх школах з рускай на беларускую мову. У 1957—1958 гг. рэпрэсіі зведалі рэдакцыя газэты і ўсе, хто падтрымаў артыкул Сачанкі сваімі пісьмамі ці меў да яго дачыненне. Працаўнікоў рэдакцыі звольнілі з працы, а ўсіх, хто спачуваў, узялі на ўлік у КДБ.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.