Беларусь на павароце да “развітога сацыялізму” 1964-1985 гг.

Месца Мікіты Хрушчова, якога адправілі на пенсію, заняў Леанід Брэжнеў (1964—1982). Хрушчоўскія пралікі звязваліся з празмер'най лібералізацыяй. Брэжнеўскае кіраўніцтва перастала тлуміць людзям галовы камунізмам. Яно задавальнялася развітым сацыялізмам і марыла ператварыць народы шматэтнічнай дзяржавы ў адзіную шэрую масу савецкіх людзей (homo sovieticus): паслухмяных, бестурботных, культурна прымітыўных, рускамоўных, задаволеных тым, што ёсць. Наколькі гэта ўдалося ў Беларусі?

Неасталінізм

Росквіт беларускага беспамяцва. Кіраўніцтва БССР на чале з новым першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Машэравым (1965—1980) праяўляла асаблівую схільнасць да ідэяў выхавання новага савецкага чалавека. Усіх працоўных запісвалі ў падкантрольныя партыі прафсаюзы, уся моладзь ішла спачатку ў піянеры, а потым у камсамольцы. У 70-х гадах цалкам зніклі беларускія школы ў гарадах, у некалькі разоў скарацілася іх колькасць у вёсках. 3 творамі беларускіх класікаў моладзь знаёмілася на аснове рускамоўных перакладаў. Навучанне вялося па праграмах, складзеных у РСФСР. Усеагульная сярэдняя адукацыя, а значыць, і русіфікацыя рабіліся абавязковымі (1972).
Адчыняліся новыя вышэйшыя навучальныя ўстановы: Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці (1965), Брэсцкі інжынерна-будаўнічы (цяпер політэхнічны), Мінскі інстытут культуры (1975) (цяпер Беларускі універсітэт культуры). Але як гэтыя, так іншыя ВНУ дзейнічалі на расійскі ўзор, на рускай мове. На беларускія выданні ў 1960 г. прыпадала каля паловы агульнарэспубліканскіх накладаў, у першай палове 70-х гт. - каля трэці, а ў другой палове 70-х гг. - ужо толькі пятая частка. Падчас перапісу насельніцтва ў 1970 г. каля чвэрці гараджанаў-беларусаў не прызналі беларускую мову за родную. Бадай што ніводная з саюзных рэспублік не была зрусіфікаваная так, як БССР. Амерыканскі гісторык беларускага паходжання Янка Запруднік тлумачыць гэта геаграфічным становішчам Беларусі (на скрыжаванні шляхоў), яе лясістасцю, якая прываблівала расійскіх мілітарыстаў, і лінгвістычнай блізкасцю да Расіі.
Фармаванне імперскай гістарычнай школы. Пры брэжнеўскім рэжыме канчаткова склалася гістарычная канцэпцыя апраўдання царска-бальшавіцкага рэжыму ў Беларусі (школа Лаўрэнція Абэцэдарскага). Калі ж у сярэдзіне 60-х гадоў літаратуразнаўца Мікола Плашкевіч і філосаф Мікола Алексютовіч выказалі ў друку погляд на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага як на спадчыну беларусаў, іх выступленне было рэзка асуджанае на нарадах і ў газэтах. Беларускаму народу навязваўся царскі міф аб існаванні агульнай старажытнарускай дзяржавы і старажытнарускай народнасці - калысцы трох братніх усходнеславянскіх народаў. У адпаведнасці з ім беларусы і ўкраінцы атрымлівалі статус “малодшых братоў старэйшага рускага брата” і пазбаўляліся права на старажытны перыяд сваёй гісторыі (IX—XIII стст.). Вялікае Княства Літоўскае абвяшчалася “руска-літоўскай дзяржавай”, а гэта значыць, што беларусы страчвалі і самыя багатыя старонкі сваёй сярэднявечнай гісторыі (ХІІІ-ХVІ стст.). Імперская гістарычная школа наўмысна не звяртала ўвагі на аўтаномію Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай, якая трактавалася як выключна польская дзяржава. Ствараўся і чарговы міф аб тым, як беларусы і ўкраінцьі імкнуліся з польскай няволі пад уладу расійскага цара. Гісторыя беларускай дзяржавы пачыналася з 1919 г. У адпаведнасці з гэтым выходзіла, што бальшавікі стварылі і Беларусь, і беларусаў. I за такую ласку беларусы павінны вечна дзякаваць камуністам Расіі.
Цень Сталіна. Ішла рэабілітацыя Іосіфа Сталіна і сталіністаў. Ужо на пачатку 1968 г. на рэспубліканскай нарадзе навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ Беларусі прагучала прапанова аб уключэнні ў навучальныя праграмы гісторыі КПСС справаздачных дакладаў і выступленняў Сталіна. Былы вязень ГУЛАГа Максім Лужанін на пачатку 70-х гадоў закончыў антысталінскую паэму “Як нараджаўся Новы свет”, але цалкам яна была надрукаваная толькі ў 1989 г. У 1971 г. П. Машэраў пашырыў штат органаў бяспекі і ўзнавіў Упраўленне КДБ па Мінскай вобласці, скасаванае пры М. Хрушчове.
Партыйная цэнзура. 3 1966 г. Масква перадавала мясцовы друк у непасрэднае падпарадкаванне абкамам і ЦК партыі саюзных рэспублік. Рэдактары раённых газэтаў далучаліся да партыйнай наменклатуры. У 1967 г. ЦК КПБ не падпісаў да друку агульнасаюзны часопіс “Декоративное искусство СССР” (№ 3), які прысвячаўся БССР, - мясцоваму кіраўніцтву не спадабалася апісанне шагалаўскага Віцебска і крытычная ацэнка архітэктурных вартасцяў пасляваеннага Мінска.

“Нафтарублёвы” дабрабыт

Хрушчоўская спадчына. Сярэднія заробкі рабочых і служачых Беларусі былі ў 1965 г. на 17% ніжэйшыя, чым у цэлым па СССР, а працаўнікоў саўгасаў - на 20%. У вядучых галінах прамысловасці выраб прадукцыі на рабочага быў адзін з найвышэйшых, а заробак - адзін з найніжэйшых сярод саюзных рэспублік. Ішло пераразмеркаванне нацыянальных багаццяў на карысць цэнтра. Тых сродкаў, што планаваў адпусціць Дзяржплан СССР Беларусі на 1966—1970 гг., не хапала, каб пераадолець яе сацыяльна-культурнае адставанне: трэба было амаль удвая больш. П. Машэраву ўдалося атрымаць у Маскве дадатковае фінансаванне. I гэта было не толькі яго асабістай заслугай.
Чорнае золата. Высокі кошт нафты, што трымаўся на міжнародным рынку ў другой палоге 60-х - пачатку 70-х гг., дазволіў крамлёўскаму кіраўніцтву перапампоўваць каштоўную сыравіну ў еўрапейскія краіны і мець з гэтага высокі прыбытак. Саюз жыў за кошт нафты. У крамах Беларусі з’явіліся імпартныя тавары. У Мінску і Брэсце адчыніліся першыя валютныя магазіны (1966). Калгаснікам з 1965 г. пачалі плаціць пенсіі па старасці і інваліднасці, а з 1966 г. замест натуральных заробкаў выдаваліся грашовыя. Павышаліся заробкі гараджанаў. Уводзіўся пяцідзённы працоўны тыдзень (1967). Разбудоўваліся гарады. У 1968 г. мінімальны заробак калгаснікаў зраўняўся з мінімальным заробкам у горадзе, а ў канцы 70-х гадоў сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы складаў 157 руб. і быў адным з найвышэйшых у СССР. Тэлевізар, халадзільнік, адпачынак ля Чорнага мора сталі нормай жыцця для значнай часткі беларусаў. Выдаткі на кватэрную плату, камунальныя паслугі, транспарт сталі проста сімвалічныя. Усё гэта азначала, што пры П. Машэраве беларускае грамадства ўступіла ў перыяд спажывання. Адносна стабільнае жыццё спрыяла таму, што праз чвэрць стагоддзя пасля заканчэння вайны (1971) насельніцтва БССР дасягнула нарэшце даваеннага ўзроўню - 9,5 млн. чалавек - і дынамічна ўзрастала.
Сацыяльныя кантрасты. Асабліва добра жылося тады прадстаўнікам партыйнай наменклатуры. Іх пасады былі пажыццёвыя. Бюракратыя мела ўсё, што хацела, нібы пры камунізме. А для простых людзей праблемаў хапала. Перыядычна ў крамах знікаў той ці іншы тавар: рыба, мяса, масла. Каб набыць добрыя імпартныя рэчы, даводзілася пабегаць. Набыцця легкавога аўтамабіля трэба было чакаць гадамі. Праводзілася неафіцыйнае павышэнне цэнаў. Калі ў лютым 1970 г. рабочыя крычаўскай аўтакалоны адмовіліся выехаць у рэйс з-за амаль двухразовага паніжэння месячнага заробку, зачыншчыкаў забастоўкі прыцягнулі да судовай адказнасці. У 1984 г. сярэднямесячны заробак рабочых і служачых у Беларусі складаў каля 166 руб., тады як у Расіі - 195 руб. У параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы, узровень матэрыяльнага жыцця насельніцтва СССР быў надзвычай нізкі. Ажыццяўляліся гіганцкія будоўлі, адкрываліся новыя ўстановы і навуковыя інстытуты. Празмерна вырас бюракратычны апарат, які пачаў зрошчвацца з ценявой эканомікай. Беларусь стала краем высокаадукаваных людзей. I ў той жа час назіралася дэвальвацыя інтэлектуальнай працы. Інжынеры, настаўнікі, медыкі атрымлівалі менш за рабочых. Інтэлігент быў першай кандыдатурай для падмятання вуліц і працы ў падшэфных калгасах і саўгасах. Пагардлівае стаўленне камуністычных уладаў да інтэлігенцыі не спрыяла росту навукова-тэхнічнага прагрэсу. Створаная Сталіным савецкая Беларусь дасягнула на мяжы 60-70-х гадоў апагея стабільнасці і кансерватызму.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.